21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Шэдэўры з Бярозы

25.08.2009 21:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У вераснi 2003 года ў Бярозе на прадпрыемстве «Бярозабудматэрыялы» ўрачыста адкрывалi новыя лiнii па вырабу керамiчнай плiткi. Было шумна. Гучалi як шчырыя пажаданнi росквiту, так i намёкi, што прадпрыемства, маўляў, узяло занадта высокi рубеж. «Паглядзім, паглядзiм...»,— чыталася ў вачах некаторых гасцей. Аднак, Канстанцiну Андрэевiчу Клейду, якi толькi што быў прызначаны на пасаду дырэктара, было не да рэверансаў. Трэба было самасцвярджацца. Менавiта ён, Канстанцiн Андрэевiч, да прызначэння на пасаду дырэктара працаваў галоўным эканамiстам i распрацоўваў абгрунтаваннi на новыя лiнii. Належала цi пацвердзiць высокую кампетэнтнасць, цi з сораму зысцi з дыстанцыi.

Узлёт (а iншакш не скажаш) прадпрыемства за два з паловай гады пераконвае ў тым, што колiшнi эканамiст не памылiўся ў разлiках. «Бярозабудматэрыялы» лiдзiруюць у вырабе керамiчнай аблiцовачнай плiткi. Праўда, аб гэтым мала ведаюць у нашай рэспублiцы.

-МЫ ПРАЦУЕМ I З АЙЧЫННЫМI СПАЖЫЎЦАМI, РАЗАМ З ТЫМ ПРАВОДЗIМ ГРУНТОЎНЫЯ

маркетынгавыя даследаваннi замежных рынкаў. Гэта дае добрыя вынiкi. Iтальянская тэхналогiя ўжо дазволiла пастаўляць наш тавар у Расiю, Украiну, Прыбалтыку, Румынiю i iншыя краiны. Агульны аб’ём экспартных паставак складае па керамiчнай плiтцы 80 працэнтаў, i гэта далёка не мяжа, — кажа Канстанцiн Андрэевiч. А потым дадае: «Праўда, пра лёгкасць у гэтай справе гаварыць не даводзiцца».

Расiя i Украiна пачынаюць дынамiчна развiваць уласныя вытворчасцi. На iнвестыцыйныя грошы рэанiмiруюцца старыя прадпрыемствы, ствараюцца новыя. Ужо нават не якасць вырабу, а звычайная прадпрымальнасць вызначае мацнейшага. А яшчэ дальнабачнасць. Толькi новыя тэхналогii забяспечаць будучыню.

Канешне, каб не крэдыты (якiя паспяхова вяртаюцца «Беларусбанку»), на прадпрыемства сыпаўся б залаты дождж. Рэнтабельнасць вытворчасцi складае 17 працэнтаў, за мiнулы год прыбытак склаў 4,5 мiльярда рублёў. Але з гэтай сумы якраз i гасяцца розныя запазычанасцi. Як зазначыла намеснiк генеральнага дырэктара па эканомiцы Наталля Рыгiна, рэальны тэрмiн поўнага разлiку за ўзяты крэдыт — 2009 год. Пасля гэтага прадпрыемства «ўздыхне з палёгкай». Праўда, грошы зноў жа будуць патрэбны на мадэрнiзацыю вытворчасцi, абаротныя сродкi i г.д. У бюджэце прадпрыемства, як i ў сямейным бюджэце — пастаянны рух.

Трэба сказаць, што выдатныя вынiкi працы бярозаўскiх вытворцаў не засталiся незаўважанымi. Як толькi стаў вiдавочным стабiльны прыбытак, прадпрыемства трапiла ў спiс прыватызуемых. Цяпер дзяржаўнае прадпрыемства «Бярозабудматэрыялы» павiнна пераўтварыцца ў адкрытае акцыянернае таварыства. Мiж тым, калектыў такой iнiцыятывы не праяўляў. Спецыялiсты прадпрыемства лiчаць, што акрамя дадатковага клопату пераўтварэнне гэта нiчога не дасць. У пакеце акцый доля работнiкаў калектыву складзе дзесьцi каля аднаго працэнта. Па-ранейшаму асноўным уладальнiкам прадпрыемства застанецца дзяржава.

Прадпрыемства ўжо выйшла на праектныя магутнасцi. Калi ў 2003 годзе яно вырабiла 1547 тысяч квадратных метраў плiткi, то ў 2005-м iтальянскiя лiнii фiрмы SACMI выдалi 3012 тысяч квадратных метраў. Многа гэта цi мала? У рэспублiцы штогод (з улiкам усiх вытворчасцяў) вырабляецца каля дваццацi мiльёнаў квадратных метраў, кiтайцы ж пастаўляюць на рынкi сусвету штогод два мiльярды трыста мiльёнаў квадратных метраў аблiцовачнай плiткi. Можна было б скептычна ўхмыльнуцца, маўляў, у iх вырабу нiзкая якасць. Але ж, там жа таксама працуюць iтальянскiя лiнii! Экспансiя кiтайскай керамiчнай плiткi на засвоеныя рынкi не выключана. Таму ў Бярозе вельмi паважлiва ставяцца да канкурэнтаў, вывучаюць кожны iх рух. I паляпшаюць якасць сваiх вырабаў.

У красавiку 2005 года прадпрыемства правяло сертыфiкацыю сваёй прадукцыi на адпаведнасць мiжнароднаму стандарту ISO 13006 у лабараторыi будаўнiчых матэрыялаў у Вiльнюсе i атрымала права экспарту сваёй прадукцыi ў краiны еўрапейскай эканамiчнай супольнасцi. У лiстападзе таго ж года бярозаўцы правялi сертыфiкацыю сiстэмы кiравання якасцю на адпаведнасць мiжнародным стандартам ISO серыi 9001-2000. Гэта дазволiла павялiчыць продаж на iншых мiжнародных рынках.

Актыўна ўдзельнiчае прадпрыемства ў мерапрыемствах, якiя ладзяцца ў Расii i ўнутры рэспублiкi i дазваляюць пацвердзiць высокую якасць вырабаў. У 2004 i 2005 гадах у межах праграмы «100 лепшых тавараў Расii» яно было адзначана дыпломам лаўрэата конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублiкi Беларусь на рынку Расiйскай Федэрацыi». На рахунку дыплом пераможцы конкурсу «Лепшы будаўнiчы прадукт 2004 года», дыплом пераможцы грамадскага конкурсу «Лепшая прадукцыя 2005 года» ў намiнацыi керамiчнай плiткi для падлогi i ўнутранай аблiцоўкi сцен, дыплом пераможцы конкурсу «Прэмiя Брэсцкага аблвыканкама ў галiне якасцi» i iншыя.

На жаль якасць каляровага друку газеты не здольна перадаць усю прыгажосць бярозаўскiх узораў. Не апiсаць яе i словамi. У тэхналогii вырабу керамiчнай плiткi ўлiчваюцца як рэцэптуры i вопыт старажытных майстроў, так i сучасныя дасягненнi. Пiльны падбор i кантроль сыравiнных кампанентаў i дабавак надаюць ёй непаўторнасць, над дызайнам працуюць вядучыя майстры рэспублiкi. Уручную яны выконваюць толькi эскiзы. Далей справа тэхнiкі. Iтальянская тэхналогiя дазваляе пераносiць i тыражаваць малюнкi на плiтцы метадам шаўкаграфii. Робiцца гэта аўтаматычна, на канвееры паточнай лiнii. Там творчая арыгiнальнасць мастака ўвасабляецца ў рэальны выраб у прамым сэнсе з вялiкай хуткас-цю. Спецыялiсты аддзела маркетынгу запэўнiлi, што прадпрыемства можа выканаць па дамове любы малюнак. Галоўнае, каб аб’ём заказу быў значным i ў заказчыка былi грошы. Важна зазначыць, што ўсе працэсы па вырабу плiткi адбываюцца ў абсалютнай чысцiнi. Яна i ля магутнага прэса, i ля канвеера, i ля печкi, у якой варыцца фрыта — зыходны прадукт для глазуры (хоць усе складаючыя для вытворчасцi плiткi — сыпучыя).

Што ж датычыцца складаючых для фарбаў, то яны набываюцца прадпрыемствам лiтаральна па ўсiм свеце i здольны забяспечыць перадачу ўсiх колераў вясёлкi.

Пастаянна (штомесяц) на прадпрыемстве з’яўляюцца ўсё новыя i новыя па дызайну калекцыi. Гэта робiцца для таго, каб памяшканнi, аздобленыя бярозаўскай плiткай, не былi падобныя адно да аднаго. I не варта сумаваць, калi ў дзень вашага прыезду не акажацца таго малюнка, якi вы бачылi ў кватэры суседа. Разнастайнасць, якую вам прапануюць у аддзеле збыту, пераўзыдзе ўсе вашы чаканнi, i вы абавязкова набудзеце не горшае. Дарэчы, для рознiчнага гандлю прадпрыемства мае сваю краму. Там можна набыць плiтку за наяўны разлiк. Хоць, магчыма, для чытача гэта i не самы танны шлях. Тады спытайце бярозаўскую плiтку ў блiжэйшых гандлёвых кропках па месцы свайго жыхарства. Не выключана, што там адкажуць: «Вазьмiце iтальянскую, яна не горшая». Многiя заможныя грамадзяне аблiцоўваюць свае пакоi менавiта такой — «iтальянскай». Хоць адрозненне яе ад бярозаўскай бадай толькi ў больш высокай цане. Дасведчаныя ў гэтым ужо даўно разабралiся i едуць не ў Рым цi Мiнск за плiткай, а ў Бярозу. Сведчаннем таму i наплыў пакупнiкоў у аддзеле збыту. Працуе ён, як гадзiннiк, чакаць доўгага афармлення папер не даводзiцца. Да ведама аптовых пакупнiкоў: прадпрыемства мае свой транспартны цэх i гатова даставiць свой выраб у любую кропку рэспублiкi i за яе межы. Ёсць на прадпрыемстве i чыгуначная ветка. Жадаеце ажыццявiць закуп вагонамi — калi ласка. Адным словам, «Бярозабудматэрыялы» — гэта сучасны цэнтр па вырабу керамiчнай плiткi, ветлiваму i хуткаму абслугоўванню пакупнiкоў.

Працаўнiкi ганарацца сваiм прадпрыемствам, змагаюцца за яго гонар. Мiкалай Цiмафеевiч Клiмчук пражыў у Бярозе большую частку свайго жыцця. Узначальваў некалi раённы аддзел унутраных спраў, вызначаўся прынцыповасцю. Як намеснiк дырэктара па кадравых пытаннях ён i зараз глядзiць на фармiраванне калектыву праз прызму агульных паводзiнаў чалавека. Бяроза горад невялiкi, тут усё навiдавоку. Таму перавага пры працаўладкаваннi тым, хто не заплямiў сябе дрэннымi паводзiнамi, хто гатовы працаваць у камандзе.

Мы размаўляем у яго кабiнеце. Зазванiў тэлефон. Мiкалай Цiмафеевiч папрасiў прабачэння i нешта патлумачыў у трубку. Потым вярнуўся да тэмы:

— Ваенны адстаўнiк просiцца на працу. На любую. I неблагi чалавек. Але ж у нас праведзена атэстацыя працоўных месцаў, свабодных няма. Параiў яму стаць у чаргу.

— Вiдаць, доўга давядзецца чакаць?

— Магчыма. Хоць той, хто працуе, таксама часам не цэнiць гэтага. I нячыстыя на руку бываюць, i парушальнiкi працоўнай дысцыплiны. Звальняем. Пасля просяцца назад.

— Бераце?

— У якасцi выключэння. Павiнен зазначыць, што сiстэма выхавання на прадпрыемстве поўнасцю залежыць ад адносiнаў да працы кiраўнiкоў усiх узроўняў. Калi ў нiжэйшым звяне, на ўзроўнi брыгады цi ўчастка скрываюцца недахопы — дабра не чакай. Нездарма замежныя стандарты якасцi працы прадугледжваюць калектыўную адказнасць за вынiкi дзейнасцi, i мы iх паспяхова ўкаранiлi.

— А вы не лiчыце, што на адносiны да працы ўплывае агульны iмiдж прадпрыемства, вядомасць заводскай маркi? Не сакрэт, што да нядаўняга часу вытворчасць будматэрыялаў была бруднай, не прыцягальнай. Быў час, калi i зэкаў сюды накiроўвалi працаваць.

— Быў. Ды даўно сплыў. Дзякуючы добра распрацаванаму плану рэканструкцыi зараз наша прадпрыемства не пазнаць. Ад цяжкай фiзiчнай працы зроблены крок да поўнай механiзацыi i аўтаматызацыi. У нас працуе больш за чатыры сотнi жанчын. Яны працуюць у чысцiнi, прыгожа апранутыя. Залюбуешся.

Моладзь да трыццацi гадоў складае трэцюю частку працуючых. Гэта адукаваныя, граматныя спецыялiсты. Некаторыя працуюць на эксплуатацыi абсталявання, вядуць яго рамонт i адладку. Клопатам iншых з’яўляюцца прыгожыя ўзоры нашай плiткi.

Высокая квалiфiкацыя спецыялiстаў-электроншчыкаў дазваляе перапраграмiраваць абсталяванне, што павышае разнастайнасць нашай прадукцыi. Ну а творчая моладзь праяўляе сябе ў дызайне вырабаў. Бярозаўскую керамiчную плiтку ўжо зараз вызначаюць нечаканыя мастацкiя знаходкi, многiя праекты ў стадыi распрацоўкi. Толькi за кошт адметнага дызайну можна будзе перамагаць канкурэнтаў. У нас iснуе творчае супрацоўнiцтва з Беларускай акадэмiяй мастацтваў. Мы прымаем на практыку студэнтаў-дызайнераў. Заключылi дамову на правядзенне сярод iх творчага конкурсу, у кастрычнiку падвядзём вынiк. Пераможца атрымае значную суму. Не будуць пакрыўджаны i iншыя ўдзельнiкi. Мы наблiзiлiся да таго, каб прапанаваць заказчыку не толькi плiтку як тавар, а i мастацкiя праекты яе ўжывання ў розных спалучэннях. Бяроза дыктуе i будзе дыктаваць рынку сваю моду.

Як бачыце, ад мiнулага ўяўлення пра будматэрыялы не засталося i следу. Калектыў развiваецца па ўсiх напрамках. Нагоды, па якiх працоўнiкi атрымлiваюць тыя цi iншыя даплаты, i згадаць цяжка. Напрыклад, калi чалавек за працоўны год не атрымлiваў нi разу лiсток непрацаздольнасцi, ён атрымлiвае дадатковы дзень да водпуску. Дзе яшчэ такое сустрэнеш?

— А сярэдняя зарплата?

— За пяцьсот тысяч. Удакладняць не буду...

— Вiдавочна, кiраўнiцтва завода можа быць поўнасцю задаволена станам калектыву.

— Фармiраванне калектыву — праца пастаянная. Пасля змены людзi iдуць дадому, займаюцца сваiмi справамi... i зноў вяртаюцца на прадпрыемства. Для нас важна, з якiм настроем яны прыступаюць да працы. Жыццё зараз няпростае. У Бярозе тыя ж заганы, што i ў iншых месцах. Вага рабочага месца ўжо зараз вельмi значная, i мне прыемна, што члены нашага калектыву ўсведамляюць гэта. «Бярозакерамiка» — гэта iмя, зарэгiстраваная гандлёвая марка. Нас менш ведаюць у рэспублiцы, але на знешнiх рынках мы штодня будзем сведчыць сваю перавагу.

Падрыхтаваў Віктар ХУРСІК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вераснi 2003 года ў Бярозе на прадпрыемстве «Бярозабудматэрыялы» ўрачыста адкрывалi новыя лiнii па вырабу керамiчнай плiткi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика