Народжаны для добрых спраў. 21.by

Народжаны для добрых спраў

20.06.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>


Падчас Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у выставачнай зале музейнай экспазіцыі палаца Тызенгаўзаў адкрылася выстава, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння былога старшыні райвыканкама Васілія Васільевіча Чэпіка.

Яго жыццё абарвалася трагічна — у аўтамабільнай катастрофе 30 студзеня 2000 года. А на Пастаўшчыне засталіся яркі след, які пакінуў за 13 плённых гадоў працы ў раёне, і ўдзячная людская памяць, што так годна матэрыялізавалася і ў аформленай выставе. На яе ўрачыстае адкрыццё прый­шлі родныя Васілія Васільевіча, былыя паплечнікі па працы, іншыя нераўнадушныя да гісторыі раёна людзі. Прынялі ўдзел старшыні абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і Пётр Курто, былы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Пётр Южык.

«Кампетэнтны, настойлі­вы, мэтанакіраваны кіраў­нік, Васілій Васільевіч умела каардынаваў работу ўсіх сфер народнагаспадарчага комплексу, вывеў раён у лік лепшых не толькі ў вобласці, але і ў рэспублі­цы, — гаварыла дырэктар раённага краязнаўчага музея Таццяна Гвідонаўна Гарошка, адкрываючы ўрачыстасць. — Вялікую ўвагу надаваў сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна, шмат «помнікаў» пакінуў пасля сябе: школы, фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Варапаеве, паліклініку ў Паставах, добраўпарадкаваныя вулі­цы, цэнтральную плошчу горада і многае іншае. Праявіў сябе ўмелым арганізатарам і актыўным грамадскім дзеячам. Карыстаўся заслужаным аўтарытэтам не толькі ў раёне, але і ў вобласці, рэспубліцы».

Затым бралі слова тыя, каму давялося працаваць пад кіраўніцтвам В. В. Чэпіка. «Васілій Васільевіч быў наймацнейшым аграрыем, — адзначыла Ванда Фердынантаўна Януковіч. — Ён меў аналітычны склад розуму, дасканала валодаў статыстыкай, умеў яе аналізаваць, правільна вызначаць задачы і дабівацца іх ажыццяўлення, чаго патрабаваў і ад падначаленых. Яго ведалі ў вобласці і рэспубліцы не толькі як моцнага гаспадарніка, але і як палітычнага дзеяча». У пацвяр­джэнне сказанаму выступоўца прывяла шэраг фактаў. «Калі б не здарылася трагедыі, Васілій Васільевіч з цягам часу стаў бы адным з дзяржаўных дзеячаў краіны, — перакананы Пётр Міхайлавіч Розынка. — Ён заўсёды быў у курсе спраў, што адбываліся ў Беларусі, а ў сваю бытнасць дэпутатам Вярхоўнага Савета дэпутатаў удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці жыццёва важных законаў. Дзякуючы аднаму з іх — аб дзяржпадтрымцы аграрна-прамысловага комплексу — сельская гаспадарка краіны выжыла ў вельмі складаны перыяд, калі распаўся саюз рэспублік». Такое ж меркаванне выказаў і былы намеснік старшыні аблвыканкама Пётр Уладзіміравіч Южык. «Цяжкія 90-ыя гады… А ў Паставах, дзякуючы намаганням Васілія Васільевіча, будуецца самая буйная ў вобласці чатырохпавярховая паліклініка, — узгадваў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальні­цы Уладзімір Мікалаевіч Чакавы. — А ў 1998 годзе таксама па яго ініцыятыве прыступілі да стварэння лакальнай камп’ютарнай сеткі, якой да гэтага яшчэ не мела ні адна клініка ў рэспубліцы. Затым старшыня райвыканкама «выбіў» фонды для адраджэння палаца Тызенгаўзаў».

Удзячнасць, хваляванне, расчуленасць чыталіся на тварах родных Васілія Васільевіча і чуліся ў іх выступленнях. Дачка Аксана ехала ў той трагічны дзень разам з бацькам, моцна пацярпела ў аўтакатастрофе, але медыкам удалося выратаваць яе жыццё. Закончыла дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы. Выйшла замуж, гадуе сыночка. Зараз жыве з сям’ёй у Мінску, працуе праграмістам. Свята беражэ памяць пра бацьку: «Вельмі цяжка ўсведамляць, што таты няма побач. Ён запомніўся маладым, энергічным, бадзёрым, поўным сіл. У думках заўсёды параўноў­ваю: а як бы паступіў тата? Ён і адтуль, з іншага свету, вядзе нас па жыцці. Дзякуй за стварэнне такой годнай выстаўкі. Сённяшняе мерапрыемства — сведчанне таго, што тата пакінуў на Пастаўшчыне добры след». Родная сястра Тамара ўзгадала, што яе старэйшы брат Васілій са школьных гадоў быў вельмі адказны, сур’ёзны, працавіты. Такія рысы характару ўласцівыя і яго сыну Сяргею. Таму зусім не выпадкова ён стаў на той жа шлях, што і бацька. Не змагла стрымаць слёз Ганна Максімаўна, якая прайшла поруч з мужам 30 гадоў, была яго надзейным тылам, падзяляла ўсе радасці і трывогі. Яна і зараз жыве памяццю пра каханага чалавека, бацьку сваіх дзяцей, сапраўднага гаспадара.

«Так сталася, што праз 17 гадоў пасля трагічнай гібелі бацькі я заступіў на тую ж пасаду, на якой працаваў ён, і ўвайшоў гаспадаром у яго кабінет, — гаварыў сын Сяргей. — Для бацькі не існавала перашкод, ён адкрываў любыя дзверы, а яго пастаянным дэвізам было: «Прарвёмся!» І прарываўся. Нават у найскладанейшыя гады пасля развалу СССР дакладна ставіў мэты і дабіваўся іх ажыццяўлення. Вельмі высока ўзняў планку. Перасягнуць яе немагчыма, утрымаць — складана. Але імкнуся да гэтага, аддаю і буду аддаваць усе сілы сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна, навядзенню парадку. Мне ёсць кім ганарыцца і да чаго імкнуцца».

На выставе прадстаўлена шмат фотаздымкаў: кіраўнік раёна з паслом ЗША ў Беларусі; падчас паездкі ў Ізраіль са старшынёй калгаса імя Суворава Алегам Адольфавічам Валодзькам; у скла­дзе дэлегатаў абласной партканферэнцыі; сустракаецца ў полі з механізатарамі; вітае ўдзельнікаў міжнароднага фестывалю; з епіскапам Полацкім і Глыбоцкім Феадосіем; віншуе з юбілеем доўгажыхарку; у акружэнні сям’і і многія іншыя. Змешчана нямала дакументаў, ёсць друкаваныя выданні. Дэманстраваліся кадры кінахронікі, гучаў голас Васілія Васільевіча.

Усё гэта пакінула ў прысутных на адкрыцці выставы глыбокае ўражанне. Застаецца дадаць, што яна будзе экспанавацца да канца жніўня і яе змогуць пабачыць усе ахвотныя. Несумненна, асаблівую цікавасць выстава выкліча ў тых пастаўчан, хто жыў і працаваў побач з Васіліем Васільевічам Чэпікам.

* * *

У той жа дзень, 9 чэрвеня, у фае райвыканкама была адкрыта галерэя партрэтаў былых кіраўнікоў раёна: Аляксандра Андрэевіча Манахава, Валянціны Аляксееўны Клачковай, Барыса Іпалітавіча Гаўрыльчыка, Васілія Васільевіча Чэпіка, Ванды Фердынантаўны Януковіч, Эдуарда Пятровіча Казуры, Віктара Сяргеевіча Гутарава.

 Фаіна Касаткіна

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Падчас Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у выставачнай зале музейнай экспазіцыі палаца Тызенгаўзаў адкрылася выстава,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика