21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Бабулiны прымхi — не такiя ўжо i забабоны?

25.08.2009 21:52 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Хочаце — верце...

Загадка на логiку: чаму ў часы нашых бабуль прынята было толькi аднойчы браць шлюб i жыць з адным чалавекам усё жыццё? Сёння ж спраўляюць залатое вяселле лiчаныя пары. Стала нормай некалькi шлюбаў. У чым прычына? Можа ў тым, што нашы продкi прытрымлiвалiся няпiсаных правiлаў, звычаяў, заснаваных на шматвяковым жыццёвым вопыце? Асаблiва ў самыя значныя перыяды свайго жыцця.

Дзе-нiдзе абрады выконваюцца i сёння. Напрыклад, перад дарогай у ЗАГС мацi тройчы па сонцу абводзiць маладых вакол стала, аббягае са збожжам вакол вясельнага картэжу, каб у сям’i быў дастатак; на вясельным застоллi маладыя п’юць з аднаго кубка, ядуць адным вiдэльцам, каб усё жыццё быць разам. Маладая кiдае букет, каб тая, што зловiць, хутчэй выйшла замуж...

Праўда, гэта адбываецца ўсё радзей. Многiя маладыя лiчаць, што такiя абрады робяць iх вяселле несучасным. Грэбуюць вянчаннем, ручнiкамi; замест каравая, асаблiва ў дарагiх рэстаранах, падаюць звычайны дэсерт: пiрожныя, торцiкi, пячэнне. Вянчанне перастала лiчыцца абавязковым. Часта бацькi наладжваюць дзецям вяселле на пазычаныя грошы, што правакуе iх на нястачу.

Не многiм разумней паводзiць сябе жанчына ў час выношвання дзiцяцi, у самы адказны момант яе жыцця. Мы ўжо прывыклi, iдучы па вулiцы, бачыць цяжарных з цыгарэтай цi бутэлькай пiва ў руцэ.

Раней жа ўвесь гэты перыяд быў насычаны абмежаваннямi, якiя былi накiраваны на тое, каб захаваць дзiця ад злога вока. Жанчына кiравалася пэўнымi правiламi, каб нарадзiць здаровае, паўнацэннае дзiця.

Бабулi кажуць, што будучай мацi нельга глядзець на п’яных, на калек, а варта глядзець толькi на прыгожае. Нельга, спужаўшыся пажару, хапацца за твар цi за цела, бо ў дзiцяцi на гэтым месцы будуць чырвоныя плямы. Забаранялася круцiць жорны, пераступаць вяроўку, каб дзiця не ўкруцiлася ў пупавiну i не задушылася; або пераступаць цераз сякеру — дзiця можа нарадзiцца з «заечай», нiбы рассечанай, губой; наступаць на крывыя прадметы (дугi, сукаватыя палкi), бо дзiця можа быць крываногае цi гарбатае. Няможна штурхаць нагой хатнiх жывёл, бо на спiнцы ў дзiцяцi можа вырасцi шорстка. Калi гэта здарыцца, трэба выкачваць яе хлебным мякiшам. Калi цяжарная стрыжэ валасы, яна ўкарочвае дзiцяцi розум, калi шые цi вяжа ў свята, рызыкуе нарадзiць дзiця са шрамамi на целе або сляпое.

Лiчылася, што можна прадказаць цi нават закласцi характар будучага дзiцяцi. Так, калi цяжарная шмат спiць, яе ўвесь час хiлiць на сон, гэткiм жа будзе i малое. Калi будзе шмат есцi, асаблiва на хаду, набiраючы ў кiшэнi, дзiця будзе пражорай. Есцi ўпоцемках — будзе баяцца цемры. Калi выцяць цяжарную, то ў нованароджанага на гэтым месцы застануцца сляды ад удару. Нельга размаўляць, не пражаваўшы, бо дзiця будзе шапялявiць цi заiкацца. Небяспечна, калi ў час сну на жывот свецiць месяц — дзiця можа ў будучым стаць лунацiкам.

Калi надышоў час раджаць, неабходна, каб пра гэта ведала як мага менш людзей. Бо ў адваротным выпадку за кожнага чалавека парадзiха адмучаецца. Каб аблегчыць родавыя пакуты, жанчыне неабходна расплесцi валасы, расшпiлiць усе гузiкi, зняць пярсцёнкi, павязкi, распусцiць паясы. Нават у сучасных радзiльных дамах, калi жанчына забудзе пра гэта, вопытная акушэрка абавязкова ёй напомнiць.

«Нарадзiўся ў добрую хвiлiну»— кажуць у народзе. Лiчылася, шчасце чалавека залежыць ад пары, у якую нарадзiўся. Так, нараджэнне ўлетку цi вясной абяцае вясёлае жыццё, узiмку — халоднасць да людзей, увосень — суровасць характару; нарадзiцца на Узвiжанне — пакутаваць; на «Галаварэза» (11 верасня) — мець схiльнасць да разбою, на Каляды — пашану да продкаў, на Спаса — схiльнасць да манаства.

Пра характар чалавека можна меркаваць i па пагодзе, у якую ён з’явiўся на свет. Калi свецiць сонца — будзе добрым, вясёлым, калi ў дождж — плаксiвым. Калi iдзе дождж i свецiць сонца, нараджаюцца людзi з анёльскай душой. Лiхiя людзi нараджаюцца ў мяцелiцу, а яшчэ горшыя — падчас завiрухi: мужчына можа стаць п’янiцай, злодзеем, а жанчына — ведзьмай i сваёй смерцю не памрэ.

Лiчыцца, шчаслiвымi будуць хлопчыкi, падобныя на мацi, а дзяўчынкi — на бацьку.

Нарадзiўшы дзiцятка, мацi павiнна быць яшчэ больш абачлiвай, каб абаранiць яго ад лiхога вока i з самага першага дня закласцi ў дзiця здароўе, даць яму добрую долю. Купаючы, асаблiва ў першы раз, у ночвы кладуць сярэбраныя i залатыя манеты цi пярсцёнкi, каб дзiця было чыстае, здаровае, багатае.

Нашы продкi хрысцiлi дзiцятка ў дзень нараджэння. Збiраючыся ў храм, у пялюшкi абавязкова ўгортвалi кавалачак хлеба i драбок солi, каб дзiця заўсёды мела дастатак i каб яго нiхто не сурочыў.

Пакуль дзiця не хрышчонае, яму нельга даваць iмя, бо, лiчыцца, да яго можа прычапiцца нячысцiк. Раней iмёны даваў святар, кiруючыся царкоўным календаром. Сёння часцей бацькi самi выбiраюць iмёны для сваiх дзяцей. Таму i атрымлiваецца такая бязглуздзiца, як Лаура Пятроўна цi Цэзар Сяргеевiч.

У храм едуць самым доўгiм шляхам, робячы аб’езды, каб «згубiць» ды «растрэсцi» як мага больш дзiцячых грахоў. Дадому вяртаюцца хутка i не спыняючыся.

Кажуць, яшчэ ў ненароджанага дзiцяткi ножкi звязваюцца нябачнымi путамi. Бабулi раяць: калi дзiцятка сяк-так зробiць самастойна крок, трэба тройчы правесцi мiж яго ножак па падлозе нажом са словамi «разарвiцеся, путы!»

Гаварыць дзецi пачынаюць па-рознаму. Чым даўжэй жанчына не прызнаецца, што яна цяжарная, тым пазней дзiця пачне гаварыць. Дарэчы, калi першае слова ў яго «мама» цi «баба», то наступнай у сям’i будзе дзяўчынка, а калi «тата» цi «дзед», — хлопчык.

Стрыгуць дзiця толькi пасля года. Валаскi пускаюць у цякучую ваду, каб на дзiцячай галоўцы яны раслi густымi i шаўкавiстымi. А калi астрыжаныя валасы выкiнуць, яны могуць трапiць у птушынае гняздо цi мышыную нару, i тады дзiця можа ўсё жыццё мучыцца ад галаўнога болю.

Канешне, знойдуцца людзi, якiя лiчаць гэтыя i iншыя прыкметы «бабскiмi забабонамi», перажыткам мiнулага. Але нават яны часам, каб не прагаварыць, цiшком пастукаюць па дрэву цi прагоняць чорнага ката, калi той паспрабуе перабегчы iм дарогу...

Збiрала прыкметы Святлана НIКIФАРАВА.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Загадка на логiку: чаму ў часы нашых бабуль прынята было толькi аднойчы браць шлюб i жыць з адным чалавекам усё жыццё? Сёння ж спраўляюць залатое вясе
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика