Альбінас Жукаўскас: трывалыя масты сяброўства
28.02.2012
—
Новости Общества
|
У Літве адзначаюць 100 гадоў з дня нараджэння Альбінаса Жукаўскаса, вядомага паэта, празаіка, перакладчыка. Мяркую, ён заслугоўвае, каб колькі слоў было сказана пра яго і на беларускай мове. Тым больш, што я не ведаю другога такога літоўца, які быў бы ганараваны пачэсным званнем заслужанага працаўніка культуры Беларусі (1973 г.) і каб яго асобнымі артыкуламі былі прадстаўлены дзве самыя салідныя энцыклапедыі Беларусі: "Беларуская энцыклапедыя" (1998 г.) і "Рэспубліка Беларусь" (2006 г.).
Беларускі паэт Язэп Семяжон неяк пісаў, што А. Жукаўскас блізкі беларусам яшчэ і таму, што нарадзіўся недалёка ад паўночнай Беларусі. Ён мае рацыю, але толькі часткова. Так, будучы пісьменнік нарадзіўся 25 студзеня 1912 года ў літоўскай вёсцы Бубяляй, якая цяпер належыць Польшчы і знаходзіцца на стыку Беларусі, Літвы і Польшчы. Пасля развалу Расійскай імперыі польскія ўлады адразу закрылі літоўскую школу ў яго роднай вёсцы. Пасля ён пачаў вучыцца ў акупаваным палякамі Вільнюсе — у літоўскай гімназіі Вітаўтаса Вялікага. Тут літоўцы, як і беларусы, зазнавалі прыгнёт па нацыянальным прынцыпе. Гэта збліжала літоўцаў і беларусаў, якія не жадалі паддавацца палітыцы апалячвання і хацелі гаварыць на сваёй роднай мове, развіваць сваю нацыянальную культуру. Вось таму малады А. Жукаўскас, як і іншыя літоўскія інтэлігенты, якія жылі ў Вільнюсе, арганізоўваў сумесныя культурныя мерапрыемствы, супрацоўнічаў з беларускімі і літоўскімі газетамі. Тут таксама трэба шукаць прычыны, якія паўплывалі на светапогляд А. Жукаўскаса, яго блізкасць да беларускага. Да прыкладу, ужо ў той перадваенны час завязалася сяброўства паміж маладымі А. Жукаўскасам і М. Танкам, які першым пераклаў вершы свайго сябра на беларускую мову і неаднаразова згадвае яго ў сваёй кнізе ўспамінаў "Лісткі календара". Альбінас Жукаўскас, у сваю чаргу, становіцца вялікім папулярызатарам творчасці Максіма Танка. Вершы яшчэ маладога аўтара з'яўляюцца ў літоўскай прэсе. У 1961 годзе на літоўскай мове выходзіць зборнік вершаў М. Танка "След маланкі", а ў 1969-м Жукаўскас перакладае яго кнігу "Лісткі календара". Ён таксама робіць пераклады на літоўскую аповесці Змітрака Бядулі "Сярэбраная табакерка" (1956 г.) і рамана Максіма Гарэцкага "Віленскія камунары" (1965 г.). Ён перакладчык і рэдактар "Анталогіі беларускай прозы", анталогій "З беларускай паэзіі" і "Па Нёмане песня плыве". Жукаўскас перакладаў творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі ды іншых. Многія беларускія пісьменнікі перакладалі творы Альбінаса Жукаўскаса. А ў 1974 годзе ў Мінску на беларускай мове выйшаў зборнік яго вершаў "Бяздомная любоў". А. Жукаўскаса не стала ў 1987 годзе. Праз усё сваё жыццё ён пранёс любоў і павагу да Беларусі, яе культуры і літаратуры. Завяршаючы гэты артыкул, я прыгадаў інтэрв'ю, якое зрабіў з Жукаўскасам мой калега і добры сябар, карэспандэнт "Звязды" Анатоль Мяснікоў. Ён назваў свой тэкст словамі А. Жукаўскаса: "Я прыйду туды, дзе ўсё мне роднае...". Альбінас Жукаўскас так сказаў пра Беларусь... Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС, уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве. Фота аўтара. Вільнюс. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Літве адзначаюць 100 гадоў з дня нараджэння Альбінаса Жукаўскаса, вядомага паэта, празаіка, перакладчыка. Мяркую, ён заслугоўвае, каб колькі слоў было сказана пра... |
|