Наколькі рэальна даражэюць аўтамабілі і якія цэны чакаць у пачатку лета?
16.03.2011
—
Новости Общества
|
Журналіст "Звязды" правёў аналіз рынку і вылічыў сярэднія цэны на папулярныя ў народзе машыны. Аказалася, што некаторыя аўто ў параўнанні з зімой амаль не падаражэлі. Цэны на некаторыя мадэлі імкліва ідуць уверх. Якіх рэальных цэн чакаць непасрэдна перад 1 ліпеня і ці не з'яўляецца інфармацыя пра павелічэнне мытных пошлін фікцыяй? Пра ўсё гэта ў матэрыяле "Звязды". Пасля таго, як у лютым стала вядома пра павышэнне мытных пошлін на ўвоз аўтамабіляў фізічнымі асобамі (звычайнымі людзьмі), рынак пачаў функцыянаваць па-іншаму. Яно і зразумела. Згодна з новымі пошлінамі, цэны на некаторыя патрыманыя аўто давядзецца падымаць да 30-50%. Вось чаму людзі, якія сёння могуць змяніць аўтамабіль, з ахвотай гэта робяць. Вось чаму цэны на аўтарынку пачалі падвышацца яшчэ з лютага, калі тэарэтычна назіраецца так званы сезон зімовай спячкі. А з прыходам вясны попыт на аўто павялічыўся яшчэ больш. СМІ пачалі перадаваць, усе па-рознаму: "Цэны на машыны падскочылі на 300 долараў", "Цэны сталі большымі на тысячу!" і гэтак далей. Пры гэтым нейкіх грунтоўных падлікаў не рабілася, кошт браўся з галавы і асабістых, не заўсёды аб'ектыўных назіранняў. "Звязда" вырашыла даведацца пра рэальныя цэны на некаторыя папулярныя ў народзе машыны. Для гэтага мы пазнаёміліся з прапановамі 1) на сталічным аўтарынку "Ждановічы", 2) на інтэрнэт-сайтах па продажы патрыманых машын, 3) у газетах з аўтааб'явамі. І вось што атрымалася. Як бачыце, цэны на некаторыя машыны змяніліся неістотна, выраслі на некалькі працэнтаў. А дзе-нідзе яны ўжо перасягнулі мяжу ў 10%. Якіх цэн на патрыманыя аўто чакаць непасрэдна перад 1 ліпеня Летась аўтамабільная Беларусь жыла такімі ж катэгорыямі, як і сёння. Краіна чакала татальных падаражэнняў з 1 ліпеня. А прадаўцы на рынках спрабавалі максімальна падвышаць цэны, паболей зарабіць. Аднак калі стала вядома, што размытнёўку не ўвядуць, кошт давялося апускаць. Тады аўтамабілі сярэдняга класа і міні-вэны патаннелі да 10-15%, а машыны гольф-класа — да 10%. Атрымліваецца, што максімальная цана, якую змаглі накруціць аўтагандляры з дапамогай чутак пра размытнёўку, — гэта +10%-15%. Такім чынам, ведаючы заканамернасці беларускага аўтарынку, можна спрагназаваць сярэдні кошт на патрыманыя аўтамабілі ў маі-чэрвені 2011 года, непасрэдна перад зменамі мытных пошлін. Гэтыя ж "надзьмутыя" працэнты (каля 10-15%) будуць актуальныя і ў новым сезоне. І лічбы, пазначаныя ў нашай табліцы, — пачатак "надзьмухання" цэн. З нейкімі маркамі гэта адбываецца хутчэй, з нейкімі больш павольна. Але мяжу ў 15% (у параўнанні з зімовымі цэнамі) папулярныя машыны былога карыстання наўрад ці перакрочаць. Перш-наперш таму, што не многія беларусы гатовыя сёння ўзяць і выдаткаваць грошы на новы аўтамабіль. Сітуацыя ў эканоміцы не найлепшая. Выходзіць, што ў чэрвені сярэдні кошт на дызельны "Опель Астра" 2002 года выпуску (глядзіце ў табліцы) будзе не большым за 7000 долараў, "Фальксваген Пасат" не перакрочыць мяжу ў 10400 долараў, а "Пежо 407 SW" 2006 года выпуску можна будзе без праблем знайсці за 11000. Павышэнне цэн з 1 ліпеня — гэта фікцыя? Ужо не ў першы раз беларусы паслухмяна рыхтуюцца да істотных змен у сваім жыцці. Аўтамабілі адыгрываюць сваю ролю, і сёння многія людзі аддаюць апошняе, каб набыць машыну, на якой давядзецца ездзіць 3-4 гады, а то і даўжэй. На аўтарынку "Ждановічы" — шмат машын і людзей. Некаторыя патэнцыйныя пакупнікі, шукаючы аўтамабіль, месяць гразь, не шкадуюць апошніх грошай і забіраюць тавар, асабліва яго не правяраючы. А як жа! У газетах пішуць, што цэны выраслі на тысячу баксаў ледзь не за дзень! — Мая табе парада, не зацягвай. Цэннік будзе скакаць штодня. Можаце застацца без добрай машыны, — агітаваў мяне прадавец "Опеля Вектры", якому я сказаў, што шукаю машыну. — Ужо сказалі, што ўсё! Хутка ў Беларусі будуць адны "Лады" і "Жыгулі". А на такой "Вектры" ты будзеш як кароль. Не зацягвай, ужо хутка на рынку чакаецца столькі людзей, што не прапіхнуцца будзе. Адзін шлак застанецца...І многія вераць і бяруць. Уявіце сабе, колькі ў такія перыяды зарабляюць перагоншчыкі і колькі мае дзяржава на мытных пошлінах, няхай сабе і сённяшніх. Попыт перавышае прапанаванне, і перагоншчыкі гоняць і гоняць машыны з Літвы, Германіі, Бельгіі, Нідэрландаў. Вялізныя касы збіраліся ў мінулым годзе, не менш бюджэт папаўняецца і сёння. — Хоць нават у нашым ведамстве не ўсе ўпэўненыя, што мытныя пошліны на ўзор расійскіх і казахскіх увядуць, — падзяліўся са мной думкай прыяцель, беларускі мытнік, блізкі да аўтамабільнага пытання. — Дзяржава на гэтым добра зарабляе. Увесь гэты ажыятаж — выгадны. Таму не здзіўлюся, калі мытныя пошліны зноўку застануцца на ранейшым узроўні. Як здарылася ў мінулым годзе. Тут 50 на 50. Своеасаблівыя арэлі. Але я рызыкаваць не буду, ужо замовіў сабе машыну з ЗША. Едзе... "Звязда" будзе сачыць за зменамі на аўтарынку і даваць аб'ектыўную інфармацыю па цэнах на аўтамабілі. Яўген ВАЛОШЫН. ПАМЯТКА! Як не купіць замест машыны ламачча? На працягу года на старонках "Звязды" выходзілі разнастайныя артыкулы па аўтамабільнай тэматыцы. Нашы журналісты набывалі аўто ў Германіі, на беларускіх рынках, аналізавалі прапановы з інтэрнэту. Эксперты, аўтаперагоншчыкі і чытачы дзяліліся на старонках газеты сваім уласным досведам. Яшчэ раз нагадаем вам нюансы, якія неабходна ўлічваць, калі вы збіраецеся набыць для сябе добрую машыну. 1. Самы гарантаваны спосаб не "пракалоцца" — дасціпна агледзець аўтамабіль на добрай станцыі тэхнічнага абслугоўвання. Неабходна праверыць працу рухавіка, прамацаць падвеску, кузаў, праверыць паліўную сістэму, усю электроніку. У Мінску поўны агляд аўтамабіля каштуе каля 180 тысяч рублёў. Калі па нейкіх прычынах праверыць машыну на такой станцыі вы не можаце, то побач усё адно павінен быць кваліфікаваны спецыяліст, які зможа агледзець падвеску, ацаніць стан рухавіка, працу турбіны, кузаў, праверыць працу ўсіх опцый. Як мінімум вы павінны праехацца на машыне, пры гэтым разагнацца мінімум да 100 км/г. 2. Нікому не давярацца. Спрактыкаваны аўтагандляр можа быць ашавуркам, але можа быць і добрым псіхолагам. Калі чалавек падаўся вам прыстойным, ганіце думкі пра тое, каб даверыцца яму. Толькі дасціпная праверка аўтамабіля гарантуе вам якасць тавару. Тое самае і з перагоншчыкамі. Нават калі вашы браты-сёстры-сябры раяць нешта кшталту "гэты перагоншчык прывёз супермашыны ўжо дзесяці маім знаёмым" — не давярайцеся. Бо прывязе ламачча. Толькі калі кампетэнтны чалавек праверыць вашу машыну і скажа, што яна ў нармальным стане, — купляйце. 3. Калі вы вырашылі купляць машыну за мяжой, побач павінен быць кваліфікаваны спецыяліст. Аўтамабіль з Літвы далёка не заўсёды бывае "канструктарам". Добры варыянт можна знайсці і там. Што тады казаць пра Заходнюю Еўропу? Але зноў жа, побач павінен быць кваліфікаваны чалавек (пажадана са спецыяльнай адукацыяй), які зможа праверыць машыну. Калі вы паехалі па аўтамабіль за мяжу, гэта заўсёды рызыка, якая, тым не менш, можа зэканоміць грошы. Нават кваліфікаваныя майстры, калі не маюць побач усяго неабходнага абсталявання, могуць памыляцца. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Журналіст "Звязды" правёў аналіз рынку і вылічыў сярэднія цэны на папулярныя ў народзе машыны. Аказалася, што некаторыя аўто ў параўнанні з зімой амаль не...
|
|