Навыперадкi з мядзведзiцай
Iлона IВАНОВА
У заасадзе пад Буйнiчамi жывуць жывёлы, выратаваныя з бяды ...У Гомельскай вобласцi пенсiянерка знайшла ў лесе казулю-мацi, якая памiрала, i побач з ёй — двое нованароджаных. Добрая жанчына забрала малых дадому i выкармiла з лыжачкi. А праз тыдзень iх прывезлi ў Магiлёўскi заасад. Малым адгарадзiлi куток у будынку адмiнiстрацыi — заслалi падлогу травой i зрабiлi нешта падобнае на будку. Казулю-дзяўчынку назвалi Дашай, яе адрознiвае яркая чырвоная стужка на шыi. Яна гарэзлiвая, грацыёзна ходзiць i нiбыта глядзiцца ў цёмны экран вялiкага тэлевiзара: маўляў, цi я не сапраўдная прыгажуня?.. Казуля лёгка iдзе на кантакт з людзьмi, а знаёмым нават лiжа рукi. Брат Дашы Бонiк адпачывае ўнутры будкi разам са сваiм новым таварышам Клiмам. Дарэчы, апошняга прывезлi з Клiмавiчаў, таму i назвалi Клiмам. Гiсторыя яго простая: трактарысты ў час нарыхтоўкi сена злавiлi спужанае казуляня. Усе дарослыя i дзецi iмкнулiся яго пагладзiць, i людзi без стомы гладзiлi жывёлiнку, пакуль пра гэта не даведаўся мясцовы паляўнiцтвазнавец i не забраў малое. У валiзцы ён аддаў яго кiроўцу мiжгародняй маршруткi, i той бясплатна прывёз яго ў заасад. Цяпер казуляняты жывуць утраiх. — Галоўнае — выратавалi iх ад смерцi, — радуецца дырэктар агралесатэхнiчнага прафесiйнага каледжа Георгiй Малiноўскi. — Па-другое, Клiм — хлопчык з iншага статку, i цяпер у нас пойдзе сваё пагалоўе. У Беларусi казулi — дэфiцыт. Мы разлiчваем, што ў нашым заасадзе будзе статак з трох дзесяткаў казуляў. Малiноўскi называе Дашу «мая дзяўчынка» i, як сапраўдны моцны i ўпэўнены ў сабе мужчына, не саромеецца паказаць свае цёплыя пачуццi да жывёл. — Яны ўсе — мае дзецi, — усмiхаецца ён. — Яны, канешне, знаходзяцца ў заасадзе ў вельмi камфортных умовах, але патрабуюць добрага догляду i вялiкай любовi. Усё ж такi жывёла тут — у няволi. Значыць, адсутнасць свабоды трэба кампенсаваць клопатам пра iх. Зразумела, што яны адсюль у лес i не захочуць. Тут вялiкая тэрыторыя, яны пакормленыя i абароненыя ад драпежнiкаў i браканьераў. Заасад у пасёлку Буйнiчы пад Магiлёвам — гэта сотня гектараў за двайной агароджай, якiя разбiты на два сектары. У адным з iх, вялiкiм, жывуць цяпер 6 зубраў, 20 плямiстых аленяў i больш за сотню дзiкоў. Iх можна пабачыць, калi прайсцi турыстычнай сцежкай. У малых вальерах жывуць практычна ўсе жывёлы, якiя ёсць у Беларусi, ды i не толькi. У агралесатэхнiчным каледжы рыхтуюць спецыялiстаў у справе лясной гаспадаркi i егераў, якiя павiнны ведаць жывёльны свет. I ў заасадзе яны штодня маюць кантакт з жывёламi, якi не заменiш нi кнiжкамi, нi плакатамi. — Вось вы гледзiце маленькай Дашцы ў вочы, — расказвае Георгiй Мiкалаевiч, — i ў вас з’яўляецца новае пачуццё: любоў, павага да ўсяго жывога. Гэта важна, i я намагаюся, каб гэта было ў навучэнцаў нашага каледжа. Дарэчы, сам Малiноўскi ў маладосцi быў азартным паляўнiчым. Пачуццё здабытчыка на паляваннi знаёмае многiм мужчынам, сцвярджае ён. Але Георгiй Мiкалаевiч таксама прызнаецца, што ўжо дзесятак гадоў не бярэ ў рукi паляўнiчае ружжо i на цяперашнi розум нiколi б не пакрыўдзiў жывёлiну. I заасад, на думку кiраўнiка каледжа, мае яшчэ i iншае значэнне — прыродаахоўнае. — Жывёльны свет трэба ратаваць, — упэўнены Георгiй Малiноўскi. — Урбанiзацыя, прагрэс, тэхнiка, атам — у такiх варунках многiя вiды братоў нашых меншых проста знiкаюць. I таму гэта не толькi забава для магiляўчан, але i ахова жывёл. Ратаваць жывёл, якiя трапiлi ў бяду, — гэта добрая, высакародная справа. Казулю Ваську знайшлi трактарысты, а яго сяброўка Машка засталася без аднаго вуха — касiлi, але ўсё ж своечасова спынiлi агрэгат. Гэта, дарэчы, самыя першыя жывёлiны Магiлёўскага заасада. I спачатку яны жылi ў кабiнеце Малiноўскага. Цяпер рагоў Васькi баяцца ўсе: як нажы, не дай Божа. Таму для нармальных зносiнаў з сапляменнiкамi на рогi бойкага Васькi мяркуюць апрануць чахлы. У заасадзе лiчаць, што яны выратавалi i тыгра, свайго новага жыхара. Малады тыгр Арцём жыў у заапарку з Масквы ў клетцы 2 на 3 метры, а пад Магiлёвам у яго — камфорт: вялiзны вальер, дзе ёсць тэрыторыя для гульнi з раслiнамi i бярвеннямi, сталоўка i цёплы домiк. Праўда, наведвальнiкi заасада скардзяцца, што мелi магчымасць назiраць толькi бядро тыгра, i толькi некаторым шчаслiўчыкам давялося пабачыць мызу прыгожай жывёлiны. Пры ўсiм гэтым — тыгр спiць i не рэагуе на гукавыя правакацыi. Спецыялiсты растлумачылi, што тыгр — начны драпежнiк, таму ён актыўны толькi звечара, асаблiва ў спякотнае надвор’е. Спякота гэтага лета не ўнесла вялiкiх змен у жыццё заасада. Вось толькi даводзiцца сачыць, каб у жывёл заўсёды была свежая пiтная вада, якая стаiць у ценi. У лепшых умовах у параўнаннi з iншымi апынулася мядзведзiца Варвара — у яе ёсць басейн. Яе купаннi i наступнае абтрасанне збiраюць шмат цiкаўных гледачоў. А калiсьцi Варка жыла ў цырку — у клетцы метр на паўтара. Яна была маленькая i гарбатая. Яе набылi за 5 мiльёнаў рублёў, i цяпер Варка радуе сваiх гаспадароў выдатным здароўем, а наведвальнiкаў — асаблiвай мядзведжай прыгажосцю. I з пачуццём гумару, вiдаць, у яе нядрэнна: любiмы атракцыён мядзведзiхi — апрануць на галаву тазiк з кашай i хадзiць туды-сюды ў вальеры. Яна пазнае голас Малiноўскага, якi гуляў з ёй, калi Варка была яшчэ малой. Цяпер яна важыць каля сотнi кiлаграмаў, але дырэктар i мядзведзiца працягваюць гульнi — удваiх бегаюць навыперадкi. Толькi Георгiй Мiкалаевiч бегае на дарожцы заасада, а Варка — у вальеры. — Дося была маленькая, я яе прынёс у заасад на руках, — гаворыць кiраўнiк. — За яе мы заплацiлi грошай як за дзве каровы. А цяпер Дося вырасла i сама важыць як карова. А рысь мы набылi на адной ферме. Яго хацелi забiць на шкуру, а мы заплацiлi за яго жыццё мiльён рублёў. Ён атрымаў iмя Фiля, i прываблiвае людзей сваёй важнай i лянiвай прыгажосцю. Кожны наведвальнiк можа сам кармiць жывёл. У «заячай лаўцы» можна набыць бохан белага хлеба альбо пячэнне i падысцi да блiжэйшага вальера. Там — казлы, прыгожыя i ветлiвыя. Казлоў калiсьцi забралi ў адной бабулi i нават не меркавалi, што ў людзей будзе такая цiкавасць да iх. Самы папулярны персанаж — Чубайс, якi мае шкадлiвы характар, але названы такiм чынам не з прычыны рыжага колеру, а з-за вялiкага чуба. Адна з сапраўдных гаспадынь заасада — кошка Мурка. Звычайная, шэрая з палоскамi, але з сапраўды незалежным норавам. Дае сябе пагладзiць толькi дзецям, але i тое не ўсiм. Калi не ў настроi цi занятая, нi на якiя заманлiвыя «кiс-кiс» Мурка не звяртае ўвагi. Наведвальнiкаў можа ўразiць, што кошка адчувае сябе як дома ў вальеры з ваўкамi, але Георгiй Мiкалаевiч пацвердзiў, што яна сапраўды жыве там i адчувае сябе нароўнi з гэтымi грознымi драпежнiкамi. Воўк Гель нават пускае Мурку паляжаць на яго жываце. Ды яшчэ калi той пачынае рухацца, кошка можа даць ваўку лапай па носе. Ваўчыца Лiза таксама з Муркай не сварыцца. Ваўка Геля заасад набыў у фермера, а яго сяброўку Лiзу падаравалi. Гэта было замурзанае шчаня, а цяпер — сытая i прыгожая ваўчыха. Не так даўно ў Шклоўскiм раёне адбылося незвычайнае здарэнне. Хлопчык катаўся на веласiпедзе. Яго заўважыла ласiха, якая хадзiла ў лесе, i пайшла за малым. Хлопчык у вёску — яна за iм, ён у двор — ласiха за iм. Усе перапужалiся, а яна зайшла ў пуню i спакойна лягла. Ласiха ў вынiку апынулася ў заасадзе: Фросi (так яе назвалi) толькi год з нечым, i тлумачэнне яе паводзiнам даць цяжка — можа, яна ведала людзей i таму пайшла за хлопчыкам? Цяпер Фрося стала практычна ручной. У той жа дзень, калi прывезлi Фросю, у вёсцы Бракава Магiлёўскага раёна для ласiхi знайшоўся сябар. У заасад паведамiлi, што маленькае ласяня бегае па асфальту, а людзi яго прыцiскаюць да агароджы i цягнуць у пуню. — Я на сваю «Волгу» i куляй у вёску, — узгадвае Георгiй Мiкалаевiч. — I знайшоў ласяня, якое ляжала ў свiной жыжцы. Спачатку меркаваў, што гэта дзяўчынка i назваў ласяня Ленай, а потым высветлiлася, што я памылiўся з прыналежнасцю да полу, i атрымаўся Лёня. Усiм жывёлам у заасадзе даюць простыя iмёны, якiя iм, як падаецца, найбольш пасуюць. Толькi ў адным выпадку ўзнiклi цяжкасцi: нiяк не маглi даць iмя высакароднай аленiсе. У вынiку назвала яе карэспандэнтка АТН Iрына Акуловiч, якая сказала, што i меркаваць няма чаго, аленiха — сапраўдная Альбiна. Цяпер без iмя расце дзiця Альбiны: вiдаць, чакае наступнага прыезду тэлевiзiйнікаў. Высокароднага аленя Грыню называюць «Аленам Дэлонам» сярод сабратаў. Яго прывезлi з Быхаўскага раёна. Маленькае аленяня прыбiлася да вёскi Чорны Бор. Страшэнна хударлявае: вiдаць, мацi яго загiнула. Да яго пачаў падыходзiць мясцовы дзядуля, падкладаць яму сена. I ўрэшце аленяня прывучылi падыходзiць да агароджы. Яго забралi ў заасад, i з Грынькi вырас унiкум, неверагодна прыгожая жывёлiна. Яшчэ адна пара аленяў — Кася i Фёдар. Касю знайшлi ў Чавускiм раёне на дарозе ў лесе, яна памiрала. Трактарыст патэлефанаваў у заасад... Аленiху выкармiлi з бутэлькi i пiпеткi. Фёдар прыехаў у Магiлёў з Брэсцкай вобласцi. Яго знайшлi памежнiкi: выкармiлi ў казарме, i ён з iмi хадзiў у дазор. Калi яго апекуны дэмабiлiзавалiся, аленя спрабавалi выправiць на прыроду, але ён вярнуўся да людзей. Перавезлi яго ў Круглянскi раён, ён таксама са свайго статку пайшоў. Каб не загiнуў, забралi ўрэшце ў заасад. Спачатку Федзя хадзiў па турыстычнай сцежцы сярод людзей, бо ён да iх прызвычаiўся. То аднаго ў бок пiхне, то да iншага падыдзе. А потым алень з’еў усе кветкi з вялiкай i прыгожай клумбы, якiя каштавалi два мiльёны рублёў. З тых часоў Фёдара засялiлi ў вальер. «Вось так хлопчык закончыў свой праменад!» — смяецца Малiноўскi. Тут расказана далёка не пра ўсiх жывёл заасада: там яшчэ ёсць разнастайныя птушкi, дзiкi, яноты, барсук, лiсы i пясцы. Для забавы людзей тут трымаюць два дзесяткi канкурных коней. I на гэтым у заасадзе не спыняюцца: там гатовы браць новых жывёл i таксама пашырацца. Планаў у Георгiя Малiноўскага — неверагодная колькасць. Ён мяркуе пашырыць турыстычную сцежку, якая пройдзе праз каменныя гроты; зрабiць вялiкую сажалку, якая не будзе замярзаць узiмку i дзе будуць жыць лебедзi, качкi i казаркi; прывезцi з Лiтвы горных казлоў — муфлонаў; зрабiць мiнi-цягнiк для турыстычнага сафары; а таксама рачны трамвай, якi будзе прывозiць людзей у заасад па Дняпру; арганiзаваць пракат веласiпедаў i коней для вандровак па заасаду i, нарэшце, пабудаваць вялiкi акварыум. «I атрымаецца унiкальны ў Беларусi цэнтр, дзе людзi могуць правесцi цэлы дзень — атрымаць задавальненне, цудоўна адпачыць!» — радуецца кiраўнiк каледжа. Для людзей, якiя выраслi i жывуць на асфальце, праекты Георгiя Малiноўскага падаюцца фантастыкай. Але тым не менш, частка з iх ужо ажыццявiлася, пры садзейнiчаннi Магiлёўскага аблвыканкама. Нi адзiн заасад у свеце не можа працаваць без падтрымкi. Хоць, канешне, шмат тут робiцца сваiмi рукамi: каб пракармiць унушальны статак, вырошчваюць буракi, бульбу, збожжа, кукурузу. Мяса, праўда, даводзiцца набываць: тыгр Арцём не хоча быць вегетарыянцам. Уваход у заасад платны: 2,5 тысячы рублёў каштуе дарослы квiток, 1,5 тысячы — для школьнiка. Сабраныя грошы iдуць на развiццё заасада. Але i будаўнiцтва заасада, i яго ўтрыманне фiнансуюцца з бюджэтных крынiц. У Магiлёўскiм заасадзе папрасiлi выказаць праз нашу газету ўдзячнасць намеснiку старшынi Магiлёўскага аблвыканкама Аляксандру Дубко i асаблiва кiраўнiку Магiлёўскай вобласцi Барысу Батуру. Малiноўскi гаворыць, што дзякуючы iх дапамозе i куратарству iдэя заасада ажыццявiлася, ды яшчэ так хутка. — Тут i экалогiя, i здаровы лад жыцця, i iдэалогiя, — тлумачыць сферу iнтарэсаў Георгiй Мiкалаевiч. — У чалавеку трэба выхоўваць адказнасць за жывёл i любоў да iх. I не каштуюць нiчога фiласофскiя iдэi, калi пад iмi няма жывога падмурка чалавечых пачуццяў. Запрашаю ўсiх наведаць наш заасад — гэта незабыўныя эмоцыi для дзяцей i дарослых. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У заасадзе пад Буйнiчамi жывуць жывёлы, выратаваныя з бяды
|
|