Малавядомая гісторыя. Як жыхары "прыпісалі" Суражу магдэбургскае права
09.08.2017 09:14
—
Новости Общества
|
Працягваем Зручнае месцаНа жаль, у гэтым былым райцэнтры практычна нічога не нагадвае пра багатую і па-свойму ўнікальную гісторыю. Няма ні замка, ні збудаванняў, якія могуць зацікавіць турыстаў. Тэму гісторыі Суража даследаваў старшы навуковы супрацоўнік навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў. Сураж, як ні дзіўна, узнік не таму, што тут развіваліся гандаль і рамёствы. А дзякуючы зручнаму, з пункту гледжання ваеннай стратэгіі, месцазнаходжанню. У гэтым ягонае адрозненне ад пераважнай большасці беларускіх гарадскіх паселішчаў. — Сураж насамрэч мае не зусім тыповую прычыну заснавання. Справа ў тым, што ў XVІ стагоддзі месца, дзе размешчаны сучасны пасёлак, мела важнае стратэгічнае значэнне. Але да пачатку Лівонскай вайны (1558−1583 гады) замка, тым больш горада, там не існавала, — расказвае Максім Макараў. — У Суражы цячэ Заходняя Дзвіна. З паўднёвага боку ў яе тут упадае Каспля. Праз некалькі кіламетраў на ўсход Дзвіна прымае ў сябе воды буйнога паўночнага прытока — Усвячы. Кантроль над гэтым месцам дазволіў бы войскам Маскоўскай дзяржавы наладзіць сувязь водным шляхам паміж Смаленскам і Вялікімі Лукамі. Каб не дапусціць гэтага, віцебскі ваявода князь Стэфан Андрэевіч Збаражскі не пазней за 1560 год пабудаваў замак пры ўпадзенні Касплі ў Дзвіну і заснаваў тут горад. У ім ахвотна сяліліся жыхары навакольных вёсак. Бо ў гады Лівонскай вайны на неспакойным памежжы толькі сцены і вежы замкаў маглі даць людзям адносную бяспеку. — Несупынныя баявыя дзеянні і перманентная пагроза знішчэння ўносілі істотныя карэктывы ў жыццё насельніцтва. Гэта моцна паўплывала на афармленне прававога становішча мяшчан. Уладам Вялікага Княства Літоўскага цяжка было пастаянна ўтрымліваць тут наёмны гарнізон. Таму яны паспрабавалі вырашыць праблему забеспячэння абароназдольнасці замка і гарадка іншым шляхам, — працягвае гісторык. На коней!Суражскія мяшчане ў чэрвені 1570 года атрымалі гарадскія правы. І гэта была ўсё тая ж мясцовая мадэль, раней апрабаваная ў Віцебску. Асноўнай павіннасцю мяшчан было нясенне вайсковай службы, падаткаў яны не плацілі. У выніку да канца Лівонскай вайны горад не захапілі войскі Маскоўскай дзяржавы. У канцы XVІ - першай палове XVІІ стагоддзяў Сураж захоўваў сваё стратэгічнае значэнне. Цяжкія выпрабаванні выпалі на яго долю падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1609−1618 гады). Царскія войскі не раз спрабавалі авалодаць горадам. Але праз зацятае супраціўленне тутэйшых не дасягнулі мэты. 30 сакавіка 1615 года кароль Жыгімонт Ваза сваім лістом нават выказаў мяшчанам удзячнасць. І гэта іх, можна сказаць, натхніла… — У 1630−1640 гадах здараліся частыя канфлікты мяшчан з віцебскімі ваяводамі, іх суражскімі намеснікамі. Апошнія намагаліся абмежаваць самастойнасць мяшчанскай абшчыны. Таксама абвастрыліся адносіны з некаторымі феадаламі, якія спрабавалі захапіць гарадскія землі. Дзякуючы падтрымцы манарха суражскія мяшчане паспяхова адстойвалі свае правы ў такіх неспрыяльных умовах. Пры разглядзе судовых спраў Жыгімонт Ваза станавіўся на бок суражан. Больш таго — жорстка штрафаваў іх апанентаў, — тлумачыць Максім Макараў. Юрыдычны «казус»У 1631 годзе адбыліся нечаканыя змены ва ўспрыманні прававога становішча суражан уладамі. Падчас адной з судовых цяжбаў адвакат шляхціцаў Горскіх заявіў, што мяшчане Суража не могуць самастойна прадстаўляць свае інтарэсы ў каралеўскім судзе. Сапраўды, мяшчане гарадоў, што не мелі магдэбургскага права, павінны былі скардзіцца на шляхту толькі пры пасрэдніцтве мясцовага ўрадніка. У адказ на гэты выпад прадстаўнік гараджан Марцін Свяжынскі заявіў, што магдэбургскае права Сураж атрымаў яшчэ ў 1570 годзе. Хоць на самай справе на ўвазе мелася віцебскае права. Аднак, як той казаў, «пракаціла». Гэтыя словы не выклікалі пярэчання. Справа ў тым, што Статут 1588 года падзяляў гарады ВКЛ на дзве катэгорыі: з магдэбургскім прывілеем і без яго. Судовая калегія аднесла Сураж да першай катэгорыі. — З доляй гумару можна сцвярджаць, што 12 чэрвеня 1631 года, выступаючы ў судзе, Свяжынскі «надаў» Суражу магдэбургскае права, якога горад у сапраўднасці не меў. У сярэдзіне 1640-х гадоў мяшчане і мясцовыя гаспадарскія ўраднікі былі цвёрда перакананыя ў тым, што Сураж мае тое, чаго няма, — усміхаецца навуковец. Супраць старастыУ 1648 годзе адбыўся востры канфлікт паміж мяшчанамі і суражскім старастам Геранімам Друцкім-Горскім. Ён груба парушаў іх прывілеі і маёмасныя правы. Суражскія мяшчане ўзяліся за зброю, сваім «дэмаршам» моцна напужаўшы ўрадніка і яго жонку. Выступленне сапраўды магло выглядаць пагрозліва: — 27 мая 1647 года падчас канфлікту з віцебскімі езуітамі, якія прэтэндавалі на частку гарадскіх зямель, прыкладна 150 суражан з ручніцамі, рагацінамі і бердышамі прыйшлі да «апанентаў» і змусілі іх умерыць апетыт. Як бачым, мяшчане Суража бараніліся нават са зброяй у руках. «Да сярэдзіны XVІІ стагоддзя яны паспяхова адстойвалі свае правы, атрыманыя ў межах віцебскага гарадскога права», — канстатаваў суразмоўца. У 1924 годзе Сураж стаў райцэнтрам. Статус гарадскога пасёлка атрымаў ў 1938-м. У 1960-я ўваходзіў у склад Віцебскага і Лёзненскага раёнаў. Сёння — у Віцебскім. Тут пражывае больш за 900 чалавек. У маленькім Суражы нарадзіліся некалькі вядомых людзей. Напрыклад, Аркадзь Бяссмертны — беларускі скрыпач, дырыжор, прафесар, заслужаны артыст БССР. Адсюль таксама Алег Чудакоў, вучоны ў галіне сківічна-тваравай хірургіі. Сураж — малая радзіма і юрыста, эканаміста Захара Кацэнеленбаума. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ён быў адным з заснавальнікаў Дзяржбанка. Подпіс ураджэнца Суража стаяў на грашовых купюрах. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працягваем цыкл публікацый, прысвечаных гісторыі гарадскога самакіравання ў населеных пунктах на тэрыторыі сённяшняй Віцебшчыны. Сёння даведаемся пра пасёлак...
|
|