Арыентавацца не толькі на імпартазамяшчэнне. 21.by

Арыентавацца не толькі на імпартазамяшчэнне

13.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларусь не першая і, відаць, не апошняя ўзяла на ўзбраенне палітыку імпартазамяшчэння. Але гісторыя паказвае, што такая палітыка можа прыносіць як станоўчыя вынікі, так і адмоўныя. Пра тое, як розныя дзяржавы змагаліся з імпартам, а таксама пра нашы перспектывы ў гэтай сферы мы гутарым з навуковым супрацоўнікам Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Яўгенам ЧАРВІНСКІМ:

— Яўген Аляксандравіч, хто першы ў свеце пачаў прымяняць палітыку імпартазамяшчэння?

— Хто самы першы — вызначыць складана, бо яшчэ, напрыклад, меркантылісты лічылі, што ўнутраны рынак трэба абараняць ад пранікнення замежных тавараў і старацца максімальна прадаваць свае тавары. Гэта таксама можна лічыць пэўнымі элементамі імпартазамяшчэння. А першы выпадак прымянення імпартазамяшчэння як дзяржаўнай палітыкі, напэўна, быў у Лацінскай Амерыцы ў 40-60-я гады ХХ стагоддзя.

У той час эканомікі высокаразвітых краін (ЗША, краіны Еўропы) моцна адрозніваліся ад эканомік адсталых краін Лацінскай Амерыкі. Аргенцінскі эканаміст Рауль Прэбіш распрацаваў канцэпцыю (яе потым развіў Ханс Зінгер), з якой вынікае, што цэны на экспарт гатовай прадукцыі растуць хутчэй, чым цэны на экспарт прыродных рэсурсаў. А паколькі шмат якія краіны Лацінскай Амерыкі жылі з таго, што экспартавалі свае прыродныя выкапні, то яны па гэтай тэорыі вымушаны былі заставацца больш адсталымі за высокаразвітыя краіны, якія экспартуюць гатовую прадукцыю. Каб выправіць такую сітуацыю, у краінах Лацінскай Амерыкі была прынята палітыка імпартазамяшчальнай індустрыялізацыі, каб перайсці ад экспарту сыравіны да вытворчасці гатовай прамысловай прадукцыі.

— У іх атрымалася?

— У прынцыпе, можна лічыць, што на першым этапе гэты праект быў дастаткова паспяховы. Бо спачатку яны асвойвалі лёгкую і харчовую прамысловасці, якія параўнальна нескладаныя. Але потым, недзе ў 50-60 гады, яны перайшлі да асваення цяжкай прамысловасці, а вось тут узніклі складанасці — прадукцыя, створаная ў цяплічных умовах пратэкцыянізму, аказалася неканкурэнтаздольнай у параўнан- ні з замежнымі аналагамі. Такім чынам, можна сказаць, што на першых этапах яны дабіліся дастаткова высокага эканамічнага росту, зрабілі пераход ад сельскагаспадарчай працы да прамысловай, павялічылі ў ВУП долю прамысловых тавараў (або прадукцыі высокай ступені гатоўнасці). З другога боку, стварэнне заводаў патрабавала вялікіх выдаткаў, а неканкурэнтаздольная прадукцыя не змагла акупіць іх, што вылілася ў дастаткова зацяжны крызіс. Такім чынам, вынікі імпартазамяшчальнай палітыкі ў Лацінскай Амерыцы аказаліся супярэчлівымі.

Другі рэгіён — Паўднёва-Усходняя Азія — Паўднёвая Карэя, Тайвань і г.д. Але там імпарта- замяшчальная палітыка мела кароткі перыяд дзеяння. Яны таксама, як і ў Лацінскай Амерыцы, спачатку асвойвалі лёгкую і харчовую прамысловасці, але на наступным этапе не сталі замыкацца на ўнутраны рынак і вытворчасці цяжкай прамысловасці арыентавалі перш за ўсё на экспарт, на сусветныя рынкі. І атрымалася, што палітыка імпартазамяшчэння ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі вельмі плаўна і лагічна перацякла ў экспартную: як толькі яны стваралі новую прадукцыю, так адразу спрабавалі выходзіць з ёй на знешнія рынкі. Таму вопыт гэтых краін можна лічыць дастаткова паспяховым, бо імпартазамяшчэнне дапамагло ім выйсці з адсталых краін у перадавыя.

— Нашы суседзі — Расія, Украіна, Польшча, Літва — маюць дзяржпраграмы па імпар- тазамяшчэнні?

— На сучасным этапе інтарэс да палітыкі імпартазамяшчэння ўзнік у краінах з пераходнай эканомікай, бо яны сутыкнуліся з праблемай адмоўнага сальда плацежнага балансу, калі памеры імпарту перавышаюць памеры экспарту, а таксама з праблемай канкурэнтаздольнасці сваіх тавараў на знешніх рынках. І вось імпартазамяшчэнне выступае ў якасці магчымага падыходу да вырашэння гэтай праблемы.

Але калі вы пытаецеся менавіта пра дзяржаўныя праграмы па імпартазамяшчэнні, то тут трэба ўлічваць адзін нюанс — шмат якія механізмы імпартазамяшчэння і абароны ўнутранага рынку ўступаюць у супярэчнасць з прынятымі нормамі міжнароднага гандлю. Таму аб'яўленне краінай пра тое, што яна будзе прымяняць імпартазамяшчэнне, фактычна можна трактаваць як стварэнне праблем з доступам замежных тавараў на рынак. Менавіта з гэтай прычыны далёка не ўсе адкрыта заяўляюць пра намеры замяшчаць імпарт.

Да таго ж сёння і само паняцце пашырылася: калі раней палітыка імпартазамяшчэння разглядалася як палітыка індустрыялізацыі, то зараз гэта ўжо неабавязкова індустрыялізацыя. Сёння пад імпартазамяшчэннем маецца на ўвазе змяненне пэўных вытворчых працэсаў, увядзенне новых механізмаў, якія дазволяць развіваць уласныя вытворчасці і выцясняць замежны тавар. І механізмы для рэалізацыі гэтых мэтаў могуць быць самымі рознымі: у прынцыпе, тэхнічныя бар'еры ЕС да доступу харчовай прадукцыі на рынак таксама з'яўляюцца сродкамі абароны ўнутранага рынку, а значыць, гэта адзін з элементаў імпартазамяшчэння.

Праграмы імпартазамяшчэння, напрыклад, былі прыняты ў Казахстане, не так даўно прэм'ер-міністр Украіны заявіў, што імпартазамяшчэнне з'яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў прамысловай палітыкі Украіны. У Расіі прынята больш за 10 праграм па развіцці ўнутранай вытворчасці, якія ставяць сваёй задачай павелічэнне долі айчыннай прадукцыі на ўнутраным рынку — у прынцыпе, гэта тыя ж самыя праграмы па імпартазамяшчэнні.

— А ці ёсць наогул сёння сэнс займацца імпартазамяшчэннем? Мо трэба ўсе сілы накіраваць на экспарт, каб той пакрываў увесь імпарт...

— Асноўнай задачай, безумоўна, з'яўляецца развіццё экспарту дзяржавы. І імпарта- замяшчэнне можа выступаць у якасці пераходнага этапу да экспартнай арыентацыі, і яно, безумоўна, павінна быць падпарадкавана экспартнай арыентацыі. А арыентавацца выключна на імпартазамяшчэнне для малой адкрытай эканомікі бессэнсоўна. Бо асноўнай мэтай павінна быць максімальная інтэграцыя ў сусветнае раздзяленне працы, арыентацыя на вытворчасць тых тавараў, якія ў нас найбольш канкурэнтаздольныя.

Дарэчы, калі казаць пра наш экспарт і яго структуру, то тут ёсць адзін нюанс: мы экспартуем гатовыя тавары, а імпартуем у асноўным сыравіну, камплектныя часткі (тавары больш нізкай тэхнічнай апрацоўкі). І па ідэі пры такой структуры мы павіны забяспечваць сябе валютай за кошт экспарту, але гэта не адбываецца, бо ў нашай прадукцыі высокая імпарта- ёмістасць. І нарошчванне аб'ёмаў экспарту і ВУП цягне за сабой прырост імпарту. Менавіта таму праца па зніжэнні імпартаёмістасці прадукцыі з'яўляецца вельмі важнай і актуальнай, бо невырашэнне гэтай задачы прывядзе да таго, што пры эканамічным росце краіны нашы макраэканамічныя праблемы будуць толькі ўскладняцца. І адна з задач імпартазамяшчэння — зніжэнне ўскоснага імпарту, імпартаёмістасці ВУП і экспарту.

— А як канкрэтна знізіць імпартаёмістасць? Бо мы ўсё адно будзем вымушаны імпартаваць нафту, газ, метал і іншую сыравіну для нашай вытворчасці.

— Справа ў тым, што вырабляючы тавар з імпартных або айчынных рэсурсаў і сыравіны, мы плюсуем да яго дабаўленую вартасць — і тавар прадаём ужо з улікам гэтай дабаўленай вартасці. Але ў перадавых у эканамічным сэнсе краінах дабаўленая вартасць у прамысловай прадукцыі знаходзіцца на ўзроўні 40-45%, а ў нас — 20-25%. І гэтая нізкая дэльта нам не дазваляе акупіць валютныя затраты. Таму стаіць задача па павышэнні дабаўленай вартасці, што практычна можа азначаць павелічэнне кошту прадукцыі. Але гэта мы можам зрабіць толькі пры канкурэнтаздольнасці нашых тавараў — пры добрай якасці, брэндавасці, пазнавальнасці і г.д. Адпаведна, для гэтага нам трэба мадэрнізаваць вытворчасць і выкарыстоўваць перадавыя механізмы па прасоўванні тавараў, уключацца ў міжнародныя тавараправодныя сеткі...

— Сёння мы фарміруем Адзіную эканамічную прастору паміж нашай краінай, Расіяй і Казахстанам, таму чыніць перашкоды для замежных тавараў стала значна цяжэй. Як лічыце, ці не становіцца імпартазамяшчэнне ў такіх умовах наогул немагчымым?

— Свет глабалізуецца, і вельмі многія краіны інтэгруюцца ў эканамічныя блокі — Еўрасаюз, МЕРКОСУР, АСЕАН і г.д. Але насамрэч, нягледзячы на інтэграцыйныя працэсы, такія аб'яднанні выконваюць больш абаронную функцыю. Бо тыя ж самыя Расія, Беларусь і Казахстан на сусветным рынку прамысловых тавараў прадстаўлены не так шырока і паасобку канкурыраваць не могуць. А пры аб'яднанні магчымасці гандляваць і развівацца паміж сабой большыя, плюс адначасова ідзе абарона ад знешняга свету. Тое самае і ў Еўрасаюзе — бар'еры ўнутры здымаюцца, але адначасова з'яўляецца абарона ад сусветнай эканомікі. Таму мэтазгоднасць імпартазамяшчэння захоўваецца, магчыма, нават ёсць сэнс разглядаць імпартазамяшчэнне ў рамках не адной Беларусі, а ўсяго блока. Бо пры аб'яднанні трох краін узнікае болей магчымасцяў для стварэння сумесных прадпрыемстваў і спачатку можна забяспечыць канкурэнтаздольнасць і збыт тавараў унутры АЭП, а потым выходзіць на сусветны рынак.

— Як вы лічыце, ці варта Беларусі засяродзіць усю ўвагу на развіцці некалькіх галін, якія будуць канкурэнтаздольнымі на сусветным рынку? Або, можа, трэба выпускаць шырокі спектр тавараў і паслуг?

— Мэтазгодна спецыялізавацца на тых таварах, дзе ёсць канкурэнтныя перавагі, дзе мы можам атрымліваць максімальную дабаўленую вартасць. Калі казаць пра напрамкі, у якіх мы канкурэнтаздольныя, то я такімі бачу выпуск шматтанажных аўтамабіляў, трактароў, калійных угнаенняў. Гэтыя напрамкі ўжо ёсць, і іх трэба развіваць. Станоўчым вопытам можна лічыць і стварэнне Парка высокіх тэхналогій — цікава, дарэчы, што гэты напрамак сфарміраваўся, можна сказаць, стыхійна. І калі ёсць такі працэс, які дазваляе арганізоўваць фактычна асобную галіну, канкурэнтаздольную на сусветным рынку, то, натуральна, трэба аказваць дзяржаўную падтрымку.

Але выпускаючы, умоўна кажучы, толькі трактары і "БелАЗы", мы не забяспечым працай усё насельніцтва краіны, таму трэба развіваць і менш буйныя прадпрыемствы, якія будуць канкурэнтаздольнымі. І чаму б тут не скарыстацца механізмамі імпартазамяшчэння? Так што, як мне падаецца, абмяжоўвацца некалькімі галінамі было б не зусім правільна. Але, вядома, для суверэннай эканомікі неабходна некалькі напрамкаў-лакаматываў, здольных сканцэнтраваць у сабе фінансавыя, тэхнічныя рэсурсы і забяспечыць вытворчасць канкурэнтаздольнай на сусветным рынку прадукцыі. І для нашай краіны стварэнне транснацыянальнай кампаніі накшталт "Нокіі" дазволіла б істотна ўзмацніць нацыянальную эканоміку і палепшыць сітуацыю ў знешнім гандлі.

Павел БЕРАСНЕЎ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь не першая і, відаць, не апошняя ўзяла на ўзбраенне палітыку імпартазамяшчэння. Але гісторыя паказвае, што такая палітыка можа прыносіць як станоўчыя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика