"Нарматыў — гэта не Свяшчэннае Пісанне...". 21.by

"Нарматыў — гэта не Свяшчэннае Пісанне..."

16.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Жыхар аграгарадка Гуды Лідскага раёна Іосіф Браніслававіч Пілінко звяртаўся да нас з просьбай яшчэ ў снежні мінулага года: надрукуйце заклік да Міністэрства аховы здароўя вярнуць для пацыентаў дзённага стацыянара з вёскі бясплатнае забеспячэнне ўсім неабходным ("Звязда" ад 15 снежня). Менавіта заклік, а не, скажам, пытанне, бо чытач цудоўна арыентаваўся як у сітуацыі з адменай колішняга парадку, так і — з уласнага вопыту — прыводзіў даволі слушныя, на наш погляд, аргументы на карысць ранейшай практыкі ў дачыненні найперш вясковага жыхара. Просьбу мы выканалі. Аднак мала таго, што афіцыйнае рэагаванне з міністэрства мы атрымалі са спазненнем... Адказу на пастаўленае Іосіфам Браніслававічам пытанне там не было, затое ў змястоўным па аб'ёме лісце прысутнічала шмат спасылак на заканадаўства. У гэтай сувязі мы выказалі сумненні: ці застанецца чалавек задаволены тым адказам ("Звязда" ад 5 лютага). Дарэчы, неўзабаве спадар Пілінко зноў патэлефанаваў у рэдакцыю і прама сказаў: не задаволены...

А потым на тую публікацыю адгукнуўся лістом пенсіянер з п/а Плюсы Браслаўскага раёна Мікалай Паўлавіч Дзянісаў. Друкуем допіс з мінімальнымі скарачэннямі і праўкамі.

"Прачыталі ў газеце ад 5 лютага артыкул Сяргея Расолькі "Аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам у аддзяленні дзённага стацыянара вядзецца ў адпаведнасці з заканадаўствам". Сумна, што на галоўнае пытанне чытача Іосіфа Пілінко — ці будуць змяненні ў гэтым пытанні, гэта значыць, змяненні ў бок бясплатнага лячэння ў дзяржаўнай установе — адказу ад чыноўнікаў аховы здароўя не паступіла.

Міністэрства аховы здароўя зацыклілася на адным: дапамога вядзецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і пастановай самога міністэрства. Але ж нарматыў — гэта не Свяшчэннае Пісанне, якое нельга змяніць, гэтыя дакументы прымаюцца людзьмі па прапанове міністэрства "здароўя". У міністэрства здароўя павінна быць адна мэта: як лепш і якасна аказваць дапамогу людзям, а не перашкаджаць гэтаму, не забіраць апошнюю капейку, асабліва ў пажылых людзей, пенсіянераў, у якіх пенсія невялікая, у сярэднім 400-600 тысяч рублёў. А пенсіянеры заўсёды будуць: адны памруць, іншыя стануць пенсіянерамі.

У аддзяленні дзённага стацыянара трэба думаць, дзе ўзяць грошы на аплату лекаў, як пракарміцца, прыносіць свае пасцельныя рэчы. Складваецца такое меркаванне, што наша ахова здароўя рухаецца не наперад, а адкатваецца назад.

Пасля вайны 1941—1945 гг. у вёсках былі сельскія бібліятэкі, стаматалагічныя кабінеты, аптэкі, урачы-спецыялісты на месцах аказвалі хірургічную, тэрапеўтычную дапамогу, пры неабходнасці людзей клалі ў бальніцу з такімі захворваннямі, з якімі зараз і не кладуць. Хворы ляжаў да выздараўлення, ніякімі рамкамі, стандартамі не быў абмежаваны. Усё было бясплатна. Людзей памірала мала. Такая сістэма аховы здароўя была пасля ваеннай разрухі.

Цяпер... У сельскай мясцовасці бальніц няма, ёсць у лепшым выпадку ўрачэбныя амбулаторыі, у горшым — ФАПы (фельчарска-акушэрскія пункты). Паездзілі б чыноўнікі па "сельскай медыцыне", паглядзелі б на аснашчэнне і магчымасці гэтых медустаноў. А вазьміце цэны на лекі... Многа пішацца і гаворыцца адносна прафілактыкі хваробаў, ранняга выяўлення перадракавых хваробаў. Большасць мужчын ва ўзросце ад 45 гадоў і больш хварэюць на прастатыт. Рэкамендавана штогод здаваць аналізы. Гэта і сама паездка ў раённы цэнтр, ды і самі аналізы: адзін — 30 тысяч, другі — 85 тысяч рублёў. Вось такія цэны і, адпаведна, такой будзе прафілактыка. У той жа час рак прастаты выйшаў на другое месца па захваральнасці...

Насельніцтва з кожным годам будзе ўсё больш змяншацца — да той пары, пакуль меддапамога не будзе для людзей якаснай, агульнадаступнай, бясплатнай. Медцэнтры ў Мінску і іншых буйных гарадах — гэта добра, але праблему яны не вырашаць. Медыцыну трэба развіваць з нізоў, з сельскай мясцовасці, бо не кожны жыхар можа з'ездзіць на прыём у раённую паліклініку. Па многіх прычынах: многія вёскі далёка размешчаныя — за 20 і больш кіламетраў, праблемы з аўтобуснымі зносінамі... Толькі пры дзяржаўным падыходзе да гэтых праблем, а не праз надуманыя сацыяльныя стандарты насельніцтва ў рэспубліцы будзе павялічвацца.

Хацелася б атрымаць адказ ад Міністэрства аховы здароўя на такое пытанне: калі лячэнне ў дзённым дзяржаўным стацыянары платнае, дык як гэта стасуецца з Канстытуцыяй РБ, дзе ў артыкуле 45 сказана, што "грамадзянам РБ гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання..."

Чаму мы зноў вярнуліся да гэтай тэмы? Сваю просьбу надрукаваць на старонках газеты заклік да Міністэрства аховы здароўя яшчэ ў першы раз Іосіф Браніслававіч Пілінко абгрунтаваў і такім чынам у тым ліку. Ён размаўляў не толькі з мясцовымі ўрачамі, але і звяртаўся ў абласное ўпраўленне аховы здароўя, тэлефанаваў нават у само міністэрства. Паводле яго слоў, многія ўрачы пагаджаюцца, што варта было б вярнуцца да бясплатнага забеспячэння ўсім неабходным пацыентаў дзённых стацыянараў. Пагаджаюцца, але самі нічога не могуць зрабіць. Маўляў, трэба, каб ініцыятыва зыходзіла знізу — ад тых жа самых пацыентаў дзённых стацыянараў. Вось гэтую ініцыятыву і праявіў тады Іосіф Браніслававіч. А цяпер і іншы чытач — Мікалай Паўлавіч Дзянісаў, які даслаў ліст. Магчыма, цяпер міністэрства адрэагуе па сутнасці пытання: так або не?..

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыхар аграгарадка Гуды Лідскага раёна Іосіф Браніслававіч Пілінко звяртаўся да нас з просьбай яшчэ ў снежні мінулага года: надрукуйце заклік да Міністэрства...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика