21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Што дамiнуе ў стварэннi законаў

25.08.2009 21:49 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Эксклюзiўнае iнтэрв’ю «Звяздзе» намеснiка Старшынi Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргея Забалотца




— Сяргей Макаравiч, так склалася, што ў грамадскай свядомасцi парламентарый, як i дэпутат мясцовага Савета, — слуга народа, абаронца, да якога людзi iдуць са сваiмi жыццёвымi праблемамi. А паколькi дэпутат Палаты прадстаўнiкоў мае больш высокi статус, то i зваротаў да яго больш. Атрымлiваецца, што ён нярэдка вымушаны падмяняць не толькi свайго калегу, але i мясцовыя выканаўчыя органы ў вырашэннi такiх, скажам, пытанняў, як рамонт дарогi, перанос аўтобуснага прыпынку, добраўпарадкаванне вулiцы, хоць галоўнае ў паўнамоцтвах парламентарыя — заканадаўчая праца.

— Вырашэнне падобных пытанняў займае, канешне, ладны «кавалак» часу, але, з другога боку, прыносiць нам i маральнае задавальненне, бо дапамагаем людзям у важных для iх клопатах. Я пераканаўся ў гэтым на ўласным вопыце дэпутацкай работы ў Аўтазаводскай выбарчай акрузе № 94 г. Мiнска, бо ў сталiцы, на жаль, няма раённых саветаў. У днi дэпутацкага прыёму прымаю не менш за дваццаць чалавек. Падсабляю iм, у чым магу, цесна кантактуючы з раённай i гарадской уладамi. Iншы раз высвятляецца, што дэпутацкага ўмяшання не спатрэбiлася б, калi б хадатай папярэдне пракансультаваўся па сутнасцi свайго запыту ў адпаведных раённых службах. Справа ў тым, што пакуль яшчэ далёка не ўсе людзi ўсвядомiлi як след канстытуцыйны прынцып падзелу ўлады i рознiцу ў паўнамоцтвах галiн улады, а таксама кiраўнiцкiх органаў розных узроўняў, i лiчаць за лепшае адразу звярнуцца ў больш высокую iнстанцыю.

— Напэўна, спрацоўвае i перасцярога, каб запыт не трапiў пад сукно i каб на яго адрэагавалi належным чынам?

— Такое апасенне адыгрывае не апошнюю ролю. Мы, дэпутаты, часта сустракаемся з выбаршчыкамi i можам меркаваць пра выключную важнасць задачы, якую паставiў Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка на чарговую пяцiгодку — прыблiзiць дзяржаву да людзей, зняць бюракратычныя прэпоны пры вырашэннi пытанняў паўсядзённага жыцця на любым узроўнi — ад ЖЭСаў, натарыяльных кантор, мясцовых выканаўчых камiтэтаў i iншых структур да цэнтральных органаў кiравання. Заканатворчы задзел у дэбюракратызацыi ўжо зроблены. На праходзячай цяпер чацвёртай сесii Палаты прадстаўнiкоў унесены змяненнi i дапаўненнi ў заканадаўства па пытаннях спрашчэння парадку натарыяльных дзеянняў. Плануем разгледзець папраўкi яшчэ ў шэраг заканадаўчых актаў, у тым лiку аб арганiзацыi работы з грамадзянамi. На стадыi так званага нулявога чытання прапрацоўваем разам з урадам добры тузiн законапраектаў.

— Значыць, накiроўваючыся ў натарыяльную кантору, чалавек можа быць упэўнены, што яму не давядзецца зноў i зноў абiваць парог гэтай установы i марнаваць час у доўгiм чаканнi патрэбнага дакумента цi даведкi?

— Прынцып «аднаго акна» — не дэкларацыя, а закон. Калi той жа натарыус надумае беспадстаўна паказаць клiенту ад варот паварот i запатрабуе прад’явiць дакументы цi звесткi, не прадугледжаныя заканадаўствам, несвоечасова выдасць даведку, то будзе падвергнуты адмiнiстрацыйнай адказнасцi. Упаўнаважаныя асобы дзяржаўнага органа цi арганiзацыi будуць несцi адмiнiстрацыйную адказнасць таксама за парушэнне парадку i тэрмiнаў выдачы даведак i iншых дакументаў, што ўтрымлiваюць факты юрыдычнага значэння. У некаторых дзеючых законах канкрэтызуецца парадак ажыццяўлення дзяржаўнай рэгiстрацыi нерухомай маёмасцi i ўдакладняюцца патрабаваннi да дакументаў аб рэгiстрацыi. Упарадкоўваецца працэдура атрымання архiтэктурна-планiровачнага задання i дазволу на правядзенне будаўнiча-мантажных работ, выдачы даведак i iншых дакументаў аддзеламi ЗАГС, дамамi грамадзянскiх абрадаў i iншыя пытаннi. Можна сказаць, iдзе «праполка» нарматыўнай базы ад залiшнiх i састарэлых прадпiсанняў, бюракратычных бар’ераў, якiя ўскладняюць вырашэнне паўсядзённых жыццёвых клопатаў людзей.

— Iншымi словамi, заканадаўча афармляючы дзяржаўную палiтыку, парламент, разам з тым, i сам з’яўляецца яе творцам у межах сваiх канстытуцыйных паўнамоцтваў?

— Палiтыка нашай дзяржавы «выношваецца» не ў высокiх чыноўнiцкiх кабiнетах, а iдзе знiзу, ад рэальнага жыцця. Паглядзiце, як часта прэзiдэнт ездзiць у рэгiёны i ў глыбiнку. Рэальную карцiну спраў вывучае не па дакладах мясцовых начальнiкаў, а ў шчырых гутарках з простымi людзьмi цi то ў заводскiм цэху, цi то на калгасным полi, цi ў медыцынскай установе. Кiраўнiцкай вертыкалi таксама не дае заседжвацца. У асяроддзi сваiх выбаршчыкаў атрымлiваюць «падзарадку» i дэпутаты парламента. Штомесяц адзiн тыдзень, як правiла, адводзiцца рабоце ў выбарчай акрузе. Гэта прыём выбаршчыкаў, наведванне прадпрыемстваў, устаноў i арганiзацый, сустрэчы ў працоўных калектывах, гутаркi ў распарадчых i выканаўчых органах, дапамога ў вырашэннi канкрэтных пытанняў, удзел у мерапрыемствах. Уся гаворка з чалавекам, здавалася б, круцiцца вакол звычайнага жыццёвага клопату — праца, жыллё, сацыяльнае забеспячэнне, мацярынства, адукацыя, ахова здароўя, мiжасабовыя ўзаемаадносiны, а, мiж тым, самохаць выводзiць iншы раз у рэчышча права i правапрымяняльнай практыкi. Ад прыватнага перакiдваецца масток да грамадска значнага. Вядома, людзi звяртаюцца да нас, дэпутатаў, перш за ўсё з просьбамi, скаргамi i са сваiм набалелым, але нямала i такiх, хто жыва цiкавiцца заканадаўчымi навацыямi, выказвае сваё меркаванне пра эфектыўнасць i запатрабаванасць тых цi iншых прававых нормаў.

Журналiсты, акрэдытаваныя ў Палаце прадстаўнiкоў, маглi заўважыць, што калi ў Авальнай зале праводзiцца так званы «ўрадавы час», то членам урада i iншым высокапастаўленым асобам даводзiцца адказваць на даволi сур’ёзныя пытаннi як рэгiянальнай, так i шырокай грамадскай значнасцi. Справа не толькi ў падрыхтоўцы, агульнай эрудыцыi i грамадзянскай пазiцыi парламентарыяў. Iнфармацыю для гэтых пытанняў дэпутаты «прывозяць» са сваiх выбарчых акруг — ад простых людзей, з прадпрыемстваў i гаспадарак, са школ, лячэбных устаноў, ад кiраўнiкоў раёнаў i гарадоў. Таму i было вырашана загадзя падаваць iх ва ўрад, каб вiцэ-прэм’еры, мiнiстры i намеснiкi мiнiстраў маглi падрыхтаваць грунтоўныя, вычарпальныя адказы. Практыка такiх пасяджэнняў ужо добра адпрацавана i карысць iх вiдавочная як для ўрада, так i для заканадаўцаў.

А ўзяць парламенцкiя слуханнi? Гэта, я сказаў бы так, адзiн з найбольш эфектыўных каналаў трансляцыi ў парламент грамадскай думкi па асаблiва важных для краiны праблемах сацыяльна-эканамiчнага характару i вызначэння ўчасткаў прыкладання сiл парламента, урада, абласных саветаў i выканкамаў, навуковых i iншых устаноў, шырокай грамадскасцi. Прэса паведамляла пра нядаўнiя парламенцкiя слуханнi, прысвечаныя 20-годдзю катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Рэзананс слуханняў, я ўпэўнены, праявiцца не толькi ва ўдасканаленнi адпаведнага дзеючага заканадаўства, але i ў новых дзяржаўных мерах па пераадоленню наступстваў чарнобыльскай бяды, пра што гаварылася ў дакладзе прэм’ер-мiнiстра Сяргея Сiдорскага i ў iншых выступленнях.

Вялiкае значэнне таго, што зроблена i робiцца ў нашай краiне ў гэтым напрамку, асаблiва вiдавочна ў глабальным кантэксце. Нядаўна беларуская парламенцкая дэлегацыя, якую я ўзначальваў, па запрашэнню Дортмундскага i Мiнскага мiжнародных адукацыйных цэнтраў пабывала ў Федэратыўнай Рэспублiцы Германiя, дзе ўзяла ўдзел у партнёрскай канферэнцыi на тэму «Чарнобыль папярэджвае». У рамках вiзiту адбылiся нашы сустрэчы з кiраўнiцтвам i дэпутатамi ландтага федэральнай зямлi Паўночны Рэйн-Вестфалiя. Разам з дэпутатамi бундэстага мы ўдзельнiчалi ў «круглым стале», якi прайшоў у Берлiне, абмеркавалi комплекс пытанняў беларуска-германскага супрацоўнiцтва, у тым лiку па чарнобыльскай праблематыцы. Абодва бакi выказалiся за развiццё чарнобыльскiх iнiцыятыў i паглыбленне адносiнаў у абласцях, якiя ўяўляюць узаемны iнтарэс. Такiя мiжнародныя акцыi, несумненна, служаць умацаванню даверу i ўзаемаразумення мiж народамi.

— Тое, што заканадаўцы прыслухоўваюцца да грамадскай думкi, павышае рэйтынг парламента, працуе на яго аўтарытэт. Ведаю, што дэпутаты i спецыялiсты Сакратарыята Палаты бяруць на заметку заўвагi i прапановы па ўдасканаленню прававой базы, якiя выказваюцца на выязных пасяджэннях пастаянных камiсiй i ў пiсьмовых зваротах грамадзян. Аднак чытаеш iншы заканадаўчы акт, асаблiва аб дапаўненнях i змяненнях у дзеючыя законы, i да сэнсу не дасi рады даступiцца, бо ў тэксце нагрувашчана мноства зносак i адсылак. Разумею, што законапраекты i ўвогуле ўсе нарматыўныя прававыя акты пiшуць квалiфiкаваныя юрысты, але ж разлiчаны законы на звычайных людзей, якiя i павiнны кiравацца гэтымi законамi ў працы i жыццi. Як вы лiчыце, цi пад сiлу парламенту паўплываць на тое, каб усё заканадаўства было даступным i зразумелым кожнаму чалавеку без неабходнасцi мець персанальнага юрыста-талмача?

— Праблема якасцi законаў — ключавая праблема заканатворчасцi i самая складаная. У прававым рэгуляваннi ўсяго комплексу грамадскiх адносiнаў удзельнiчае шэраг дзяржаўных органаў i iншых структур, уключаных у нарматворчы механiзм. Кожны прававы акт «нараджаецца» ў вынiку мноства ўзгадненняў, пачынаючы з канцэпцыi, назвы, структуры дакумента i заканчваючы лiнгвiстычнай фармулiроўкай артыкулаў i выбарам слоў для выражэння той цi iншай прававой нормы, бо ў законе мае значэнне ўсё, нават знакi прыпынку. Я ўпэўнены, што калi б наша нацыянальнае заканадаўства ў цэлым не адпавядала высокiм прававым стандартам, прынятым ў мiжнароднай супольнасцi, то мы не змаглi б дасягнуць сённяшняга iнтэнсiўнага сацыяльна-эканамiчнага поступу краiны, забяспечыць яе суверэнiтэт i незалежнасць. Нарматворчы працэс развiваецца не стыхiйна, а на трывылым падмурку прававой i арганiзацыйнай базы, створанай, дарэчы, у самы сцiслы тэрмiн пасля таго, як Беларусь стала прэзiдэнцкай рэспублiкай. Упарадкаванасць, планавасць, прадуманыя канцэптуальныя прынцыпы i навукова абгрунтаваная метадалогiя — вось тыя «кроквы», на якiх фармiруецца i ўдасканальваецца нацыянальная нарматворчасць. У вынiку з году ў год паслядоўна пашыраецца заканадаўчае поле, лiквiдуюцца прававыя «прарэхi» i прынятая раней нарматыўная база расчышчаецца ад устарэлых прадпiсанняў.

Жыццё пацвердзiла сiлу i правiльнасць прававых рашэнняў, прынятых за дзесяць мiнулых гадоў па шырокаму спектру пытанняў. Аднак новы этап дзяржаўнага будаўнiцтва, якi праходзiць пад дэвiзам «Дзяржава — для народа», вымагае пераасэнсавання заканатворчай i правапрымяняльнай практыкi з пункту гледжання яе адэкватнасцi новым патрабаванням. Зрабiць прававы масiў максiмальна дасканалым, каб законы былi зразумелымi i спрашчалi парадак вырашэння тых цi iншых пытанняў — такую задачу паставiў перад парламентарыямi i ўсiмi ўдзельнiкамi заканатворчага працэсу прэзiдэнт. Усведамляючы яе прынцыповую важнасць i цесную повязь з шэрагам фактараў, дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў сканцэнтравалi галоўную ўвагу на пошуку шляхоў аптымiзацыi i iнтэнсiфiкацыi заканатворчай працы. Гэта, як нам уяўляецца, тое ключавое звяно, якое дапаможа стварыць дадатковыя магчымасцi для паляпшэння якасцi заканадаўчых актаў.

— У чым жа вам бачацца такiя магчымасцi?

— Па-першае, у наданнi заканатворчаму працэсу большай сiстэмнасцi. Мы ўдасканальваем схему ўзаемадзеяння з суб’ектамi права заканадаўчай iнiцыятывы i ўстановамi, якiя распрацоўваюць законапраекты. Унесены змяненнi ў працэдуру праходжання дакументаў знiзу ўверх па заканатворчай пiрамiдзе. Яны датычацца, прынамсi, абавязковага папярэдняга ўзгаднення канцэпцыi законапраекта, падрыхтоўкi заключэнняў па iх Нацыянальным цэнтрам законапраектнай дзейнасцi пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, узгаднення пазiцый дзяржаўных органаў. Дарэчы сказаць, з мiнулага года да плана падрыхтоўкi законапраектаў, якi зацвярджае кiраўнiк дзяржавы, прыкладаецца i план распрацоўкi канцэпцый найбольш складаных, аб’ёмных нарматыўных актаў.

Па-другое, прынята рашэнне аб тым, каб суб’екты права заканадаўчай iнiцыятывы прыкладалi да кожнага праекта прававога дакумента, якi ўносiцца ў Палату прадстаўнiкоў, не толькi канцэпцыю, але i разгорнутае абгрунтаванне неабходнасцi гэтага закона. Распрацоўшчыкам законапраектаў рэкамендавана прасочваць праходжанне дакументаў ад унясення да разгляду i прыняцця адпаведнага рашэння i, калi ўзнiкае такая неабходнасць, дапрацоўваць iх разам з дэпутатамi.

I, па-трэцяе, рэзерв для больш дакладнай ацэнкi якасцi законапраектаў нам бачыцца ва ўмацаваннi супрацоўнiцтва профiльных камiсiй Палаты з мiнiстэрствамi i ведамствамi, а таксама ва ўдзеле дэпутатаў у экспертызе заканадаўчых iнiцыятыў яшчэ на этапе iх пачатковага праектнага афармлення. Мы пераканалiся, што гэта адыгрывае сваю станоўчую ролю ў стварэннi глыбокiх па зместу, юрыдычна граматных, дакладных па архiтэктонiцы i даходлiвых па стылiстыцы законаў.

— Найбольшы рэзананс у грамадстве выклiкаюць законы, звязаныя з жыллём, працоўнымi адносiнамi, сацыяльнай абаронай, пенсiйным забеспячэннем, адукацыяй. Мiж тым, праходжанне ў парламенце некаторых заканадаўчых iнiцыятыў сацыяльнага характару расцягваецца на даволi працяглы час. Чаму?

— У заканатворчасцi, як i ў медыцыне, галоўны прыпцып — «Не нашкодзь!» Iншы раз трэба адмераць не тое што сем разоў, а — семдзесят разоў па сем. Што ўстанаўлiвае закон? Правiлы паводзiнаў. Цi то для пэўнага сектара эканомiкi, цi то для суб’ектаў гаспадарання, цi то для пэўнай сферы прафесiйнай дзейнасцi, цi то для нейкага сегмента грамадскiх адносiнаў i г.д. Дэпутаты iмкнуцца праяўляць узважанасць i збалансаванасць у кожным заканадаўчым рашэннi. А калi яно кранае самыя першарадныя патрэбы i iнтарэсы людзей, iх штодзённае быццё? Не праявiўшы ў такiм выпадку прававой асцярожнасцi i акуратнасцi, можна наламаць нямала дроў. Вопыт суседнiх дзяржаў гэта пацвердзiў. Лепш вучыцца на чужых памылках, чым на сваiх. Да таго ж падрыхтоўку законапраектаў нярэдка карэкцiруе само жыццё, нечакана трансфармуючы, здавалася б, правераныя практыкай грамадскiя адносiны, што замацоўваюцца заканадаўча. Узнiкаюць новыя абставiны, якiя вымагаюць узгаднення i ўдакладнення ва ўстаноўленым парадку пазiцый парламента, Савета Мiнiстраў, Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта i iншых удзельнiкаў нарматворчага працэсу. Часта даводзiцца наноў перапiсваць многiя палажэннi законапраекта, а то i iстотна перапрацоўваць яго. Затое такая каласальная работа акупаецца тым, што прыносiць карысць людзям, якiя выбралi нас у парламент, i нашай дзяржаве.

Дэпутаты цяперашняга склiкання за невялiкi час сваёй парламенцкай працы паспелi ўрэгуляваць комплекс важных пытанняў, у тым лiку i сацыяльных. Добры рэзананс у грамадстве атрымалi, напрыклад, узаконеныя меры па дзяржаўнай падтрымцы сем’яў, якiя выхоўваюць дзяцей, гарантыi па сацыяльнай абароне дзяцей-сiрот i дзяцей, якiя знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэннi, а таксама навацыi ў прававой базе радыяцыйнай бяспекi i санiтарна-эпiдэмiчнага становiшча насельнiцтва. Майстры народнай творчасцi станоўча ацанiлi сацыяльныя гарантыi, устаноўленыя папраўкамi ў закон аб рамеснiцкай дзейнасцi. На вясновай сесii мяркуем разгледзець яшчэ шэраг не менш значных для грамадства прававых дакументаў сацыяльнага зместу.

— Канкрэтызуйце iх, калi ласка.

— Гэта праекты законаў «Аб лекавых сродках», «Аб вышэйшай адукацыi», «Аб агульнай сярэдняй адукацыi», папраўкi ў Кодэкс аб шлюбе i сям’i, у заканадаўства па пытаннях пенсiйнага забеспячэння. Прычым усе яны будуць абмяркоўвацца ў другiм чытаннi, значыць, маюць шанц неўзабаве стаць законамi. У двух чытаннях разгледзiм дапаўненне ў артыкул 255 Працоўнага кодэкса, якое iнiцыiравалi дэпутаты Валерый Лектараў i Уладзiмiр Iсаеў.

— Цiкава, i што ж мае на ўвазе прапанова дэпутатаў?

— Выкарыстоўваючы сваё права заканадаўчай iнiцыятывы, яны прапанавалi ўнесцi ў Працоўны кодэкс дапаўненне аб магчымасцi галоўнага ўрача i намеснiка галоўнага ўрача лячэбнай установы займацца лячэбнай практыкай па сумяшчальнiцтву. Карацей кажучы, дэ-факта зрабiць дэ-юрэ, каб кiраўнiкi арганiзацый аховы здароўя не «абыходзiлi» закон i маглi вярнуцца да сваёй дыпломнай спецыяльнасцi. Дарэчы, у сферах адукацыi, навукi i культуры для працы па сумяшчальнiцтву абмежаванняў няма.

— Значыць, Палата прадстаўнiкоў падтрымае гэтую папраўку?

— Рашэнне па кожнаму законапраекту прымаецца дэмакратычна, большасцю галасоў. Так што галасаванне пакажа, цi падзяляюць дэпутаты меркаванне сваiх калег.

— Пажадаем парламенту шчодрага ўмалоту iдэй, якiя дапамагаюць вырашаць канкрэтныя праблемы грамадства i чалавека.

— Дзякуй. Дэпутаты для таго i працуюць, каб карысць ад рэалiзацыi законаў была максiмальнай як для краiны, так i для людзей.

Аляксандр ФIЛIМОНАЎ.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Эксклюзiўнае iнтэрв’ю «Звяздзе» намеснiка Старшынi Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргея Забалотца
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика