Цэнтрвыбаркам зацвердзiў вынiкi прэзiдэнцкiх выбараў
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Учора Цэнтральная камiсiя па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў зацвердзiла вынiкi выбараў прэзiдэнта Беларусi.
У адпаведнасцi з рашэннем Цэнтрвыбаркама, удзел у выбарах прыняло 6 млн 630 тыс. 653 грамадзянiны Беларусi, або 92,9 працэнта ад унесеных у выбарчыя спiсы. Сяргей Гайдукевiч атрымаў 3,5 працэнта галасоў, або 230 тыс. 664; Аляксандр Казулiн — 2,2 працэнта, або 147 тыс. 402; Аляксандр Лукашэнка — 83 працэнты, або 5 млн 501 тыс. 249; Аляксандр Мiлiнкевiч — 6,1 працэнта, або 405 тыс. 486. Такiм чынам, дзеючы прэзiдэнт атрымаў перамогу на прэзiдэнцкiх выбарах у трэцi раз, прычым на гэты раз з яшчэ большымi працэнтамi, чым на выбарах 2001 года. Сакратар Цэнтрвыбаркама такiм чынам пракаментаваў вынiкi галасавання. Паводле яго слоў, яшчэ падчас падрыхтоўкi выбарчай кампанii ў ЦВК адбылася сустрэча з дэлегацыяй ПА АБСЕ. Адзiн з яе членаў заявiў, што на выбарах-2001 А. Лукашэнка перамог з 75 працэнтамi галасоў, што з таго часу сацыяльна-эканамiчная сiтуацыя ў краiне палепшылася, таму на выбарах-2006 А. Лукашэнка можа перамагчы з яшчэ большымi працэнтамi, аднак у гэтым выпадку Еўропа не прызнае вынiкаў выбараў. М. Лазавiк адзначыў, што для таго, каб у мiжнародных назiральнiкаў не ўзнiкала сумненняў у дакладнасцi лiчбаў, iм дазволiлi назiраць нават за тым, што выходзiць за рамкi выбарчага заканадаўства. У вынiку, паводле слоў сакратара ЦВК, на гэтым тыднi на прамое пытанне прадстаўнiк мiсii мiжнародных назiральнiкаў ад АБСЕ сказаў, што не падвяргае сумненню лiчбавыя паказчыкi вынiкаў прэзiдэнцкiх выбараў. Пры гэтым М. Лазавiк адзначыў, што падтрымка дзеючага прэзiдэнта магла б быць i меншай, аднак яе павялiчылi дзеяннi дзярждэпартамента ЗША i прынцыпы выбарчай кампанii апанентаў. Адказам на ўсе iнiцыятывы апошнiх, лiчыць ён, стала тое, што грамадзяне больш адказна паставiлiся да неабходнасцi наведвання ўчасткаў для галасавання, а за А. Лукашэнку ў вынiку прагаласавалi нават тыя, хто раздумваў, каму аддаваць свой голас. Учора на пасяджэннi Цэнтрвыбаркама таксама былi разгледжаны тры скаргi. Паводле слоў А. Казулiна, якi падаў адну са скаргаў. На яго думку, прэзiдэнцкiя выбары не з’яўляюцца канстытуцыйнымi, не адпавядаюць беларускiм i мiжнародным выбарчым стандартам: выбары прызначаны датэрмiнова, адсутнiчала прадстаўнiцтва апазiцыi ў выбарчых камiсiях рознага ўзроўню, назiральнiкi не былi дапушчаны да падлiку галасоў i г.д. У вынiку А. Казулiн патрабаваў выбары прызнаць адбыўшымiся, але не сапраўднымi ў сувязi з парушэннямi заканадаўства, а таксама заклiкаў прызначыць выбары на 16 лiпеня гэтага года. На думку члена Цэнтрвыбаркама Надзеi Кiсялёвай, у скарзе адсутнiчаюць юрыдычна значныя падставы для яе задавальнення, а сама яна больш падобна на палiтычную заяву. Акрамя таго, факты, якiя ў ёй змешчаны, раней ужо разглядалiся Цэнтрвыбаркамам i на iх былi дадзены адказы. У вынiку было прызнана, што на асобных участках маглi быць дапушчаны парушэннi працэдурнага характару, якiя iснуюць ва ўсiх краiнах пры правядзеннi выбарчых кампанiй. Такiм чынам, Цэнтрвыбаркам палiчыў, што факты, прыведзеныя ў скарзе, не могуць паўплываць на вынiкi выбараў у Беларусi ў цэлым, а сама скарга не была задаволена. Таксама скаргi былi пададзены ад iмя Беларускага Хельсiнскага камiтэта i кiраўнiка iнiцыятыўнай групы А. Мiлiн-кевiча Аляксандра Бухвостава. Iх скаргi не былi задаволены па тых жа прычынах.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора Цэнтральная камiсiя па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў зацвердзiла вынiкi выбараў прэзiдэнта Беларусi
|
|