Гомельскі інцыдэнт: культура ў рэанімацыі?
19.05.2012
—
Новости Общества
|
У суботу Гомель сапраўды перажываў футбольнае свята. А як можа быць інакш, калі клуб займае другое месца ў чэмпіянаце краіны і прымае дома БАТЭ! На трыбунах стадыёна "Цэнтральны" сабралася рэкордная аўдыторыя — больш як 9000 гледачоў. І, напэўна, футбол большасці спадабаўся. Нягледзячы на тое, што гаспадары саступілі чэмпіёнам — 0:1. Не спадабалася ім іншае — тое, што адбылося пасля. Традыцыйную пасляматчавую прэс-канферэнцыю пачаў Віктар Ганчарэнка, галоўны трэнер БАТЭ. Праўда, размова Віктара Міхайлавіча з прэсай атрымалася дзіўнаватай, хуткай і скамечанай. І вось чаму. Пасля звычайнага аналізу гульні нехта спытаў у Ганчарэнкі: — А вы не лічыце, што суддзя дзейнічаў па сітуацыі? — Суддзя, безумоўна, дзейнічаў па сітуацыі, — адказаў трэнер. — Па сітуацыі? — Так. — А балельшчыкі... — У балаган будзем ператвараць ці што? — звярнуўся Ганчарэнка да прэс-аташэ "Гомеля". — Дык вы зразумелі? — паспрабаваў нешта сказаць "коўчу" БАТЭ апанент. — А хто гэта наогул такі? — запытаўся Віктар Міхайлавіч. — Наогул выведзіце яго адсюль, каб мы яго не бачылі, — адзначыў спадар Віктар і хутка, пад каментарый "суразмоўцы", пакінуў журналістаў. Не паспелі журналісты асэнсаваць, што гэта такое адбылося, як у прэс-цэнтр зайшоў Алег Кубараў — трэнер "Гомеля". Акрамя іншага, ён адзначыў: — Я наўмысна не прыйшоў, таму што, шчыра кажучы, мне не хочацца знаходзіцца побач (з Ганчарэнкам. — Аўт.). Патлумачу чаму. Калі нам забілі гол, я разумею — эмоцыі. Напрыканцы гульні футбаліст суперніка падбягае, нас абражае, каманду. Мне зразумела — гэта футбаліст. Але калі трэнер у твар кажа словамі, якіх я не чуў нават тады, калі наведаўся ў турму... Мне пасля гэтага ў Барысаў ехаць не хочацца. Таму я яшчэ падумаю, ехаць ці не. Калі прынясуць прабачэнні мне, камандзе — будзем. Не — значыць грош цана такім супернікам, якія не паважаюць сваіх калег. Нельга так сябе паводзіць. Можна ў газетах разводзіць мусі-пусі, брат-сястра, у акадэміях, універсітэтах вучыць, але калі ў твар ідуць такія знявагі, што за гэтым стаіць, якое стаўленне да цябе як да суперніка? Абразілі не мяне асабіста — усіх. На вачах у дзевяці тысяч трэба ж неяк кеміць. У футбалістаў эмоцыі, у хакеістаў. Яны могуць лаяцца, біцца. Але трэнер трохі павінен разумець. Тым больш клуб, які гуляе ў еўракубках. Мабыць, перад Пелегрыні (экс-трэнер іспанскага "Вільярэала", з якім БАТЭ сустракаўся калісьці ў еўракубках. — Аўт.) на задніх лапках ходзяць, азадкі цалуюць — раскажыце нам, пакажыце. А тут такое стаўленне. Пасля вышэйсказанага гомельскую прэс-канферэнцыю можна запісваць у шэраг эпічных: падобнага не было, падобнае наў- рад ці хутка паўторыцца. І на гэта будзем спадзявацца. Яе вынікі выклікалі такі рэзананс, што форумы проста пачалі забруджваць сотнямі паведамленняў, у якіх нехта адстойвае гонар БАТЭ, астатнія выступаюць у падтрымку палешукоў. Дарэчы, барысаўскі клуб таксама не застаўся ўбаку, знайшоў у выказваннях Кубарава абразу і размясціў на афіцыйным сайце заяву. У ёй барысаўскі бок, напрыклад, сцвярджае, што "калі футбольны клуб "Гомель" ці нехта іншы дасць нам вычарпальную і праўдзівую інфармацыю пра сказанае спадарамі Кубаравым і Дулубам (памочнік трэнера Гомеля. — Аўт.), мы без ваганняў прынясём прабачэнні. Аднак мы ўпэўнены: нічога падобнага не існуе, таму што гэтага не было". Узгадалі барысаўчане і чалавека, які спрабаваў дыскутаваць з Ганчарэнкам: ён нібыта без акрэдытацыі трапіў на трэнерскі брыфінг. І насамрэч, з чаго б гэта? Але, як сцвярджае Дзмітрый Крышталёў, прэс-аташэ "Гомеля", у яго ёсць пропуск у прэс-цэнтр: — Гэты чалавек прадстаўляе сайт балельшчыкаў каманды, — тлумачыць сітуацыю "Звяздзе" Крышталёў. — Ахову папярэдзілі, каб без дакументаў нікога не пускалі. А вось ці журналіст ён — ужо іншае пытанне. Большасць з прысутных былі з інтэрнэт-сайтаў, якія наогул афіцыйна не з'яўляюцца СМІ, бо не маюць патрэбнай рэгістрацыі. Таму мяжа вельмі тонкая. Аднак калі "адрэзаць" гэтых людзей ад асвятлення афіцыйных мерапрыемстваў — пра футбол проста не будзе што чытаць. Што тычыцца самой спрэчкі, гомельскі бок лічыць, што абразіў іх пасля гола трэнер Аляксей Бага, а пасля гульні — футбаліст Арцём Канцавы. — Калі барысаўчане забілі, Аляксей Бага выскачыў у напрамку нашай лавы са словамі, якія нават паўтараць сорамна. Пасля падобнага рэакцыя Алега Міхайлавіча абсалютна нармальная. Яшчэ па заканчэнні сустрэчы з аналагічнымі словамі, дэманструючы ўсю сваю красу, падбег Канцавы. І гэта бачылі заўзятары, — паведаміў сайту gоаls.bу Алег Дулуб. Гендырэктар БАТЭ Міхаіл Дземянцэвіч нічога страшнага ў жэстыкуляцыі Канцавога не ўбачыў, сказаў, што Кубараў абгаварыў БАТЭ, быццам нехта кагосьці кудысьці цалуе. "Будзем дамагацца выбачэнняў у наш адрас". Але ж і дзіўная сітуацыя. Праўда, матэрыяльных доказаў, акрамя прэс-канферэнцыі Кубарава, няма. Але адно дакладна вядома. Наўрад ці заўжды ўзважлівы, сціплы трэнер мог так рэзка перамяніцца толькі з-за таго, што яго клуб мінімальна саступіў самому чэмпіёну. Дарэчы, хоць з той пары ўжо і прайшло некалькі дзён, эмацыйны фон панізіўся, Алег Кубараў не шкадуе, што ў той дзень сказаў. — Так, я ні аб чым не шкадую. За той час, пакуль я працаваў у жодзінскім "Тарпеда", працую ў "Гомелі", Ганчарэнка двойчы не наведваў прэс-канферэнцыі. І ніхто не выбачаўся, не папярэджваў, а толькі казалі мне: "Пачакайце, ён пазней прыйдзе". У сваю чаргу, я не прымушаў нікога чакаць, а выказаўся публічна. — Нядаўна БАТЭ выступіў з афіцыйнай заявай. Напэўна, вы з ёй таксама пазнаёміліся... — Так, і мяне зачапілі выказванні наконт турмы, пра тое, што мне, не выключана, прыйдзецца сядзець не на лаўцы запасных, а на іншай, са знаёмым мне лексіконам. Я разам з прадстаўнікамі каманды, іншымі спецыялістамі (а былі там і з БАТЭ) ездзіў у турму гуляць у футбол. Гэта была дабрачынная акцыя, бо не толькі да дзяцей ездзіць трэба, але і да тых, хто знаходзіцца за кратамі. Але турма — гэта не толькі тое месца, дзе адбываюць тэрмін пакарання, але і месца працы. У нас ва ўсіх аднолькавыя пашпарты. І я толькі пазітыўна стаўлюся да таго, што людзі будуць выходзіць і прыносіць карысць грамадству. Што да іншых момантаў заявы — гэта абраза. Тэкст нібы падрыхтавала прэс-служба. Подпісу няма. Але ж я не хаваўся за кімсьці, а сказаў ўсё сам — так, як думаю. — Калі ўсё так, дык адкуль падобная агрэсія з боку БАТЭ? Можа, проста прагнулі рэваншу за паражэнне ў матчы за Суперкубак? — Усё гэта ад беспакаранасці. Шматлікія парушэнні, якія не даруюць на Захадзе, у нас БАТЭ прабачаюць. А наша перамога ў матчы за Суперкубак, мяркую, і стала каталізатарам тых настрояў. Адным махам трэнер і гулец сказалі адны і тыя ж словы. — Каб не ўзнікала блытаніны, растлумачце, як усё было на- самрэч, бо ёсць некалькі варыяцый таго моманту. Нехта кажа, што кпіны чуліся з лавы запасных БАТЭ, нехта кажа пра падтрыбуннае памяшканне і Ганчарэнку... — Мяне, каманду зняважыў гулец, трэнер. Я не называў прозвішча Ганчарэнкі. Абразы чуліся з лавы запасных. Не хачу называць прозвішча. Яго ўжо агучыў Дулуб. А што тычыцца ўчынку футбаліста, яго віну няхай ацэньвае федэрацыя. — Казалі пра тое, што БАТЭ пакідае права падаць на Кубарава ў суд. У вас, напэўна, пры доказах, ёсць таксама магчымасць накіраваць у суд дакументы. — Так, калі гэта спатрэбіцца. Сведкі і доказы ў нас ёсць. А вось матывы барысаўчан, чаго яны імкнуцца гэтым дасягнуць — задумвацца над гэтым мне зусім не хочацца. — Псіхалагічна пасля гэтай сітуацыі каманда ў нармальным стане? — Ведаеце, мне не хочацца, каб падобнае наогул неяк паўплывала і на футбалістаў "Гомеля", і БАТЭ. Яны ў футбол павінны гуляць, а ўсё астатняе няхай вырашае федэрацыя. Тарас ШЧЫРЫ * * * Меркаванні камандаў пра гэтую сітуацыю зразумець можна: яны кардынальна супрацьлеглыя. Аднак, зраблю ўхіл на іншае. Журналіст — не суддзя, каб выносіць прыгавор, і не лекар, каб даваць рэцэпты. У панядзелак ужо з'явіўся цэлы шэраг артыкулаў, дзе сцвярджаюць, як павінны былі паступіць і Ганчарэнка, і Кубараў. Нехта нават ледзь не абвінаваціў трэнера "Гомеля" ў баязлівасці. Трэба было прыйсці на прэс-канферэнцыю і выказаць усё ў твар Віктару Ганчарэнку. Аднак прэс-канферэнцыя — не праграма Андрэя Малахава "Пусть говорят" з лямантам і астатнімі фірменнымі атрыбутамі ток-шоу. І сапраўды, навошта, як слушна заўважыў Віктар Ганчарэнка, ператвараць усё ў балаган? Кубараў зрабіў так, як палічыў патрэбным. І з гэтым, як і з яго словамі, можна згаджацца ці не. Але дакладна не "лячыць" сваімі парадамі. Праўда, турбуе насамрэч іншае. Тое, што палягае крыху глыбей — культура. Калі і сапраўды так, як кажуць апытаныя людзі, дык яна не кульгае, яна ўжо ў рэанімацыі і "адкачваць" яе трэба як мага хутчэй. Не так істотна для большасці, акрамя ўдзельнікаў гэтага матча, балельшчыкаў, тое, што сказалі. Істотна, што ёсць прэцэдэнт, у якім — чэмпіён і бронзавы прызёр, г.зн. каманды, якія задаюць рытм сённяшняму першынству. Футбол — спорт эмоцый, радасць і слёзы — усё ўласціва яму. Толькі ператвараць яго ў дзікае гульбішча — скампраментаваць паняцці "Fаіr рlау". Футбалісты і трэнеры — прафесіяналы, якім таксама неабходна захоўваць карпаратыўную этыку, з павагай да візаві. А то атрымалася тое, што прынята ў народзе называць "першынством лазні", дзе і суддзі, прабачце, у "табло" дадуць, і футбалістам у каршэнь натаўкуць. Зараз гомельскім інцыдэнтам заняўся Кантрольна-дысцыплінарны камітэт Беларускай федэрацыі футбола. Спадзяёмся на рашучасць і прынцыповасць установы. Футбол павінен быць па-за хамствам. Можа і гучыць крыху ўтапічна, але будзем верыць. І кропка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Я ніколі не задумваўся над тым, не мог уявіць тое, пра што пойдзе гаворка ніжэй. А цяпер вось задумаўся, разважаю. І ніколі не меркаваў, што чалавечая непрымальнасць... |
|