Пажыць для сябе ці нарадзіць "хоць бы адно"?. 21.by

Пажыць для сябе ці нарадзіць "хоць бы адно"?

18.01.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ужо з наступнага года ў нашай краіне значна знізіцца колькасць жанчын дзетароднага ўзросту, што тлумачыцца аб'ектыўна малой колькасцю дзяўчынак, народжаных у 1990-я. Наогул рэпрадуктыўныя паводзіны, інстытут шлюбу, сям'я перажываюць на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў моцную трансфармацыю, асаблівасці якой вывучаюць і аналізуюць спецыялісты. Апошнія кажуць, што новыя працэсы і новыя сацыяльныя інстытуты патрабуюць ад дзяржаўнай палітыкі ўзважанага падыходу — пераадолення спакусы выключна адраджэння і падтрымання традыцыйных нормаў і каштоўнасцяў, улічвання нехарактэрных для мінулага ўстановак і паводзін. У свеце, напрыклад, з'явіўся такі рух, як чайлдфры ("свабодныя ад дзяцей"). Размова ідзе пра людзей, якія свядома не жадаюць мець дзяцей, а не адкладваюць дзетанараджэнне на больш позні тэрмін. Ці атрымае гэты рух развіццё ў нашай краіне?..

Абсалютная большасць беларускіх сем'яў (згодна з еўрапейскай і нават сусветнай тэндэнцыяй) не лічыць сёння важным "мець шмат дзяцей". Калі размова ідзе пра "пажаданы варыянт", называецца, як правіла, "двое", але ж калі справа даходзіць да практыкі, найчасцей атрымліваецца "хоць бы адно". Пры гэтым планаванне з'яўлення дзіцяці на свет адкладваецца як мага на больш позні час. Нягледзячы на тое, што большасць апытаных прызнаюць каштоўнасць шлюбу, ёсць і тыя, хто лічыць акт рэгістрацыі "састарэлым спосабам арганізацыі сямейнага жыцця". Стабільна расце колькасць грамадзян, якія станоўча расцэньваюць дашлюбнае сужыццё або прымаюць сужыццё як адзіна прымальны для сябе варыянт. Павялічваецца і колькасць дзяцей, народжаных па-за зарэгістраванымі адносінамі. Сёння гэта мае дачыненне да кожнага пятага дзетанараджэння.

Паводле слоў намесніка начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марыны АРЦЁМЕНКІ, у нашай краіне не праводзіліся спецыяльныя даследаванні па выяўленні сем'яў, якія наўмысна адмаўляюцца ад нараджэння дзяцей. Аднак яшчэ ў 2008 годзе ў нас даследаваліся рэпрадуктыўныя ўстаноўкі, і тады высветлілася, што 45 працэнтаў беларускіх сем'яў — гэта сем'і з няпоўнагадовымі дзецьмі і што амаль 24 працэнты сем'яў дзяцей не маюць (у параўнанні з 1999 годам гэта на 1  працэнт больш). Пры гэтым калі ў нас размова ідзе пра бяздзетныя сем'і, то маюцца на ўвазе ўсё ж такі патэнцыйныя бацькі, якія проста адкладваюць дзетанараджэнне па нейкай прычыне. Галоўным чынам, называюцца "нізкі ўзровень сямейнага даходу, яго зніжэнне пры нараджэнні дзіцяці" і "недахват дзяржаўнай падтрымкі для сем'яў з дзецьмі". Значна радзей называюцца праблемы са здароўем, адсутнасць узаемаразумення і канфлікты з партнёрам. "Жаданне жыць толькі для сябе" адзначылі ўсяго 2 працэнты рэспандэнтаў.

Некаторыя сучаснікі строга падзяляюць для сябе паняцці шлюбу і нараджэння дзяцей. Тэлевядучы і прадзюсар Уладзімір МАКСІМКАЎ кажа: "Я лічу, што інстытут шлюбу дакладна зжыў сябе. Пакуль дваім добра разам, яны могуць жыць разам, калі стала не так добра — можна проста разысціся... Што да дзяцей, то не скажу, што я праціўнік дзяцей. Думаю, ніхто не стане адкрыта выказвацца супраць дзяцей у краіне, дзе пануюць моцныя патрыярхальныя ўстоі, дзе сям'я — вышэй за ўсё... Іншая рэч, дзіця абавязкова павінна быць плодам вялікага кахання. І абавязкова спланаваным. Бо гэта высокая ступень адказнасці... І перш чым нараджаць новых, заўсёды трэба падумаць, што рабіць з тымі, хто ўжо нарадзіўся, — з тымі, ад каго адмовіліся. Я асабіста хачу мець дзяцей з каханай жанчынай, іхачу, каб у дзяцей была магчымасць паўнацэннага жыцця".

Нягледзячы на тое, што пакуль мы многае пераймаем у Еўропы (у тым ліку і больш познія ўступленне ў шлюб і нараджэнне дзяцей), наўрад ці ў Беларусі знойдзецца больш-менш істотная колькасць паслядоўнікаў руху чайлдфры. І на гэта ёсць свае дакладныя прычыны, мяркуе вядучы кансультант Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей Анатоль АЛАДЗІН. Па-першае, такой прыхільнасці будзе перашкаджаць катэгарычна адмоўнае стаўленне грамадства да бяздзетнай жанчыны: маўляў, у яе не хапіла розуму не толькі мужыка сабе знайсці, але і дзіця нарадзіць (што характэрна, гэта выключна жаночы стэрэатып — мужчыны так не думаюць). Па-другое, шэрагі чайлдфры могуць папоўніць і тыя, хто вымушаны змірыцца з аб'ектыўнай немагчымасцю мець дзяцей. Для некага сказаць "не хачу" ўсё ж такі прасцей, чым "не магу".

Колькі будзе дзяцей і калі яны павінны з'явіцца — стане актуальным тады, калі ўдасца вырашыць прынцыповае пытанне трываласці сям'і. На жаль, ні хлопчыкаў, ні дзяўчынак ніхто не вучыў і не вучыць жыць у сям'і. А сям'я, дарэчы, жыве па сваіх законах і паддаецца "вывучэнню". У рэшце рэшт усе сем'і праходзяць праз крызісныя этапы, аднак не ўсе пасля іх выжываюць... Матэрыяльнае заахвочванне большага дзетанараджэння не вырашае праблему трываласці сям'і і дэмаграфічнай бяспекі. Гэта толькі спрыяе замацаванню ўтрыманскіх настрояў у грамадстве, аднак пакуль яны ў нас актыўна культывуюцца... А хто, як і калі падступіцца да тэмы адказнасці кожнага з нас за свой лёс, не гаворачы ўжо аб такіх "дробязях", як выбар партнёра і нараджэнне ад яго дзяцей? Той, хто сёння сцвярджае, што шлюб зжыў сябе, як правіла — не жанчына. Некалі акты грамадзянскага стану пачалі фіксавацца выключна для таго, каб мужчына ведаў, каму ён перадае сваю спадчыну. Сёння ж менавіта шлюб можа абараніць жанчыну ад мужчынскага самавольства, які сёння горача пакахаў адну, а заўтра — другую. Абедзве засталіся з дзецьмі. Хто будзе "несці адказнасць" за іх?

Неабходнасць працягнення роду, каштоўнасць дзяцей застаюцца пакуль безумоўнымі. Адначасова з паступовым ростам эканамічнага развіцця дзяцей у сем'ях будзе нараджацца менш, і гэта будуць больш свядомыя нараджэнні. Няхай нават пры гэтым і з'явіцца катэгорыя паслядоўнікаў чайлдфры, але наўрад ці іх колькасць будзе імкліва расці і істотна паўплывае на агульную дэмаграфічную карціну.

Відавочна, што ні грамадству, ні бацькам дзеці не патрэбны любой цаной. Як ні круці, тэма сям'і і дзяцей застанецца для кожнага з нас пытаннем асабістага выбару.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо з наступнага года ў нашай краіне значна знізіцца колькасць жанчын дзетароднага ўзросту, што тлумачыцца аб'ектыўна малой колькасцю дзяўчынак, народжаных у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика