На Гродзеншчыну — за натхненнем!
19.05.2012
—
Новости Общества
|
Здаўна славіцца гродзенская зямля добрым ураджаем. Што ніколькі не здзіўляе: першае, што радуе вока, калі прыязджаеш у гэты край, — дагледжаныя палі, быццам пад лінейку вымераныя палеткі. Чыстыя вузкія вулачкі так і клічуць да падножжа замкаў, дамоў-музеяў Багдановіча і Ажэшкі, вабіць любы Нёман... Багаты на падзеі і гістарычныя постаці край! Унікальны куточак зямлі! Асабліва адчулі гэта беларускія пісьменнікі, якія днямі пабывалі ў рамках прэс-тура на Гродзеншчыне. — Кожны рэгіён адметны па-свойму, — расказала старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч. — Празаікі і паэты павінны адлюстраваць у сваіх творах гэтую прыгажосць, узгадаць і расказаць чытачам пра значныя для кожнага краю постаці. А тое, што таленавітых людзей на Гродзеншчыне нямала, пацвердзіў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра, які сустрэўся з пісьменніцкай дэлегацыяй. Ён упэўнены, што хутка мы пачуем і новыя імёны маладых кіраўнікоў сельскіх гаспадарак. Закранулі пісьменнікі і пытанне будаўніцтва Нёманскай ГРЭС. — Пры функцыянаванні Нёманскай ГРЭС будзе затоплена каля 2 гектараў зямлі, якая мала выкарыстоўваецца, — паведаміў старшыня аблвыканкама. — Асабіста я супраць гэтага будаўніцтва па эканамічных прычынах. Ці патрэбна траціць столькі грошай за 17 мегават электраэнергіі, якую будзе выпрацоўваць ГРЭС? Танней і больш мэтазгодна ўцяпліць у кватэрах і ўстановах сцены, паставіць новыя вокны. Абмяркоўваліся таксама пытанні сельскай гаспадаркі і прамысловасці, кансервацыі і рэканструкцыі гістарычных помнікаў Гродзенскай вобласці. Сямён Шапіра прызнаўся, што яму заўсёды падабаліся творы аб вайне, пакінуў моцныя ўражанні і Рэмарк. Але, на жаль, сёння на чытанне не хапае часу. Нават на газеты. Таму ў першую чаргу чытае тое, што датычыцца Гродзеншчыны. Спрадвеку ўласцівая беларусам гасціннасць. Не раз падчас прэс-тура сустракалі гродзенцы пісьменнікаў хлебам-соллю... і песняй. А найлепшым святам для душы стаў канцэрт навучэнцаў і выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Сапраўдная кузня талентаў! Адсюль атрымалі пуцёўку ў творчае жыццё спявак Саша Нэма, спявак і тэлевядучы Герман, удзельнік Еўрабачання-2010 Арцём Міхаленка... Не менш таленавітыя і цяперашнія студэнты. Могуць даць фору любым "зоркам": і спяваюць, і танцуюць, іграюць на музычных інструментах... Беларускім пісьменнікам была дадзена цудоўная магчымасць пабываць там, дзе некалі жылі і тварылі папярэднікі: Максім Багдановіч і Элаіза Ажэшка. У Доме-музеі Максіма Багдановіча дэлегацыю сустрэла "маці" вялікага песняра — Марыя Апанасаўна. Ветлівая гаспадыня расказала, што тут сям'я Багдановічаў (маці, бацька і тры сыны) жылі ўсяго чатыры гады — з 1892 па 1896. Жанчына паказала сямейныя рэліквіі, пачаставала гарбатай з зёлкамі. А "сяброўка" Марыі Апанасаўны — Алена Далідовіч, якая якраз завітала ў госці, сыграла на фісгармоні, зробленай у Варшаве ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Прыглушаны гук інструмента, вясёлы матыў (жанчына іграла па нотах тых часоў, якія захаваліся ў фондах), пах гарбаты вярнулі ў часы дзяцінства вялікага класіка, якое было напоўнена любоўю, цеплынёй і спакоем. Наведала дэлегацыя і Дом-музей Элаізы Ажэшкі, дзе пісьменніца жыла з 1894 па 1910-я гады. Тут яна кахала, тварыла, тут і хварэла, а потым памерла. Удзячныя гараджане перад пахаваннем любімай пісьменніцы ўслалі брукаваную дарогу сенам, каб не было шумна, калі яе павязуць на могілкі. Часам да беларускіх літаратараў ставяцца крыху паблажліва, зазначыў доктар філалагічных навук, пісьменнік Іван Саверчанка. "А трэба сказаць, што сучасная беларуская літаратура паводле эстэтычнай, мастацкай і ідэйнай характарыстык — унікальная з'ява сусветнай культуры. Чалавек не можа ўвесь час выконваць свае прафесійныя абавязкі: ён прагне і духоўнасці. І трэба сказаць, што мы паспелі да літаратуры як да з'явы прагрэсу духоўнасці грамадства". Пісьменнікі сустрэліся з таленавітай моладдзю вобласці — навучэнцамі ўстаноў адукацыі. Студэнты і школьнікі паказалі, на што яны здольныя. Будучыя ўрачы, напрыклад, прачыталі некалькі ўласных вершаў. Выступілі і пісьменнікі: расказалі пра сваю творчасць, далі парады таленавітай моладзі. Завітала дэлегацыя і ў адну з самых моцных гаспадарак краіны — СВК "Прагрэс-Верцялішкі". Старшыня сельгаскааператыва, Герой Беларусі Васіль Равяка пазнаёміў гасцей з вопытам работы гаспадаркі, расказаў пра асноўныя напрамкі вытворчасці, падзяліўся сакрэтамі поспеху. Так што герояў для будучых твораў пісьменнікаў — безліч. Толькі пішы! Мабыць, так і будзе. Вераніка КАНЮТА. Гродзенская вобласць Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Здаўна славіцца гродзенская зямля добрым ураджаем. Што ніколькі не здзіўляе: першае, што радуе вока, калі прыязджаеш у гэты край, — дагледжаныя палі, быццам пад...
|
|