Самы беларускі фестываль
13.03.2012
—
Новости Общества
|
Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, без сумнення, мае поўнае права называцца калі не самым беларускім, то адным з такіх. Сёлета ён будзе праводзіцца з 8 па 10 чэрвеня. Мы вырашылі даведацца, як ідзе падрыхтоўка да фестывалю, чым арганізатары збіраюцца здзіўляць гасцей, чым радаваць. Маэстра, музыку! Святлана Баранок, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта: — Фестываль праводзіцца з 1993 года раз у два гады. І хоць ХІ фестываль беларускай песні і паэзіі прайшоў толькі летась, ХІІ адбудзецца ўжо сёлета. Мы ўнеслі прапанову зрабіць яго штогадовым, чакаем рашэння камісіі. Сёлетняе свята прысвячаецца 130-гадоваму юбілею нашых класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, наколькі я ведаю, ужо працуе над праграмай на вершы Купалы і Коласа. Прычым у ёй будуць і новыя песні, і старыя. А выканаюць іх салісты аркестра — думаю, гэта абавязкова будуць Мікалай Скорыкаў, Дзмітрый Качароўскі, Наталля Тамела, Галіна Грамовіч, іншыя спевакі. Пра супрацоўніцтва з Нацыянальным аркестрам, якім кіруе народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Якаўлевіч Фінберг, хачу сказаць асобна. Нашаму супрацоўніцтву ўжо дваццаць гадоў, і ўсё, што робім разам з гэтым калектывам, — ярка, прыгожа, варта самай высокай адзнакі. Галоўная мэта фестывалю ў Маладзечне — прапаганда беларускай музыкі і культуры. І вялікая роля калектыву, асабіста яго кіраўніка ў тым, што ён нярэдка ўзнімае пласты беларускай музыкі, невядомыя многім слухачам. Напрыклад, творы, якія былі напісаны, але не выконваліся. Таму заслуга і аркестра, і Міхаіла Якаўлевіча ў прапагандзе беларускай музыкі, нацыянальнай культуры вельмі значная. Акрамя таго, аркестр пастаянна ўдзельнічае яшчэ ў двух фестывалях, якія праводзяцца на тэрыторыі Міншчыны, — гэта "Музы Нясвіжа" і фестываль класічнай музыкі ў Заслаўі, які сёлета ўжо адбыўся. Таму невыпадкова Міхаіл Фінберг зусім нядаўна, у лютым, стаў Ганаровым грамадзянінам Мінскай вобласці. Пасведчанне Міхаілу Якаўлевічу было ўручана ў Доме культуры пасёлка Чысць Маладзечанскага раёна. Там адбыўся і канцэрт калектыву ў межах акцыі "Беларусь у маім сэрцы". Дырыжору і аркестру ад нас — самыя шчырыя словы ўдзячнасці за пастаянную сумесную працу. А сёлета на фестывалі беларускай песні і паэзіі мы плануем правядзенне паэтычнага марафону, які пачнецца на радзіме Купалы, у Вязынцы. Беларускія паэты будуць чытаць і купалаўскія творы, і ўласныя радкі, навеяныя яго паэзіяй. Збіраемся ўразіць гасцей свята паказам рок-оперы "Курган", створанай Уладзімірам Мулявіным і Ігарам Лучанком па паэме Янкі Купалы. Аўтар праекта — Андрэй Скарынкін. Плануем, што паказ оперы адбудзецца ў першы фестывальны дзень на сцэне амфітэатра. Тады ж пройдуць выступленні ансамбля танца Беларусі пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча, іншых артыстаў. Другі дзень, як і заўсёды, — конкурс маладых выканаўцаў, трэці — зорак беларускай эстрады. Магчыма, прагучыць "залатая" калекцыя беларускай песні. Будуць і іншыя канцэрты, іншыя мерапрыемствы — у Палацы культуры (там выступіць сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі і некаторыя іншыя), на адкрытых пляцоўках. Плануецца начны джазавы канцэрт. Па вопыце мінулых гадоў магу сказаць, што гасцей мы чакаем не менш за пяць тысяч чалавек, удзельнікаў, як прафесійных, так і самадзейных, — не менш за тысячу. Запрашаем, як заўсёды, гасцей з гарадоў-пабрацімаў Маладзечна. Маладзечанскі "Брадвей" чакае гасцей Аляксандр Рамановіч, начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама: — Сёлета да Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі асаблівае стаўленне, бо прысвечаны ён юбілейным датам нашых песняроў — Якуба Коласа і Янкі Купалы. А наш маладзечанскі край, як вы ведаеце, радзіма Янкі Купалы. З яго імем, дарэчы, на Маладзечаншчыне звязаны дзве вёскі — Вязынка, дзе паэт нарадзіўся, і Яхімоўшчына, дзе ён напісаў, можна сказаць, першы гімн беларусаў "А хто там ідзе?". Беларускія пісьменнікі і паэты — удзельнікі свята — абавязкова пабываюць і там, і там. У Яхімоўшчыне, між іншым, захаваўся дом, у якім жыў Купала. Уяўляеце сабе: дзверы, праз якія ўваходзіў і выходзіў з дому паэт, ручка, да якой ён дакранаўся?! Да таго ж, гэты год — Год кнігі ў Беларусі, а наш фестываль — фестываль песні і паэзіі, мы памятаем пра гэта. Мы будзем імкнуцца да таго, каб абодва гэтыя складнікі былі на роўных. Важна і тое, што ў Маладзечне да мінулагодніх "Дажынак" пабудаваны амфітэатр больш чым на 2,6 тысячы месцаў з новай сучаснай апаратурай для асвятлення і гуку, абноўлены цэнтральны парк, адбыліся іншыя змены да лепшага. Дзякуючы ім фестываль таксама набывае асаблівую святочную атмасферу, непаўторны каларыт, свой фестывальны дух. На "Дажынках" летась у нас быў разгорнуты "Горад майстроў". Мы збіраемся і падчас фестывалю яго арганізаваць. Цэнтральная плошча горада і месца каля кінатэатра "Радзіма" (маладзечанскі "Брадвей") — нашы традыцыйныя пляцоўкі. А жыць госці змогуць, напрыклад, у рэканструяванай гасцініцы "Маладзечна". Змогуць яны наведаць і сетку нашых кавярняў-бараў, прыгожых як звонку, так і ўнутры, у якіх працуюць цудоўныя кулінары. А квіткі на фестывальныя мерапрыемствы можна будзе набыць і праз інтэрнэт. Нацыянальны фестываль, лічу, прадугледжвае, што прысвечаны ён будзе не толькі беларускай песні і паэзіі, а нацыянальнай культуры ў цэлым: і модзе, і кухні, і рамёствам, і таварам айчыннай вытворчасці. Усё так і атрымаецца падчас свята. Будзе і прадукцыя — з фестывальнай сімволікай — Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў, Радашковіцкага керамічнага завода. Стараемся, каб горад у гэты час жыў паўнацэнным жыццём, каб было цікава і маладым, і старым. Песні без слоў не бывае Паэт Навум Гальпяровіч: — Музыка і словы непадзельна звязаны. Для беларускай песні заўсёды былі характэрныя добрыя тэксты. А тое, што зараз чуеш на расійскай эстрадзе — слухаць страшна. А ў нас песні на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, іншых паэтаў цудоўныя. Сучасныя паэты павінны на роўных удзельнічаць у фестывалі беларускай песні і паэзіі. Я сам, іншыя паэты — Раіса Баравікова, Віктар Шніп, Алесь Пісьмянкоў — выступалі на фестывалі. Увага была, былі паездкі. Ды, можа, трэба пашукаць новыя формы ўдзелу беларускіх паэтаў у свяце. Лічу, што Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі — адно з галоўных, адно з лепшых свят у краіне. А Міхаіл Якаўлевіч Фінберг — яго матор і душа. Марына Хідджаз Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, без сумнення, мае поўнае права называцца калі не самым беларускім, то адным з такіх. Сёлета ён будзе...
|
|