Тэнгіз Думбадзэ: "Амбіцыйнасць патрэбна толькі там, дзе яна неабходная". 21.by

Тэнгіз Думбадзэ: "Амбіцыйнасць патрэбна толькі там, дзе яна неабходная"

04.01.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Хто ведае, не парві Тэнгіз Думбадзэ аднойчы свае вершы, можа, з яго атрымаўся б добры паэт. Вершамі беларускі грузін пачаў захапляцца яшчэ з дзяцінства: першая проба пяра адбылася ў сем гадоў. Сёння ён з настальгіяй узгадвае тую сваю словатворчасць, запісаную ў чатырох таўшчэзных сшытках у клетку, якія аднойчы, пакрыўдзіўшыся на нешта, ён узяў і знішчыў...

Тэнгіз Думбадзэ — гісторык, палітолаг, журналіст. Па нацыянальнасці  — грузін. грамадзянства — беларускае. Нарадзіўся ў пасёлку Энергетыкаў Дзяржынскага раёна. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Мае двух сыноў. Жыве ў Мінску.

У журналістыку Тэнгіз Думбадзэ прыйшоў не адразу. Спачатку былі думкі пра касманаўтыку (што лагічна ў сярэдзіне 60-х), затым захапленне футболам, потым — вучоба на гістфаку БДУ. Першы журналісцкі вопыт Тэнгіз атрымаў у Грузіі, дзе пэўны час узначальваў тэлеканал Аджарыі і быў неафіцыйным прэс-сакратаром Аслана Абашыдзэ.

— Калі мне прапанавалі пасаду на тэлебачанні, я згадзіўся, бо гэта заўсёды было маёй марай. Журналіст — гэта творчы чалавек, які мае магчымасць працаваць над вольнымі тэмамі. А вольныя тэмы я любіў заўсёды, — сцвярджае Тэнгіз.

У Беларусі Тэнгіз Думбадзэ пачынаў як аўтар, вядучы і кіраўнік творчай групы праграмы "Дыханне планеты" на АНТ. Пазней — як сувядучы перадачы "Адкрыты фармат" на тым жа канале. Сёння журналіст засвойвае абавязкі кіраўніка Прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь тэлеканала ТРА (Тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы).

— Калі я, Тэнгіз Думбадзэ, адчуваю, што ў мяне як журналіста яшчэ ёсць порах, увесь свой патэнцыял я павінен засяродзіць на працы. Тым жа павінен займацца пісьменнік у літаратуры, а мастак — у мастацтве. Я лічу, якім бы чалавек рознабаковым ні быў, ён павінен займацца адной справай, але рабіць яе на сто працэнтаў.

Прапановы адносна ТРА паступілі да мяне яшчэ напрыканцы мая, — удакладняе Тэнгіз. — І пакуль гэтае рашэнне выспявала, я абмяркоўваў нюансы з кіраўніцтвам АНТ — як быць з праграмай "Адкрыты фармат". У праект вырашыў не вяртацца — пасля было б немэтазгодна рэзка сыходзіць у сярэдзіне сезона. А вось працу над "Дыханнем планеты" я працягваю — пазаштатна.

Я вельмі люблю калектыў АНТ — ён шмат для мяне зрабіў у той напружаны момант, калі пасля палітычных падзей у Грузіі я вярнуўся ў Беларусь. Кіраўніцтва АНТ (Рыгор Кісель) аказала мне вялікі давер, таму рашэнне сысці з АНТ прымалася нялёгка.

Аднак тут планка яшчэ больш высокая. Я лічу, што на новай пасадзе я магу выйсці на яшчэ больш шырокае поле дзейнасці, як геаграфічнае, так і палітычнае — у межах Саюзнай дзяржавы. На новай пасадзе ў мяне з'явілася больш магчымасцяў прапагандаваць Беларусь за межамі нашай краіны.

Пра сям'ю і традыцыі

Тэнгіз прызнаецца, што ў яго дзве радзімы — Беларусь (дзе нарадзіўся) і Грузія (дзе вырас). Бацькі і ўсе родзічы па бацькоўскай лініі жывуць у Батумі. Сам журналіст з сям'ёй — у Мінску.

— Цяжка жыць з сэрцам, якое дзеліцца на дзве часткі: паміж Грузіяй і Беларуссю, — прызнаецца журналіст. — Аднак у мяне душа аднолькава баліць як за адну радзіму — дзе я нарадзіўся, дзе выхоўваю сыноў і дзе ў мяне сям'я, — так і за другую.

— Сыноў назвалі па-грузінску?

— Так, старэйшы — Надар, а малодшы — Джаба. Калі б меншы сын нарадзіўся дзяўчынкай, то быў бы Ніно (усміхаецца. — Аўт.). Калі мая жонка была цяжарная, мы дамовіліся: калі будзе дачка, то імя выбіраю я. Зрабілі ўльтрагукавое абследаванне. Мне па сакрэце сказалі, што будзе дзяўчынка. Я ўжо і імя падрыхтаваў — Ніно (у гонар святой Ніны, якая прынесла ў Грузію хрысціянства, а таксама ў гонар Ніно Думбадзэ — першай алімпійскай чэмпіёнкі з Грузіі па кіданні дыска). Прыйшоў час нараджаць. Абвяшчаюць: Думбадзэ — дзяўчынка. Я ўзрадаваўся, думаў, у мяне нарадзілася. Аказваецца, там стаяў яшчэ нейкі Думбадзэ — жонка яму сёмую дачку нарадзіла... Праз дзесяць хвілін аб'яўляюць: Думбадзэ — хлопчык. Я агледзеўся, думаю, можа, яшчэ які мой цёзка ў радзільні ёсць. Спытаў, ці дакладна больш ніякіх Думбадзэ няма? Не, ніякіх памылак. А той Думбадзэ стаіць і кажа: "Давай памяняемся: табе — дзяўчынку, а мне — хлопчыка" (смяецца.Заўв. аўт.).

— Прозвішча "Думбадзэ" — распаўсюджанае ў Грузіі?

— Так, сапраўды. Напрыклад, старэйшага сына я назваў у гонар майго славутага родзіча — празаіка Надара Уладзіміравіча Думбадзэ, "караля" грузінскага гумару.

— Магчыма, вашы сыны таксама пададуцца ў журналістыку?

— Пакуль не. Старэйшы вучыцца ў БНТУ, займаецца менеджментам, малодшы вучыцца на відэаінжынера, дапамагае мне пры мантажы рэпартажаў для "Дыхання планеты". З сынамі ў мяне сяброўскія адносіны, але сваю думку ім не навязваю. Стараюся даць ім самастойнасць. Мне самому самастойнасць у жыцці вельмі дапамагла — асабліва пры прыняцці важных рашэнняў. Бацькі жылі ў Батумі, а я пасля сёмага класа прыехаў да бабулі з дзядулем у Беларусь. Яны мяне і выхоўвалі. Што такое быць самастойным, зразумеў вельмі рана.

"Тых, хто размаўляў на беларускай мове, лічылі калгаснікамі"

— Самай вялікай трагедыяй Беларусі я лічу яе моўны момант. Беларуская мова, як і любая мова, вельмі прыгожая. Добрая, чыстая... Але сітуацыя, якую можна назіраць у Беларусі сёння, калі людзей, якія размаўляюць па-беларуску, можна пералічыць на пальцах, — гэта сапраўдная трагедыя.

Трагедыя, у якой глыбокія карані. Мы ж ведаем, што за ўсім гэтым стаіць наша трагічная гісторыя. Сусветныя войны, у якіх мы страцілі кожнага трэцяга БЕЛАРУСА. Узнаўлялі нашы гарады людзі з іншых рэспублік, для якіх беларуская мова не магла быць роднай, а тым больш першай. Такім чынам, міжэтнічнай стала ў нас руская мова. Памятаю сябе малым — тых, хто размаўляў у нас на беларускай мове, лічылі калгаснікамі. Гэта было абразліва.

У мяне была калісьці мара — хацеў вывучыць мову настолькі, каб умець свабодна гаварыць і на ёй выступаць. Але пабаяўся. Неяк прапанавалі весці канцэрт "Беларусь — гэта мы". Адной з умоў было веданне беларускай мовы, на якой трэба было весці канцэрт. Я адмовіўся. Вядома, я магу вывучыць тэкст слова ў слова, але любы, хто добра ведае мову, адразу распазнае фальш, штучнасць маёй мовы. Бо дзесьці скажу не так ці націск пастаўлю — і будзе сорамна. А беларуская мова павінна гучаць адшліфавана.

"Карэспандэнтам, якія рыхтуюць матэрыялы на беларускай мове, ганарары я плаціў бы ў 10 разоў большыя"

— Я пачынаю ганарыцца, калі чую, як размаўляюць на нашай мове. Беларускамоўныя сюжэты па тэлебачанні вітаю. Карэспандэнтам, якія іх рыхтуюць, я ганарар плаціў бы ў 10 разоў большы — каб іх прыклад быў "заразны".

У свой час, калі я працаваў на тэлебачанні Аджарыі, інфармацыйныя праграмы вяліся на васьмі мовах — мы ўдзялялі ўвагу любой этнагрупе, якая жыла тады ў рэгіёне. Перакананы, што сёння такі падыход неабходны ва ўсіх кутках свету.

Вы можаце такое ўявіць: я хачу стаць грамадзянінам Расіі, але буду ігнараваць рускую мову? Гэта смешна. А чаму тады аналагічная сітуацыя ў іншай рэспубліцы ўспрымаецца нармальна?

Можа, і нам варта так? Ставіць умовы. Адна з умоў — абавязковае веданне беларускай мовы. Але таксама будзе дзіўна, калі самі беларусы па-беларуску не змогуць сказаць ні слова, а вось ад выхадцаў з Азербайджана ці Мазамбіка мы будзем патрабаваць ведання беларускай мовы. Абсурд!

Няма патрыятызму, а ён павінен заключацца ва ўсім. Тыя ж прыбалтыйскія краіны, якія паставілі пытанне рубам — каб кожны грамадзянін ведаў нацыянальную мову? Памятаеце, мітынгі былі?

— Калі б чыноўнікаў абавязалі здаваць экзамен па беларускай мове, ці падтрымалі б вы гэтую прапанову?

— Цяжка сказаць. Не хачу, каб мой адказ быў папулісцкім, маўляў, як патрыёт я падпішуся.

Я ж ужо казаў, што мне і самому цяжка будзе гаварыць па-беларуску. Можа быць, якую-небудзь іншую форму знайсці? Экзамены — рэч няўдзячная. Камусьці пашанцавала — білет лёгкі выцягнуў, а камусьці цяжкі білет. Я не падпісаўся б, але распісаўся б з прапановай: мову павінны ведаць усе, тым больш — беларускія чыноўнікі.

"Журналістыцы не хапае прынцыповасці"

— Як вы ацэньваеце негатыўныя выказванні ў ваш адрас пасля выхаду ток-шоу "Выбар" 19 снежня 2010 года?

— Я ніколі не займаўся папулізмам. Памятаю, як пасля той праграмы некаторыя асобы пачалі мяне абражаць. Але я казаў і кажу: няхай стане хто-небудзь з вас каля мяне, і мы паглядзім, ці многія з вас здолелі б прайсці той жа шлях, які прайшоў я, бачачы войны, здрады і крывадушнасць, і застацца чалавекам?!

У інтэрнэце пра мяне таксама напісалі. Але хто піша? Або тыя, хто вечна незадаволены жыццём — зайздроснікі або лайдакі, якім няма чым заняцца. Мяне ж выхоўвалі інакш: любіць радзіму і даражыць бацькамі. Самае страшнае — здраджваць. Калі ты здрадзіў аднаму са сваіх ідэалаў — гэта ганьба. І сваіх дзяцей спрабую выхоўваць у тым жа духу. Я ганаруся, што жыву без ганьбы. Прынамсі, нармальны чалавек мяне не папракне, а што датычыць ненармальнага, то Бог ім усім суддзя...

— Як вы лічыце, чаго сёння не хапае беларускай журналістыцы?

— Пытанне складанае. Я ж сам знаходжуся ў гэтым асяродку. Журналісты — людзі вельмі амбіцыйныя. Можа, яна і патрэбна — гэтая амбіцыйнасць. Аднак мая просьба, мой зварот да ўсіх журналістаў: амбіцыйнасць патрэбная толькі там, дзе яна неабходная. Усёдазволенасці быць не павінна. Чаму я ў "Дыханні планеты" адчуваю сябе, як у сваёй талерцы? Наша галоўная задача — не сваё бачанне, а тое, як усё ўспрымаецца людзьмі краіны, з якой вядзецца рэпартаж.

А вось чаго не хапае — гэта прынцыповасці. Мы павінны вельмі асцярожна і ўзважана падыходзіць да сваёй працы і даражыць кожным словам. У журналістыцы гэта вялізная сіла. Нас называюць чацвёртай уладай. Паверце, часам мы можам быць і другой. Я бачыў, як дзякуючы журналістыцы ў многіх краінах адбываліся рэвалюцыі.

Некаторыя журналісты так адкрыта хлусяць, так шчыра могуць падпісацца за якуюсьці хвілінную выгаду — усё гэта ўжо адбывалася на маіх вачах у Грузіі. Улада дзейнічае на людзей, як гіпноз. Кожнага журналіста, які хоча стаць фокуснікам, я хачу папрасіць: задумайся, наколькі ты чысты перад сабою і перад сваёй сям'ёй. Наколькі праўдзіва тое, чым ты займаешся і да чаго заклікаеш...

Ілья ЛАПАТО.

Фота з архіва Т. Думбадзэ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хто ведае, не парві Тэнгіз Думбадзэ аднойчы свае вершы, можа, з яго атрымаўся б добры паэт. Вершамі беларускі грузін пачаў захапляцца яшчэ з дзяцінства: першая проба...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика