Колькі могуць зарабіць гэтым летам школьнікі дый студэнты. 21.by

Колькі могуць зарабіць гэтым летам школьнікі дый студэнты

07.06.2012 10:36 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Колькі могуць зарабіць гэтым летам школьнікі і студэнты

           


"Тут і цяпер" пацікавілася, ці супадаюць чаканні маладых людзей падзарабіць ў вакацыі з беларускімі рэаліямі, і ці намнога зможа "падняцца" за лета руплівы шкаляр.

Рабі – не хачу


Летнія канікулы ў сучасных школьнікаў і студэнтаў праходзяць па-рознаму. Адны ўдарна "адпачываюць ад вучобы" – за камп'ютарам ці на вуліцы, у летніках ці ў бабулі на вёсцы. Другія ж не менш ударна рэалізуюць прымаўку "time is money" і зарабляюць гэтыя самыя мані, дзе толькі атрымліваецца.

Паводле заканадаўства, падчас канікул працоўны дзень 14-16-гадовых не можа перавышаць 4,5 гадзін у дзень, для 16-18-гадовых – не больш як 7 гадзін штодня, а плаціць ім працадаўца абавязаны па поўнай праграме, як за 8-гадзінны працоўны дзень. Зразумела, што браць нават на самыя "заляжалыя" вакансіі школьнікаў і студэнтаў жадаюць далёка не ўсе.

З іншага боку, і цяперашнія старшакласнікі зусім інакш ставяцца да працы, чым калісьці іхнія бацькі і тым больш бабулі з дзядулямі. "Некаторыя падлеткі прамым тэкстам кажуць: "Мне б такую працу, каб паболей плацілі", – ананімна падзялілася з намі супрацоўніца аднаго са сталічных тэрытарыяльных цэнтраў занятасці насельніцтва. – А што мы можам дзецям прапанаваць – клумбы палоць, газеты разносіць...".

Сапраўды, у базе вакансій Мінгарвыканкама нам не ўдалося знайсці ні сезоннай, ні часовай працы для моладзі з базавай ці частковай адукацыяй, а ўладальнікі атэстату аб сярэдняй адукацыі могуць выбіраць хіба паміж памочнікам выхавацеля, працаўніком зеленбуда ды мыйшчыкам колбаў у НДІ – дый тое на апошнюю вакансію школьніка наўрад ці возьмуць – умовы працы шкодныя.

Адшукаць 10-11-класнікаў, згодных заняць гэтыя працоўныя месцы і атрымліваць да 1,4 млн у месяц, нам не ўдалося. Самы непераборлівы з апытаных "Тут і цяпер", 16-гадовы мінчук Валера, прызнаўся, што з ліпеня ўладкоўваецца ў брыгаду раённага "Зелянбуда": "Я са шматдзетнай сям'і, таму грошы якія б ні былі, лішнімі не будуць. І рукі ў мяне з патрэбнага месца растуць – касіць траву, палоць кветкі, абразаць кустоўе – нічога складанага, затое паўдня папрацаваў і вольны. А тыя знаёмыя, хто кажа, што гэта непрэстыжна – ну, няхай сабе далей на лавачцы піва п'юць".

"А для маёй дачкі галоўнае ў летняй падпрацоўцы – не заробак, а адчуванне самастойнасці, – адзначыла мама 15-гадовай Алены. – Яна ў мяне была такая спакойная, хатняя, і пры тым яшчэ хваравітая дзяўчынка. А летась абсалютна самастойна, без майго ведама, пайшла за кампанію з сябрўкай працаваць прамоўтарам сотавага аператара. У прынцыпе, што там – раздаваць рэкламныя паперкі ў буйных крамах, але яны былі на іншым канцы горада! Я запанікавала, а Ленка нічога, праклала па камп'ютары маршруты, сумку на плячо – і наперад. Праз месяц маё дзіця было не пазнаць: больш упэўненая ў сабе, усмешлівая, актыўная. Сёлета збіраецца зноў штосьці падобнае шукаць. Дык я толькі "за".

Сёлета ў сталіцы плануецца працаўладкаваць на лета 3170 школьнікаў – такую лічбу агучыла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч на аператыўнай нарадзе ў сталічнай мэрыі. Акрамя ўласна школ і цэнтраў пазашкольнай работы, мінскія старшакласнікі змогуць праявіць сябе, напрыклад, у заапарку.

"Хто не працуе, той есць – вучыся, студэнт!"

Студэнтам крыху лягчэй – у іх большы як выбар заняткаў у "трэцім працоўным семестры", так і памер патэнцыйнага заробку. Дый памагатых у пошуку аплатнага месца пад сонцам – не толькі бацькоўскія ды сяброўскія сувязі і ўласныя сілы, а цэлы шэраг арганізацый, ад БРСМ да Моладзевай сацыяльнай службы і Лігі добраахвотнай працы моладзі. Прыкладам, як адзначылі ў Штабе працоўных спраў ГА БРСМ Белдзяржуніверсітэта, толькі ў гэтай ВНУ з дапамогай БРСМ "штогод працаўладкоўваюцца падчас летніх вакацый каля 1 тысячы студэнтаў". "Гэтым летам у Мінскай вобласці будуць працаваць больш як 100 студэнцкіх атрадаў" – рапартуе афіцыйны сайт арганізацыі.

"А што, – пагаджаецца віцяблянка Паліна, – трэба ж хоць некалі займець бонусы ад таго, што я "добраахвотна" знаходжуся ў БРСМ яшчэ са школы. Я дзякуючы будатраду летась хоць на халяву за межамі сінявокай пабывала. Няхай сабе і толькі ў Расіі, але нават туды выехаць на экскурсію проста са стыпендыі – дорага. Так што сёлета я зноў запісалася ў атрад. Праўда, грошай, калі шчыра, асабліва вялікіх там не заробіш".

БРСМ і фанфары

Між тым, перад пачаткам сезону першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Юрый Чачукевіч сцвярджаў, што сёлета ў будатрадах можна будзе атрымаць да 5 мільёнаў рублёў – больш, чым сярэдні заробак па краіне! Але ўчытваемся ўважліва і робім папраўку на вецер: гаворка толькі пра студэнтаў сталічных ВНУ, толькі будаўнічы профіль студэнцкіх атрадаў і толькі лічаныя аб'екты, кшталту новага будынку музея Вялікай Айчыннай вайны. Студатрадаўцам з іншых рэгіёнаў і іншых спецыяльнасцяў разлічваць варта на куды больш сціплыя сумы.

Спіс вакансій, прапанаваных БРСМаўцам у кожнай вобласці, засмучае яшчэ больш: у Мінску патрабуюцца медрэгістратары, прыбіральшчыкі, паштальёны, грузчыкі, кандуктары – на зарплату ад 1 да 2,5 мільёнаў рублёў, у Гомелі – будаўнікі, прадаўцы, тэхперсанал на ЦТ, сельскагаспадарчыя і падсобныя рабочыя, якім абяцана ад 350 тысяч да 1 мільёна рублёў, у Гродне – перапрацоўшчыкі сельскагаспадарчай сыравіны, будаўнікі, прадаўцы, супрацоўнікі аб'ектаў агратурызму на заробак ад 1 да 2,5 мільёнаў рублёў.

Зразумела, што браць нават на самыя "заляжалыя" вакансіі школьнікаў і студэнтаў жадаюць далёка не ўсе.

Самастойны пошук працы праз газеты аб'яў ці адпаведныя інтэрнет-рэсурсы прыносіць аналагічныя вынікі: студэнтаў працадаўцы бачаць у якасці рознарабочых, кур'ераў, менеджараў-кансультантаў, прадаўцоў, прамоўтараў і іншых "падхватчыкаў" з заробкам ад 450 тысяч да 2—2,5 мільёнаў (выключэнне – хіба што таленавітыя праграмісты, якіх ужо з 2—3 курса расцягваюць на часткі прывабнымі прапановамі). І ўсё ж нават 2 мільёны за месяц+новы працоўны вопыт – больш, чым сярэдняя стыпендыя, і лепш, чым пасіўная вера ў светлае заўтра, сцвярджаюць бывалыя студатрадаўцы. "Калі пачаць клапаціцца пра лета яшчэ ў лютым-красавіку, то можаш выбіраць са "смачных" прапаноў, а калі ў маі – толькі з тых, што застануцца неразабранымі", – дзеліцца вопытам 4-курснік БДЭУ Ігар.

"А як вы падпрацоўвалі ў школьныя/студэнцкія гады?" – спытала "Тут і цяпер" у...

...экс-прарэктара БДУ Анатоля Паўлава
"Не, я ўвогуле гэтага не рабіў, бо жыў дома. Да таго ж займаўся спортам, і ў мяне аб'ектыўна не было ў падпрацоўках ні патрэбы, ні часу. Але пазней, як усе, ездзіў у студатрад. Успаміны засталіся вельмі добрыя, бо гэта была, па-першае, істотная матэрыяльная падтрымка, а па-другое, праверка, хто чаго варты і з кім, як бы гэта банальна не гучала, можна пайсці ў разведку".

Да летняй падпрацоўкі былы прарэктар вядучай беларускай ВНУ ставіцца ў цэлым прыязна, а вось да пастаяннага сумяшчальніцтва вучобы і працы – адмоўна: "На мой погляд, вучоба – гэта асноўная праца студэнта, і трэба займацца выключна ёй. Хто б і што не казаў, але студэнцтва – гэта будучая эліта краіны, яе кіраўнікі, навукоўцы, урачы, журналісты. І дзяржава, якая клапоціцца пра сваю будучыню, мусіць клапаціцца і пра студэнцтва, ствараць яму адпаведныя ўмовы. У адной брашуры нядаўна чытаў, што Польшча неўзабаве абгоніць Германію па ўзроўні эканамічнага развіцця – проста таму, што палякі цяпер вельмі актыўна інвестуюць у вышэйшую адукацыю. Думаю, будзе яна рэабілітаваная і ў нас. Міне пара АМАПаўцаў, не можа ж ён доўжыцца вечна".

...спевака Аляксандра Саладухі
"Яшчэ ў школе ў нас былі так званыя працадні, мы саджалі дрэвы, штосьці яшчэ рабілі. А ў свае студэнцкія гады – з 1976 па 1982, 3 курсы медуніверсітэта я скончыў у Карагандзе, а яшчэ 3 – у Мінску – пабываў у будатрадах і там, і тут. Выразна памятаю 1980 год, будатрад "Рапсодыя" Беларускай кансерваторыі, дзе я быў урачом – і нашу паездку ў Малдавію на збор садавіны ды гародніны. Памідоры, гуркі, віно, і мне ўсяго 21 год, – летуценна ўзгадвае артыст. А ў 1982-м, адразу пасля заканчэння ўніверсітэта, мы ездзілі ва Узбекістан будаваць жыллё атрадам "Шукальнік," камандзірам якога быў, між іншым, Аляксандр Шакуцін – цяпер кіраўнік "Амкадору". Укалвалі мы, безумоўна, як коні – з будаўнічымі насілкамі літаральна бегалі, пехатой не хадзілі. Затое і ўспаміны засталіся цудоўныя. Да таго ж я прывёз адтуль за 2 месяцы 1800 рублёў – гэта былі вельмі вялікія грошы. Параўнайце: мой бацька зарабляў 350 рублёў, па тым часе высокі заробак".

Афіцыйна

Паводле арт.272 Працоўнага Кодэксу РБ, заключыць працоўную дамову (чытай – працаўладкавацца) ў нашай краіне мае права чалавек, не маладзейшы за 16 год. Зрэшты, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў дамову можа заключыць і 14-гадовы падлетак, з агаворкай – "для выканання лёгкай працы, якая 1) не з'яўляецца шкоднай для яго здароўя і развіцця, 2) не наносіць шкоды наведванню агульнаадукацыйнай установы і ўстановы, якая забяспечвае атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі".

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле заканадаўства, падчас канікул працоўны дзень 14-16-гадовых не можа перавышаць 4,5 гадзін у дзень, для 16-18-гадовых - не больш як 7 гадзін штодня, а плаціць ім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика