Рэзкай дэвальвацыі рубля не будзе. 21.by

Рэзкай дэвальвацыі рубля не будзе

16.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нацыянальны банк заяўляе пра тое, што сёлета курс нацыянальнай валюты не выйдзе за межы плюс/мінус 8 працэнтаў да кошыка замежных валют

Некалькі апошніх дзён не спадае ажыятажны попыт на наяўную замежную валюту, справакаваны чуткамі пра магчымую істотную дэвальвацыю беларускага рубля. Нягледзячы на тое, што тэрмін "прадказанага" падзення рубля да долара (несуцяшальныя "прагнозы" "гарантавалі", што 1 долар будзе каштаваць каля 4000 рублёў) выйшаў, а курс нацыянальнай валюты так і не абрынуўся, беларусы па інерцыі працягваюць атакаваць пункты абмену.

Магчыма, паўплывала тут на сітуацыю і выказаная МВФ рэкамендацыя наконт таго, што беларускі рубель трэба дэвальваваць больш як на 8 працэнтаў, якая, дарэчы, не была падтрымана нашымі ўладамі. Вынікам жа таго, што людзі заблыталіся ў шэрагу чутак вакол лёсу рубля, стала тое, што "абменнікі" апынуліся не ў стане задаволіць "апетыт" насельніцтва на СКВ, які раптоўна ўзрос. Апошняя сітуацыя тлумачыцца тым, што зараз банкі могуць купіць на біржы замежную валюту для падмацавання абменных пунктаў толькі на суму фактычнай розніцы паміж прададзенай насельніцтву і купленай у яго валюты на працягу мінулага месяца. Між тым, у студзені-лютым пасля ажыятажнай хвалі лістапада-снежня мінулага года попыт на наяўную валюту рэзка знізіўся: напрыклад, у лютым розніца паміж купленай і прададзенай насельніцтву валютай складала крыху менш за 18 мільёнаў долараў. Разам з тым, толькі за адзін дзень — 11 сакавіка — попыт людзей на наяўную цвёрдаканверсоўную літаральна зашкальваў: у "абменніках" купілі ў эквіваленце на... 25 мільёнаў долараў больш, чым прадалі. Адсюль і праблемы з напаўненнем абменных пунктаў наяўнай СКВ.

Як распавёў карэспандэнту нашай газеты намеснік начальніка Упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Міхаіл Журавовіч, скаргі людзей на тое, што ў абменных пунктах не хапае валюты, паступаюць у галоўны банк краіны не толькі са сталіцы, але і з некаторых іншых рэгіёнаў рэспублікі. Паводле яго слоў, банкам ва ўмовах масавай скупкі складана насыціць "абменнікі" цвёрдаканверсоўнай, паколькі, па-першае, купля валюты банкамі на біржы для падмацавання абменных пунктаў, як згадвалася вышэй, абмежаваная розніцай паміж купляй і продажам, а па-другое, ёсць на гэта і тэхнічныя прычыны: валюту банкам неабходна не толькі закупіць, але і даставіць да месца, на што патрэбны час. Са свайго боку, запэўніваюць у галоўным банку, Нацыянальны банк будзе прымаць захады, каб задаволіць попыт на замежную валюту, — ён валодае ўсімі неабходнымі для гэтага манетарнымі інструментамі.

Разам з тым, у Нацбанку мяркуюць, што ў хуткім часе ўсё ж такі "гонка" за замежнай валютай прыпыніцца, бо здаровы сэнс у людзей возьме верх над эмоцыямі. Ужо відавочна, што абвальнага абясцэньвання рубля не адбываецца: на сёння ў параўнанні з 31 снежня 2010 года зніжэнне курса беларускага рубля да кошыка валют склала 4,50 працэнта (у параўнанні з 15 сакавіка курс нацыянальнай валюты адносна кошыка ўмацаваўся на 0,08 працэнта).

У сувязі з апошнімі падзеямі Нацыянальны банк Беларусі таксама выступіў з афіцыйнай заявай, у якой назваў чуткі пра магчымую рэзкую дэвальвацыю нацыянальнай валюты правакацыйнымі і падкрэсліў, што змяненні абменнага курса беларускага рубля, якія выходзяць за межы параметраў, устаноўленых Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год, не плануюцца і рабіцца не будуць.

"Нацыянальны банк, — гаворыцца ў заяве, — будзе ажыццяўляць палітыку курсаўтварэння строга ў межах калідора дапушчальных змяненняў курса беларускага рубля да кошыка замежных валют — плюс/мінус 8 працэнтаў у адносінах да значэння курса, які склаўся на пачатак 2011 года (1057,04 рубля), забяспечваючы пры гэтым плаўнасць і прадказальнасць дынамікі курса".

У заяве адзначаецца, што пры гэтым двухбаковыя курсы беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, якія ўваходзяць у склад кошыка, будуць таксама змяняцца неістотна пад уплывам узаемных змяненняў курсаў гэтых валют на сусветных рынках. Акрамя таго, у галоўным банку краіны зазначаюць, што "для забеспячэння ўстойлівасці нацыянальнай валюты Нацыянальны банк валодае як усімі неабходнымі манетарнымі інструментамі, так і золатавалютнымі рэзервамі". "Іх узровень, — канстатуецца ў паведамленні Нацбанка, — цалкам дастатковы для падтрымання стабільнасці беларускага рубля і дазваляе ў поўным аб'ёме задавальняць попыт на замежную валюту з боку насельніцтва, аператыўна рэагаваць на кан'юнктурныя змяненні попыту на ўнутраным валютным рынку, гарантаваць плацяжы па знешніх абавязацельствах".

На сёння афіцыйны курс беларускага рубля ўстаноўлены 3 022 рублі за долар: у параўнанні з 15 сакавіка курс нацыянальнай валюты да долара ўмацаваўся на 0,07 працэнта.

Ігар ШЧУЧЭНКА.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нацыянальны банк заяўляе пра тое, што сёлета курс нацыянальнай валюты не выйдзе за межы плюс/мінус 8 працэнтаў да кошыка замежных валют Некалькі апошніх дзён не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика