Байкі пра алкагалізм, або Пакіньце ў спакоі маральныя якасці залежных
07.10.2011
—
Новости Общества
|
Вось ужо гадоў як дзвесце алкагалізм і наркаманія адносяцца да захворванняў псіхікі, аднак і сёння яшчэ застаюцца тыя, хто думае, што размова ідзе пра падзенне маралі асобна ўзятага індывідыума. Адсюль і паходзяць абсурдныя парады хворым кшталту "ўзяўся б ты за розум", "збяры волю ў кулак" і г.д. Такая недасведчанасць патурае росквіту міфаў аб людзях, якія, здаецца, "проста распусціліся". Так замацоўваецца скажонае ўяўленне аб тых, хто сутыкнуўся з цяжкай медыка-сацыяльнай праблемай. Насамрэч паняцці маралі, сілы волі не маюць прыпісанага ім значэння. Дастаткова сказаць, што "чалавечы і маральны выгляд" залежны страчвае паступова, па меры таго, як хвароба разбурае яго здароўе, у тым ліку псіхічнае. А на пачатку фарміравання прыхільнасці да расслаблення з дапамогай псіхаактыўнага рэчыва былі ў апошняга і мараль, і сіла, і воля, і чалавечы выгляд... Трэба разумець, што такія псіхічныя захворванні, як наркатычная ці алкагольная залежнасць, у кожным выпадку абумоўлены некалькімі прычынамі. Значэнне мае незлічоная колькасць фактараў — генетыка, выхаванне, соцыум, жыццёвыя абставіны і г.д. Грамадства, са свайго боку, можа паўплываць толькі на пэўныя з іх. Можа, напрыклад, абмежаваць час і месца продажу алкагольных напояў, прадухіліць распаўсюджванне на тэрыторыі краіны буйных партый наркотыкаў... З усім жа астатнім давядзецца разбірацца спецыялістам і зацікаўленаму ў выздараўленні пацыенту. Галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Аляксей АЛЯКСАНДРАЎ і дацэнт Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук Алег АЙЗБЕРГ тлумачаць, што трэба разумець залежным і тым, хто побач з імі. Словам, развенчваюць асабліва папулярныя "байкі". 1. Ёсць меркаванне, што алкагалізм і наркаманія — праблема страты маралі. Праблема тут не проста ў тым, што колішняе выгнанне д'ябла з тых, хто злоўжывае, аказалася неэфектыўным. Засілле маралізатарства ў грамадстве абавязкова правакуе ўзнікненне маральнай панікі, панічных настрояў. Частае ўжыванне ў дачыненні да тэмы алкагалізму слоў ваеннай тэрміналогіі — "барацьба", "перамаганне" — завышаюць сапраўдную пагрозу і ў рэшце рэшт выклікаюць у грамадстве нездаровую заклапочанасць. На фоне "маральнай панікі" ў дачыненні да тых жа наркотыкаў асабліва абсурдна выглядае талерантнае стаўленне нашага грамадства да піва і больш моцных алкагольных напояў. У ідэале грамадства павінна выпрацаваць абсалютна аднолькавае адмоўнае ўспрыняцце любых псіхаактыўных рэчываў. Аддаваць перавагу некаторым з іх — значыць, па меншай меры, не дабіцца зніжэння колькасці залежных. Дарэчы, замежныя вучоныя сёння валодаюць дакладнай інфармацыяй адносна таго, які падыход грамадства да вырашэння праблемы зніжэння шкоды ад вышэйзгаданых залежнасцяў з'яўляецца найбольш эфектыўным — маралізатарскі (аб'яўленне славеснай вайны наркотыкам і алкаголю) або ўкараненне спецыяльных праграм па зніжэнні шкоды (развіццё сеткі рэабілітацыйных цэнтраў, адкрыццё пунктаў абмену шпрыцаў, прымяненне замяшчальнай тэрапіі і інш.). Больш эфектыўным паказаў сябе падыход прагматычны — укараненне праграм па зніжэнні шкоды. Дастаткова сказаць, што менавіта такая практыка ўплывае на сур'ёзнае зніжэнне колькасці новых выпадкаў заражэння ВІЧ. 2. Ёсць меркаванне, што нарказалежныя аднойчы абавязкова становяцца на крымінальны шлях. Для таго, каб было на што набыць чарговую "дозу", даводзіцца рабаваць і нават забіваць. Аднак паводле экспертных ацэнак, у нашай краіне наркотыкі ўжывае каля 50 тысяч чалавек. Крымінальныя звесткі пры гэтым не пацвярджаюць, што ўсе гэтыя людзі ўчынілі ў сваім жыцці крадзеж ці забойства. 3. Ёсць меркаванне, што сярод іншых відаў залежнасцяў самай згубнай з'яўляецца наркатычная. Для здароўя асобнага чалавека так і ёсць, паколькі нават аднаразовае ўнутрывеннае ўвядзенне наркотыку можа стаць смяротным. А вось калі гаварыць пра здароўе грамадства, то для яго найбольшую пагрозу ўяўляе, безумоўна, тытунь (затым — алкаголь, і толькі пасля — наркотыкі). Абумоўлена гэта найперш маштабамі распаўсюджанасці пералічаных відаў залежнасцяў. Ад хвароб, звязаных з курэннем, у нас штогод гіне звыш 15 тысяч чалавек. Па прычыне ж ужывання наркотыкаў — у разы менш. 4. Ёсць меркаванне, што кожны наркаман за сваё жыццё ўцягвае ў залежнасць да 20-50 чалавек. Калі б гэта цалкам адпавядала рэальнасці, то ўсяго за некалькі дзесяцігоддзяў усе нашы грамадзяне былі б уцягнуты ва ўжыванне наркарэчываў. Больш правамерна гаварыць пра існаванне пэўных "груп рызыкі". У групе рызыкі знаходзяцца, напрыклад, людзі з абцяжаранай спадчыннасцю. Сёння вывучаецца звыш 60 генаў, якія, як мяркуецца, маюць дачыненне да фарміравання залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў. 5. Ёсць меркаванне, што пасля так званых "лёгкіх" наркотыкаў спажывец абавязкова пераходзіць на "цяжкія". Так звычайна запалохваюць навучэнцаў старшых класаў. Аднак даволі істотная колькасць падлеткаў ведае тых, хто спрабаваў "лёгкія" псіхаактыўныя рэчывы, або самі далучаліся да гэтай справы, але пераход на больш "цяжкія" не адбыўся. Так у моладзі нараджаецца разуменне, што пад "запалохваннем" заўсёды хаваецца падман. Такім чынам узнікае недавер і да ўсёй іншай інфармацыі, якую прадастаўляюць дарослыя. 6. Ёсць меркаванне, што галоўны спосаб лячэння алкагалізму — кадзіраванне. Адзіным метадам змагання са згубнай звычкай некаторыя лічаць гіпноз, або кадзіраванне. Аднак калі пасля лячэння падобнага кшталту адбываецца зрыў, у самога залежнага і яго блізкіх узнікае негатыўнае стаўленне да ўсіх відаў урачэбнай дапамогі: маўляў, тут ужо нічога не зробіш... На самой справе гіпнатычнае ўздзеянне падыходзіць толькі людзям з асаблівым складам псіхікі, а таму "прызначыць" падобнае ўмяшанне павінен спецыяліст, а не блізкія хворага. Акрамя так званага кадзіравання, існуе даволі багаты арсенал сродкаў і магчымасцяў развітання з залежнасцю і жыцця ў рэмісіі. Але для паспяховага выніку сам залежны павінен спачатку прызнаць сябе хворым і звярнуцца да ўрача-нарколага. 7. Ёсць меркаванне, што залежныя жанчыны значна горш за мужчын паддаюцца лячэнню. Сапраўды, вядома, што псіхаактыўныя рэчывы, у тым ліку алкагольныя напоі, інакш уздзейнічаюць на слабы пол. Пры адной і той жа дозе мужчына і жанчына аднолькавай вагі будуць па-рознаму сябе адчуваць. У арганізме жанчыны этылавы спірт засвойваецца больш павольна, і таму яна п'янее хутчэй за мужчыну. Праўда і тое, што ў жанчын крыху інакш фарміруецца і працякае залежнасць, — галоўным чынам, таму, што яны "да апошняга" імкнуцца ўтойваць ад навакольных сваё захапленне, а значыць, пазней трапляюць да спецыяліста. Аднак пакуль няма навуковых звестак адносна таго, што ў жанчын залежнасць — тая ж алкагольная — набывае больш цяжкія формы і цяжэй паддаецца лячэнню. Больш важнай будзе, матывацыя, а не палавая прыналежнасць. Святлана БАРЫСЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вось ужо гадоў як дзвесце алкагалізм і наркаманія адносяцца да захворванняў псіхікі, аднак і сёння яшчэ застаюцца тыя, хто думае, што размова ідзе пра падзенне...
|
|