Шкляная бутэлька стане дэфіцытам?
07.10.2011
—
Новости Общества
|
Здаць бутэлькі ў нас заўсёды было няпроста, а неўзабаве стане наогул немагчыма. Збор і паўторнае выкарыстанне большасці відаў шклатары ў краінах — удзельніцах Мытнага саюза — Расіі, Беларусі і Казахстане — у наступным годзе стане па-за законам. Пункты прыёму шклатары знікнуць наогул. Справа ў тым, што тэхнічны рэгламент Мытнага саюза забараніў паўторна выкарыстоўваць шкляную тару для алкагольных напояў і дзіцячага харчавання. Забарона ўступіць у сілу 1 ліпеня 2012 года. Сярод наступстваў гэтага кроку не толькі пазбаўленне асноўнага заробку бамжоў і многіх алкаголікаў, не толькі страта працоўных месцаў людзьмі, задзейнічанымі ў сферы другаснай сыравіны. Новаўвядзенне ў той ці іншай меры закране ўсіх нас. У тэхрэгламенце Мытнага саюза "Аб бяспецы ўпакоўкі" забарона на абаротную тару (ініцыятарамі якой сталі вытворцы шкла) тлумачыцца неабходнасцю абараніць здароўе чалавека і трывогай аб экалогіі. Эколагі ж здзіўляюцца: шкляная тара ў нас на працягу дзесяцігоддзяў лічылася бяспечнай і ўжывалася ў вытворчасці. Калі ж такая масавая прадукцыя, як алкаголь, не можа пакавацца ў шматразовую тару, гэта непазбежна прывядзе да павелічэння адходаў, акрамя таго, гаворка ідзе пра бязмэтнае марнатраўства прыродных рэсурсаў для вытворчасці новых бутэлек. Спецыялісты таксама падлічылі, што энергіі, якая ідзе на стварэнне ўсяго адной бутэлькі, хапае на 7-гадзінную працу камп'ютара ці на суткі працы энергазберагальнай лямпы. А вось выкарыстанне абаротнай бутэлькі дазваляе знізіць нагрузку на экалогію. Цэнтр экалагічных рашэнняў Беларусі разам з расійскім "Грынпісам" і Аналітычным экалагічным агенцтвам Grееn Wоmаn (Казахстан) адправілі сумесны ліст у Камісію Мытнага саюза, у якім просяць прывесці статыстычныя звесткі, якія сведчаць, што паўторнае ўжыванне шкляной тары прыводзіць да адмоўных наступстваў для здароўя. "Нам таксама хацелася б даведацца ў распрацоўнікаў тэхрэгламенту, на падставе якіх навуковых дадзеных або экспертных ацэнак яны прыйшлі да высновы, што станоўчы эфект ад забароны шматразовых бутэлек перавысіць адмоўныя наступствы, звязаныя з ростам здабычы прыродных рэсурсаў, энергаспажывання, аб'ёмаў выкідаў і звалак", — сказаў карэспандэнту "Звязды" намеснік дырэктара Цэнтра экалагічных рашэнняў Беларусі Яўген Лабанаў. * * * Новы тэхрэгламент у найбольшай ступені закране прадпрыемствы, якія выпускаюць піва. Сёння на піўным рынку рэспублікі прадукцыя ў шкляной бутэльцы займае каля 28-30%. Адпаведна, многія півавары арганізавалі збор зваротнай бутэлькі, якой выкарыстоўваецца да 30-40%. Гэта танней і зручней. "Забарона на паўторнае выкарыстанне абаротнага шкла запатрабуе ўкладвання новых сродкаў у набыццё выключна новай бутэлькі, — сцвярджае генеральны дырэктар ААТ "Піўзавод Аліварыя" Міхаіл Чэчанеў. — Адпаведна, непазбежна падаражае прадукцыя. Наколькі вырастуць цэны, казаць цяпер некарэктна, бо неабходна ўлічыць усе фактары. І самае сумнае: на жаль, шкляных бутэлек будзе не хапаць. Мы набываем тару беларускіх вытворцаў. Іх магутнасцяў у новых умовах будзе недастаткова. Забарона ж распаўсюдзіцца не толькі на піўную індустрыю, але і на вытворцаў моцнага алкаголю. Аб'ём выпуску бутэлькі павінен будзе павялічыцца як мінімум на 30-40%. І паколькі нашы вытворцы могуць з гэтым не справіцца, давядзецца закупляць шклатару па імпарце, а гэта цяпер не самае лепшае рашэнне". Узгадаў Міхаіл Чэчанеў і праблемы з утылізацыяй шкла. У прыватнасці, збіраць і ўтылізаваць бутэлькі давядзецца паасобку, таму што сярод іх ёсць зялёныя, карычневыя, белыя. "Хацелася б, каб былі пралічаныя ўсе наступствы. Хацелася б зразумець, што стаіць за гэтым рашэннем. Чаму тое, што выкарыстоўвалася дзесяцігоддзямі, раптам стала небяспечным. І чые інтарэсы ў гэтай сітуацыі будуць максімальна абароненыя, а чые, наадварот, не ўлічаныя", — заявіў гендырэктар "Аліварыі". Р.S. <І>Па словах нашага суразмоўцы, сёлета за 9 месяцаў аб'ём беларускага піўнога рынку (улічваюцца беларускія вытворцы і імпарт) склаў парадку 50 млн бутэлек, 28-30% з якіх, нагадаем, шкляныя. Гэта дзясяткі, сотні тысяч тон шкла. Святлана Бусько. А як у Еўропе? У краінах ЕС паўторнае выкарыстанне бутэлек заахвочваецца. Больш за тое, прыярытэт паўторнага выкарыстання шклатары над яе перапрацоўкай і пахаваннем замацаваны заканадаўча (вызначаны Дырэктывай Еўрапейскага парламента 2008/98/ЕС). У большасці еўрапейскіх краін заканадаўча вызначаны так званы закладны кошт тары, які ў абавязковым парадку спаганяецца пры куплі напою і вяртаецца пры здачы бутэлькі ў пункт прыёму, што звычайна размешчаны ў краме. У некаторых краінах ЕС вызначаны адзіны для розных вытворцаў выгляд бутэлькі, якая падлягае абавязковаму прыёму ў пункце продажу. Такое рэгуляванне многія гады дзейнічае ў дачыненні да піўных бутэлек і дазваляе знізіць плошчы, што выдзяляюцца пад пахаванне смецця. Куды будуць дзявацца тоны шкла? Новыя правілы прадугледжваюць, што бутэльку з-пад піва або гарэлкі будуць разбіваць і пераплаўляць. Гэта дасць магчымасць знізіць выдатак матэрыялаў, але энергіі пры гэтым будзе выдаткоўвацца толькі на 20% менш, чым пры першаснай вытворчасці. У той жа час ачыстка адной бутэлькі да стану, які адпавядае ўсім санітарным нормам, патрабуе ў 10 разоў менш энергіі, чым вытворчасць новай. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Здаць бутэлькі ў нас заўсёды было няпроста, а неўзабаве стане наогул немагчыма. Збор і паўторнае выкарыстанне большасці відаў шклатары ў краінах — удзельніцах...
|
|