Суд над Брэйвікам: тэатр абсурду або выпрабаванне дэмакратычных прынцыпаў?. 21.by

Суд над Брэйвікам: тэатр абсурду або выпрабаванне дэмакратычных прынцыпаў?

27.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

17 красавіка абвінавачванаму ў забойстве 77 суграмадзян Андэрсу Берынгу Брэйвіку далі магчымасць выступіць з доўгай прамовай у сваю абарону, якая стала больш палітычнай заявай, чым судовай прамовай. Яе змест тут жа патрапіў у інтэрнэт і стаў тэмай для абмеркавання дзясяткамі мільёнаў грамадзян — як Еўрасаюза, так і іншых краін. З асноўных палажэнняў выступа выразна відаць, што спекуляцыі аб стане бессвядомасці Брэйвіка не больш чым спроба не дапусціць магчымасці падобнай прамовы і яе грамадскага абмеркавання. Спроба правалілася. З прамовы можна зразумець, што Брэйвік цалкам пры свядомасці, цудоўна ведае асаблівасці судовай сістэмы сваёй краіны, заканамернасці функцыянавання глабальных сродкаў масавай інфармацыі і звярнуўся да масавага забойства людзей як да сродку прыцягнення ўвагі і раскруткі сваіх палітычных перакананняў.

У кожным яго ўчынку прасочваецца відавочная логіка. Усяляк выступаючы супраць мусульман і іх прыезду ў краіны Еўрасаюза на пастаяннае месца жыхарства, ён атакаваў не мусульман, якія прыехалі ў Нарвегію, а этнічных нарвежцаў па зусім канкрэтных прычынах. Ён разумеў, што забойства імігрантаў з краін ісламу пазбаўлена сэнсу, паколькі прыехаць яны змаглі з-за асаблівасцяў палітычнай сістэмы ЕС і Нарвегіі, і менавіта гэтыя палітычныя сістэмы былі сапраўднай мэтай нападу Брэйвіка, менавіта іх ён імкнуўся скампраметаваць і змяніць. Брэйвік атакаваў па ідэалагічных прычынах. Першы тэракт — выбух ля комплексу ўрадавых будынкаў у цэнтры сталіцы — павінен быў скампраметаваць здольнасць урада абараніць не толькі сваіх грамадзян, але і самога сябе. Другі тэракт — расстрэл у моладзевым лагеры кіруючай Нарвежскай працоўнай партыі — быў накіраваны на моладзевы лагер як элемент ідэалагічнай машыны гэтай партыі. Прадстаўляючы правых нацыяналістаў, што канкурыруюць за ўладу, ён імкнуўся запалохаць гэтым расстрэлам сваіх палітычных апанентаў з кіруючай партыі. Ён таксама разумеў, што забойства прыезджых не здольна так ускалыхнуць грамадскую думку, як масавае забойства карэнных жыхароў. Брэйвік дасягнуў сваіх мэт і цяпер з гонарам заяўляе, што рэалізаваў цудоўны план баявой аперацыі, першы з часоў Другой сусветнай вайны.

Адметна, што напад Брэйвіка на суграмадзян пад лозунгам барацьбы з мультыкультуралізмам учынены ўслед за заявамі аб правале мультыкультуралізму з вуснаў лідараў найбуйнейшых краін Еўрасаюза. Магчыма, што такім радыкальным шляхам тэрарыст хацеў падтрымаць гэты пункт гледжання і ў малых краінах ЕС. А чаму б і не, калі (з яго пункту гледжання) учыніць падобныя маштабныя злачынствы можна адносна беспакарана?

Відавочна, што Брэйвік разлічваў, што ў любым выпадку ён здолее здацца і застацца жывым, каб зрабіць сябе рупарам сваіх палітычных поглядаў. Так і выйшла. Брэйвік па-майстэрску выкарыстоўвае слабасці паліцэйскай і судовай сістэмы Нарвегіі для прапаганды сваіх радыкальных поглядаў і ўчынкаў. Ён адкрыта кпіць з максімальнага зняволення ў 21 год, што яму пагражае, называючы яго "смяхотным". І праўда, пры 77 забітых максімальным пакараннем будзе тры з невялікім месяцы за кожнае перарванае жыццё. Для параўнання: некалькі гадоў назад у ЗША эмігранту, які застрэліў дзіка ў лесапарку, далі 7 гадоў турмы. А сістэма каштоўнасцяў у ЕС іншая: тры месяцы — за аднятае чалавечае жыццё. Сам Брэйвік дае падказку нарвежскім заканадаўцам, што сапраўды сур'ёзным пакараннем за свае злачынствы лічыў бы пакаранне смерцю. Пры іншай судовай сістэме і пры наяўнасці ў Нарвегіі смяротнага пакарання за тэрарызм ісці на падобную акцыю Брэйвіку было б бессэнсоўна. Уявім, што суд прайшоў бы максімальна хутка, рэкламаваць свае экстрэмісцкія погляды, выступаючы ў прысутнасці прэсы, Брэйвіку б не далі, а пасля смяротнага пакарання гэта было б і немагчыма зрабіць. Быў бы тады Брэйвіку сэнс учыняць свае смяротныя акцыі?

Сёння сітуацыя складваецца такім чынам, што нават пры прысудзе з вынясеннем максімальнага пакарання Брэйвік ва ўзросце 53 гадоў апынецца на волі. Пры гэтым умовы ў нарвежскай турме (улічваючы шматгадовыя намаганні нарвежскіх праваабаронцаў, якія турбуюцца аб змякчэнні побыту няшчасных зняволеных) цяжкімі назваць ніяк нельга. У многіх краінах Афрыкі людзі на волі жывуць нашмат горш. Усе гады зняволення тэрарыст будзе займацца спортам, каб захаваць добрую фізічную форму, даваць інтэрв'ю прэсе і перапісвацца з захопленымі аднадумцамі. Разумныя людзі ў выніку пры такім сімвалічным пакаранні не здзівяцца новым тэрактам падобнага тыпу ў Еўрасаюзе. А апынуўшыся на волі, Брэйвік, хутчэй за ўсё, падрыхтуе і выдасць велізарным тыражом мемуары, атрымаўшы добры ганарар, які зробіць яго жыццё нашмат больш камфартабельным, чым да злачынства. А родныя 77 ахвяр будуць бяссільна сціскаць зубы, гледзячы на перамогу дэмакратыі, здольнай абараніць правы забойцы нашмат лепш, чым правы яго ахвяр.

Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь,  доктар палітычных навук

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
17 красавіка абвінавачванаму ў забойстве 77 суграмадзян Андэрсу Берынгу Брэйвіку далі магчымасць выступіць з доўгай прамовай у сваю абарону, якая стала больш...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика