«МАЛАДЗЁЖНАЯ ПРАКТЫКА» — ПА НОВЫХ ПРАВIЛАХ
Алена ПРУС, БЕЛТА
Наймальнiкам павялiчаць памер кампенсацыi за працаўладкаванне беспрацоўных па «маладзёжнай практыцы»
У арганiзацыю «маладзёжнай практыкi» плануецца ўнесцi iстотныя змяненнi. Адпаведны праект пастановы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны цяпер праходзiць экспертызу ў Мiнюсце, паведамiла галоўны спецыялiст галоўнага ўпраўлення палiтыкi занятасцi i народанасельнiцтва Мiнпрацы i сацабароны Жанна ШЧАМЯЛЁВА. Яна адзначыла, што прадугледжваецца павялiчыць памер кампенсацыйных выплат наймальнiку за працаўладкаванне беспрацоўных па «маладзёжнай практыцы». «У маладых людзях, якiя не маюць неабходных практычных прафесiйных навыкаў i працоўнага стажу, наймальнiкi не зацiкаўлены, — сказала Жанна Шчамялёва. — Сутнасць «маладзёжнай практыкi» ў тым, каб забяспечыць часовую занятасць беспрацоўных праз стымуляванне наймальнiкаў да прыёму на работу маладых людзей. Цяпер служба занятасцi аплачвае наймальнiку расходы па заработнай плаце «практыканта» ў памеры велiчынi бюджэту пражытачнага мiнiмуму ў сярэднiм на душу насельнiцтва штомесяц. А плануецца кампенсаваць яшчэ i суму падаткаў i налiчэнняў на заработную плату навiчка». Гэта павысiць зацiкаўленасць наймальнiка ў працаўладкаваннi беспрацоўных на ствараемыя вучнёўскiя месцы або на iснуючыя вакансii. Другое новаўвядзенне датычыцца пашырэння катэгорый беспрацоўных, якiя накiроўваюцца на «маладзёжную практыку». Цяпер гэта выпускнiкi прафесiйна-тэхнiчных вучылiшчаў, сярэднiх спецыяльных i вышэйшых навучальных устаноў, а таксама выпускнiкi школ, якiя прайшлi прафнавучанне па «пуцёўцы» дзяржслужбы занятасцi. Да гэтых катэгорый дабавяцца таксама жанчыны, якiя раней не працавалi ў сувязi з доглядам дзiцяцi ва ўзросце да трох гадоў, i беспрацоўныя, якiя прайшлi навучанне на курсах (пры прад’яўленнi сертыфiката). Рэалiзацыя гэтай меры будзе садзейнiчаць часоваму працаўладкаванню жанчын з дзецьмi i тых людзей, якiя пасля атрымання прафесii на курсах не могуць самастойна знайсцi рабочае месца. Паводле слоў Жанны Шчамялёвай, плануецца адмянiць патрабаванне аб трохмесячнай «вытрымцы» вакансii. Дзеючым палажэннем аб «маладзёжнай практыцы» ўстаноўлена, што наймальнiк мае права прыняць беспрацоўнага толькi на свабоднае на працягу трох месяцаў рабочае месца (выключэнне складаюць беспрацоўныя, якiя прайшлi прафнавучанне па накiраванню дзяржаўнай службы занятасцi, — на iх гэта патрабаванне не распаўсюджваецца). Пасля прыняцця пастановы Мiнiстэрства працы i сацабароны наймальнiк зможа прымаць на «маладзёжную практыку» работнiка на любое вызваленае месца. Для наймальнiка прыём на работу «практыканта» выгадны з фiнансавага пункту гледжання — затраты на аплату яго працы часткова кампенсуюцца службай занятасцi. I для беспрацоўнага карысць вiдавочная: ён не толькi працаўладкаваны, атрымлiвае зарплату (прычым не нiжэйшую за мiнiмальную заработную плату), але i набывае неабходныя стаж, навыкi практычнай работы. Максiмальная працягласць «маладзёжнай практыкi» — шэсць месяцаў, але па рашэнню наймальнiка «практыкант» можа быць прыняты на пастаянную работу да заканчэння гэтага тэрмiну. Колькасць субсiдзiраваных часовых рабочых месц для моладзi ў параўнаннi з 2005 годам павялiчана ў 1,3 раза. У адпаведнасцi з Дзяржаўнай праграмай занятасцi насельнiцтва Рэспублiкi Беларусь на 2006 год па «маладзёжнай практыцы» плануецца працаўладкаваць 1 тыс. 360 беспрацоўных. Гэты напрамак дзейнасцi дзяржслужбы занятасцi актыўна развiваецца ў рэспублiцы. Гэта звязана з тым, што ў садзейнiчаннi ў працаўладкаваннi маюць патрэбу многiя выпускнiкi розных навучальных устаноў. Паколькi пад размеркаванне падпадаюць не ўсе ўладальнiкi дыпломаў, а значыць, i першае рабочае месца гарантавана далёка не кожнаму маладому спецыялiсту. Асаблiва складана замацавацца на рынку працы выпускнiкам школ, якiя засталiся «за бортам» абiтурыенцкай кампанii. Так, на ўлiку па беспрацоўю на 1 студзеня 2006 года былi амаль 2,7 тыс. выпускнiкоў ВНУ, ССНУ i ПТВ, а таксама 6,5 тыс. выпускнiкоў сярэднiх школ. Каб аблягчыць уваходжанне маладых людзей у рынак працы, i выкарыстоўваецца такi iнструмент, як «маладзёжная практыка», сказала спецыялiст. Цяпер своеасаблiвы пропуск да рабочага месца атрымаюць i мацi малалетнiх дзяцей. У цэлым за апошнiя пяць гадоў працаўладкаваны больш як 3 тыс. беспрацоўных выпускнiкоў навучальных устаноў. Пасля завяршэння тэрмiну дагавора многiя «практыканты» застаюцца працаваць у наймальнiка ўжо на пастаяннай аснове — як правiла, 60 працэнтаў з iх замацоўваюцца на месцы праходжання «маладзёжнай практыкi».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наймальнiкам павялiчаць памер кампенсацыi за працаўладкаванне беспрацоўных па «маладзёжнай практыцы»
|
|