Храналогія падрыхтоўкі і палёту шведаў над Беларуссю: новыя падрабязнасці. 21.by

Храналогія падрыхтоўкі і палёту шведаў над Беларуссю: новыя падрабязнасці

31.07.2012 19:10 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Храналогія падрыхтоўкі і палёту шведаў над Беларуссю: новыя падрабязнасці

           


А таксама новыя відэаролікі падрыхтоўкі акцыі ды каментарыi арганізатараў.

9 траўня 2012 году - Пэр Кромвэл і тры іншыя ўдзельнікі акцыі ўпершыню наведваюць Беларусь. У Мінску спыняюцца ў адной з кватэр, якую здае рыэлтар Сяргей Башарымаў.
 
"Мы тут учатырох правялі двое сутак. За гэты час аб’ездзілі наваколле сталіцы на арандаванай машыне, вывучылі Мінск, знайшлі будынак шведскай амбасады (у выпадку вымушанага прызямлення, мы планавалі схавацца ў пасольстве)", - расказвае Еўрарадыё Кромвэл.
 
Пачатак ліпеня - cупрацоўнікі Studio Total рыхтуюцца да акцыі ў Вільні. Пры гэтым “выпрабоўваюць” мядзведзікаў, скідваючы іх з высокага будынку.
 
 
2 ліпеня - шведы рыхтуюць да палёту самалёт - выразаюць у ім адмысловае акенца для скідвання мяккіх цацак (відэа).

 
 
3 ліпеня - Кромвэл паўторна прыязджае ў Мінск позна ўвечары. Візу швед атрымаў з дапамогай запрашэння ад Башарымава. Аднак па прыездзе ў Мінск Кромвэл адмяняе рэзервацыю кватэры на Карла Маркса, якую збіраўся ізноў здымаць у беларускага рыэлтара. Ад жылля адмаўляецца праз смс, больш з Башарымавым не звязваецца. Можна меркаваць, што швед ад пачатку не збіраўся ночыць у кватэры Башарымава, а беларуса выкарыстаў толькі для таго, каб атрымаць запрашэнне для візы.
 
4 ліпеня - раніцай Пэр Кромвэл едзе ў Івянец, дзе паркуецца ля праваслаўнай царквы і чакае з’яўлення самалёта ў небе над гарадком.
 
4 ліпеня - самалёт з’яўляецца каля 8-й гадзіны раніцы, робіць два колы над царквой, скідвае мядзведзікаў і вяртаецца ў Літву.
 
4 ліпеня - Кромвэл фатаграфуе самалёт з зямлі, здымае кароткае відэа і вяртаецца ў Мінск, адкуль адразу вылятае ў Стакгольм.

 
 
4 ліпеня, каля 11-й гадзіны па беларускім часе - з’яўляюцца першыя паведамленні аб палёце ў шведскіх СМІ, а таксама фота і кароткія відэаролікі. Беларускія СМІ іх перадрукоўваюць. (відэа)
 
 
4 ліпеня, ад 12-й да 18-й гадзіны - беларускія незалежныя СМІ і сайты навінаў множаць паведамленні аб палёце шведаў над Беларуссю. Аднак тон інфармавання недаверлівы. На апублікаваным відэа не бачна, дзе дакладна ляціць самалёт, таксама няма інфармацыі аб знаходках цацак у Беларусі.
 
4 ліпеня, каля 15-й гадзіны - Міністэрства абароны Беларусі называе публікацыі фота і відэа са шведскімі мядзведзікамі “правакацыяй”, а таксама “фоташопам і відэамантажом”.
 
4 ліпеня, 21-я гадзіна - з’яўляюцца першыя фота мядзведзікаў, знойдзеных у Івянцы. Іх публікуе Антон Сурапін, рэдактар сайта bnp.by. Журналіст паведамляе, што атрымаў фота ад “ананімнага чытача, які жыве не ў Мінску”.
 


 
5 ліпеня - Studio Total публікуе новыя відэаролікі палёту. На гэты раз працягласць відэа дасягае паўтары гадзіны - гэта амаль увесь час знаходжання ў паветранай прасторы Беларусі. На відэа добра бачны момант узлёту з каўнаскага аэрадрома “Пачунай”, пралёт беларуска-літоўскай мяжы, палёт над мінскім мікрараёнам Сухарава і Івянцом. Сумненняў у рэальнасці палёту амаль не застаецца.
 


 
 
5 ліпеня - журналісты незалежных СМІ ў Івянцы знаходзяць сведкаў палёту самалёта і “мядзведжага дэсанту”. Яго рэальнасць падцвярджае нават кіраўнік мясцовай ЖКГ. Жыхары мястэчка расказваюць, што ўсіх “парушальнікаў” сабрала міліцыя - цяпер цацкі знаходзяцца там. (відэа)
 
6 ліпеня, каля 18-й гадзіны - першыя затрыманні па справе “шведскага дэсанту”. Супрацоўнікі КДБ забіраюць на допыт рыэлтара Сяргея Башарымава і яго дзяўчыну Ірыну. Абодвум заяўляюць, што падазраюць іх у саўдзеле ў перасячэнні мяжы групай асобаў.
 
7 ліпеня, 16-я гадзіна - ператрус дома ў сяброўкі рыэлтара. Супрацоўнікі КДБ забіраюць з сабой ноўтбук, знешні вінчэстар, флэшкі. У гэты ж час у “амерыканцы” дзяўчыну дапытваюць другі раз і адпускаюць. Падазрэнні з яе здымаюць.
 
13 ліпеня, 10-я гадзіна - супрацоўнікі КДБ прыходзяць з ператрусам да Антона Сурапіна, які першым апублікаваў фота са шведскімі мядзведзікамі ў Івянцы. Пасля ператрусу Сурапін знікае. Толькі позна ўвечары з СІЗА КДБ маці журналіста тэлефануе дзяжурны адвакат і паведамляе, што яе сын затрыманы па падазрэнні ў саўдзеле ў перасячэнні дзяржаўнай мяжы групай асобаў.
 
14 ліпеня - у СМІ трапляе інфармацыя аб затрыманні па справе “цацачнага дэсанту” рыэлтара Башарымава. Дагэтуль аб ім нічога не было вядома.
 
Афіцыйныя асобы працягваюць адмаўляць факт нелегальнага палёта лёгкаматорнага самалёта над нашай краінай. КДБ затрыманне Сурапіна і Башарымава каментаваць адмаўляецца, а ў Памежным камітэце аб факце парушэння мяжы групай асобаў нічога не ведаюць.
 
17 ліпеня - Башарымаву выстаўляюць абвінавачванні ў саўдзеле ў перасячэнні мяжы групай асобаў. Яму пагражае ад 3 да 7 гадоў арышту.
 
23 ліпеня - сканчаецца 10-дзённы тэрмін затрымання фатографа Антона Сурапіна. Следчы тэрмінова выклікае адваката журналіста на размову. Праз нейкі час абаронца выходзіць з будынка і паведамляе юрысту Беларускай асацыяцыі журналістаў, што Сурапін застаецца за кратамі, аднак абвінавачванне яму афіцыйна не прад’яўлена. Такі стан рэчаў супярэчыць беларускаму заканадаўству.
 
26 ліпеня - кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з прадстаўнікамі камандавання Супрацьпаветранай абароны прызнае факт парушэння мяжы шведскім самалётам. Гэта адбываецца праз тры тыдні пасля “цацачнага дэсанту”.
 
"Як растлумачыць правакацыю з лёгкаматорным самалётам, які не толькі перасёк мяжу, але і беспакарана ўварваўся на тэрыторыю Беларусі? Бо гэта ў першую чаргу - бяспека нашых грамадзян. Больш за тое, бо гэты самалёт быў своечасова выяўлены. Але чаму начальнікі не спынілі гэты палёт? Каго шкадавалі? Гэта галавацяпства канкрэтных выканаўцаў ці памылкі ў самой сістэме аховы дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы? Я хацеў бы пачуць адказы на гэтыя пытанні… Максімум ў панядзелак мною будзе прынята рашэнне пасля гэтай нарады, у тым ліку і кадравыя рашэнні", - заявіў Лукашэнка.
 
Словы кіраўніка дзяржавы надрукавала інфармагенцтва БЕЛТА - гэта была першая публікацыя з дзяржаўных СМІ, якая прызнавала факт “цацачнага дэсанту”. 
 
27 ліпеня - Памежны камітэт ускосна прызнае факт парушэння мяжы лёгкаматорным самалётам. Між тым, афіцыйных каментароў Мінабароны i Камітэта дзяржбяспекі, які расследуе справу, усё яшчэ няма.
 
31 ліпеня - сваіх пасадаў пазбавіліся старшыня Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Ігар Рачкоўскі і камандуючы ВПС і войскамі СПА Узброеных Сіл генерал-маёр Дзмітрый Пахмелкін. Яны вызваленыя ад займаных пасадаў за неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнню нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
 
Аб няпоўнай службовай адпаведнасці папярэджаны міністр абароны генерал-лейтэнант Юрый Жадобін і начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Пётр Ціханоўскі. Акрамя таго, абвешчаныя вымовы дзяржаўнаму сакратару Савета Бяспекі Беларусі генерал-палкоўніку Леаніду Мальцаву і старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі генерал-лейтэнанту Вадзіму Зайцаву.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А таксама новыя відэаролікі падрыхтоўкі акцыі ды каментарыi арганізатараў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика