Вымярэнні дзеля нашай бяспекі
19.05.2012
—
Новости Общества
|
20 мая метролагі ўсяго свету адзначаюць сваё прафесійнае свята. Разам з імі адзначаюць яго і метролагі Беларусі. Сёлета тэма гэтага свята наступная: "Метралогія для бяспекі", што падкрэслівае важнасць атрымання дакладных вынікаў вымярэнняў (а якраз метралогія і забяспечвае гэтую дакладнасць) менавіта для нашай бяспекі. У нашым сённяшнім матэрыяле коратка абазначаны асобныя кірункі дзейнасці Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі, якія і працуюць на нашу бяспеку. А напачатку крыху прадставім БелДІМ. Асноўныя кірункі яго дзейнасці — распрацоўка, даследаванні, захоўванне і злічэнні нацыянальных эталонаў (зверка з эталонамі іншых краін), дакладнасць вымярэнняў, распрацоўка і даследаванні новых метадаў і сродкаў вымярэнняў; сертыфікацыя прадукцыі, паслуг і сістэм забеспячэння якасці; выпрабаванні харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі і некаторыя іншыя кірункі. Якасць работ і паслуг інстытута забяспечваецца ў адпаведнасці з сістэмай менеджменту якасці, якая дзейнічае з 2003 года. Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі актыўна ўдзельнічае ў рабоце такіх міжнародных арганізацый, як Генеральная канферэнцыя мер і вагаў, Міжнародная арганізацыя заканадаўчай метралогіі, КООМЕТ (рэгіянальная міжнародная метралагічная арганізацыя) і іншых. Узначальвае Інстытут метралогіі доктар тэхнічных навук Мікалай Жагора. Такім чынам, пра нашу бяспеку, пра якую непакоіцца метралогія, ці, дакладней — у тым ліку і метралогія. Першым падраздзяленнем інстытута, з дзейнасцю якога нас пазнаёмілі, быў сектар акустычных вымярэнняў. Пры гэтым вядучы інжынер сектара Анатоль Валодчанка адразу ж увёў нас у тэму, нагадаўшы, якім вельмі шкодным фактарам для здароўя чалавека з'яўляецца шум. Нам жа толькі заставалася дадаць: фактар, сапраўды, вельмі шкодны, ды толькі не ўсе разумеюць гэта: празмерны шум літаральна суправаджае нас па нашым цяперашнім жыцці; дэцыбелы, узмоцненыя сучаснымі акустычнымі сродкамі, грымяць праз адчыненыя вокны гарадскіх кватэр, з аўтамабіляў сучасных "прасунутых" аўтамабільных хлопчыкаў. А нямала каму хапае гэтых дэцыбелаў яшчэ і на працоўным месцы... І ў выніку многія з нас атрымліваюць такое захворванне (прычым, як падкрэсліваў Анатоль Валодчанка, — даволі распаўсюджанае цяпер), як тугавухасць, захворванні нервовай сістэмы. Адным словам, шум стаў сучасным бедствам цывілізацыі... Які ўнёсак у барацьбу з ім робяць супрацоўнікі зазначанага сектара? Тут захоўваецца і абслугоўваецца эталон адзінкі гукавога ціску ў паветраным асяроддзі, адпаведна — гэтая адзінка перадаецца ад яго рабочым сродкам акустычных вымярэнняў. У аддзеле для забеспячэння яго адпаведнай дзейнасці ёсць комплекс сучаснага абсталявання; саму ж адзінку гукавога ціску аддзел атрымлівае з Расіі, пры штогадовых злічэннях; эталон прызнаны на міжнародным узроўні, яго калібровачна-вымяральныя магчымасці ўнесены ў базу даных Парыжскага бюро мер і вагаў. У сектар акустычных вымярэнняў здаюць на метралагічную паверку, або праверку на дакладнасць, прыборы, з дапамогай якіх і робяцца тыя ж акустычныя вымярэнні. Паслугамі сектара ў асноўным карыстаюцца санітарна-эпідэміялагічныя службы, медыкі. Яшчэ адзін з кірункаў дзейнасці сектара акустычных вымярэнняў — выпрабаванні ў яго спецыяльнай заглушанай камеры, у якой існуе ідэальная, стэрыльная цішыня, пэўных бытавых прыбораў, медыцынскіх прыбораў, дзіцячых цацак і вызначэнне іх гукавых характарыстык на адпаведнасць апошніх устаноўленым нарматывам. На буйных прадпрыемствах ёсць цяпер свае адпаведныя лабараторыі і камеры — супрацоўнікі сектара ажыццяўляюць іх абавязковую атэстацыю. У сектары займаюцца таксама метралагічным забеспячэннем (або той жа паверкай) вымяральных сродкаў неразбуральнага кантролю — дэфектаскопаў і іншых прыбораў. Варта дадаць: узначальвае сектар Валянціна Паздзеева (на час наведвання інстытута яна была ў водпуску), якая з'яўляецца міжнародным экспертам, займаецца кантролем міжнародных дамоўленасцяў. * * * Сёння ў дзейнасці чалавека практычна не засталося такіх галін, у якіх не выкарыстоўваліся б крыніцы іанізуючых выпраменьванняў. Важнае значэнне пры гэтым маюць колькасныя характарыстыкі гэтага выпраменьвання, тая велічыня яго, якая з'яўляецца дапушчальнай па ўздзеянні на арганізм чалавека і навакольнае асяроддзе, метады і сродкі адпаведных вымярэнняў. І, адпаведна, паўстае задача метралагічнага забеспячэння дакладнасці гэтых вымярэнняў, іх адзінства... У падвальным памяшканні інстытута, надзейна ізаляваным ад іншых памяшканняў, вядучы інжынер вытворча-доследнага аддзела іанізуючых выпраменьванняў Сяргей Сарока расказваў і паказваў: — Вось гэта рэнтгенаўская трубка, напружанне на якой бывае ад 40 да 300 кілавольт, з адпаведнай устаноўкай выпраменьвання, і іанізацыйная камера, па сутнасці, і складаюць аснову нашага эталоннага комплексу, на якім мы робім каліброўку, паверку і выпрабаванні сродкаў вымярэнняў рэнтгенаўскага выпраменьвання. Гэтую эталонную камеру возім на каліброўку ў Інстытут метралогіі ў Санкт-Пецярбургу, у якім знаходзіцца першасны эталон. З дапамогай нашага эталоннага комплексу мы перадаём сродкам вымярэнняў, якія калібруюцца, выпрабоўваюцца ў нас, адзінку кермы і магутнасці кермы ў паветры (спецыяльны тэрмін адзінкі вымярэння, якая фіксуе адносіны энергіі, сабранай у пэўнай замкнутай прасторы, да аб'ёму гэтай прасторы)... Карацей кажучы, такім чынам нам быў прадстаўлены Нацыянальны эталон адзінкі кермы і магутнасці кермы ў паветры, які мае важнае значэнне ў першую чаргу для каліброўкі і атэстацыі медыцынскай тэхнікі, а таксама адпаведных сродкаў вымярэнняў у іншых галінах. Больш падрабязна аб дзейнасці аддзела расказаў яго кіраўнік Валерый Мілеўскі. Ён кіруе аддзелам 30 гадоў, а прыйшоў сюды 43 гады таму тэхнікам другой катэгорыі, мае ганаровае званне "Заслужаны работнік прамысловасці", а нядаўна яму прысвоена не менш ганаровае званне "Заслужаны работнік КООМЕТ" (КООМЕТ — міжнародная рэгіянальная метралагічная арганізацыя)... Вытворчая дзейнасць аддзела заключаецца ў перадачы адзінак вымярэння ў галіне дазіметрыі іанізуючага выпраменьвання і радыеактыўнасці рабочым сродкам вымярэнняў праз паверку, атэстацыю, каліброўку апошніх; тут таксама праводзяцца розныя віды выпрабаванняў. Цяпер у аддзеле функцыянуе не толькі Нацыянальны эталон кермы і магутнасці кермы ў паветры, але таксама створаны тут зыходны эталон адзінкі аб'ёмнай актыўнасці радону ў паветры. Вызначэнне адпаведнага паказчыка мае важнае значэнне для будаўнікоў, праекціроўшчыкаў збудаванняў; з увядзеннем гэтага эталона вырашана праблема вымярэнняў радону, а гэта ў выніку дазваляе скараціць выдаткі пры праектаванні і эксплуатацыі збудаванняў. Для даведкі: радон звычайна мае прыроднае паходжанне, ён у шмат разоў цяжэй за паветра і асядае ў падвальных памяшканнях. У аддзеле ёсць і іншыя эталоны па яго тэматыцы. Аддзел актыўна працуе ў міжнароднай рэгіянальнай метралагічнай арганізацыі КООМЕТ, міжнароднай сетцы другасных дазіметрычных эталонаў МАГАТЭ і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя; для пацвярджэння сваіх магчымасцяў і забеспячэння надзейнай перадачы вынікаў вымярэнняў да рабочых сродкаў вымярэнняў удзельнічае ў міжнародных злічэннях. Паслугі аддзела запатрабаваны ў многіх галінах. "Ахова працы, тэхніка бяспекі, індывідуальная дазіметрыя, кантроль навакольнага асяроддзя, сродкі вымярэнняў у рэнтгенаўскіх кабінетах, гама-ўстаноўкі, на якіх лечаць хворых пры дапамозе выпраменьванняў, кантроль лекавых доз і некаторыя іншыя кірункі — усё гэта наша, — падкрэслівае Валерый Мілеўскі. — Зразумела, мы ажыццяўляем дзейнасць у гэтых кірунках праз метралагічную атэстацыю адпаведных прыбораў". А яшчэ дзейнасць аддзела цесна звязана з дзейнасцю вядучых у краіне вытворцаў па распрацоўцы і вырабе прыбораў, апаратуры і абсталявання для ядзерных вымярэнняў і радыяцыйнага кантролю — у прыватнасці, з дзейнасцю прадпрыемстваў "Атамтэх" і "Полімайстар". Напрыклад, "Атамтэх" мае ў сваёй наменклатуры дазіметры рознага прызначэння, радыёметры, спектрометры, спектральныя радыяцыйныя сканеры, спектрометры выпраменьвання чалавека, дазіметрычныя ўстаноўкі гама-выпраменьвання і іншую вельмі актуальную сёння апаратуру для радыяцыйных вымярэнняў, прычым прадукцыя "Атамтэха" экспартуецца ажно ў 70 краін свету. Адпаведна, усё гэта сведчыць пра немалыя магчымасці і кампетэнтнасць і вытворча-даследчага аддзела іанізуючых выпраменьванняў Інстытута метралогіі. У прыватнасці, ужо названы вышэй эталон кермы (магутнасці кермы) забяспечвае патрабаванні міжнародных стандартаў, якія прад'яўляюцца да сродкаў вымярэнняў, што выпускаюцца ў рэспубліцы і што вельмі важна пры экспарце. Гэта, дарэчы, добра зразумела і па ўжо названым супрацоўніцтве з аддзелам "Атамтэха" і "Полімайстра". І на заканчэнне варта прывесці наступны факт: той жа эталон кермы (магутнасці кермы) уключаны ў склад другасных эталонаў МАГАТЭ — гэта значыць эталонаў, якім поўнасцю давяраюць. * * * Адным з найважнейшых кірункаў дзейнасці Інстытута метралогіі ў галіне экалагічнай бяспекі з'яўляецца метралагічнае забеспячэнне пытанняў па кантролі за чысцінёй паветранага асяроддзя. Варта прызнаць: прамысловая дзейнасць прадпрыемстваў (і асабліва кацельняў, у якіх згарае паліва), насычэнне вуліц нашых гарадоў аўтатранспартам далёка не лепшым чынам уплываюць на стан гэтага асяроддзя, што, у сваю чаргу, з'яўляецца пагрозай для здароўя чалавека. Напрыклад, у Мінску штодзённа выходзіць на вуліцы каля паўмільёна адзінак аўтатранспарту. Зразумела, жыхарам горада ад гэтага аўтамабільнага патоку і ад іх чаду дыхаецца не так ужо лёгка. А вось на тое, каб нам усё ж дыхалася лягчэй, скіравана дзейнасць вытворча-даследчага аддзела фізіка-хімічных і аптычных вымярэнняў інстытута. — Што датычыць пытанняў экалагічнай бяспекі аўтамабільнага транспарту, у нашым аддзеле праходзяць метралагічную паверку газааналізатары, дымамеры, якія выкарыстоўваюцца на дыягнастычных станцыях і непасрэдна інспектарамі ДАІ, а таксама цэнтрамі санітарнай гігіены і эпідэміялогіі, — расказваў малады і ініцыятыўны начальнік аддзела Мікалай Бакавец. — Нашы магчымасці дазваляюць ахапіць паверкай увесь парк такіх прыбораў, якія ёсць у краіне. Апошнім часам у сувязі з вострай актуальнасцю пытання па забруджванні атмасфернага паветра ад выкідаў аўтамабільнага транспарту на станцыі тэхагляду сталі паступаць газааналізатары, якія кантралююць выкіды ад дызельных рухавікоў (да нядаўняга часу кантроль за гэтым быў больш візуальным), і мы гатовы прымаць на паверку і гэтыя прыборы. — А які чыста практычны вынік ад вашай працы? — спыталіся мы ў Мікалая Бакаўца. — Змяншаецца загазаванасць у Мінску ці не? — Чыста практычны вынік ад нашай працы — гэта дакладнасць вымярэнняў такіх газааналізатараў і, адпаведна, іх здольнасць паказваць дапушчальныя значэнні аўтамабільных выкідаў, што не толькі забяспечвае ахову паветра, якім мы дыхаем, ад празмернага забруджвання, але і засцерагае ад пэўных канфліктаў на дарогах паміж вадзіцелем і інспектарам ДАІ. Пры гэтым падкрэслю: наша дзейнасць па гэтым актуальным сёння пытанні адпавядае прынцыпам вядучых метралагічных інстытутаў свету... А вось пытанне наконт таго, ці стала паветра больш чыстым у нашых гарадах, варта было б задаць прадстаўнікам санітарна-эпідэміялагічных службаў — гэта менавіта іх пытанне... Гэта толькі адзін з кірункаў дзейнасці аддзела, які абазначыў Мікалай Бакавец. А ў цэлым шэраг пытанняў, якімі займаецца аддзел, — вельмі значны... У свой час у інстытуце на аснове гэтага аддзела быў створаны эталон адзінкі малярнай долі кампанентаў у пэўных газавых сумесях і эталон адзінкі малярнай долі кампанентаў прыроднага газу, з дапамогай якіх забяспечваўся кантроль такіх забруджвальнікаў атмасферы, як вокіс вугляроду і некаторых іншых. Потым адпаведная праца была прадоўжана і летась завершана стварэннем новага эталона — эталона экалагічна небяспечных кампанентаў у газавых сумесях і, у прыватнасці, у атмасферным паветры. Якія кампаненты аднесены да экалагічна небяспечных, ці, дакладней, — асабліва небяспечных, бо ўсе яны, штучна ўтвораныя чалавекам у выніку яго дзейнасці і выкінутыя ў паветра, па сутнасці, небяспечныя? Гэта вокіс і двухвокіс серы, двухвокіс азоту, серавадарод, якімі, так сказаць, забяспечвае нас у першую чаргу дзейнасць цеплавых электрастанцый і кацельняў. Што дае стварэнне гэтага эталона? А ён пашырае магчымасці ўсё таго ж экалагічнага кантролю і асабліва ў зоне дзейнасці вышэйназваных аб'ектаў. У аддзеле таксама рыхтуюць стандартныя газавыя сумесі і пэўныя газавыя сумесі па заяўках заказчыкаў; асноўныя кліенты аддзела — прадпрыемствы канцэрна "Белнафтахім", станцыі тэхнічнага агляду аўтамабіляў, санітарна-эпідэміялагічныя службы. Увогуле, па заяўках прадпрыемстваў рыхтуецца паверачных газавых сумесяў і чыстых газаў больш за 160 тыпаў. Тут могуць вызначыць наяўнасць пэўнага газавага кампаненту ў сумесі, пачынаючы ад 0,01 працэнта. Гэта даволі нізкая мяжа і даволі высокая дакладнасць. Падраздзяленне аддзела па газавай аналітыцы і прыгатаванні газавых сумесяў дзейнічае на арандаваных плошчах мінскага завода "Крыён". Супрацоўнікі аддзела пазнаёмілі нас з яшчэ адным важным кірункам яго дзейнасці, звязаным з агучанай вышэй тэмай Дня метралогіі, — "Метралогія для бяспекі". Тут атэстуюць дарожныя знакі, а таксама нумарныя знакі аўтамабіляў, пры гэтым вызначаюць, наколькі адпавядаюць іх колер і яркасць вызначаным стандартным узорам. Для даведкі:у сёлетнім пасланні ў сувязі з сусветным днём метралогіі дырэктара Міжнароднага бюро мер і вагаў і дырэктара Міжнароднай заканадаўчай метралогіі прыводзіцца такі сумны факт: у свеце кожны год гіне на дарогах каля 1,5 мільёна чалавек. Адпаведна, ААН аб'явіла на 2011—2020 гады Дзесяцігодку дзеянняў па дарожнай бяспецы. * * * Асноўнай задачай аддзела радыяцыйнай метралогіі, як коратка абазначыў гэтую задачу начальнік аддзела Валерый Макарэвіч, з'яўляецца забеспячэнне адзінства вымярэнняў радыеактыўнасці ў шматлікіх лабараторыях і пастах радыеактыўнага кантролю, якія былі заснаваны на тэрыторыі рэспублікі пасля чарнобыльскай аварыі. У прыватнасці, іх налічваецца ў рэспубліцы больш за тысячу. Другая задача — выпрабаванні на радыяцыйную бяспеку прадуктаў харчавання, сельскагаспадарчай прадукцыі, будаўнічых матэрыялаў і некаторай іншай прадукцыі непасрэдна ў лабараторыі аддзела. Пры гэтым, што датычыць будаўнічых матэрыялаў (напрыклад — граніту), як падкрэсліваў Валерый Макарэвіч, у іх ёсць радыеактыўнасць прыроднага паходжання, але і ў такіх выпадках адпаведная прадукцыя з'яўляецца аб'ектам для даследаванняў на тую ж радыяцыйную бяспеку. У аддзеле рыхтуюць стандартныя ўзоры ўдзельнай радыеактыўнасці так званага матрычнага тыпу, якія ствараюцца на аснове пэўных відаў прадукцыі — напрыклад, на аснове збожжавых, рапсу, лубіну, сухога малака (яны, як правіла, бяруцца з паўднёвых рэгіёнаў краіны), керамзіту. Гэтыя ўзоры, для дасягнення найбольш максімальнай дакладнасці, дасылаюцца ў аналітычныя лабараторыі іншых краін (а БелДІМ уключаны ў спецыяльную міжнародную сетку такіх лабараторый, члены якой аказваюць метралагічную падтрымку адзін аднаму). Усе гэтыя даследаванні зводзяцца да вывядзення сярэдняга паказчыку — у выніку і з'яўляюцца стандартныя ўзоры па іх пэўнай радыеактыўнасці. Гэтыя ўзоры, з ужо выведзенымі і атэставанымі значэннямі радыеактыўнасці, і служаць потым для лабараторый рэспублікі ў якасці эталонаў, з дапамогай якіх праходзяць паверку, каліброўку на дакладнасць адпаведныя рабочыя прыборы, вызначаецца ўзровень той жа радыеактыўнасці прадукцыі непасрэдна на месцах. Як зазначана ўжо, у аддзеле таксама праводзяць выпрабаванні прадукцыі на прысутнасць—адсутнасць у ёй пэўных радыенуклідаў. Шэраг гэтай прадукцыі — даволі шырокі (у яго ў тым ліку ўваходзіць і прадукцыя ляснога паходжання), аднак спынімся тут на найбольш папулярным прадукце — вадзе. Ёй у аддзеле радыяцыйнай метралогіі — па сутнасці, найбольшая ўвага. І, напэўна, не варта тлумачыць, чаму. Але такая ўвага не толькі па прычыне яе папулярнасці: беларуская вада высока цэніцца ў свеце і разглядаецца як крыніца экспарту. Дарэчы, яе ўжо цяпер экспартуе фірма "Дарыда"... У аддзеле праводзяць выпрабаванні на радыеактыўнасць як артэзіянскай вады, якая, дарэчы, найбольш здольная назапашваць тыя ж радыенукліды прыроднага паходжання, так і ўзятай з паверхневых вадаёмаў, а таксама бутыляванай. Прычым тут выпрабоўваецца і атэстуецца літаральна ўся пітная вада, якая выкарыстоўваецца ў краіне. Напрыклад, у аддзеле давялося ўбачыць ёмістасці з надпісам "Полацкводаканал" (асноўнымі кліентамі паслуг аддзела па вадзе і з'яўляюцца менавіта водаканалы). Ваду ў аддзеле правяраюць на сумарную альфа- і бэтаактыўнасць. Для гэтага яе ўпарваюць і даследуюць яе асадак. Калі тая ж сумарная актыўнасць перавысіць вызначаныя нарматывы, робяцца асобныя аналізы на радыенукліды. Як падкрэсліваюць у аддзеле, у ім былі зафіксаваны толькі адзінкавыя выпадкі, калі ў вадзе назіралася перавышэнне па радыенуклідах. У Беларусі, як таксама падкрэсліваюць у аддзеле, устаноўлены адны з найбольш жорсткіх нарматываў па радыяцыйнай чысціні вады — 0,1 бекерэля на літр па сумарнай альфа-актыўнасці, а, напрыклад, у ЗША — 0,55 бекерэля. Дарэчы, у аддзеле можна таксама праверыць ваду і на наяўнасць у ёй таксічных металаў — свінцу, кадмію. Аддзел, яшчэ падчас яго фарміравання, быў забяспечаны, па лініі тэхнічнай дапамогі МАГАТЭ, высокадакладным абсталяваннем для сваіх даследаванняў і вымярэнняў, пры гэтым для даследаванняў чысціні вады тут нават абсталяваны "чысты пакой", які не ўспрымае ніякіх знешніх фонавых "удакладненняў". * * * І на заканчэнне прывітальнае слова да метролагаў інстытута і краіны дырэктара Мікалая Жагоры: — Праца метролагаў часта, як правіла, незаўважная, тым не менш мае вельмі важнае значэнне для грамадства. Забяспечваючы дакладнасць вымярэнняў, мы забяспечваем у канчатковым выніку яго прагрэсіўнае развіццё, робім немалы ўклад у развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу. Безумоўна, метралогія адыгрывае немалую ролю і ў забеспячэнні нашай бяспекі. І невыпадкова гэтая тэма выбрана ключавой да сёлетняга Сусветнага дня метралогіі. Віншую беларускіх метролагаў з прафесійным святам, жадаю новых поспехаў у вырашэнні шматгранных задач метралогіі. Беларуская метралогія заваявала прызнанне і высокі аўтарытэт у колах сусветнага метралагічнага грамадства. Ад усіх нас залежыць, каб яна гэтак жа ўстойліва развівалася і далей, заваёўвала новыя вяршыні. Іван БАРАНОЎСКІ. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА. УНП 100055197 Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
20 мая метролагі ўсяго свету адзначаюць сваё прафесійнае свята. Разам з імі адзначаюць яго і метролагі Беларусі. Сёлета тэма гэтага свята наступная: "Метралогія...
|
|