Не будзем гуляць у хованкі?. 21.by

Не будзем гуляць у хованкі?

01.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У горадзе праводзіцца планавая паверка вадамераў. Баранавіцкі "Водаканал" разаслаў даведкі, гаспадары кватэр патэлефанавалі ў арганізацыю, і кожнаму прызначылі дату, калі работнікі "Водаканала" прыедуць па лічыльнікі, каб зняць іх і праверыць.

А неўзабаве ўзнікла непаразуменне. Мікрааўтобус з надпісам "Водаканал" пад'язджае да пад'езда, і рабочыя ў адной з кватэр здымаюць вадамер. Праз два дні зноў прыязджаюць, і ўжо дэмантуюць лічыльнік у іншай кватэры гэтага ж пад'езда. Нехта з жыльцоў убачыў работнікаў "Водаканала" і папрасіў: "Зніміце вадамер і ў мяне, вы ж у нашым пад'ездзе, а то мне праз дзень чакаць давядзецца".

"Які нам далі расклад, то мы так і ездзім", — чуецца ў адказ.

Дайшла чарга і да майго пад'езда, і ўсё паўтарылася, як апісана вышэй. А чаму б вадамеры не зняць у пад'ездзе ці доме ў "адзін прысест"? А то ганяюць дзяржаўны транспарт туды-сюды.

— У нас складзены графік, і па ім нашы работнікі працуюць, — растлумачыў кіраўнік "Водаканала" Віктар Каласоўскі. — Кожны вадамер мае свой тэрмін праверкі.

— Віктар Вікенцьевіч, калі б гэты тэрмін меў разбежку хоць месяц, а то адзін-два дні. Хіба гэта істотна? Вось у майго вадамера тэрмін закончыўся 16 кастрычніка, а здымаць яго будуць 22-га, то чаму ж нельга было лічыльнік адкруціць 14-га, 16-га ці 19-га, калі вашы людзі прыязджалі? Адмовілі. А што, бензін ужо танны?

— Мы стараемся падладзіцца пад людзей. Вось чалавек кажа, што не можа адлучыцца з работы ў вызначаны намі дзень. І прызначае свой час. Ідзём яму насустрач.

— Калі чуеш, што вашых людзей трэба чакаць з 14 да 20 гадзін, то ўзнікае пытанне: "А ці не маглі б вы скараціць гэтае чаканне? Напрыклад, прыкінулі б, колькі часу траціцца на адзін вадамер і ўстанавілі б чалавеку перыяд з 15 да 16 гадзін ці як там атрымліваецца. І ўвогуле, калі ўжо працуе ў пад'ездзе, то чаму не зняць вадамер і ў суседа, які просіць?

— Разумееце, калі нашы работнікі будуць рэагаваць на такія просьбы, то мы паломім графік і не прыедзем своечасова да чалавека, які адпрасіўся з працы і чакае нас.

Гэты выпадак — дробязь. Але ён — люстэрка нашага штодзённага жыцця.

Сістэма павінна працаваць стабільна, як добра адладжаны механізм, дзе спачатку ўсё прадумваюць, а потым робяць так, як найбольш выгадна — для ўсіх. Да ўсяго яна павінна быць празрыстай, каб усё зноў ды ўсім было зразумела. Адсутнасць апошняга фактара стварае праблемы не толькі для грамадства, але і дзяржавы ў цэлым.

Незадоўга да распаду Саюза пэўная катэгорыя людзей (найперш, кіраўнікі розных рангаў) пачалі браць крэдыты. Савецкі рубель яшчэ не абваліўся, і можна было на гэтым добра "пагрэць рукі". На крэдыт будавалі катэджы, кватэры... а затым разлічваліся за яго адной зарплатай. Бяда толькі ў тым, што рабочы і калгаснік крэдыт той узяць не мог. Каб яшчэ крыху, то прыхапілі б і прадпрыемствы, як гэта адбылося ў Расіі.

Успомнім яшчэ, як правялі прыватызацыю кватэр. Савецкай наменклатуры неабходна было атрымаць ва ўласнасць элітныя кватэры ў прэстыжных дамах, часам плошчай 150-200 кв. м. Як толькі прыватызавалі, аб'явілі, што прыватызацыя закончылася. Атрымалася, як гульня ў хованкі: "адзін, два, тры, чатыры, пяць, я іду шукаць, хто не паспеў — я не вінаваты".

Бацькі кватэру не прыватызавалі, а пасля іх смерці дзеці, якія жылі асобна, ужо на кватэру права не маюць. Жыллё савецкае і дасталася ад той краіны, якой ужо няма, то якое абмежаванне на прыватызацыю можа быць!

Тымі крэдытамі расцягнулі Савецкі Саюз — абвалілі фактычна фінансавую сістэму. І сёння дэвальвацыю беларускага рубля ў значнай ступені справакавалі крэдыты. Што, паўтарыцца савецкі сцэнарый? Калі ў наступным годзе будзе праведзена дэнамінацыя рубля, то мільёны ператворацца ў тысячы, а там і адной зарплатай можна будзе разлічыцца...

З фінансавай сістэмай у нас асабліва заблытаная сітуацыя. З аднаго боку, чуюцца заклікі адмовіцца ад долара і ўсе разлікі праводзіць у беларускіх рублях. І гэта нармальна, але калі плаціш страхоўку на аўтамашыну, то там рубель прывязаны да еўра. А чаму ж да яго не прывязалі гэткім чынам і крэдыты пад аграгарадкі і кватэры? Гэта ж дзяржаўныя грошы!

Вось высокапастаўлены чыноўнік тлумачыць, што камунальныя паслугі ў доларавым эквіваленце не вырастуць, а іншы паведаміў сітуацыю з аплатай адукацыі. Маўляў, калі лічыць у доларах... І ўсё гэта так і ёсць, але народ зарплату і пенсіі атрымлівае не ў доларах, а рублях.

Долар такі-сякі, ды толькі за газ і нафту неабходна плаціць "зялёнымі". Мы перарабіць сусветную фінансавую сістэму не можам, то і трэба ўспрымаць жыццё такім, якое яно ёсць. У сваіх планах, задумах, разліках неабходна адштурхоўвацца ад рэчаіснасці, а не фантазій. Вось аб'явілі, што будаўніцтва ў краіне з'яўляецца лакаматывам, які выцягне эканоміку. А той цягнік пабегаў па крузе і стаў у тупік. У Баранавічах перад будаўнікамі, якія ўзводзяць шматкватэрныя жылыя дамы, запазычанасць за выкананую работу. Няма грошай. Зноў даводзіцца вяртацца да крэдытаў.

Добра , што людзі атрымалі жыллё. Многія працягваюць жыць у старых кватэрах, а ва ўзведзеных па льготным крэдыце жывуць кватаранты. Для асобнай сям'і гэта добра, а якая выгада ад такога ўкладання грошай грамадству, дзяржаве? Дзе тыя эканамісты і вучоныя-акадэмікі, якія зрабілі разлікі і палічылі, што будаўніцтва — лакаматыў эканомікі? Грошы найперш павінны ўкладвацца ў тыя сферы дзейнасці, дзе гарантаваны прыбытак.

А зараз закранем сельскую гаспадарку. У кожным сельгаскааператыве ёсць заатэхнікі і ветурачы, у раёнах, вобласці і Міністэрстве сельскай гаспадаркі гэтыя пасады таксама не пустуюць, а праблемы з узнаўленнем пагалоўя кароў вялікія. У Баранавічах на пасяджэнні райвыканкама, якое было прысвечана пытанням эканомікі, прысутнічала першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Надзея Каткавец, якая адзначыла, што прыплод цялят па краіне за прайшоўшы перыяд 2011 года знізіўся да 60 галоў на 100 кароў, а ў Баранавіцкім раёне — да 50. Павялічылася і колькасць мёртванароджаных цялят.

Каб цяля не выжыла ў прыватным хляве — гэта была даволі рэдкая з'ява. За некалькі начэй да ацёлу гаспадары ўжо не спалі, а затым выходжвалі тое цяля, як сваё дзіця. А карова-перадойка ўспрымалася гаспадарамі як бяда. Пры такім раскладзе як узнавіць статак і павялічыць экспарт ялавічыны і малочных прадуктаў?

Які тут можна зрабіць вывад? Безумоўна, на эканоміку ўплываюць знешнія фактары, і ад гэтага нікуды не дзенешся. Але складваецца ўражанне, што мы падышлі да нейкай мяжы, якую нельга пераступіць без пераасэнсавання нашага жыцця за мінулыя гады і крытычнага аналізу пройдзенага шляху.

Не трэба спрашчаць сітуацыю. Апошнім часам даводзіцца чуць, як нейкі там начальнік тлумачыць, што людзям цяжка і не трэба іх трывожыць. Сёння чалавек найперш адчувае трывогу, калі пераступае парог крамы...

Сымон Свістуновіч. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У горадзе праводзіцца планавая паверка вадамераў. Баранавіцкі "Водаканал" разаслаў даведкі, гаспадары кватэр патэлефанавалі ў арганізацыю, і кожнаму...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика