Давярай, але.... 21.by

Давярай, але...

16.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Даволі часта людзі крыўдуюць, што іх ашукалі — прадалі няякасны тавар. У наш рынкавы век ад такой праявы ніхто не застрахаваны, але нельга абвінавачваць толькі прадаўцоў — пакупнікі таксама павінны быць уважлівымі. Тым больш што сёння ў спажыўца выбар ёсць.

Наша чытачка Ганна Яноцкая з Пінска ўпэўнена, што дабіцца праўды і вярнуць грошы, заплачаныя за няякасную рэч, надзвычай цяжка. "Пасля Новага года, калі ўсталявалася цяпло, я купіла на рынку асеннія боты, бо шкада было зімовых... Не адхадзіла я ў тых ботах і двух тыдняў, як адсталі падэшвы. Гарантыя яшчэ не закончылася, і я панесла боты на рынак, каб прадпрымальнік вярнуў грошы. Але ён і слухаць не захацеў. Сказаў, што я парушыла інструкцыю, маўляў, не трэба было асеннія боты насіць зімой. Мне параілі звярнуцца ў суд, але я не ўпэўнена, што справядлівасць будзе на маім баку", — разважае жанчына.

Што датычыцца суда, то ён выслухае абодва бакі, але колькі турботаў!..

Яшчэ хачу ўказаць на адзін істотны момант. На рынку абутак можна купіць танней, чым у краме і ён, як правіла, расійскай ці кітайскай вытворчасці, а ўжо гэты факт ставіць пад сумненне якасць тавару, бо невядома, дзе той абутак вырабляўся. І тут можна параіць толькі адно: купляйце абутак беларускай вытворчасці. Я аддаю перавагу "Белвесту" і хачу адзначыць, што з абуткам гэтай фірмы ў мяне няма праблем.

На рынку, здавалася б, таксама выбар вялікі, і на выгляд абутак някепскі, але гэта пакуль яго не абулі.

Тавар у палатках і ралетах, якімі застаўлены нашы рынкі, разлічаны на пэўную катэгорыю пакупнікоў: тых, хто хоча набыць рэч не дужа дарагую. І, найперш, на такога спажыўца накіраваны цэлыя адгалінаванні кітайскай і расійскай лёгкай прамысловасці. Тавар недарагі, але і якасцю не вылучаецца.

Рынак неабходна ўспрымаць такім, які ён ёсць. Вось купілі насенне перцаў, якое рэалізуе адна вядомая беларуская фірма, а яно не ўзыходзіць — 18 дзён мінула. І не толькі ў мяне, а і ў суседзяў і знаёмых. А купіў насенне на Камароўскім рынку расійскай фасоўкі, і праз 2 дні яно пусціла карэньчыкі. І што і каму тут даказваць? Зразумела, заляжалае насенне таксама ідзе ў справу — дае прыбытак, а тое, што людзі выкінулі грошы на вецер, то гэта хвалюе хіба толькі іх саміх. Праўда, і грошы тыя невялікія.

Пастаянна купляў сала ў адной жанчыны — сала смачнае і прадавачка ветлівая, але аднойчы жонка паклала кавалак сала на вагу, а там не хапае ста грамаў. Падумалася, што свая вага не ў парадку. Не, у норме. У наступны раз зноў не хапіла 80 грамаў, і той шпік ужо падаўся не такім смачным. І зноў жа, не будзем высвятляць адносіны і абурацца....Сала на рынку хапае, цяпер купляю яго ў іншага прадаўца, і трэба прызнаць, што нічога не страціў.

Ды і размова тут, найперш, ідзе пра маральны бок справы, бо матэрыяльныя страты не такія ўжо значныя, каб на іх звяртаць увагу.

Найчасцей у ролі пацярпелых выступаюць пакупнікі, але бывае, што страты нясуць і вытворцы, ды яшчэ якія. Літаральна на днях супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Баранавіцкага ГАУС завялі крымінальную справу на 25-гадовага жыхара Ваўкавыска, які "кінуў" Баранавіцкі камбінат харчовых прадуктаў на 76 мільёнаў рублёў.

Калі ў прадпрыемства ёсць праблемы са збытам прадукцыі, то яно асабліва і не патрабуе папярэдняй аплаты за сваю прадукцыю — добра, што хоць знайшоўся пакупнік. Дык вось, жыхар Ваўкавыска восенню мінулага года ад імя дырэктара аднаго прыватнага гандлёвага прадпрыемства заключыў з камбінатам харчовых прадуктаў дагавор на пастаўку плодаагароднінных кансерваў і атрымаў іх. Грошай камбінат за кансервы не дачакаўся, бо пакупнік, рэалізаваўшы прадукцыю, паклаў усю суму ў сваю кішэню.

Такіх выпадкаў хапае, і яны сведчаць толькі пра нашу даверлівасць, а наш рынак яшчэ не настолькі цывілізаваны, каб можна было верыць на слова. Напэўна, той, хто не толькі давярае, але і правярае, адчувае сябе больш упэўнена. Сёння на спажывецкім рынку няма дэфіцыту і пакупніку няма сэнсу мітусіцца. Разбежкі ў цане на адну і тую ж рэч могуць быць у розных крамах істотныя, то чаму б нам, шараговым пакупнікам, не выкарыстаць гэты момант?

Сымон Свістуновіч.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даволі часта людзі крыўдуюць, што іх ашукалі — прадалі няякасны тавар. У наш рынкавы век ад такой праявы ніхто не застрахаваны, але нельга абвінавачваць толькі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика