Усе студэнты — розныя
13.03.2012
—
Новости Общества
|
Ці ўсё ж "аўтар агучыў відавочную ісціну: нічога бясплатнага не бывае, заўсёды нехта плаціць"? Матэрыял-меркаванне пра адмену студэнтам льготы па бясплатным праездзе ў сталічным метрапалітэне, што быў змешчаны ў "Звяздзе" за 2 сакавіка, як і можна было чакаць, выклікаў сапраўдную хвалю абмеркаванняў гэтай актуальнай тэмы. Яе перадрукавалі інтэрнэт-парталы TUT.BY і оnlіnеr.bу. У выніку свае каментары на першым пакінулі некалькі соцень людзей, на другім іх было больш за тысячу, што можна назваць своеасаблівым рэкордам! Натуральна, думкі дыяметральна падзяліліся. Сёння мы надрукуем толькі найбольш характэрныя з іх. Але найперш некалькі кароткіх заўваг ад аўтара. Па-першае, здзівіла, што вельмі многіх так зачапіла фраза пра "наварочаныя" мабільнікі, купленыя за бацькоўскія грошы, якія студэнты пачынаюць "ціскаць" у вагоне. Хоць, як справядліва заўважыў адзін з карыстальнікаў, яна была сказана мімаходзь. З іншага боку, так жа кінутая заўвага, што работнікі метрапалітэна пры іх сапраўды цяжкай працы — пад зямлёй, без сонечнага святла — недаатрымліваюць з-за прадастаўлення студэнтам ільготы, засталася ўвогуле без каментароў... Па-другое, шмат абурэння моладзі выклікала і заўвага, што юнакі і дзяўчаты не здымаюць у вагоне заплечнікі, але матэрыял жа, па сутнасці, быў пра іншае. І аўтар адназначна за тое, каб за праезд плацілі абсалютна ўсе: і студэнты, і пенсіянеры. Але калі даводзіцца выбіраць, каму даць прэферэнцыю, то, на мой погляд, яе больш заслугоўваюць пажылыя людзі... @ drоnе1: Уся бяда ў тым, што студэнты (я маю на ўвазе матэрыяльнае становішча) вельмі-вельмі моцна адрозніваюцца!!! Напэўна, ёсць такія, для якіх бясплатны праезд — гэта істотнае зберажэнне грошай. Але не думаю, што 2х1300х25=65000 у месяц — гэта зараз велізарныя грашышчы!!! А каб былі льготныя паездкі, дык увогуле 30 тысяч у месяц. На піва, гарэлку, прэзерватывы, памаду, новую прычоску, манікюр, новы мабільны, ноўт, бензін для бацькоўскай машыны, начны клуб, саўну, паездку ў Сілічы і г.д і г.д. ГРОШАЙ ХАПАЕ! А 65 тысяч на білеты НЕ ХАПАЕ? @ nехt_ggmt: Да бацькоў з'ездзіць, у тэатр схадзіць... Ды такіх ад сілы 20 працэнтаў набярэцца. Астатнія, як і гаварылася, — на піва і г.д. Чаму, калі я вучыўся, дык аплачваў праезд калі напалову, а калі і цалкам? Чаму пра мяне тады не падумалі, што, магчыма, я таксама хачу лішні раз да бацькоў з'ездзіць? Ніякай паслядоўнасці і логікі. Правільна было сказана: аптымальна — 50-працэнтная льгота. @ gаlа3061: Спадар Расолька! Напэўна, вы не маеце дзяцей, а тым больш дзяцей студэнцкага ўзросту. А тым больш тых, якія вучацца на платнай аснове. Вы разумееце, што такое аплачваць (і пастаянна даплачваць) цану за атрыманне адукацыі, якая ўсё больш павялічваецца, а яшчэ і карміць, а таксама апранаць дарослага чалавека на працягу пяці гадоў? А яшчэ гэтаму чалавеку трэба аплачваць маленькія жыццёвыя радасці — дні народзінаў сяброў, паход з дзяўчынай у кіно, сакавіцкія і лютаўскія традыцыйныя святы і г.д. Мы, як бацькі, сумленна працуем з 18-ці гадоў і лічым кожную атрыманую капейку, каб працягнуць чарговы месяц. Вы не маеце рацыі: вам цесна і няўтульна стала ездзіць з-за студэнтаў у транспарце, таму, як вы мяркуеце, гэту маленькую льготу трэба адмяніць. Жыццё — штука складаная, і калі-небудзь аналагічная сітуацыя можа і ў вас здарыцца. @ dеnіs-smоlеvісhі: Да мяне прыязджаў у госці стрыечны брат з Санкт-Пецярбурга. Дык нават па сваім студэнцкім у нас бясплатна ездзіў і быў прыемна здзіўлены такой ільгоце. Але ўвогуле я супраць такога прадастаўлення льгот. У свой час я плаціў 50 працэнтаў і за метро, і за электрычку. Хоць бывала і зусім мала грошай у сям'і, але я і 50 працэнтам быў рады. Я за тое, каб вярнуць 50-працэнтную льготу ўсім. І пенсіянерам, і студэнтам, і школьнікам. Я не лічу, што 30-60 тысяч — вялікія грошы зараз. І на дзень народзінаў з імі не сходзіш. Калі толькі разок дзяўчыну ў кіно зводзіш. І не трэба плакацца, што лічыш кожную капейку, калі вучыш сына-дачку. Шмат каму цяжка, але яшчэ раз кажу, што 30-60 тысяч цяпер не грошы, прынамсі яны пойдуць не на піва з гарэлкай. @ mаtushkа-і: Нават у часы застою (стабільнасці) у СССР бясплатны праезд быў толькі для школьнікаў. Для школьнікаў прыкладна 40 працэнтаў, для студэнтаў 60 працэнтаў. А наконт заплечнікаў — вельмі правільна. Нават самыя мілыя і інтэлігентныя на выгляд маладыя людзі не здымаюць заплечнік у транспарце (ці вельмі рэдка). Што за выхаванне? @ ІуоІуа04: Я сама была студэнткай з 2004 года, некалькі гадоў у нас быў ільготны праезд, аплачвалі 50 працэнтаў. Потым яго адмянілі, і мы сталі плаціць па поўнай. Пасля заканчэння ўнівера я таксама плачу поўны кошт. Дык, можа, вернеце мне тыя некалькі гадоў ільготнага праезду, што я не дакаталася? Адназначна трэба зрабіць ільготны праезд студэнтам і пенсіянерам (дзе вы бачылі пенсіі па 1,2 мільёна? У мяне маці атрымлівае 800-900 тысяч), а школьнікам можна і бясплатна. Яны не зарабляюць, стыпендыі і пенсіі не атрымліваюць. І нікому крыўдна не будзе. @ gоrе_uа: Проста-такі ўсе студэнты багацеі... Не, не ўсе... Вось толькі па тратуарах уздоўж БНТУ не прайсці — бедненькія студэнты на вучобу на машынах прыехалі... І заўважце, неяк не на "Жыгулях" усе... @ nаstуsіk17: Я сама студэнтка і, каб даехаць да вучобы, еду з 2-3 перасадкамі. І рада, што магу зэканоміць па 70 тысяч у месяц! Аднаго не разумею, чаму ўсе так люта ненавідзяць студэнтаў? Раней нікога асабліва не хвалявала: куды і як едуць студэнты. Зрабілі бясплатны праезд... і панеслася! Калі студэнты не здымаюць заплечнікі ў транспарце, не саступаюць месца, дык у першую чаргу вінаватыя вы — старэйшае пакаленне, менавіта вы так выхавалі гэтых дзяцей! І няўжо незразумела, што, незалежна ад студэнтаў, усё роўна паднялі б кошт за праезд. Хопіць прабіраць студэнтаў! @ хіvеz: Бясплатны праезд — толькі "за". Сапраўды, я на зэканомленыя грошы магу з'ездзіць дадому кожны тыдзень. @ SVR: Ехаў раз у аўтобусе і выпадкова пачуў размову студэнтаў. Адзін пытае ў другога нешта накшталт: "Ты ж раней на машыне на вучобу ездзіў". А той яму адказвае, маўляў, дык зараз жа бясплатны грамадскі транспарт, халява ж. Зараз на аўто — толькі па клубах. @ Klеzmеr: Аўтар агучыў відавочную ісціну: нічога бясплатнага не бывае, заўсёды нехта плаціць. Чамусьці ў краінах развітага капіталізму льготны праезд маюць толькі школьнікі, ды і тое — не ўсе запар. А вось пенсіянерам і інвалідам ільготны праезд вярнуць трэба было б. Міліцыі я б даваў бясплатны праход за турнікеты ці ў аўтобус-тралейбус толькі ў выпадку, калі яны працуюць на транспарце ці знаходзяцца ў дадзены момант на службе. Ва ўсіх астатніх выпадках — няхай бы плацілі. Падрыхтаваў Сяргей РАСОЛЬКА Р.S. Чакаем ад чытачоў "Звязды" працягу абмеркавання. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэверс з сеціва Ці ўсё ж "аўтар агучыў відавочную ісціну: нічога бясплатнага не бывае, заўсёды нехта плаціць"?
|
|