Пажылыя людзі вучацца эканоміць у спецыяльнай школе. 21.by

Пажылыя людзі вучацца эканоміць у спецыяльнай школе

16.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як губляецца электраэнергія? Куды выходзіць цяпло з кватэры? І як на гэтым можна эканоміць? Сталічныя бабулі і дзядулі шукаюць адказы на гэтыя пытанні ў школе энергазберажэння, якая пачала сваю працу ў Мінску.

Заняткі ў школе праходзяць раз на месяц па дзве-тры гадзіны ў гімназіі № 19 або ў гістарычнай майстэрні Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра (ММАЦ) ім. Ёханаса Рау. За кубачкам гарбаты бабулі і дзядулі абмяркоўваюць пытанні па энергазберажэнні дома, слухаюць паведамленні "лектараў" і дзеляцца сваім досведам.

"Настаўнікамі" для пажылых людзей сталі вучні гімназіі № 19, валанцёры студэнцкага экалагічнага клуба і гістарычнай майстэрні ММАЦ ім. Ё. Рау. Яны расказваюць, якія лямпачкі і электрапрыборы лепш выкарыстоўваць, ад чаго залежыць энергаспажыванне і што зрабіць, каб эканомія рэсурсаў была максімальнай.

— Вы ведаеце, шмат чаго карыснага я для сябе тут адкрываю. Напрыклад, сёння я са здзіўленнем даведалася, што энергазберагальную люмінісцэнтную лямпачку нельга трымаць за шкло, — дзеліцца ўражаннямі пасля заняткаў пенсіянерка Ларыса Якаўлеўна. — Аказваецца, з-за гэтага тэрмін дзеяння яе скарачаецца. І яшчэ я даведалася, што нельга іх часта ўключаць і выключаць. Калі выходзіш з пакоя на хвіліну, то святло не абавязкова выключаць. Таму што ад частага выключэння тэрмін службы энергазберагальнай лямпачкі таксама скарачаецца.

Асноўныя энергавыдаткі пенсіянераў — старыя бытавыя прыборы

Акрамя таго, валанцёры даследавалі энергавыдаткі кожнай кватэры ўдзельнікаў (а гэта каля 20 чалавек).

— Мы раздалі гаспадарам спецыяльныя анкеты. І аказалася, што асноўныя энергетычныя выдаткі ў кватэрах пажылых людзей адбываюцца за кошт высокага энергаспажывання бытавых прыбораў (яны проста старыя), недастатковага ўцяплення вокнаў, а таксама адсутнасць прыбораў уліку цяпла ў кватэрах, — расказваюць валанцёры. — Таксама ўсе ўдзельнікі школы бачаць важную ролю кожнага асабіста ў энергазберажэнні ўсёй краіны. На іх погляд, адзін з энергаэфектыўных падыходаў — выкарыстанне пакватэрных цепларэгулятараў.

Напрыканцы заняткаў у школе будзе праведзены паўторны аўдыт, які пакажа, чаго дасягнулі навучэнцы ў энергазберажэнні, якім чынам прымянілі атрыманыя звесткі.

— Мы паглядзім, якія нашы парады аказаліся карыснымі, а якія знайшлі сваё прымяненне, — расказваюць чацвёртакурсніцы ўніверсітэта імя Сахарава Алена Сярмакшава і Таццяна Гаргун. — Вы ведаеце, з бабулямі і дзядулямі працаваць не так ужо і складана. Яны ўважліва слухаюць, адчуваецца, што аўдыторыя паважае цябе. І ты сам міжволі пачынаеш рыхтавацца адказна і сур'ёзна.

"Энергазберагальную лямпачку куды выкінуць?"

Студэнты і валанцёры плануюць падрыхтаваць метадычны дапаможнік для пажылых людзей з парадамі па эканоміі цяпла і электраэнергіі і спісам пунктаў прыёму адходаў, а таксама сумесна зрабіць экалагічныя сумкі для паходаў у краму з сімволікай праекта. Малодшыя школьнікі на адным з заняткаў праекта падрыхтавалі для ўдзельнікаў спецыяльных "сонечных зайчыкаў", што павінны нагадваць пра зберажэнне цяпла і святла.

— Падчас заняткаў часта абмяркоўваем разнастайныя праблемы і шляхі іх вырашэння, — адзначае Таццяна Гаргун. — Напрыклад, сёння мы размаўлялі пра энергазберагальныя лямпачкі, але тут адзін са слухачоў задаў пытанне: "Калі іх нельга проста так утылізаваць, то куды яе падзець?" Падчас размовы высветлілася, што адходы, у якіх утрымліваецца ртуць, прымаюць у сталіцы на трох прадпрыемствах. А вось спецыяльных кантэйнераў ці пунктаў прыёму такіх лямпачак у сталіцы няма.

— Ну, не буду ж я ехаць з-за адной лямпачкі на край горада? — падключаецца да размовы Астрыд Зам, дырэктар Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра, аднаго з арганізатараў праекта. — Па ідэі, гэтым павінны займацца прадаўцы. У нас у Германіі так і адбываецца. І нікому не баліць галава наконт таго, куды і якім чынам здаць гэтую лямпачку. Гэта, вядома, не вельмі выгадна для саміх прадаўцоў, але тут важнае меркаванне грамадскасці. І сітуацыя мяняцца пачне толькі пры ўмове актыўнасці людзей. Напрыклад, са сметніцамі для батарэек атрымалася. Цяпер яны ёсць ва ўсіх буйных гіпермаркетах. Думаю, тое ж будзе і з перапрацоўкай гэтых лямпачак.

"Мы прапаноўваем правесці "рэвізію" сваіх поглядаў"

— Наш праект накіраваны на тое, каб з удзелам моладзі прыцягнуць пажылых людзей да вывучэння сучасных падыходаў да энергазберажэння ў сваёй гаспадарцы. А гэта і выкарыстанне энергазберагальных прыбораў, уцяпленне вокнаў і дзвярэй, а таксама сам падыход да эканоміі, — тлумачыць Галіна Мацюшэнка, выканаўчы дырэктар міжнародна-асветніцкага фонда "Жывое партнёрства", галоўнага арганізатара. — Усе нашы заняткі скіраваны на аналіз арганізацыі хатняй гаспадаркі. Пажылыя людзі звыклі весці гаспадарку традыцыйна, па завядзёнцы. Мы ж прапаноўваем правесці "рэвізію" сваіх поглядаў, здаць, так бы мовіць, свае звычкі ва "ўтыль". А выкарыстоўваць новыя метады энергазберажэння, якія не дадуць кашальку нашых пенсіянераў цярпець ад непатрэбных страт.

Пасля заканчэння школы арганізатары плануюць прапанаваць праект тэрытарыяльным цэнтрам абслугоўвання насельніцтва Мінска і іншых рэгіёнаў рэспублікі.

Настасся Занько.

Эканомім са "Звяздой"

Дзесяць парадаў па энергазберажэнні ад удзельнікаў школы:

1. Гладкая белая сцяна ў памяшканні адлюстроўвае 80 адсоткаў накіраванага на яе святла, цёмна-зялёная — 15, а чорная — 9.

2. У кватэры вам будзе холадна, калі падлога і сцены халодныя.

3. 10 см "сінтэтычнай шэрсці" ўцяпляюць так жа добра, як і бетонная сцяна таўшчынёй больш за 4 м.

4. Гладкая батарэя цёмнага колеру аддае на 5-10 адсоткаў цяпла больш.

5. Выдаткі энергіі на асвятленне можна скараціць за кошт перыядычнага працірання лямпачак: добра працёртая лямпачка свеціць на 10-15 адсоткаў ярчэй, чым брудная і запыленая.

6. Адзін лёгкі шарсцяны жакет на вас можа зэканоміць 15-20 адсоткаў энергіі на абагрэў.

7. Сучасная тэхніка дазваляе эканоміць да 60 адсоткаў электраэнергіі.

8. Пастарайцеся радзей карыстацца верхнім святлом. Асветленасць адваротна прапарцыянальная квадрату адлегласці ад светлавой крыніцы. А гэта значыць, што 60 Вт у настольнай лямпе могуць замяніць 150 Вт верхняга святла.

9. Дрэвы вакол дома спрыяюць захаванню цяпла ўнутры памяшкання.

10. Сучаснае аконнае шкло адлюстроўвае цеплавое выпраменьванне, але прапускае святло, што зніжае страты цяпла праз шкло на 60-70 адсоткаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як губляецца электраэнергія? Куды выходзіць цяпло з кватэры? І як на гэтым можна эканоміць? Сталічныя бабулі і дзядулі шукаюць адказы на гэтыя пытанні ў школе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика