Дзіцячыя кансервы хутка перастануць быць дэфіцытам. Але падаражэюць?
07.10.2011
—
Новости Общества
|
"Вось ужо месяц, як ва ўсіх навакольных і нават спецыялізаваных крамах зніклі дзіцячыя мясныя кансервы айчыннай вытворчасці. Паліцы, дзе стаялі гэтыя прадукты, цяпер застаўлены тушонкай і ўсякімі паштэтамі, а на ўсе роспыты, што здарылася, прадаўцы толькі разводзяць рукамі: "І самі не ведаем". Няўжо крызіс "з'еў" і гэты, такі сацыяльна значны, прадукт?" Наталля Малівук, маці 2 дзяцей, Слуцк. Пытаннем, куды зніклі мясныя кансервы, заклапаціліся не толькі многія маладыя бацькі, але таксама алергікі, якім прадпісана дыетычнае харчаванне, і нават гаспадары катоў і сабак: іх гадаванцы любяць час ад часу паласавацца тонка змолатым мяскам без усялякіх "Е". Яшчэ ўлетку рознакаляровыя бляшанкі адзінага ў Беларусі вытворцы мяснога, мяса- і рыбарасліннага дзіцячага харчавання — Аршанскага мясакансервавага камбіната — свабодна ляжалі практычна ў кожнай краме. Цяпер жа натрапіць на іх нават у спецыялізаваных магазінах — вялікая ўдача, і тыя, каму яна выпала, стараюцца закупіць пра запас адразу некалькі дзясяткаў кансерваў... Нечаканы дэфіцыт спарадзіў самыя розныя чуткі. Вось самыя распаўсюджаныя версіі, якія рэгулярна чуваць у крамах: "Завод увогуле стаў, кансервы засталіся толькі для маламаёмных, хто атрымлівае бясплатнае харчаванне", "Кашатнікі раскупілі" і "Усё вывозяць у Расію". Найбольш аптымістычны варыянт — "Вытворцы проста чакаюць, пакуль ім дазволяць падняць цану". — Што вы так хвалюецеся? Вунь у нас поўна мясных кансерваў, — супакойвала наведвальнікаў кансультант папулярнай сеткі дзіцячых магазінаў. — Угм, — змрочна ківалі наведвальнікі, разглядаючы шэрагі слоікаў украінскай, расійскай і еўрапейскай вытворчасці, — толькі гэтыя 100 грамаў каштуюць як мінімум 10—12 тысяч, а беларускія былі па 2—3... Будзем шукаць. Карэспандэнты "Звязды" вырашылі не займацца разам з усімі бясплоднымі "забегамі", а спытацца наўпрост у вытворцаў, што здарылася і ці маюць чуткі пад сабой падставу. На Аршанскім мясакансервавым заводзе паведамілі, што пэўны спад вытворчасці дзіцячых кансерваў сапраўды быў: у маі на заводзе здарыўся пажар, з-за якога пэўны час стаяў забойны цэх і рэканструявалася халадзільная ўстаноўка. — Але зараз мы цалкам аднавілі ранейшы аб'ём вытворчасці, — падкрэсліла намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці і якасці Вольга Масаловіч. На асартыменце прадукцыі, паводле слоў спецыяліста, часовы прастой не адбіўся — прадпрыемства па-ранейшаму вырабляе каля 20 відаў дзіцячых мясных кансерваў. Праўда, у сувязі з тым, што ў Беларусі назіраецца сезонны дэфіцыт мяса індычкі, труса, бараніны, каніны, кансервы з гэтым мясам пакуль што не выпускаюцца, затое пабольшала ялавічыны і свініны з разнастайнымі расліннымі і мяснымі дабаўкамі. Атрымліваецца, што цяперашняя адсутнасць кансерваў у крамах — не віна прадпрыемства, а хутчэй няспрытнасць саміх крам. — Паверце, мы цудоўна разумеем сваю адказнасць, што з'яўляемся адзіным вытворцам гэтага віду дзіцячага харчавання ў Беларусі, і таму прыкладаем усе намаганні для таго, каб дзіцячае харчаванне ў поўным аб'ёме было прадстаўлена ў гандлёвай сетцы краіны, — запэўніла Вольга Масаловіч. У айчынныя магазіны, удакладнілі "Звяздзе" ў аддзеле збыту, адгрузкі ідуць штодня, а вось доля экспарту практычна не павялічылася, так што "расійскага следу" ў дэфіцыце кансерваў шукаць не варта. — Яшчэ адно пытанне, якое безумоўна хвалюе бацькоў: як вырастуць цэны на дзіцячыя кансервы, скажам, да канца гэтага года? — Дакладна адказаць не магу. Справа ў тым, што цана на нашу прадукцыю рэгулюецца Міністэрствам эканомікі, і самастойна мы яе павысіць не можам. Адпаведная заяўка пададзена, зараз яна разглядаецца. Мяркую, што цэны на дзіцячае харчаванне вырастуць прыкладна на 30 працэнтаў. Вікторыя ЦЕЛЯШУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Вось ужо месяц, як ва ўсіх навакольных і нават спецыялізаваных крамах зніклі дзіцячыя мясныя кансервы айчыннай вытворчасці. Паліцы, дзе стаялі гэтыя прадукты,...
|
|