Канец свету адмяняецца, а еўрадыпламаты хвалююцца. 21.by

Канец свету адмяняецца, а еўрадыпламаты хвалююцца

22.12.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным

У нас. Беларусь, у прынцыпе, краіна ціхая і спакойная. Так бы мовіць, памяркоўнасць — гэта наш брэнд. Аднак і ў стабільных дзяржавах могуць адбывацца скандалы. Адзін такі меў месца якраз на гэтым тыдні.

Распачалі яго не беларусы, а дыпламатычнае прадстаўніцтва Еўрасаюза. 20 снежня яно распаўсюдзіла заяву, у якой абураецца з нагоды тэлефільма "Псеўдамадэрн", што выйшаў у нядзелю на тэлеканале "Беларусь-1". Еўрапейскія дыпламаты засталіся незадаволенымі тым, як журналісты АТН даследавалі мэты і дэталі рэалізацыі праекта "Дыялог аб мадэрнізацыі", які быў запушчаны ЕС спецыяльна для Беларусі.

Дзіўныя паводзіны для прадстаўнікоў краін, якія звычайна прапагандуюць талерантнае стаўленне да журналісцкай пазіцыі. Ды і што такога, калі супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі з дапамогай запрошаных экспертаў, у тым ліку з самога ЕС, вырашылі разабрацца ў новай праграме, якая непасрэдна тычыцца Беларусі?

А разбірацца ёсць з чым. Калі адкінуць у бок дыпламатычную паліткарэктнасць, то "Дыялог аб мадэрнізацыі" — гэта фактычнае прызнанне Захадам беспаспяховасці сваёй палітыкі ў дачыненні да Беларусі, якая праводзілася мінулыя два гады. Прамы ціск, пагрозы, шантаж, санкцыі не прынеслі плёну. У заходніх сталіцах вырашылі пайсці на міравую. Праўда, зрабілі гэта нязграбна.

На першы погляд, мадэрнізацыя — гэта якраз тэма, блізкая беларускім уладам, нібыта рэверанс у іх бок. Але тут жа ўзнікае пытанне: чаму афіцыйныя прадстаўнікі суседніх і нават зусім не суседніх дзяржаў пачынаюць абмяркоўваць, як беларусам палепшыць сваё жыццё? Што гэта за такі наватарскі дыпламатычны стыль? І, што цікава, абмяркоўваюць параметры будучай дыскусіі не з афіцыйным Мінскам, а з тымі людзьмі, хто называе сябе апазіцыяй. Наўрад ці такі спосаб "наладжвання адносін" можна прызнаць надзейным.

Еўрадыпламатам няма чаго абурацца з-за непрыемных для іх тэлевізійных праграм. Калі яны захаваюць і надалей звычку ўмешвацца ў справы іншых дзяржаў, то вострыя і балючыя пытанні журналісты будуць задаваць па-ранейшаму. Можа, усё ж такі трэба не журналістаў вучыць, як ім працаваць, а нешта змяніць ва ўласнай палітыцы?

Вакол нас. Галоўная міжнародная навіна — канец свету, абвешчаны нібыта старажытнымі мая, не адбыўся. Па-сапраўднаму ў яго ніхто і не верыў. Але мы, людзі, такія натуры, што часам любім гуляцца ў пужалкі, а потым разам радавацца, што нічога катастрафічнага не адбылося. Пазітыўны вынік планетарнай істэрыі заключаецца ў тым, што да навуковых даследаванняў традыцыйных цывілізацый Лацінскай Амерыкі была прыцягнута ўсеагульная ўвага. Археолагі, якія звычайна не вельмі заўважаны грамадскасцю, сталі ледзьве не зоркамі. Можна толькі парадавацца за калег.

І ўсё ж у свеце адбываліся і больш важныя падзеі. Нарэшце пачалося збліжэнне паміж Расіяй і Грузіяй. 13-14 снежня ў Жэневе, без пасярэднікаў, прайшлі першыя перамовы паміж двума бакамі пасля жнівеньскай вайны 2008 года.

Пачынаюць спраўджвацца тыя чаканні, што былі звязаны з прыходам да ўлады ў Грузіі Бідзіны Іванішвілі. У сваіх заявах грузінскі прэм'ер-міністр вельмі асцярожны. Але на практыцы ён усё больш паварочваецца тварам да Расіі. Гэта відавочна раздражняе прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі. Але зрабіць ён нічога не можа. Па розных сацыялагічных апытаннях, каля 80% грузінаў выказваюцца за нармалізацыю адносін з вялікім паўночным суседам. Многія грузінскія бізнэсмены жыццёва зацікаўлены ў добрых кантактах з Масквой. Вялікая колькасць сем'яў наў- прост залежыць ад сродкаў, што пералічваюць працоўныя эмігранты з розных рэгіёнаў Расіі. Таму нават ва ўмовах нявырашанага тэрытарыяльнага канфлікту грузіны гатовы павольна, але настойліва ісці насустрач Маскве.

Расійскі бок таксама не можа дазволіць сабе раскошу страціць Грузію. Каўказ — стратэгічна важны рэгіён для Расіі, як па эканамічных, так і па ваенна-стратэгічных прычынах. Зараз ідзе спаборніцтва за тое, хто будзе дамінаваць на гэтай прасторы: Расія, Захад ці Турцыя. І ў крамлёўскай дыпламатыі з'явіўся шанц выйсці наперад у гэтых "горных гонках". ЗША ў сваёй палітыцы ў Грузіі залежаць ад Еўрасаюза. А еўрапейцы не хочуць прымаць ні ў НАТА, ні ў ЕС краіну, якая мае такія складаныя адносіны з Расіяй. Турцыя толькі выйшла на "вялікадзяржаўны шлях" — і адразу ж завязла ў арабскіх праблемах. Таму ад Масквы патрабуецца толькі цярпенне і шчодрасць (ва ўсіх сэнсах гэтага слова). Ну а Тбілісі неабходна добра гандлявацца. Дык каўказцы ўмеюць рабіць тое выдатна!

З гісторыі. Напярэдадні рэферэндуму 1996 года ў вышэйшых сферах вырашалася пытанне, да якой падзеі прымеркаваць Дзень незалежнасці Беларусі. Сярод прапаноў былі і даты, звязаныя з Першым Усебеларускім з'ездам 1917 года.

Толькі вось гісторыкі і цяпер не могуць дакладна вызначыцца, калі пачаўся той лёсавызначальны з'езд. 95 гадоў таму, 5 снежня па старым стылі (17 снежня па-новаму) у Мінску сабраліся першыя дэлегаты з'езда. Іх было значна меней, чым чакалася — прыблізна тры з паловай сотні. Але ў хуткім часе яны абвясцілі сваю нараду з'ездам. Сапраўдны ж "вялікі" з'езд пачаўся толькі 15 снежня, калі зарэгістраваліся 1872 дэлегаты.

Супярэчнасці ў датах звязаны з дзвюма плынямі беларускага нацыянальнага руху, якія існавалі ў 1917 годзе. Адну, якая была больш блізкая бальшавікам, узначальваў Беларускі абласны камітэт пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў. Другую, прадстаўленую ў асноўным членамі Беларускай сацыялістычнай грамады, — Вялікая Беларуская рада і Цэнтральная беларуская вайсковая рада. Асноўныя супярэчнасці паміж імі якраз і заключаліся ў адносінах да Савецкай улады, а таксама ў ступені аўтаноміі Беларусі. Аб незалежнасці краю, насуперак пазнейшым заявам, тады ў Мінску ніхто ўголас не гаварыў.

Мы дагэтуль патрошку аднаўляем дакладныя звесткі пра ўсе абставіны, звязаныя з Усебеларускім з'ездам, які быў закліканы вырашыць дзяржаўную будучыню Беларусі. Зараз ужо вядома, што з яго нагоды раскалоўся не толькі беларускі рух, але нават маналітная партыя бальшавікоў. Ленін, Сталін, Свярдлоў і Фрунзэ рашуча падтрымалі правядзенне з'езда і чакалі абвяшчэння Беларускай савецкай рэспублікі. Мінскія бальшавікі з Аблвыканкамзаха на чале з Мясніковым, Кнорыным і Ландарам былі катэгарычна супраць. Яны ўжо стварылі ўласныя органы ўлады і не хацелі чуць пра нейкіх "беларускіх дзеячаў". Але тады, у пачатку снежня 1917 года, нават яны вымушаны былі на пэўны час змірыцца з непазбежным. У Мінск, які паступова станавіўся фактычным палітычным цэнтрам Беларусі, з'язджаліся шматлікія дэлегаты. Усе чакалі развязкі...

gіgіn@bеltа.bу,

іnfо@zvіаzdа.bу

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нас. Беларусь, у прынцыпе, краіна ціхая і спакойная. Так бы мовіць, памяркоўнасць — гэта наш брэнд. Аднак і ў стабільных дзяржавах могуць адбывацца скандалы. Адзін...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика