У Семежаве пашыраюць свой род… «Цары»
26.01.2013
—
Новости Общества
|
Нездарма гэты самабытны народны абрад унесены ў Спіс духоўнай спадчыны ЮНЕСКА. Ён мае шмат прыхільнікаў у беларускай вёсцы. Чым жа вабіць людзей? Калі ласка, у нашу хату «Добры дзень вам! Ці рады вы нам? Ці запрашаеце нас?» Вясёлы натоўп запоўніў сялянскі двор. Гаспадары — тут жа, яны выйшлі з хаты, каб сустрэць незвычайных гасцей. Хто ж завітаў сюды? Маладыя мужыкі і юнакі, прыгожыя і важныя. У такіх шыкоўных касцюмах, што проста не верыцца, як такое хараство магло з’явіцца ў гэтай беларускай вёсцы. Ах, як здорава падыходзяць гасцям белыя штаны і сарочкі, арганічна дапаўняюць убранне шырокія паясы з мудрагелістым арнаментам. А на галовах — высокія квяцістыя шапкі з рознакаляровымі стужкамі. На момант усё сціхла, працэсія чакае, што скажуць гаспадары. Тыя ж шырока адчыняюць дзверы ў сенцы і шчыра гавораць: — Госцейкі дарагія, мы вам вельмі рады. Калі ласка, у нашу хату, у ёй светла, паглядзім на вас, паслухаем. Пачастуем, што Бог паслаў. Ён пра нас не забыў, і мы вас не пакрыўдзім. Працэсія запаўняе амаль усю прасторную хату, я неяк праціснуўся і стаю, захоплены незвычайным відовішчам, падобнага якому ніколі не бачыў ні ў адным беларускім паселішчы. «Я — грозны Максіміліян» Высокі прыгожы хлапец, якому аддае павагу ўся працэсія, пачынае: — Здрасце вам, я прыбыў да вас. За каго вы мяне шануеце? Я не ўладыка нямецкі, не султан турэцкі. Я грозны цар Максіміліян, сонцу брат, месяцу сват, усяму свету мудрая галава. Шагам марш! — і ўвесь яго гурт пад музыку, вясёлыя вокрыкі пайшоў па хаце, здаецца, што яна ажно задрыжэла. Тут да Максіміліяна падыходзіць пасланец, нешта яму кажа. «Цар» спахмурнеў. — Што я бачу, што я чую? — грозна ўскрыквае ён. — Хан Мамай патрабуе ад мяне дарагіх падаткаў. Не пабаюся ні агню, ні мяча, стану на ваду — вада кіпіць, стану на горы — горы дрыжаць: не дам Мамаю ні салодкай морквы, ні салёных агуркоў. Пры гэтых словах у хаце ўсе смяюцца. І тут — нечаканая вестка: прыбыў сам хан Мамай. «Біцца ці мірыцца?» — пытаецца Максіміліян у сваіх сяброў. «Біцца!» — дружна адказваюць яны. «Адмераем восем крокаў, — вырашае «цар». — І ўдарым грудзі ў грудзі. У каго грудзі мацнейшыя, у таго і меч вастрэйшы». І пачынаецца бойка, ад якой, шчыра прызнаюся, мне стала крыху не па сабе. У хаце, дзе цесна ад людзей, «цары» размахваюць мячамі, накідваюцца на «ворагаў», бегаюць і скачуць — і ўсё гэта ў вірлівым азарце, незвычайна хутка і спрытна, здаецца, што вось-вось зачэпяць люстры пад столлю, ці выб’юць шыбіну ў акне, ці ўчыняць якую-небудзь іншую шкоду гаспадарам. Але ж «цары» дэманструюць такую вывучку і лоўкасць, што ў хаце нічога не зломлена, бойка закончылася перамогай Максіміліяна. Па хаце ўжо ходзіць лекар з царскага гурта, пытаецца, што ў каго баліць, і тут жа назначае лячэнне… Ацэньвае ЮНЕСКА Я перадаў вельмі коратка змест старажытнага народнага абраду «Цары», які адноўлены ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна. Адразу ж падкрэсліваю: ён настолькі цікавы, яркі, самабытны, сапраўды ўнікальны, што заслугоўвае спецыяльнага даследавання. Безумоўна, асобнай кнігі, сур’ёзнай і змястоўнай, бо ёсць пра што распавядаць. Асабіста я, наколькі магу, сачу за «Царамі» з моманту іх з’яўлення ў Семежаве. Два гады назад расказваў у «Р», як жыхары Семежава ладзілі гэты абрад на «Шчадрэц», гэта значыць, на стары Новы год. Сёння працягваю гэтую тэму, і гутарка канкрэтная: чым менавіта вабіць абрад вяскоўцаў. Бо ён за мінулыя два гады яшчэ больш узбагаціўся: цяпер у Семежаве створана два гурты. Вобразна кажучы, «цары» ў гэтай вёсцы значна пашырылі свой радавод і спыняцца зусім не намераны. Безумоўна, ёсць важкі стымул: за вялікую работу па вывучэнні, аднаўленні і захаванні народных традыцый абрадаваму калектыву «Цары» прысуджана Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Унікальны і самабытны абрад занесены ў Спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Адметны момант: у спецыяльным выданні ЮНЕСКА адзначаецца, што сёння рытуал «Цары Каляды» спалучае даўнія прадстаўленні з традыцыйным беларускім навагоднім карнавалам. Вельмі важна, што арыгінальны абрад застаўся амаль некранутым і з’яўляецца цэнтральнай часткай светапогляду і культуры мясцовага насельніцтва. ЮНЕСКА таксама адзначыла, што ў 2008 годзе Савет Міністраў Беларусі сваёй пастановай надаў абраду статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта наша святая спадчына Словам, семежаўскія «Цары», вобразна кажучы, выйшлі за межы сваёй роднай вёскі. У чым жа іх галоўная прывабнасць? У абрадзе жыве багатая душа беларускага народа, яго характар з уласцівым прыродным гумарам, весялосцю, дабрынёй. Без гэтага «Цары» былі б немагчымы. А такімі рысамі характару шчодра надзелены жыхары Семежава. Вось і бачым арганічную ўзаемасувязь: семежаўцы збераглі сваю багатую культурную спадчыну і сілкуюць ёю цяпер «творчасць» «цароў». Тыя ж аздабляюць яе сваім талентам, цікавымі прыдумкамі і дораць такое незвычайнае мастацтва ім жа, жыхарам Семежава. І не толькі ім. — Мы аднавілі абрад такім, які ён быў у Семежаве трыста гадоў назад, — расказвае Таццяна Шаура, дырэктар мясцовага цэнтра культуры і адпачынку. — Як з песні нельга выкінуць ніводнага слова, так і з нашага абраду нават самай нязначнай дэталі. Гэтую важную акалічнасць асабліва адзначыла ЮНЕСКА. Дзякуй кіраўнікам нашага раёна, абрад уключаны ў доўгатэрміновую мэтавую раённую праграму «Адраджэнне і развіццё нашай спадчыны». Дапамагаюць і вельмі зацікаўлены ў абрадзе многія: аддзел культуры райвыканкама, РДК, раённы цэнтр традыцыйнага мастацтва, наша школа, гаспадарка, сельсавет. Затое, як радуемся, калі абрад кранае душы гасцей. Памятаю такі выпадак. Прыехаў з Салігорска ў Семежава адзін настаўнік. Убачыў наш абрад і крычыць у захапленні на ўсю вуліцу: «Дзякуй, дзякуй вам! Няўжо гэта «Цары» да нас вярнуліся? Дык гэта ж наша святая спадчына». Так, менавіта вобраз беларускай вёскі, жывы, вясёлы, яркі, прывабны, — самае адметнае і каштоўнае ў абрадзе. Таленавітыя веселуны Трэба сказаць, семежаўскія «цары» — людзі надзвычай цікавыя, таленавітыя. Для іх захаванне народных традыцый, гэта значыць удзел у абрадзе, — покліч душы. Такая іх адданасць і любоў да культурнай спадчыны зусім не выпадковая з’ява. Паслухаем Георгія Ціманава, ён у Семежаве сацыяльны работнік. — Мне ўжо 55 гадоў, абрад гэты з другімі вяскоўцамі першым і пачынаў. Зараз вось маладыя просяць: дапамажыце. Не адмаўляюся і выступаю ўжо ў ролі кансультанта. У абрадзе знайшоў тое, што з самага дзяцінства жыве ў маёй душы. Я родам з вёскі Ямнае, што на Любаншчыне. Наша сям’я была вялікая, адных братоў і сясцёр дзесяць. І ўсе веселуны, так нас вяскоўцы і звалі. Бацька на гармоніку добра граў. Я здорава танцаваў. А песні — дык уся наша сям’я вельмі любіла і спявала. Старэйшая мая сястра Ганна цяпер працуе мастацкім кіраўніком у Маладзечанскім раёне. А я тут, у «царах». Пачыналі мы з простых каляднікаў: вывернем кажух воўнай наверх — вось і Каза, пайшлі па хатах. Песні, скокі, жарты, добрыя пажаданні вяскоўцам. Цяпер, калі заходзім у хату, мы можам таксама і пажартаваць, і патанцаваць, але ж гэта ўсё, як бы мовіць, строга ў рамках абраду, вольнасцей «ад сябе» не дазваляем. Праўда, нашы вясёлыя, але стрыманыя скокі людзям падабаюцца. І калі яны ўспрымаюць іх з добрым настроем, тады мы можам паказаць, на што здольныя. Аднойчы ў хаце Таццяны Кіені так разышліся, што паламалі табурэтку. Няёмка перад гаспадарамі, прабачэння просім, маўляў, кампенсуем страту грашыма. «Ах, госцейкі, — кажа гаспадыня Таццяна Васільеўна. — Ды тое, што табурэтка паламалася, — на шчасце, не перажывайце. Шчыра вам дзякуй, што не абмінулі нашу хату, значыць, будзе сёлета ў нашай сям’і дабро, яго, па народным павер’і, прыносяць з сабой каляднікі». Асабіста мне ў «Царах», — працягвае Георгій Ціманаў, — вельмі падабаецца, хаця мая роля і незайздросная: я — азіят, хан Мамай, які прыбыў да язычнікаў па падаткі. Ужо не першы год нашу ханскае «званне», і мяне заўсёды просяць не адмаўляцца ад яго. Што за місія ў школы За кошт каго, калі можна так выразіцца, семежаўскія «цары» мацуюць і пашыраюць свой радавод? Бо зараз у двух гуртах толькі непасрэдных удзельнікаў абраду, якія ходзяць на «Шчадрэц» па хатах, аж 24 чалавекі. А колькі жыхароў вёскі ім яшчэ дапамагае. Праблем з папаўненнем «царскага роду» тут няма, і ў гэтым найпершая заслуга Семежаўскай СШ. Расказвае яе дырэктар Сяргей Аноп: — Калі пачалі аднаўляць абрад, дык узнікла вострае пытанне: хто ж будзе непасрэдна ім займацца, гэта значыць, шчадраваць. Мы ў школе часта раіліся, як гэта ўсё лепш і цікавей праводзіць. І вось нашы старшакласнікі выказалі на здзіўленне гарачае жаданне ўдзельнічаць у абрадзе, каб добрая народная традыцыя зноў вярнулася ў нашу вёску. Таму першы гурт быў у асноўным з нашых вучняў, ды і другі таксама. Тут усё заканамерна: школа тая базавая — апорная ўстанова, якая пры добрай арганізацыі сілкуе абрад, а значыць, працягвае важныя народныя традыцыі. Здаецца, у нас няблага атрымліваецца, і задаволены ўсе: нашы настаўнікі, самі «цары», вяскоўцы. Вось якая незвычайная місія выпала на долю нашай школы. «Пасеялі лебяду…» Цікавая з’ява: нават тыя ўдзельнікі абраду, вучні, якія скончылі Семежаўскую СШ і па розных прычынах пакінулі родную вёску, на «Шчадрэц» прыязджаюць дамоў. Каб пахадзіць у «царах» і падарыць вяскоўцам добры настрой. Вячаслаў Сінюк, напрыклад, удзельнічае ў абрадзе з моманту яго аднаўлення. Цяпер ён студэнт 1-га курса БНТУ, вучыцца на горнага інжынера-механіка, а месца сваё ў абрадзе — ролю трэцяга «цара» — не пакінуў. Вось і сёлета прыехаў з Мінска, каб пакалядаваць у гурце. — Што, захацелася пабыць «царом»? — пытаюся ў яго. — Так, бо абрад вельмі мяне вабіць. Па-першае, тут надта цікава самому. Быццам вяртаешся ў далёкае мінулае вёскі, даведваешся, як тут калядавалі. Вельмі даўняя традыцыя, і вось жыве ў наш час. Ты яе са сваімі сябрамі працягваеш. Па-другое, вельмі здорава прымаюць абрад нашы вяскоўцы. Асабліва падабаецца ім старажытная песня. — Можаш яе праспяваць? — З вялікім задавальненнем: «Пасеялі лебяду на берагу, // Пасеялі лебяду на берагу. // Маю крупную расадушку, // Маю крупную зялёную. // Пасохла лебяда без дажджу, // Пасохла лебяда без дажджу. // Мая крупная расадушка, // Мая крупная зялёная». Гэтую песню мы абавязкова выконваем, калі заходзім у кожную хату. Менавіта яе трыста гадоў назад спявалі салдаты суседняга гарнізона, калі ладзілі такія прадстаўленні ў вёсцы і віншавалі з Новым годам яе жыхароў. У гэтых нататках я распавядаю далёка не пра ўсе добрыя змены, якія адбыліся ў жыцці семежаўскіх «цароў» за апошні час. Вельмі важна, як самі жыхары Семежава цяпер успрымаюць гэты абрад. І што ўяўляе сабой новы, зусім малады гурт. І што «цары» ўвайшлі ў «зялёны турысцкі маршрут». І многае іншае, надзвычай цікавае і змястоўнае, але гэта ў наступны раз. Завяршыць свой аповед хачу словамі Анатоля Жданені, старшыні Капыльскага райвыканкама: — Мы ўсе разам аднавілі ўнікальны, самабытны абрад. Абавязкова захаваем яго, як найкаштоўную нацыянальную спадчыну. Гэта ў інтарэсах нашай мясцовасці і нашых жыхароў, у інтарэсах беларускай культуры. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтым трохсотгадовым абрадзе жыве багатая душа народа
|
|