Работа па краязнаўстве будзе паспяховай, калі ёсць падзвіжнікі. 21.by

Работа па краязнаўстве будзе паспяховай, калі ёсць падзвіжнікі

22.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гутарка з Аляксандрам КАВАЛЕНЕМ, акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, наконт таго, ці патрэбна сучаснай школе краязнаўства (апублікавана ў нумары за 28 лютага 2012 года), выклікала цікавасць у чытачоў. Сёння друкуем некаторыя развагі і заклікаем іншых чытачоў — настаўнікаў, бацькоў, вучняў, краязнаўцаў — паўдзельнічаць у дыскусіі на старонках "Звязды". Дасылайце свае меркаванні пра прысутнасць краязнаўства ў навучальных і выхаваўчых працэсах сучаснай беларускай школы.

Вольга Суткаленка, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Суткаўскай сада-школы (Уздзенскі раён), даслала ў рэдакцыю ліст, у якім піша пра важнасць краязнаўчай працы: "Прыемна, што пытанні арганізацыі краязнаўчай работы ва ўстановах адукацыі прыцягваюць увагу не толькі педагогаў, але і навукоўцаў. Упэўнена, што рубрыка "Ігуменскі тракт" прыадкрые яшчэ дзясяткі цікавейшых старонак гісторыі і культуры нашага народа, якія па крупінках збіраюць настаўнікі і захопленыя іх ініцыятывай вучні".

Віктара Куляшова з Быхаўскага раёна таксама "зачапіла" тэма краязнаўства: "Я горача падтрымліваю ідэю ўвядзення факультатыву па краязнаўстве ў кожнай школе. Тады, я лічу, цікавасць да гісторыі роднага краю значна павысіцца, у работнікаў адукацыі і настаўнікаў з'явіцца магутны сродак выхавання патрыятызму, а сама выхаваўчая дзейнасць у школе стане захапляльнай...". Пры гэтым Віктар Фаміч папярэджвае, што "работа па краязнаўстве паспяхова вядзецца ў тых школах, дзе ёсць падзвіжнікі, улюблёныя ў сваю справу, для якіх краязнаўчая праца, раскрыццё таямніц роднай зямлі з'яўляецца патрэбай душы, імкненнем пакінуць назапашаную спадчыну людзям, а са звальненнем гэтых людзей са школы краязнаўчая праца прыпыняецца, слава музея згасае".

Дарэчы, ён прывёў прыклад са свайго жыцця. Як піша Віктар Куляшоў, у 60-я гады Баркалабаўская сярэдняя школа была захоплена краязнаўствам, кожны клас удзельнічаў у паходах па родным краі, праводзіў сустрэчы з ветэранамі і г. д. У выніку такой працы былі сабраны шматлікія матэрыялы, якія і сталі экспанатамі гісторыка-краязнаўчага музея, адкрытага ў 1974 годзе. Музей, дарэчы, размяшчаўся на другім паверсе будынка былой царквы (на першым паверсе была спартзала), што ў наступным прывяло да праблем: калі ўжо ў наш час было вырашана аднавіць царкву, краязнаўчы музей ледзьве не апынуўся на вуліцы. Але дзякуючы неабыякавым людзям, як піша Віктар Куляшоў, ажно два гады ішло "змаганне за музей", калі ў розныя інстанцыі накіроўваліся лісты з просьбай захаваць музей: "нам удалося адстаяць музей... Бо не можа быць знішчана пяцідзесяцігадовая праца ўсяго калектыву школы". У выніку для музея знайшлося памяшканне і ён аднавіў сваю дзейнасць.

Зыходзячы са свайго вопыту, Віктар Куляшоў выказвае прапановы, якія павінны дапамагчы краязнаўчай працы. Па-першае, на яго думку, кантрольныя арганізацыі не павінны станоўча ацэньваць работу школы, калі там не працуе факультатыў па краязнаўстве (або калі ён працуе фармальна), калі настаўнікі ў сваёй працы не выкарыстоўваюць матэрыялы з краязнаўчага музея і г.д. Па-другое, варта павысіць адказнасць за захаванне матэрыялаў музея, асабліва, як піша Віктар Фаміч, пры змене кіраўніка музея ці дырэктара школы: "Вопыт падказвае, што кожны цэніць сваю працу, а да набыткаў іншых ставіцца абыякава". Па-трэцяе, Віктар Куляшоў скардзіцца на тое, што краязнаўцам вельмі цяжка часам бывае "праціснуцца" на старонкі раённых газет, не кажучы ўжо пра тое, каб выдаць назбіраны матэрыял асобнай кніжкай...

Наша чытачка, якая ў інтэрнэце падпісалася як Галіна, пакінула на сайце "Звязды" каментарый пра свой вопыт удзелу ў краязнаўчым факультатыве. Яна піша, што яшчэ ў 2002 годзе ў Барысаве быў факультатыў па краязнаўстве, штогод праводзіўся конкурс "Што я ведаю пра Барысаўшчыну": "Конкурс праходзіў у два этапы, на беларускай мове. Здорава было. Да сёння ўсе фота захоўваю, бо была ініцыятарам, арганізатарам і рэалізатарам у адной асобе. Была праграма, метадычны дапаможнік для вучняў, атлас Барысаўшчыны і нават сшытак для навукоўцаў...".

Падрыхтаваў Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гутарка з Аляксандрам КАВАЛЕНЕМ, акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, наконт таго, ці патрэбна сучаснай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика