АЛЁ, Народ на провадзе. 21.by

АЛЁ, Народ на провадзе

04.10.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Страты няма"

Змяніліся часы: цяпер, калі спатрэбіцца сурокі зняць, прысушыць каго ці адвярнуць, супакоіць малую "крыксу", дык шаптуху не адшукаць... А раней жа ці не кожная вёска мела! І нават не адну, бо рознай спецыялізацыі: чараўніц, што зналіся з пэўнымі сіламі, людзі пабойваліся, тых, што лячылі — вельмі паважалі.

Узяць хоць бы нашу бабцю Наталлю... Няма ў Лучыне сям'і, дзе б яна за свае 98 (!) гадоў дзіця не ратавала! Светлай памяці, добрая жанчына была! І пісьменная. Без акуляраў чытала (дарэчы, да апошняга дня). І ўсё па-беларуску. З часам вёска стала "русіць", казаць "Пасха", "Крашчэнне", "Благавешчанне"... Баба ж Наталля свайго трымалася — "Вялікадня", "Вадохрышча", "Дабравесця", "Васілля" і г.д.

Зрэшты, зараз не пра яе, а пра Усцінню, пра варажбітку, якую (вядома ж, за вочы) звалі, як і "паложана" ў нас, па назве вёскі, з якой яна перасялілася: Пласкінка (а то і Плоскінь, калі зазлуюцца)...

Было прычын на яе злаваць. Але ж як каму прыпрэ — у мужыка "дах стане зносіць" ці конча спатрэбіцца ведаць "чым сэрца супакоіш", то беглі да яе, як падмеценыя: "Усціначка, памагай". А тая і рада: не задарма ж. Плату яна брала згодна з "тарыфнай сеткай на шкодных умовах працы"...

Ды і не толькі гэтую крыніцу даходаў мела: коз трымала (тады, дарэчы, у вёсцы моды на іх не было, цяперака — ёсць: на вяровачках людзі водзяць...). А Пласкінка, між іншым, не вадзіла — ведама, чараўніца! І не навязвала век: яны за ёй бегалі, як сабачкі. А часцей самі хадзілі да "лініі" (так у нас чыгунка завецца), самі на ўзбочынах пасвіліся. І самі ж потым вярталіся.

Але ж неяк вось затрымалася гаспадыня па сваіх варажбітных справах, прыйшла дадому, а коз... няма. Што рабіць? Схадзіла па іх да "лініі". Там таксама няма! Дзе яны ёсць, — яшчэ трэба даведацца. Зрэшты, ёй жа і карты ў рукі. Узяла іх, адзін раз "кінула", другі. Страты не паказваюць. Значыць, козы жывыя. А вось дзе знаходзяцца? Можа, нехта з вяскоўцаў знайшоў мацнейшага ведзьмака, з "вышэйшым разрадам", і ёй за нешта адпомсціў?

Кінула карты яшчэ раз: умяшання іншай сілы яны не паказваюць.

Трэба тады, вырашыла, да савецкай улады звяртацца. Яе прадстаўніком яшчэ ў 40-я ў нас аднаго мужыка прызначылі. І нават стрэльбу выдалі. З ёй, размахваючы прыкладам, ён у Рагачоўскі суд злачынцаў канваіраваў. Пераважна — жанчын, што калгасны мінімум не выпрацавалі. У іх — ці бачыце — дзеці хворыя-малыя... Прычыну знайшлі...

Дык якраз да гэтага адказнага Пласкінка і пайшла. Разам з ім наведалі двух падазраваных — гаспадароў, якія маглі быць замешаны ў крадзяжы. І ні з чым з іх падворкаў вярнуліся: ніякіх прыкметаў злачынства!

А справа ж супраць ночы ўжо. Расстроілася кабета, пайшла дадому, яшчэ раз звязалася "са сваімі", думала, нешта новае скажуць. Але ж не — ранейшае: "Страты няма" ды "Страты няма". А тут яшчэ на гарышчы — чуе — як быццам валтузня нейкая пачалася...

Вырашыла, што гэта вышэйшыя сілы — злуюцца на яе, бо колькі ж можна "даставаць" іх з нейкай драбязой?

Карацей, закрыла яна "канал сувязі" і легла спаць.

А прачнулася — зноў на гарышчы тупат. Ды яшчэ і галасы...

Тут яна не на жарт спужалася, бо "на сувязь" яшчэ не выходзіла, у кантакт не ўступала. Значыць, гэта не "свае"?

На вуліцу выскачыла. Глядзіць і вачам не верыць: на даху, на сенцах... козы стаяць. Ну, вядома ж, не чужыя... Як залезлі туды? Ды, відаць, па лесках. Балазе, невысока... А адтуль — на гарышча хаты, дзе і заначавалі. Проста ўсё. Складана стала ўніз, на зямлю спусціцца.

Але ж для Пласкінкі галоўнае было, што дома яны, што жывыя, што "вышэйшыя сілы" не падманулі яе: "страты няма".

Соф'я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскі раён.

Не ўсё тое золата...

Гэтая гісторыя — з дызель-цягніка. Распавядала яе адна маладзіца, іншыя — аж заходзіліся ад смеху. З чаго? Слухайце.

"Нашай сямейцы летась так званы прэзідэнцкі дамок выдзелілі — паехалі з мужам глядзець. Ходзім па ім, дзверы адчыняем, зачыняем і аж сэрцы з грудзей ад радасці выскокваюць: пакоі прасторныя, светлыя, падаконнікі шырокія (вазонаў можна наставіць!), вада гарачая, ванна, прыбіральня ў хаце... А ўжо ж ручкі ў дзвярах! А ўжо ж ручкі! Прыгожыя, бліскучыя, "наварочаныя"... Як мне, дык найбольш яны даспадобы прыйшліся...

Але ж з-за іх якраз і непрыемнасць мела.

Вось перасяліліся мы, жывём. У выхадны з чалавекам у гарод пайшлі: буракі трэба было выкапаць, моркву ўбраць... Колькі там папрацавалі, кажу гаспадару: "Ты ўжо сам завяршай, а я пайду прыбяруся, падлогі памыю".

Зайшла ў хату і перш-наперш куды? Прабачце, у прыбіральню. Не забавілася там. А захацела выйсці — не магу. Не спрацоўвае ручка. І так яе круціла, і гэтак. Залатая, халера, блішчыць, а не паварочваецца, ну хоць ты плач! Але ж плачу, думаю, дакладна аніхто не пачуе. Трэба пагрукаць і пакрычаць.

Не паверыце: кулакі сабе збіла, голас сарвала — выніку аніякага.

Стамілася, села (добра, што хоць ёсць на што). Чую, гадзіннік у зале б'е 13, потым — палову на чатырнаццатую, пятнаццаць... Яшчэ раз крычу, грукаю, замярзаць ужо стала і слёзы з вачэй проста ручаём: бо шкада ж і мужыка, што адзін працуе, і часу змарнаванага, і падлогі, што дагэтуль стаіць нямытая, і сябе...

Нарэшце пасля 16-ці мужык у хату заходзіць. І з парога:

— Ты што, яшчэ не прыбралася? А я ўжо ўсе буракі ў склеп панасіў, маліннік у парадак прывёў.

Ахрыплым голасам "крычу":

— Я ў прыбіральні. Выпусці! Каторую гадзіну сяджу — а табе не ў галаве, што жонкі не відаць. Я тут і памерці магла б... Ручку заела.

— Вось табе і залатая, — засмяяўся ён.

...Выходзіць, хай бы і сапраўды — жалезная была, абы працавала. Асабліва — у прыбіральні.

Дзіна Дубадзелава,

в. Леніна, Добрушскі раён.

Цырк на дроце

Той, хто курыць, мяне зразумее: рэдкае задавальненне выйсці раніцой на балкон, засмаліць... Знаёмую ворану ўбачыць — на верхняй папярэчыне антэнны. Важная птушка: сядзіць — хоць карціну пішы "Каркун у дазоры"...

Праўда, зазвычай і Каркуша побач круцілася. Дзе ж цяпер?

Зірнуў на старую бярозу, што расце непадалёк. Ага, яна ў гняздзечку, нібы тая квактуха. Добра бачная нават дзюбка. Можа, сфатаграфаваць? Пачаць з Каркуна?..

Пакуль хадзіў у пакой па "мыльніцу" ды разважаў, той зляцеў з антэны і, горда чыкіляючы па даху дзевяціпавярховіка, стаў выглядваць ежу (во ў каго вочы: і кузурку на зямлі заўважыць!)

Зрэшты, за ёй цяпер крылатым паляваць не трэба: многія гараджане раз-пораз кідаюць птушкам рэшткі ежы, семкі, крупы, ладныя кавалкі кабачкоў, гарбузоў...

Тады што ж Каркун — нешта доўга ён топчацца? І па саменькім краёчку даха... Як, крый Божа, самагубца перад... "проста з моста". Няўжо і вароны ідуць на гэтакі грэх? Не-е, не павінны, бо яны ж разумныя, гаспадарлівыя птушкі. Арлы, можна сказаць! Вось гэты — можа перад жоначкай захацеў пагарэзіць? Бач, як сапраўдны канатаходзец — перад першым самастойным крокам на... кабель, нацягнуты паміж суседнімі дамамі, на дрот... Дык гэта ж цырк!

Здымаю. Аб'ектыў — нават у ручным рэжыме — факусіруецца вельмі дрэнна. Спрабую аўтарэжым. Шкодзіць лішак святла...

А Каркун ужо гойдаецца на дроце — уніз галавою! Спехам цісну на кнопку затвора... Яшчэ раз... Яшчэ... А птушка — каб жа ведаць! — па-ранейшаму вісіць! І не кілбаскаю, а нацятаю стралой.

Да мяне, нарэшце, даходзіць: Каркун не бібікі б'е, не цыркачыць, а засяроджана палюе! Палюе, відаць, на нейкую ўвішную мышку, норка якой дзесьці пад бакавінай цаглянага падмурка. Чаму вісам, чаму з дроту? А таму што адсюль, збоку, назіраць і атакаваць намнога зручней. Геаметрыя!..

Сам кідок-атаку сфатаграфаваць не пашчасціла: вельмі ўжо хутка ўсё адбылося — вокамгненна...

Пасля чаго са здабычай Каркун паляцеў (ці трэба казаць?) на бярозу — дамоў. Бо ўсё ў птушак, як у людзей: ёсць гаспадыня, ёсць — гаспадар. А значыць — здабытчык!

Анатоль БІГАЙДАРАЎ (фота аўтара),

г. Гомель

Сябры, ды не ўсе!

Дзеду Піліпу за 80. Працаваў пасля вайны ў калгасе, пракладваў дарогі, будаваў масты, а перад пенсіяй і гадоў колькі потым — гадаваў карпаў у сажалках свайго рыбгаса. Якраз тады і здарылася з ім гэтая не зусім звычайная гісторыя.

Падплыў на досвітку Піліп Іванавіч на сваім службовым катамаране да складскога памяшкання, загрузіў яго камбікормам, потым, адпіхнуўшыся вяслом ад берага, пачаў карміць сваіх гадаванцаў: шуфлем па абодва бакі шырокай лодкі рассыпаў корм... І трэба бачыць было, як скакала вакол удзячная рыба! "Бач ты, акурат як галодная дзятва ў час вайны, — гаварыў сам сабе дзед Піліп і ў душы пачуваў сябе ледзь не дырэктарам вялікага дзіцячага садка, чалавекам вельмі паважаным, бо дзяржаўнае дабро абы-каму вартаваць не давераць"...

Зрабіўшы справу, накарміўшы гадаванцаў, дзед запыніў катамаран ля залацістага ствала сасны-прыгажуні, з'еў заслужаны сняданак і, падклаўшы пад бок ватоўку, задрамаў. А чаму б і не, калі ведаеш, што пасля ранішняга кармлення рыба не вельмі пойдзе на розныя хітрыкі рыбаловаў-браканьераў, бо не галодная ж...

Ад сну вартаўніка абудзіў гул машыны, а потым рэзкія галасы людзей. Непадалёк на паляне пачынала баляваць ладная кампанія з маладых мужчын і кабет. На разасланым абрусе з'явілася багата пляшак, закускі. Тыя, што выпілі і нешта з'елі, ужо выцягвалі з багажнікаў вуды і спінінгі. Час быў дзейнічаць — пакуль не позна:

— Я тут пры службе — вартаўніком, а сажалка гэта — дзяржаўная, — строгім голасам прамовіў дзед Піліп, які ў вайну прайшоў і партызанку, і фронт, а таму нікога не баяўся. — Так што вам, людцы, дваццаць хвілін на зборы...

— Якая служба? Якая дзяржаўная сажалка? Не смяшы нас, дзед, — перапынілі яго мужыкі. — Дзе тут шыльда, дзе тваё пасведчанне? Ідзі во лепей чарку выпі. А мы пару вядзёр рыбы зловім сабе — і па руках. Згода?

(Дзеля праўды варта адзначыць, што на той час і сапраўды такіх немалаважных атрыбутаў рыбгаса, як шыльды і пасведчанні, не існавала. З'явіліся яны пазней, пасля такіх вось інцыдэнтаў).

— Калі вы зараз са сваімі машынамі не пакінеце бераг, — настойваў дзед, — я вымушаны буду паклікаць дэпутата.

— Каго-каго? — з боку прыезджай кампаніі раздаўся дружны рогат. — Ну ты даеш... Якога дэпутата, абарыген? Ты хоць ведаеш, дзе мы працуем? Ды ўсе дэпутаты — нашы сябры.

— Не, браточкі, не ўсе...

Дзед ведаў, што казаў: непадалёку на лужку і не прывязаны скуб траву яго... бычок па мянушцы (ну хай яны даруюць) Дэпутат. І варта яго паклікаць...

Бычок праз імгненне з'явіўся: пабачыў незнаёмых людзей, апусціў долу лабастую галаву, капытом капануў зямлю...

Прыезджыя ад нечаканасці, ад перапуду аж аслупянелі: шклянкі і вуды павыпадалі з рук. Жанчыны крычалі, нібы іх рэзалі. Асобныя падаліся ў бок вёскі — ды так, што пад нагамі аж застраляла ламачча — аўтаматнымі чэргамі.

— Дзед, бяры што хочаш, толькі адгані бычка, — напрамілы Бог папрасіў завадатар кампаніі.

Што было рабіць, стары пагадзіўся — пагладзіў свайго гадаванца па шыі, адвёў на ранейшае месца, а вярнуўшыся на пустую ўжо паляну, прыхапіў з сабою дзве бутэлькі гарэлкі і ладны кавалак каўбасы. "Хай і ў мой гарляк кропля трапіць. Усё ж такі перахваляваўся, ліха іх бяры...".

Сяргей КУЛАКЕВІЧ,

г. Жыткавічы.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цырк на дроце Той, хто курыць, мяне зразумее: рэдкае задавальненне выйсці раніцой на балкон, засмаліць... Знаёмую ворану ўбачыць — на верхняй папярэчыне антэнны....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика