Гняздуйся, пустальга!
07.09.2011
—
Новости Общества
|
У Беларусі нарэшце з'явіўся сакаліны заказнік. Дарэчы, першы і пакуль адзіны заказнік сокала-пустальгі. Спецыялісты вядомай грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" дапускаюць, што і ў Еўропе ён можа быць адзіным. Цікава, што не дзе-небудзь у патаемным і маладаступным месцы, а побач з людзьмі, на самым што ні ёсць відавоку. І ў дадатак каля мегаполіса-сталіцы. А калі дакладней, у пасёлку ваенных авіятараў — Мачулішчах, дзе час ад часу ад узлёту цяжкіх самалётаў дрыжыць і зямля, і паветра. У невялікім, але даволі старым хвойніку абапал дарогі з чыгуначнага прыпынку да жылога шматпавярховага квартала гняздуецца каля дзясятка пар птушкі-чырванакніжніцы. Амаль дзесяць гадоў вялося сапраўднае змаганне за наданне гэтаму куточку ахоўнага статусу. Ідэя зыходзіла ад мачулішчанскіх школьнікаў — членаў клуба аматараў прыроды "Біяразнастайнасць", якія яшчэ ў 2000 годзе выявілі гэтую рэдкую птушыную калонію і навукова абгрунтавалі неабходнасць захавання мясцовай папуляцыі. Адна са школьных навуковых прац была настолькі моцнай і пераканаўчай, што яе аўтарка Таццяна Каравай атрымала нават прэзідэнцкую стыпендыю.
Амаль пяць гадоў таму быў выраблены гэты плакат-аншлаг з выявай птушкі і назвай заказніка, і ў мінулую суботу падчас прыезду валанцёраў на прыборку тэрыторыі быў нарэшце ўсталяваны. — Для многіх жыхароў нашага пасёлка гэта вельмі значная падзея, бо яны таксама дапамагалі берагчы і ахоўваць унікальны куток, — кажа спецыяліст па экалагічнай адукацыі грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Руслан Шайкін. — Для многіх будзе нечаканасцю ўбачыць і прачытаць гэтую інфармацыю, бо цяпер тут нельга, як раней, разводзіць агонь, кідаць смецце, шумець. Многія ж прывыклі жыць менавіта так. Другі год запар на тэрыторыі сокала-пустальгі (а гэта менавіта птушыная тэрыторыя) адбываюцца акцыі па зборы смецця. У акцыі ёсць і свая назва — "Узляці высока!" Распачалі яе арганізатары вядомых прафесійных конкурсаў "Брэнд года". Маладыя людзі збіралі смецце, якое накоплівалася тут гадамі ці засталося пасля нядаўніх нядбалых адпачывальнікаў. Да валанцёраў далучыліся ахвочыя з фабрыкі "Мілавіца", Міжнароднага рэзервовага банка, кансалтынгавая кампанія САЦІА, іншых сталічных кампаній. Вядома, не засталіся ў баку мясцовыя школьнікі. А вядомы "Пінскдрэў" не толькі даслаў сваіх прадстаўнікоў, але і выдаткаваў матэрыял для вырабу скрынь для штучных гнёздаў. — Цяпер гэта не проста тэрыторыя, важная для птушак, а тэрыторыя, якая ахоўваецца дзяржавай, — кажа былы школьны настаўнік-біёлаг з Мачулішчаў і колішні кіраўнік клуба "Біяразнастайнасць" Руслан Шайкін.— Ахоўваць "Сакаліны" зусім не цяжка, бо гэта адзін з самых маленькіх па тэрыторыі ў нашай краіне заказнікаў, ён усяго дваццаць з невялікім гектараў. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Мінскі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусі нарэшце з'явіўся сакаліны заказнік. Дарэчы, першы і пакуль адзіны заказнік сокала-пустальгі. Спецыялісты вядомай грамадскай арганізацыі "Ахова...
|
|