У чалавека павінна быць свабода выбару творчасці. А гэта — і інструмент, і сам спосаб духоўнага развіцця. 21.by

У чалавека павінна быць свабода выбару творчасці. А гэта — і інструмент, і сам спосаб духоўнага развіцця

09.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гэта філасофія майстра, які мае дачыненне да першага беларускага сярэбранага злітка, можа ў хатніх умовах вырабляць фарфор, а звычайную костачку ад садавіны пераўтварыць у мастацкі твор

З'еўшы сакавіты персік ці абрыкос, духмяную сліву, што большасць з нас потым робіць з костачкай з гэтай ці іншай садавіны? Натуральна, не задумваючыся нават, выкідвае. Хіба толькі рэдкі садавод-аматар ці проста цікаўны ўваткне тую костачку ў бліжэйшы вазон з зямлёй: цікава, а ці атрымаецца што, ці вырасце? І сапраўды, у некаторых потым вырастае на падаконніку, напрыклад, апельсін. А вось для Сяргея ДАРАФЕЕВА костачкі з садавіны — не проста непатрэбнае смецце або сродак для батанічнага эксперыменту, а самы сапраўдны матэрыял для мастацкіх твораў. Якія атрымліваюцца ў яго шляхам разьбы па гэтых самых костачках.

Мінімум умяшання ў натуральнае

...Калі рыхтаваўся да інтэрв'ю, зазірнуў у інтэрнэт. У пошукавай сістэме зрабіў запыт: разьба па костачках ад садавіны. Глабальная сетка выдала ў адказ, што ў Кітаі яшчэ са старажытнасці існуе традыцыйнае мастацтва хайдаа — тая самая разьба па костачках з садавіны. Майстры найперш старана апрацоўвалі костачкі, затым рыхтавалі чарцёж-план, якога потым трэба было прытрымлівацца ў працэсе працы над скульптурай. Не заўсёды атрымлівалася тое, што задумвалася, бо працаваць з костачкамі было складана: кожная з іх была ўнікальнай як па форме, так і па структуры. Але з цягам часу майстры рабіліся імправізатарамі і часам увогуле адмаўляліся ад папярэдніх чарцяжоў. Асабліва каштоўнымі лічыліся костачкі ад персікаў, паколькі ў старажытнакітайскай культуры персік быў сімвалам выратавання, а таксама багацця і дабрабыту. Упрыгажэнням менавіта з такіх костачак аддавалі перавагу высокапастаўленыя асобы і члены іх сем'яў, а падарожнікі лічылі сваім абавязкам прывесці з паездак па Кітаі некалькі такіх арыгінальных скульптурак.

...Калі я мімаходзь пераказаў гэтую інфармацыю Сяргею Васільевічу, той натуральным чынам пакрыўдзіўся. Разьбой па костачках ад садавіны ён займаецца амаль 30 гадоў, калі ніякага інтэрнэту не было. Пра мастацтва хайдаа нічога ніколі не чуў, увогуле лічыў свой занятак уласным вынаходніцтвам. Нават да нашай сустрэчы паспеў з гэтай нагоды пагутарыць з кітайцамі, якія працуюць у Смалявічах: маўляў, ці сапраўды ў вас існуе такое старажытнае мастацтва? Так, ёсць. І потым, разабраўшыся, назваў розніцу паміж хайдаа і сваім заняткам, якому, пашкадаваў, так і не прыдумаў славянскай назвы. Па-першае, кітайцы выкарыстоўваюць костачкі ад персіка, а ён — толькі ад абрыкоса. Па-другое, самае галоўнае, згодна з усходняй філасофіяй, дзеля дасягнення прыгажосці патрэбна мінімальнае ўмяшанне чалавека ў прыродны матэрыял. І калі кітайскія майстры фактычна "разбураюць" саму костачку, ствараючы твор, па знешнім выглядзе якога так адразу і не вызначыш з якога ж ён матэрыялу, — дык ён якраз прытрымліваецца названага прынцыпу мінімальнага ўмяшання. Калі прыгадаць вядомы выраз пра тое, як стварыць прыгажосць, можна да месца паўтарыць: проста прыбраць усё лішняе. Але пачакайце, прычым тут усходняя філасофія, калі мы распачалі аповед пра разьбу па костачках ад садавіны? Перш чым расказаць пра гэты занятак, спынімся на самой біяграфіі Сяргея Дарафеева. Паверце, яна не менш цікавая, чым яго мастацкі занятак.

Шлях ад "фізіка" да "лірыка"

Сяргей Васільевіч нарадзіўся ў пасёлку Весялова на Барысаўшчыне ў 1957 годзе. Зараз жыве ў Жодзіне, а працуе механікам вытворчага цэха ў "Сельэнерга" ў Смалявічах. Дарэчы, суразмоўца добра валодае роднай мовай, што для чалавека тэхнічнай адукацыі не такая ўжо і распаўсюджаная, на жаль, з'ява. Сяргей Васільевіч на такую заўвагу сціпла патлумачыў, што нябожчыца-маці і жонка — настаўніцы беларускай мовы. У самога ж яго тры вышэйшыя адукацыі, усе атрыманыя завочна. Напачатку скончыў па спецыяльнасці інжынер-механік колішні політэхнічны інстытут у Мінску. Затым быў Мазырскі педагагічны інстытут і спецыяльнасць настаўніка па працы, чарчэнні. А паступаў ён туды адразу на трэці курс, ужо працуючы настаўнікам працы ў Юр'еўскай сярэдняй школе Лагойскага раёна.

Трэцяй навучальнай установай быў тагачасны завочны народны ўніверсітэт мастацтваў у Маскве, дзе давялося асвойваць майстэрства керамікі, разьбы. Як у сталіцы колішняй краіны апынуўся наш герой?

— Прачытаў кнігу прафесара Інстытута ўсходазнаўства Таццяны Пятроўны Грыгор'евай. Потым стаў яе вучнем і нават дапамагаў пісаць ёй адну з чарговых кніг. Справа ў тым, што дагэтуль я ўжо захапляўся філасофіяй Усходу. У свой час разам з сябрам "перавярнуў" усю "Ленінку", актыўна карыстаўся міжбібліятэчным абанементам, які існаваў тады, калі патрэбную кнігу можна было заказаць на месяц з любой бібліятэкі краіны. Вось сярод іншых твораў на тэму Усходу і патрапіла кніга Таццяны Пятроўны. Чаго паехаў, пытаецеся? Пагаварыць! Сапраўды, так! На той момант я імкнуўся праводзіць такі лёгкі аналіз таго, што адбываецца навокал, з сабой, імкнуўся параўнаць сябе як чалавека з іншымі. Шукаў рацыянальных паводзін, шляхоў максімальна выявіць уласныя здольнасці. Усход якраз вучыць усяму гэтаму, — гаворыць Сяргей Васільевіч.

  Некалькі гадоў ён пражыў у Маскве, працаваў сакратаром у сваёй настаўніцы, прафесара Грыгор'евай. А потым вярнуўся ў Жодзіна. Пайшоў выкладаць кераміку ў сярэднюю школу № 8 з мастацкім ухілам. Дарэчы, потым яе ж скончылі яго сын і дачка. Дачка пасля заканчэння Бабруйскага вучылішча, а потым і педуніверсітэта, вярнулася выкладаць у родную школу.

Фарфор — у хатніх умовах

Да мастацкага цягу Сяргей Дарафееў меў з дзяцінства. І, як, бясспрэчна, чалавек адораны, гэтую цягу імкнуўся задаволіць па максімуме.

— Тут няма нічога недасягальнага, — тлумачыць суразмоўца шырокі спектр сваіх захапленняў. — Трэба знайсці патрэбную літаратуру, методыкі і "прапусціць" іх праз сябе, правільна скарыстацца імі. Сутнасць маёй жыццёвай філасофіі, у прыватнасці, у тым, што ў чалавека ёсць свабода выбару. А на шляху духоўнага развіцця любая творчасць — гэта і інструмент, і сам спосаб імкнення ўперад. Тут можна правесці параўнанне з маятнікам: пазаймаўся нечым шчыльна — перайшоў да іншага. Напрыклад, я тройчы працаваў у школе. Не выключаю, што ў будучыні зноў магу туды вярнуцца.

...Пералічыць усе факты з біяграфіі Сяргея Дарафеева, якія сведчылі б на карысць яго філасофіі, будзе складана — іх шмат. Назавём самыя цікавыя.

Колькі гадоў таму было створанае прадпрыемства па вытворчасці нестандартнага абсталявання, акрамя, як указвалася, авіяцыйных рухавікоў. Разам з аднадумцамі там працаваў і Сяргей Васільевіч, вырабляў сваімі рукамі тое самае нестандартнае абсталяванне, якое мела попыт. Між іншым, на гэтым самым абсталяванні з лому і адходаў ад электроннай тэхнікі, якія ўтрымліваюць каштоўныя металы, быў выплаўлены першы беларускі злітак серабра вагой 5 кілаграмаў. Яго нават у Савеце Міністраў дэманстравалі. Злітак быў з чысцінёй 99,9999 працэнта. Майстар на гарачым метале адціснуў значок керамічнай "Пагоні" — "пазначыў" нацыянальную прыналежнасць злітка. А сек'юрыці за спінай хваляваліся: абы да серабра тая самая кераміка не прыстала сама...

Першае самаабвешчанае банкруцтва ў краіне таксама звязанае з імем нашага героя.

...Вы ведаеце, што фарфор атрымліваецца з керамікі пры вельмі высокай тэмпературы — амаль 1 500 градусаў? Сяргей Дарафееў можа вырабляць фарфор у хатніх умовах! Як такое магчыма? Справа ва ўцяпляльніку, які распрацоўваўся для касмічнага "Бурана".

— У жніўні 1991 года я спецыяльна паехаў па яго ў Падмаскоўе. Гэта былі якраз дні путчу. У расійскую сталіцу я і танкі ўязджалі адначасова, — жартам прыгадвае Сяргей Васільевіч. — А ў самім Обнінску, дзе выраблялі той уцяпляльнік, ва ўсіх кабінетах можна было назіраць аднолькавую карціну: уключанае на поўную моц радыё і засяроджаныя, у нейкім ступары, начальнікі. Яны толькі мімаходзь зазіралі ў мае паперы, разлік-фактуры і, амаль не гледзячы, падпісвалі іх...

Праца такая: "шкрэб, шкрэб, шкрэб"

— Усё пачалося са звычкі ўвесь час рабіць нешта сваімі рукамі, — распавядае Сяргей Васільевіч пра вытокі свайго захаплення — разьбе па костачках. — У 1982 годзе мяне накіравалі на ўсесаюзныя курсы павышэння кваліфікацыі дырэктараў клубаў "Юных тэхнікаў". Я апынуўся ў Свярдлоўску, на месяц адарваны ад майстэрні і інструментаў. Хутка рукі проста запатрабавалі якой-небудзь працы. Выпадкова ў іх адначасова аказаліся костачка з кампоту і пляская спружынка з вострым краем. На адным баку костачкі праступаў нейкі контур, як падалося, кветкі. Машынальна прадрэпаў яго, потым паглыбіў фон, дабавіў рэльефу, прапрацаваў дэталі. Увогуле гэтая праца — суцэльнае "шкрэб, шкрэб, шкрэб". Спадабаўся вынік. Далей я ўжо мэтанакіравана пачаў выбіраць з кампоту костачкі. Гэта толькі на першы погляд яны ўсе аднолькавыя. Памеры, форма, колеравыя адценні — усё рознае. У костачку трэба добра ўгледзецца: яна сама падкажа тэму будучага малюнка. А потым з захаваннем прынцыпу мінімальнага ўмяшання выдаліць усё "лішняе" і выявіць вобраз, які ўбачыў. Хоць пры жаданні, вядома, сюжэт можна і самому прыдумаць.

Сярод любімых прац майстра (а іх у калекцыі пакуль што два дзясяткі, бо па першым часе ён іх не збіраў, а раздорваў сябрам і знаёмым) — кубак, які трымаюць дзве рукі. Напэўна, гэта і адна з самых дробных кампазіцый. Толькі ўявіце сабе, дыяметр складае каля двух сантыметраў! Астатнія працы некалькі большыя, аднак усё роўна гаворка ідзе пра дыяметр 1,5-2,5 сантыметра.

На палове костачак адлюстраваны твары людзей, на астатніх — жанравыя сцэны, выявы жывёл. За выключэннем адной кампазіцыі — партрэта канкрэтнага выкладчыка — астатнія "чалавечыя" з'яўляюцца абстрактнымі.

— Быў, праўда, яшчэ выпадак. Калі здаваў на правы кіроўцы, вырашыў выразаць — як нейкі жартлівы сімвал — "зялёнага змія". Відавочна, тое, што забароненае — прыцягвае, хоць я чалавек непітушчы, — смяецца Сяргей Васільевіч. — Дык вось гэтая кампазіцыя мне самому падаецца нейкай не зусім натуральнай, ёсць у ёй нешта штучнае.

Працуе наш герой выключна самаробнымі разцамі. Фактычна гэта набор звычайных цвікоў: з ручкай, адлітай на шляпцы, і завостранай адмысловым чынам дзюбкай. На апошнюю напаяны пабядзіт — вельмі цвёрды сплаў. Колькі займае працэс "выдалення ўсяго лішняга" — залежыць ад канкрэтнай кампазіцыі, натхнення.

— Але для ўвасаблення ідэі часу не шкада, — гаворыць майстар. — Стан творчасці — гэта палёт, ачышчэнне. Як наркотык, з той толькі істотнай розніцай, што атрута робіць і маральны, і фізічны стан чалавека горшым, а чалавека творчага працэс творчасці, наадварот, яшчэ больш паляпшае. Для мяне, напрыклад, вельмі спрэчны выраз пра злога генія. Таленавіты можа быць злым, а вось геній — не.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ і з інтэрнэту.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта філасофія майстра, які мае дачыненне да першага беларускага сярэбранага злітка, можа ў хатніх умовах вырабляць фарфор, а звычайную костачку ад садавіны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика