Медыцына насуперак. 21.by

Медыцына насуперак

23.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дэпутаты звярнуліся ў медустановы ў якасці заканадаўцаў

Пра існаванне такой медыцыны ў нашай краіне ведаюць не многія. Пра гэта міжволі падумала на наступны дзень, калі прывяла свякроў на УГД ва ўчастковую паліклініку Мінска. Глядзела на шэрыя ад пылу гардзіны на канцылярскіх сашчэпках, на санітарку ў працёртым крэсле, цалкам пагружаную ў разгадванне крыжаванкі, слухала, як у калідоры нехта абмяркоўвае хранічны недахоп тэрапеўтаў ("Пра што вы кажаце! 20 гадоў у нас няма ўчастковага ўрача..."), і ўзгадвала тое, што пабачыла напярэдадні разам з дэпутатамі.

Падчас адмысловага парламенцкага семінара па вывучэнні практыкі прымянення законаў у сферы аховы здароўя дэпутаты разам з журналістамі і кіраўнікамі медыцынскай галіны наведалі тры вядучыя клінікі краіны. Дзіўна, што і там, і тут — адна і тая ж сістэма, але дзіўна — толькі на першы погляд. Яшчэ мой універсітэцкі выкладчык гісторыі КПСС казаў, што Савецкі Саюз перамог у Вялікай Айчыннай вайне не дзякуючы, а насуперак абставінам. Вось і тут: дэпутаты на свае вочы пабачылі, што ў нас ёсць медыцына сусветнага ўзроўню. На наступны дзень я яшчэ раз ўпэўнілася, што не дзякуючы, а насуперак... Напэўна, такая наша ўласцівасць.

Ствалавыя клеткі і трансплантацыя

Памятаю сваю размову з галоўным урачом 9 гарадской клінічнай бальніцы Мінска ў 90-я гады. Ён казаў, што ўтрыманне такіх клінік-монстраў, якія засталіся нам у спадчыну ад савецкіх часоў, эканамічна неапраўдана, імі складана кіраваць, іх надзвычай цяжка забяспечваць...

"Дзявятка" была адкрыта ў канцы 1976 года. Праз тры гады яна дасягнула сваёй поўнай магутнасці (1380 ложкаў) і практычна ва ўсе часы валодала самай буйной хірургічнай службай у горадзе. У 2012-м стала відавочна, што наша сістэма аховы здароўя бліскуча справілася з сітуацыяй. І справа не толькі ў тым, што сама клініка, з кафедрамі і навуковымі цэнтрамі, захавалася, — у 2009-м тут адбылася рэканструкцыя коштам $45 млн... Сёння тут робяць трансплантацыю органаў і тканак, высокатэхналагічныя аперацыі: для грамадзян Беларусі — бясплатна, а іншаземцы прывозяць у краіну дзясяткі і сотні тысяч долараў, каб даверыць свае жыцці нашым урачам...

Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова ўбачыць шчаслівыя вочы маладой жанчыны з Жодзіна з двухгадовым сынам на руках. Год таму хлопчыку была зроблена перасадка печані, донарам стала маці. Дыягназ — злаякасная, несумяшчальная з жыццём пухліна... Калі жанчына перад тэлекамерамі прамаўляе фразу: "Пасля аперацыі сын стаў размаўляць, пайшоў..." і раптам адварочваецца, утойваючы слёзы, то тэлеаператары спыняюць сваю работу, а журналісты больш не задаюць пытанняў.

...Дастаткова пачуць словы падзякі ў адрас беларускіх урачоў ад мужчыны, які прыехаў сюды з 24-гадовай дачкой з Украіны, каб аддаць ёй сваю нырку і тым самым выратаваць.

У сярэднім на працягу года клініка аказвае стацыянарную дапамогу прыкладна 39 тысячам пацыентаў, выконвае больш за 11 тысяч хірургічных аперацый, у тым ліку больш за 300 трансплантацый. У яе складзе 26 клінічных і 19 параклінічных аддзяленняў. На яе базе працуюць 5 кафедраў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і кафедра Медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, а таксама 4 Рэспубліканскія цэнтры.

— Сёння фундаментальнае вывучэнне і практычнае прымяненне ствалавых клетак пад сілу толькі такім буйным медыцынскім цэнтрам, як Рэспубліканскі Цэнтр гематалогіі і трансплантацыі касцявога мозга, які пачаў сваю работу на базе Дзявятай гарадской клінічнай бальніцы амаль 20 гадоў таму, — лічыць намеснік галоўнага ўрача 9-й клінікі, доктар медыцынскіх навук Анатоль ВУС. — Нашы вынікі лячэння захворванняў крыві адпавядаюць стандартам рэгістра Еўрапейскага таварыства трансплантацыі касцявога мозга, членам якога Цэнтр з'яўляецца з 1994 года. Інфармацыя пра колькасць выкананых трансплантацый у Беларусі перадаецца ў Швейцарыю. Мы паспяхова прымяняем трансплантацыю ствалавых клетак пры лячэнні злаякасных новаўтварэнняў, розных формаў лейкозу і іншых хвароб крыві, рассеянага склерозу.

Са студзеня 2010 года на базе 9-й клінікі арганізаваны Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансплантацыі органаў і тканак, якім кіруе Алег РУМО. З таго часу тут праведзена 129 трансплантацый печані. За мінулы год у Цэнтры былі перасаджаны 175 нырак, 43 печані, 2 падстраўнікавыя залозы.

— Цэнтр з'яўляецца вяршыняй хірургічнай службы клінікі, — пракаментаваў дэпутатам структуру сваёй установы галоўны ўрач 9-й клінічнай бальніцы Валерый КУШНІРЭНКА. — Ён цесна звязаны з іншымі аддзяленнямі. Акрамя таго, у нас адкрыта некалькі структурных падраздзяленняў, якія забяспечваюць падбор органаў і тканак для трансплантацыі. Гэта лабараторыя HLА-тыпавання (вызначэння сумяшчальнасці — "Зв"), лабараторыя клетачных біятэхналогій — цалкам новая і адзіная структура ў краіне, якая можа вылучаць клеткі, рыхтаваць іх і выкарыстоўваць для лячэння пацыентаў.

Клініка фарміруе ліст чакання са звесткамі пра хворых, якім паказана трансплантацыя. Для службы гематалогіі створаны Гарадскі рэгістр донараў касцявога мозга і ствалавых клетак, які сёлета стане рэспубліканскім. Для тых пацыентаў, у якіх ёсць донар-сваяк (маці, бацька, дзеці), які падыходзіць па генатыпе, усё значна прасцей, тлумачаць трансплантолагі. Але часта бывае, што сваякі не падыходзяць альбо не жадаюць выступаць донарамі. Тады патрэбна вялікая група добраахвотнікаў, у якіх будуць вызначаны крытэрыі сумяшчальнасці, і якія ў выпадку неабходнасці будуць гатовыя выступіць донарамі касцявога мозга. Стварэнне Рэспубліканскага рэгістра донараў важна і таму, што пошук донара за мяжой каштуе каля 16 тысяч долараў. Сёння ў Гарадскім рэгістры донараў касцявога мозга і ствалавых клетак ёсць даныя каля 8 тысяч чалавек.

У 2010 годзе ўдзел 9-й клінікі ў экспарце медыцынскіх паслуг Мінска склаў 30%. Толькі па трансплантацыю сюды звярталіся жыхары Казахстана, Узбекістана, Украіны, Туркменіі, Таджыкістана, Арменіі, Грузіі, Літвы, Латвіі, Расіі, Малдовы, а таксама Іарданіі, Македоніі, Кіпра, Ірана, Ізраіля і Карэі. Сёння ў лісце чакання на трансплантацыю органаў даныя 20 замежных грамадзян. Ад 20 да 50 тысяч долараў каштуе перасадка ныркі, ад 40 да 80 — печані, да 120 тысяч — касцявога мозгу. Летась клініка зарабіла на аказанні паслуг замежным грамадзянам 3 млн долараў.

Дэпутаты былі прыемна ўражаны ўсім ўбачаным і пачутым, аднак іх цікавілі не толькі дасягненні.

— Мы прайшлі, каб даведацца, якія існуюць праблемы ў заканадаўчым плане, — звярнуўся да кіраўніцтва клінікі намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар ГУМІНСКІ. — Над чым Міністэрству аховы здароўя і дэпутацкаму корпусу трэба працаваць, каб стварыць умовы для яшчэ больш якаснага аказання медыцынскай дапамогі?

Прэзумпцыя згоды, якая сёння існуе ў заканадаўстве Беларусі, дазваляе развіваць транспланталогію ў нашай краіне досыць якасна, запэўнілі ўрачы, прагрэсіўнымі з'яўляецца і нормы, якія датычацца канстатацыі смерці мозга донара, даверу спецыялістам, якія робяць забор органаў. Аднак застаюцца і "старыя" праблемы ў гэтай галіне медыцыны.

— 20 гадоў таму клініка пачала займацца праблемай транспланталогіі, — звярнуў увагу дэпутатаў Анатоль Вус. — І 20 гадоў таму, і тры гады таму, калі мы прыступалі да чарговага этапу, праблема была адна і тая ж — знайсці не проста таленавітую моладзь, але моладзь, якая ведае замежныя мовы. Калі сёння выпускнікам медуніверсітэта наладзіць іспыт па замежнай мове, 90% яго не пройдуць. Гэта балючае пытанне для ўсіх, бо размова ідзе пра адпаведнасць сусветнаму ўзроўню. А мы часам вынаходзім веласіпед.

Экстранная дапамога

У Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі штогод пралечваецца каля 38 тысяч чалавек. Асаблівасць другой медыцынскай установы, якую наведалі дэпутаты падчас семінара, у тым, што яна ў кругласутачным рэжыме аказвае экстранную медыцынскую дапамогу па такіх пазіцыях, як нейрахірургія, сумешчаная траўма, таксікалогія і хірургія. Акрамя таго, на базе клінікі працуе Рэспубліканскі апёкавы цэнтр. Тут функцыянуе адно з самых буйных прыёмных аддзяленняў у краіне, разгорнуты 70 рэанімацыйных ложкаў. Тры дні ў тыдзень бальніца працуе па аказанні медыцынскай дапамогі пры вострым каранарным сіндроме.

— Аб'ёмы мы павялічваем. Гэта дарагі від лячэння, аднак ён адпавядае сусветным стандартам, — расказаў дэпутатам галоўны ўрач клінікі Вячаслаў ШЫЛА. — Пацыент, у якога здарыўся інфаркт, па хуткай дапамозе паступае адразу ў рэанімацыю. Першую дапамогу ён атрымлівае яшчэ ў машыне, потым трапляе ў кабінет ангіяграфіі, дзе выконваецца рэнтгеналагічнае даследаванне каранарных сасудаў і ў залежнасці ад сітуацыі — іх стэнціраванне (пашырэнне прасвету сучаснымі метадамі для аднаўлення кровазабеспячэння міякарда — "Зв.").

Такая дапамога пры інфаркце дазваляе звесці да мінімуму яго наступствы і не проста выратаваць жыццё, але і захаваць яго якасць. Аднак яна дае эфект, толькі калі аказана ў кароткі прамежак часу пасля пачатку сардэчнага прыступу. Таму вельмі важна, каб чалавек своечасова прыняў рашэнне пра выклік "хуткай" і каб уся медыцынская сістэма спрацавала бездакорна. З моманту пачатку хваробы да аперацыйнага стала павінна прайсці не больш за 90 хвілін, падкрэсліваюць кардыяхірургі.

Не толькі пры вострым каранарным сіндроме, але пры неабходнасці любой экстраннай медыцынскай дапамогі самы малы збой у сістэме аховы здароўя можа каштаваць чалавечага жыцця. Нездарма дэпутаты зноў і зноў пыталіся пра набалелае.

Год таму гэтаму хлопчыку з Жодзіна была зроблена перасадка печані, донарам стала маці.

— Ёсць праблемы з кадрамі медсясцёр, — пацвердзіў галоўны ўрач, — але ўказ Прэзідэнта, які выйшаў 1 студзеня, дазволіў забяспечыць прыток сярэдняга медперсаналу ў самыя цяжкія аддзяленні — рэанімацыю і інтэнсіўную тэрапію. Там высокатэхналагічныя маніпуляцыі, цяжкая праца, таму заробак вышэй, чым у звычайнай палатнай медсястры. Заробак медсястры ў рэанімацыі складае каля 6 млн.

— Што вы думаеце пра грэйдавую сістэму аплаты працы? — пацікавілася ў кіраўніцтва бальніцы старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Антаніна Морава. — Калі аплата залежыць не ад адпрацаванага часу, а ад кваліфікацыі.

Аказалася, што гэтая сістэма пакуль мала знаёмая нашым медыкам і яны не гатовы каментаваць яе прымяненне. Яшчэ адна праблема, пра якую зайшла гаворка падчас парламенцкага семінара, датычылася імпартазамяшчэння расходных матэрыялаў. Адно з самых вострых пытанняў — памперсы, прычым не толькі для дзяцей. На другой пазіцыі па актуальнасці — рэактывы для лабараторый адкрытага тыпу.

Спыталі дэпутаты і меркаванне людзей у белых халатах пра страхавую медыцыну.

— Ніхто з постсавецкіх дзяржаў, за выключэннем Расійскай Федэрацыі, не ўвёў медыцынскае страхаванне, — звярнулі ўвагу заканадаўцаў урачы. — Германія і Францыя, якія з'яўляюцца апалагетамі медыцынскага страхавання, паціху пераймаюць нашы меры бюджэтнай аховы здароўя. Таму наша прапанова — правы медустаноў пашырыць, заробак прывязаць па-іншаму, каб загадчык аддзялення атрымліваў больш, але асноўныя прынцыпы павінны заставацца ранейшымі. На жаль, урачы і Міністэрства фінансаў па рознаму бачаць задачу рэформаў у сістэме аховы здароўя. Для нас гэта — павышэнне якасці медыцынскай дапамогі, для Мінфіна — эканомія, змяншэнне выдаткаў. Калі мы ўвядзём глабальны бюджэт і клініка зэканоміць 2 млрд рублёў, яна на наступны год не атрымае гэтых двух мільярдаў. Трэба, каб эканомія заставалася ў межах той установы і сістэмы, якія яе забяспечылі.

Менавіта эканоміі датычылася і пытанне пра адключэнне апаратаў жыццезабеспячэння ў "безнадзейных" выпадках рэанімацыйных аддзяленняў, дзе кошт ложкамесца складае каля 2 млн рублёў у суткі.

— Калі вы маеце на ўвазе эўтаназію, то мы ніколі не прымаем такія рашэнні, — патлумачыў дэпутатам загадчык аддзялення рэанімацыйна-інтэнсіўнай тэрапіі для нейрахірургічных хворых Сяргей КОМЛІКАЎ. — Гэта пытанне не рэаніматолагаў і ўрачоў, а грамадства.

Нараджэнне

Трэцяя медустанова, якую наведалі дэпутаты, аказалася самай маладой і самай пажаданай з пункту погляду звароту ў яе па дапамогу — Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр "Маці і дзіця".

Цэнтр быў адкрыты ў лістападзе 2004 года шляхам злучэння двух навукова-даследчых інстытутаў з Сёмай клінічнай бальніцай. Сёння гэта — самы сучасны перынатальны цэнтр беларускай службы аховы мацярынства і дзяцінства. Тут працуюць больш за 1200 супрацоўнікаў, ёсць навуковы і клінічны аддзелы. У складзе апошняга — 563 стацыянарныя ложкі, з іх 30 — дзіцячай рэанімацыі, самай магутнай у краіне, бо тут сканцэнтраваны найбольш цяжкія роды і найбольш "праблемныя" дзеці.

— Акрамя таго, у Цэнтры ёсць кансультатыўна-дыягнастычнае аддзяленне, якое наведваюць каля 800 чалавек за змену. Цэнтр распрацоўвае ўласныя навуковыя тэхналогіі і ўкараняе іх у практыку аховы здароўя, распаўсюджвае на рэгіёны дзякуючы зладжанай сістэме аказання медыцынскай дапамогі жанчынам і дзецям, кадраваму патэнцыялу і стану матэрыяльна-тэхнічнай базы, — прадставіў сваю ўстанову дырэктар Цэнтра РНПЦ "Маці і дзіця" Канстанцін ВІЛЬЧУК. — Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы мы сёння маем досыць добрыя вынікі: паказчык смяротнасці сярод немаўлятак за 4 месяцы гэтага года склаў 3,5 праміле — самы нізкі з усіх краін СНД. Паказчык мацярынскай смяротнасці — 0,9 на 100 тысяч народжаных жывымі — таксама адпавядае ўзроўню высокаразвітых краін.

Гэтая медустанова адрозніваецца ад падобных па аснашчэнні, бо тут вядуць цяжарнасць, роды і пасляродавы перыяд у жанчын, якія маюць цяжкую сардэчна-сасудзістую паталогію, захворванні эндакрыннай сістэмы і аўтаімунныя захворванні. У Цэнтры ўпершыню ў краіне сталі выкарыстоўваць інсулінавыя помпы для хворых на цукровы дыябет цяжарных жанчын.

З 2007 года ў Цэнтры працуе аддзяленне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, якое выкарыстоўвае ўсе сучасныя тэхналогіі, што існуюць на сённяшні дзень у свеце. Працэнт наступлення цяжарнасці досыць высокі — да 42%.

Дыягнастычныя метады, якім валодае клініка, дазваляюць своечасова дыягнаставаць прыроджаныя анамаліі развіцця плода і як мага раней перарываць цяжарнасць. Разам з тым, тут выходжваюць дзяцей з 500-грамовай вагой цела, створаны два аддзяленні для аказання дапамогі дзецям з пашкоджаннем цэнтральнай нервовай сістэмы. Дзякуючы гэтым мерам у краіне адбываецца зніжэнне паказчыка дзіцячай інваліднасці і павялічэнне сацыяльнай адаптаванасці такіх малых.

У сценах РНПЦ "Маці і дзіця" цалкам заканамерным было пытанне дэпутатаў пра нядаўна прыняты Закон пра дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі, сурагатнае мацярынства, партнёрскія роды і роды на даму.

— Калі закон пра ДРТ прапрацуе некаторы час, будзе бачна, наколькі ён якасны, — асцярожна заўважыў дырэктар Цэнтра. — Пакуль жа часта ўзнікаюць пытанні фінансавай дапамогі сямейнай пары для выкарыстання дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій: магчымасць атрымання крэдыту, бязвыплатнай спробы падсадкі эмбрыёнаў.

Для вядзення партнёрскіх родаў цэнтр абсталяваў спецыяльны пакой. Калі жанчына не мае паталогіі, роды не ўскладненыя, то партнёрскія роды апраўданыя, лічаць урачы. Ёсць парадзіхі, якія маюць патрэбу ў псіхалагічнай падтрымцы з боку блізкіх людзей.

Што тычыцца родаў на даму, то медыкі катэгарычна супраць. "Неапраўданая рызыка, — кажуць яны. — Мы змагаемся за кожнае жыццё. Падчас родаў могуць узнікнуць ускладненні, пры якіх выратаваць жанчыну, якая нараджае па-за сценамі клінікі, нерэальна". Менавіта таму большасць клінічных акушэраў лічаць папулярызацыю хатніх родаў злачынствам і выказваюцца за ўвядзенне адказнасці за рэкламу хатніх родаў.

— Мы сёння пераканаліся ў тым, што ідзём па правільным шляху, — рэзюмаваў вынікі семінара Віктар Гумінскі. — Якасць медыцынскай дапамогі ў медыцынскіх цэнтрах, якія мы наведалі, уражвае. Важна, што ўрачы-практыкі, у прынцыпе, задаволены тымі законамі, што былі прыняты апошнім часам. Толькі ў Чацвёртым скліканні мы прынялі каля 10 законаў у галіне аховы здароўя. Разам з тым, мы пераканаліся ў тым, што работы яшчэ шмат...

Дарэчы, у Цэнтры "Маці і дзіця" дэпутатам расказалі пра тое, што прадстаўнікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ніяк не маглі паверыць, што нашы паказчыкі па смяротнасці сярод немаўлятак рэальныя. Яны такія ж, як і ў Швецыі, дзе сума на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара перавышае беларускую ў 15 разоў. Нашы ўрачы змаглі даказаць, што паказчык рэальны. Калі б замежныя эксперты чулі словы майго ўніверсітэцкага выкладчыка, яны б не здзівіліся...

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дэпутаты звярнуліся ў медустановы ў якасці заканадаўцаў Пра існаванне такой медыцыны ў нашай краіне ведаюць не многія. Пра гэта міжволі падумала на наступны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика