Віктара Ганчарэнку не расчаруе толькі перамога. 21.by

Віктара Ганчарэнку не расчаруе толькі перамога

17.02.2011 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

БАТЭ пастараецца нагадаць французам пра бітву Напалеона на Беразіне

Футбольная дылема гэтага тыдня вырашана: матч БАТЭ з французскім "ПСЖ" у межах 1/16 Лігі Еўропы пераносіцца не будзе. Нягледзячы на звароты французскага боку да УЕФА аб пераносе гульні, эксперты еўрапейскай футбольнай асацыяцыі прынялі рашэнне паядынак правесці ў чацвер, у 20 гадзін.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, удзень 17 лютага будзе 13-15 градусаў, увечары і ўначы — каля -17. Умовы далёкія ад ідэальных для французскіх футбалістаў, якія любяць больш камфортныя тэмпературы і прызвычаіліся гуляць на газонах добрай якасці. На прэс-канферэнцыі галоўнага трэнера БАТЭ Віктара Ганчарэнкі мы чакалі слоў пра тое, што надвор'е — наш галоўны козыр. Аднак Віктар Міхайлавіч тэму лютых маразоў абыходзіў, назваўшы галоўнымі перавагамі БАТЭ страсць і жаданне перамагчы. Але з гісторыі мы ведаем пра трагедыю напалеонаўскай арміі на Беразіне і, вядома, чакаем паўтору ў футбольнай інтэрпрэтацыі.

— Віктар Міхайлавіч, як прайшла тэмпературная адаптацыя пасля Турцыі? У якім стане дынамаўскі газон?

— Нармальная адаптацыя. Мы прызвычаіліся часта пераязджаць, таму не звяртаем увагі на адаптацыю. Для лютага гэта вельмі добры стан газона, за што асобнае дзякуй супрацоўнікам стадыёна і ўсім тым, хто дапамагаў яго прывесці ў парадак.

— Сярод шматлікіх пераваг "ПСЖ" адна з галоўных — той факт, што чэмпіянат Францыі ў разгары, у той час, як для БАТЭ гэта першы паядынак у сезоне. Якія перавагі ў БАТЭ ў гэтым матчы?

— Гэта вы, журналісты, шукаеце перавагі суперніка, а я шукаю яго слабыя бакі. Лічу, што любой парой можна гуляць з любым супернікам. Зразумела, што ў нас няма таго гульнявога тонусу, які ёсць восенню. Гэта новая для нас сітуацыя, і жаданне перамагчы і прайсці далей — гэта нашы перавагі.

— Ці ўбачаць балельшчыкі навічкоў БАТЭ Рудзіка і Сіміча?

— Яны ёсць у заяўцы і, як усе астатнія, маюць шанцы выйсці на поле. Мы задаволеныя ўсімі навічкамі. Магчыма, яны не да канца адаптаваліся да нашых патрабаванняў, асабліва гэта тычыцца Рудзіка і Гардзейчука, але прагрэс відавочны. Сіміч — кваліфікаваны абаронца, ён хутка прызвычаіўся да нашых патрабаванняў.

— Адным з самых небяспечных у складзе "ПСЖ" з'яўляецца нападаючы Нене...

— Павышаная ўвага да яго з нашага боку будзе, але персанальна яго "апякаць" ніхто не будзе.

— Плануючы падрыхтоўку да гэтага матча, вы арыентаваліся на расійскіх і ўкраінскіх калег, якія маюць вопыт ранніх матчаў?

— У мяне выдатныя адносіны з Алегам Конанавым, галоўным трэнерам "Карпат". Гэты клуб гуляў на папярэдняй стадыі з "ПСЖ". Ён прадставіў нам дастаткова разгорнутую інфармацыю пра французскі клуб. Што тычыцца асаблівасцяў падрыхтоўкі ў такіх кліматычных умовах, то і Юра Жаўноў нам штосьці падказвае. І не сакрэт, што я час ад часу тэлефаную Слуцкаму. Мы выкарыстоўваем вопыт іншых каманд.

— Калі б рашэнне залежала ад вас, вы згулялі б удзень ці ўвечары?

— Самае галоўнае — каб было камфортна балельшчыкам. Улічваючы, што чацвер — працоўны дзень, то ў чатыры гадзіны многім нязручна, а некаторым у восем гадзін вечара холадна... Знайсці кампраміс даволі складана. Для нас няма розніцы, у колькі гуляць.

— Падчас збору інфармацыі ці сутыкаліся вы з нейкімі выказваннямі французскіх гульцоў пра БАТЭ ў прэсе?

— Пра нас, як заўсёды, пішуць мала. Мы да гэтага прызвычаіліся. Сярод 16 старонак іспанскай, французскай прэсы камандзе суперніка выдаткоўваецца маленькае месца. Галоўны лейтматыў усіх выказванняў — тое, што будзе холадна.

— Падчас падрыхтоўкі да гэтага матча вы чыталі што-небудзь пра бітву Напалеона на Беразіне?

— Нам пастаянна ўводзяць у вушы барысаўскія чыноўнікі, што ў наступным годзе будзе круглая дата, і напярэдадні добра было б паўтарыць штосьці падобнае.

— У студзені вы гулялі супраць кіеўскага "Дынама" ў такіх жа ўмовах...

— Перад матчам з "ПСЖ" мы трэніраваліся на адкрытым паветры, папрасілі дырэктара стадыёна "Дынама" прадставіць нам поле. Два месяцы таму мы праводзілі трэніроўкі ў манежы.

— Як ацэніце гатоўнасць каманды і ці вытрымаюць футбалісты 90 хвілін першага ў сезоне матча?

— 90 хвілін гульцы вытрымаюць без праблем.

— Рэнан, а вы вытрымаеце 90 хвілін на такім марозе? — спыталі журналісты ў бразільскага паўабаронцы БАТЭ, лепшага футбаліста чэмпіянату-2010 Рэнана Брэсана.

— Я добра працаваў у Турцыі, 90-95 хвілін буду трываць да канца.

— Калі б вам гадоў 10 таму сказалі, што будзеце гуляць у 15-градусны мароз, што б вы адказалі?

— Пагадзіўся б.

— Якое ў вас меркаванне пра "ПСЖ"?

— "ПСЖ" — вельмі моцная каманда, вядомыя футбалісты там гуляюць — Макелеле, Нене. Але што рабіць? Трэба з імі гуляць. Шанцы пакуль 50 на 50. Спадзяёмся, што пакажам добры футбол.

— Якія слабыя бакі "ПСЖ"?

— Поле зараз больш-менш, але гэта не тое, што патрэбна для футбола. Суперніку будзе няпроста. За кошт жадання мы можам перамагчы "ПСЖ".

— Рэнан, магчыма, хтосьці з тваіх блізкіх будзе прысутнічаць на матчы?

— Учора з Бразіліі прыехала мая жонка і мой брат. Яны будуць на стадыёне.

Напрыканцы на пытанне, які вынік паядынку яго не расчаруе, Віктар Ганчарэнка адказаў: толькі перамога. Зразумела, што і гульцам, і балельшчыкам, якія прыйдуць на стадыён, прыйдзецца няпроста. Таму футбольны клуб БАТЭ пастараецца сагрэць сваіх заўзятараў не толькі феерычным футболам, але і гарачай гарбатай. Па дамоўленасці з Унутранымі войскамі на стадыёне "Дынама" будуць разгорнуты палявыя кухні, дзе ўсе ахвотныя змогуць атрымаць бясплатна гарачы напой.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
БАТЭ пастараецца нагадаць французам пра бітву Напалеона на Беразіне Футбольная дылема гэтага тыдня вырашана: матч БАТЭ з французскім "ПСЖ" у межах 1/16 Лігі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика