Призы газеты «Слава працы» вручены лучшим почтальонам районного узла почтовой связи. 21.by

Призы газеты «Слава працы» вручены лучшим почтальонам районного узла почтовой связи

08.12.2017 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яны забяспечылі найбольшы прырост падпіснога тыражу раёнкі за апошні квартал гэтага года.

Лепшай сярод гарадскіх паштальёнаў стала Алеся Дуброўская. Дарэчы, малады паштальён упершыню выйшла пераможцай своеасаблівага спаборніцтва, арганізаванага рэдакцыяй райгазеты.


Алеся Дуброўская пастаянна ветлівая са сваімі кліентамі, а тыя заўсёды рады яе візіту. Людзі ведаюць, што яна заўсёды дапаможа не толькі ў выбары жаданай карэспандэнцыі, але і прапануе разнастайныя тавары паўсядзённага попыту, прыме аплату за камунальныя паслугі, выдасць пенсію, аформіць падпіску на перыядычныя выданні.

У прафесіі паштальёна Алеся даўно не навічок — пяты год працуе ў аддзяленні паштовай сувязі «Капыль-2». Да гэтага была сядзелкай і сацыяльным работнікам у Капыльскім ТЦСАН, але сваё прызванне знайшла менавіта тут. Як дзеліцца сама Алеся, калектыў зладжаны, яе акружаюць добразычлівыя калегі, і калі нейкія пытанні, то без падтрымкі не застанешся.

— З кожнага, хто ў нашай камандзе, можна смела браць прыклад, — з упэўненасцю адзначае Алеся. — Асаблівы ўзор сапраўднай працавітасці для мяне — гэта Ніна Васільеўна Аляксанава, якая працуе больш за 35 гадоў.

Як гаворыцца, было б жаданне — будзе ладзіцца і работа. Ва ўсіх справах яе падтрымлівае пазітыўная сям’я ў складзе мужа, які працуе ў раённай племстанцыі вадзіцелем, і дачкі Крысціны, вучаніцы СШ № 2.

Павел ШЭІН

Самая папулярная – раёнка

— Сярод шматлікіх часопісаў, газет і пісьмаў, якія кожны дзень дастаўляю чытачу, пачэснае месца займае і раёнка, гэта самае папулярнае ў вяскоўцаў выданне, — упэўнена паштальён аддзялення паштовай сувязі «Цімкавічы» Аксана Іванаўна Марозава.

— «Слава працы» — свая газета пра сваіх людзей, — працягвае жанчына. — Акрамя навін, у ёй прачытаеш неабходную інфармацыю ў рэкламных звестках, і самому можна даць аб’яву, а таксама павіншаваць родных ці сяброў з нагоды знамянальнай падзеі. І сельскія жыхары, а я абслугоўваю частку аграгарадка Цімкавічы і ўсю вёску Чарнагубава, ахвотна яе выпісваюць. Выпісваюць таксама рэспубліканскія і абласныя газеты. А я ў сваю чаргу не забываюся ім пра гэта нагадваць. А яшчэ дастаўляю тавары на дом.

Акрамя таго Аксана Іванаўна, калі можна так сказаць, з’яўляецца крыніцай інфармацыі пра навакольнае жыццё. Яна раскажа пра навіны ў суседніх вёс-ках, пацікавіцца, якія тавары неабходны, і проста праявіць чалавечую ўвагу, спытаецца пра здароўе і пагутарыць.

— На жаль, не заўсёды атрымліваецца адвесці чалавеку дастатковую колькасць часу, выслухаць яго, — гаворыць Аксана Марозава. — Паколькі трэба ісці далей, дзе таксама чакаюць паштальёна. I, калі я кажу сваім кліентам: «Прабачце, я спяшаюся», яны не крыўдзяцца. Ведаюць, што ў іншы раз абавязкова знайду хвіліну, каб іх выслухаць, пагутарыць.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

І паштальён, і псіхолаг

Паштальён Песачанскага аддзялення паштовай сувязі Вольга Белазаровіч у любое надвор’е ідзе радаваць вяскоўцаў свежымі газетамі, пісьмамі, пенсіямі.

Вольга Белазаровіч статус работніка школьнай сталовай у 2009 годзе змяніла на прафесію паштальёна. І, як аказалася, ні разу аб гэтым не пашкадавала. Сёння ў яе на абслугоўванні ўвесь аграгарадок Пясочнае, яна тут нарадзілася і вырасла, таму ведае кожнага жыхара асабіста. Вольга ўпэўнена, што да людзей у дом заўсёды трэба заходзіць з усмешкай, і тады словы падзякі не прымусяць доўга чакаць.

Пенсіянеры для яе — катэгорыя адмысловая. Бо для пажылых людзей паштальён з’яўляецца свайго роду псіхолагам: заўсёды выслухае, падкажа і па магчымасці дапаможа.

Акрамя пісьмаў і газет, у сумцы Вольгі Белазаровіч часта аказваюцца «спадарожныя» тавары: прадукты харчавання, бытавая хімія, касметыка. Некаторыя людзі не могуць самі схадзіць па пакупкі, таму і тут паштальён — незаменны памочнік.

— За гады працы я ўжо прыкладна ведаю, які тавар, каму і ў які дзень прынесці, — усміхаецца жанчына.

Вольга Белазаровіч называе пастаянных падпісчыкаў раённай газеты «Слава працы». Гэта — Міхаіл Рак, Людміла Нічыпаровіч, Галіна Лазарэвіч.

— Наогул, гэты спіс можна працягваць яшчэ доўга, — кажа Вольга Фёдараўна, — актыўнымі чытачамі з’яўляюцца амаль усе пенсіянеры. І кожны з іх чакае раёнку з нецярпеннем.

Літаральна адразу пасля нашай размовы паштальён зноў возьме сваю тоўстую сумку на рэмені і пойдзе радаваць вяскоўцаў свежымі навінамі.

Крысціна ЖОГАЛЬ

З добрым словам

У кожным доме заўсёды з нецярпеннем чакаюць Людмілу Душэўскую, паштальёна аддзялення паштовай сувязі «Камсамольская».

— Раней мне дапамагаў мой сын, — распавядае Людміла Душэўская, — пасля школы возьме цэлы стос газет і часопісаў і бяжыць разносіць навіны па паштовых скрынях. Цяпер вялікую дапамогу аказвае муж. Зімой, калі холадна і снег, двары аб’язджаем разам з ім на машыне.

Людміла Станіславаўна карыстаецца заслужанай павагай і ў калег, і ў вяскоўцаў. Яна — пісьменны і добрасумленны работнік. Працоўны дзень паштальёна пачынаецца а палове дзясятай раніцы. Як толькі прыязджае машына з райцэнтра, атрымлівае пошту і едзе па ўчастках. У яе на абслугоўванні — Сунаі, Пятрылава і Камсамольская.

Акрамя газет і часопісаў паштальён прынясе ў дом пад заказ любы тавар, які прадаецца ў аддзяленні. А яшчэ возьме аплату за камунальныя паслугі і за паслугі сувязі ў тых, хто па якіх-небудзь прычынах не можа сам прыйсці на пошту.

Сярод самых актыўных чытачоў «Слава працы» на ўчастку Людмілы Душэўскай — Мікалай і Алена Громавы. Абое педагогі, Мікалай Мікалаевіч (на здымку з паштальёнам) — былы настаўнік фізкультуры, а вось Алена Аляксандраўна фізіку і матэматыку ў мясцовай школе выкладае і сёння. Да пастаянных чытачоў можна таксама аднесці Зінаіду Давідоўскую, Мікалая Карпучка, Марыю Карпучок, Сяргея Душэўскага і іншых.

Крысціна ЖОГАЛЬ

Дастаўка на мотаколах

Аксана Мікалаеўна Кукула працуе на мотадастаўцы ўжо тры гады і абслугоўвае 10 вёсак: ад Мажы і да Чырвонай Дубравы.

Яна дастаўляе газеты і карэспандэнцыю, раскладае ў паштовыя скрыні і нават развозіць па хатах.

— Працаваць прыходзіцца часцей з пенсіянерамі, — расказвае Аксана Мікалаеўна, — але, напрыклад, у Мажы многа і працуючых. Вельмі актыўна падпісваюцца ў Мажскім вучэбна-педагагічным комплексе пачатковая школа – дзіцячы сад, не адстаюць ад калег і выкладчыкі з Капыльскага дзяржаўнага каледжа. Упэўнена, што ў сучасным свеце канкурэнцыю друкаваным выданням складаюць электронныя, але добрая частка насельніцтва ўсё ж такі застаецца вернай менавіта папяровым выданням. «Слава працы» большасць людзей выпісвала на працягу доўгага часу, таму іх пераконваць не трэба: яны застаюцца вернымі раёнцы. Не ўсе жыхары вёсак па той ці іншай прычыне могуць даехаць да Капыля, таму ім вельмі цікава даведацца, якія змены адбываюцца ў райцэнтры, як прыгажэе наш гарадок. А паглядзець фотаздымкі — гэта як пабываць на экскурсіі. І для маёй мамы «Слава працы» — любімая газета.

Ездзім мы ў любое надвор’е: газеты і тавары людзі чакаюць заўсёды. Калі прыязджаеш (і асабліва ў аддаленыя вёскі), жыхары паважанага ўзросту любяць расказаць пра сваё жыццё, але, на жаль, уважліва паслухаць не заўсёды дазваляе час. Паштальён для іх — добры суразмоўца. Дапамагаюць нам і нашы вадзіцелі — сапраўдныя прафесіяналы, якія свой абавязак выконваюць добрасумленна.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яны забяспечылі найбольшы прырост падпіснога тыражу раёнкі за апошні квартал гэтага года. Лепшай сярод гарадскіх паштальёнаў стала Алеся Дуброўская. Дарэчы,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика