21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Шчаслівы тузін бацькоў Кушаваравых

25.08.2009 22:07 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:




Марына i Пётр пазнаёмiлiся ў Хвайнiцы: ён толькi прыйшоў з армii, а яна прыехала па размеркаванню пасля сельскагаспадарчага тэхнiкума. Ён убачыў яе у клубе, запрасiў на танец, потым праводзiў. Маладыя людзi спадабалiся адно аднаму, пэўны час сустракалiся, а потым пажанiлiся. Звычайная гiсторыя, але яе працяг атрымаўся незвычайны: у сям’i Кушаваравых нарадзiлася 12 дзяцей! Прычым з цiкавай заканамернасцю: 5 хлопчыкаў, потым — 1 дзяўчынка, зноў — 5 хлопчыкаў i, нарэшце, яшчэ 1 дзяўчынка. «Так прырода ўстанавiла альбо Усявышнi начарцiў схему», — усмiхаецца шматдзетны бацька. I дарэчы, апошнюю (на гэты момант, а не канчаткова) Святлану, якой сёння 9 месяцаў, мацi нарадзiла ў 42 гады!




Малая прыгажуня i ўсеагульная любiмiца Света сядзiць на каленях у Марыны Мiхайлаўны, страляе навокал блакiтнымi вачыма, жыццярадасна ўсмiхаецца i гугукае на сваёй мове. «Расце мамiна памочнiца», — усмiхаюцца госцi. «Няньчым ляльку сваю», — гавораць шчаслiвыя бацькi Кушаваравы.

Яны нiколi не вырашалi, што ў сям’i будзе шмат дзяцей.

— Проста так атрымалася, — неяк разгублена тлумачыць Пётр Арцёмавiч. — Я нiколi не быў супраць дзяцей. Першы з’явiўся, потым другi, трэцi, а там, глядзiш, i назбiралася 12. I ўсе свае.

У Кiраўскiм раёне, на тэрыторыi Скрыплiцкага сельскага Савета жыве шмат старавераў. Акрамя веравызнання, яны маюць i адметны лад жыцця: не п’юць спiртныя напоi, строга слухаюцца бацькоў, маюць шмат дзяцей. У радаводзе Пятра Арцёмавiча i Марыны Мiхайлаўны ёсць i стараверы, i праваслаўныя, але нараджэнне ў iх дзяцей залежыла не ад веры, а ад жыццёвай пазiцыi.

— Я не хацела рабiць аборты, — шчыра тлумачыць жанчына. — Я проста не магла. Мне падавалася, што потым я сябе адчувала б забойцай. I з-за гэтага таксама я раджала дзяцей.

Пётр Арцёмавiч працуе леснiком, а Марына Мiхайлаўна — хатняя гаспадыня, пераважную частку свайго працоўнага жыцця яна правяла ў дэкрэтных водпусках, якiя плаўна пераходзiлi адзiн у другi. Але сваю хатнюю працу шматдзетная мацi справядлiва лiчыць самай цяжкай, бо яе клопаты нiколi не заканчваюцца i грошы за iх не плацяць. Пётр Арцёмавiч цалкам згодны: «У лесе працаваць лягчэй».

Маладая сям’я з першага года стала жыць асобна ад бацькоў, i цяпер «круцяцца» самастойна. Летась згарэў iх дом: дзецi забаўлялiся з запалкамi, недаглядзелi. Добра, што нiхто не пацярпеў. Сям’я жыве сярод клункаў у часовым жыллi. Улады прадаставiлi хату, дапамаглi з грашыма, харчамi i адзеннем, нават школьнымi прыладамi. Цяпер Кушаваравы збiраюцца будаваць новы дом: праект яго амаль гатовы, i неўзабаве пачнецца будоўля. Нягледзячы на прапановы перасялiцца ў раённы цэнтр Кiраўск, яны вырашылi застацца ў роднай Хвайнiцы.

А дзецi, лiчаць шматдзетныя бацькi, няхай будуюць сваё жыццё так, як яны самi хочуць. Гэта датычыцца ў першую чаргу вучобы. Бацька цвёрда абяцае вывучыць усiх сваiх дзяцей, аднак толькi тых, хто хоча атрымаць адукацыю. Старэйшы сын Юра цяпер працуе разам з бацькам у ляснiцтве, яшчэ тры сыны вучацца ў навучальных установах Бабруйска. Адны хочуць вярнуцца ў вёску пасля заканчэння сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў, iншыя, наадварот, iмкнуцца ў сталiцу, паступаць далей. Што ж, дзеля сапраўднага жадання вучыцца Пётр Арцёмавiч згодны i паясы зацягнуць.

— Мы iмкнёмся, каб дзецi былi перш за ўсё працалюбiвыя, каб не адлыньвалi ад працы, — тлумачыць сiстэму выхавання галава сям’i. — Таму што гэта iм будзе патрэбна ў жыццi найперш. Мы хочам, каб яны паважалi дарослых. Але спецыяльных выхаваўчых прамоў я не кажу. Каб не было тут у нас казармы замест выхавання.

Рознiцы памiж хлопцамi i дзяўчынкамi бацькi не робяць. Пётр Арцёмавiч толькi памятае як радаваўся першаму хлопцу-спадчыннiку i шостаму дзiцяцi — нарэшце дзяўчынка! 13-гадовай Галi, а таксама i Свеце, у жыццi пашанцала з заступнiкамi: любому крыўдзiцелю адразу «нашкандыбаюць» сямейным хлапчуковым калектывам.

Усе iмёны i днi нараджэння бацькi памятаюць дакладна i нiколi не блытаюць. Дзецi ўсе падобныя на бацьку: высокiя i хударлявыя. I нават бландзiнка Галя, мамчына дачка, таксама пайшла ў пароду Пятра Арцёмавiча: праўда, высокiя i хударлявыя фiгуры цяпер у модзе. А Света — апошняя надзея Марыны Мiхайлаўны, i нiбыта сапраўды малая больш падобная на мацi.

Кушаваравых кормiць вялiкая хатняя гаспадарка: свiннi, куры, тры каровы. Яйкамi, мясам ды салам, малочнымi прадуктамi сям’я забяспечаная. Аб’ёмы вытворчасцi тут вялiкiя: напрыклад, сёлета вырасцiлi 300 кiлаграмаў морквы i 100 мяхоў бульбы. Таксама чырвоныя буракi, капусту i гарбузы ў вялiкай колькасцi. З гэтага атрымлiваецца вялiкая эканомiя, i таму на гаспадарцы працуюць усе — i малыя, i старэйшыя. У кожнага — свой адказны ўчастак працы.

— Я прыбiраю дом — гэта мая праца, — гаворыць Галя.

— Мая справа дроў насекчы i прыбраць у двары, — гаворыць 14-гадовы Арцём.

— Я за жывёлай гляджу, сена раздаю, — паведамляе 16-гадовы Коля. — Шмат даводзiцца працаваць. Прыкладна тры гадзiны штодня.

Пётр Арцёмавiч гаворыць, што ў яго звычайныя дзецi: часам працуюць з ахвотай, часам лянуюцца, бо iм хочацца гуляць. Але ж i есцi хочацца — гэты iнстынкт перамагае ляноту.

Для таго, каб усёй сям’i наесцiся дасыта, чысцяць вядро бульбы, макароны трэба 1,5—2 кiлаграмы на раз, для катлет — 2 кiлаграмы фаршу, на суп спатрэбiцца прыкладна 60 бульбiн, а гатуецца ежа ў вядзёрных каструлях! I як толькi прайшло снеданне i Галя памыла посуд, а мацi трэба пачынаць гатаваць абед, з’елi абед — i вячэра на падыходзе.

— Я нiколi не чула, каб мае дзецi гаварылi, што не будуць есцi альбо ежа нясмачная, — здзiўляецца пытанню пра густы ў ежы Марына Мiхайлаўна. — Усе ядуць тое, што я нагатую. Хоць мы з заробка набываем ласункi, але ўсё ж не песцiм цукеркамi — гэта шкодна, а набываем для дзяцей сухафрукты. Але пад Новы год бацька атрымае 8 падарункаў, i дзецi наядуцца шакаладу!

— Гэта няпраўда, што нам мала дастаецца, — кажа Коля. — Хапае ўсяго. Мы дзелiм усё, што ёсць, i ў першую чаргу — малодшым. I вельмi паважаем бацькоў.

— Гэта добра, што нас так многа, — мяркуе Арцём. — Мы глядзiм за малымi, вучым дабру. Нам нясумна разам. I калi грошай няма, то мы разумеем.

Пётр Арцёмавiч жартам называе сябе мiльянерам: яго заробак, старэйшага сына i дапамога на дзяцей якраз i складае гэтую суму — мiльён рублёў. Шматдзетныя бацькi не хаваюць, што даводзiцца адмаўляць сабе шмат у чым, але не скардзяцца на свой лёс. «Назваўся грыбам, лезь у кошык», — нагадвае ляснiк вядомую прымаўку.

Але для таго, каб людзi ў нашай краiне мелi больш дзяцей, найперш патрэбна фiнансавая дапамога: не мiльён, а два, марыць Пётр Арцёмавiч, тады, маўляў, лягчэй было б. I таксама паляпшаць жыллёвыя ўмовы, што ўжо робiцца.

— Цяпер выгадней мець прыёмных дзяцей, а не сваiх раджаць, — звяртае ўвагу на праблему Кушавараў. — Апекунам плацяць добрыя грошы, жанчыны атрымлiваюць грошы за выхавальнiцтва. А мая жонка — хатняя гаспадыня. За газ i святло мы плацiм як трэба, без iльгот. Нам, прабачце, нiбыта гавораць: самi нараджалi — самi выхоўвайце. Так што мець шмат сваiх дзяцей — гэта нялёгкая доля.

Дарэчы, у свой час Марыне Мiхайлаўне давялося вытрымаць немалы цiск. Раджала яна добра — Бог даў, але справа ў тым, што кожная цяжарнасць суправаджалася выхаваўчымi гутаркамi: маўляў, навошта вам столькi дзяцей, як iх гадаваць, будуць галодныя i гэтак далей. Жанчына плакала. Ёй было крыўдна, яна хацела маральнай падтрымкi.

— Чаму ж так? — абураўся муж i бацька. — Я ў iх нiчога не бяру, кармлю сваiх дзяцей. I няхай iм усiм не хопiць на каўбасу, затое на кавалак хлеба я заўсёды зараблю. Няхай дома iм даводзiцца хадзiць у старым адзеннi, затое ў школу — толькi ў добрым i чыстым. З працягнутай рукой мае дзецi не ходзяць. Я жонцы сказаў не баяцца нiкога. Цяпер па-iншаму ставяцца да нас, да шматдзетных сем’яў.

— Няхай людзi на здароўе раджаюць! — гаворыць Марына Мiхайлаўна. — Цяпер умовы для гэтага сталi лепшымi: на нараджэнне дзяцей грошы дадатковыя даюць i з жыллём дзяржава дапамагае. Але ўсё ж галоўнае для шматдзетнай мацi — не грошы, а здароўе i каб мужык добры быў, i дзецi дапамагалi. Сам усяго не схопiш, бо толькi дзве рукi.

— Калi нармальна працаваць i клапацiцца пра дзяцей, то выгадаваць можна, — лiчыць начальнiк Кiраўскага раённага ўпраўлення па працы i сацыяльнай абароне Эма Карпук. — Але гэта сапраўды цяжка. Як хлопцам прывесцi ў дом маладых жонак, бо гэтага патрабуе традыцыя? Iм трэба будзе самiм караскацца па жыццi i ўладкоўвацца. I пратапiць узiмку вялiкi дом няпроста... Карацей, цэлы стос праблем.

У вёсках Скрыплiцкага сельскага Савета жыве 24 шматдзетныя сям’i. Большасць з iх мае тры дзiцяцi, а Кушаваравы — больш за ўсiх.

— Я да ўсiх шматдзетных сем’яў стаўлюся з павагай, — гаворыць старшыня сельскага Савета Уладзiмiр Савiч. — Гэтыя людзi зрабiлi подзвiг, што нарадзiлi i гадуюць столькi дзяцей. Але i шматдзетныя сем’i бываюць розныя...

Не сакрэт, што частка сем’яў, дзе шмат дзяцей, з’яўляюцца праблемнымi. I ёсць такiя бацькi, якiя раджаюць дзяцей дзеля грашовай дапамогi, што дае на iх дзяржава, i жывуць (а калi шчыра, часта п’юць горкую) на гэтыя сродкi. Таму i стаўленне ў грамадстве да шматдзетных сем’яў неадназначнае.

— У нашым раёне хапае шматдзетных сем’яў, — расказвае Эма Карпук. — Але толькi 27 жанчын ўзнагароджаны ордэнам Мацi. Таму што да астатнiх ёсць пытаннi. Сям’я, дзе мацi атрымлiвае такую ўзнагароду, павiнна быць узорная, а многiя да гэтага недацягваюць з розных прычын.

У двух шматдзетных бацькоў, што жывуць на тэрыторыi Скрыплiцкага сельскага Савета, давялося нават адбiраць дзяцей i аддаваць iх у сацыяльны прытулак. Потым апамяталiся, закадзiравалiся, вярнулiся да нармальнага ладу жыцця — i дзецi вярнулiся. Але мясцовыя ўлады пiльнуюць iх, асаблiва ў халады, каб не было пажараў. У вёсцы Хвайнiца два гады таму на пажары згарэла двое дзяцей, якiх мацi кiнула без нагляду. Цяпер у гэтай мацi нарадзiлiся яшчэ двое, i гэтую сям’ю ў сельсавеце не пакiдаюць без увагi. У пачатку лiспадапа тут аб’ехалi дамы ўсiх шматдзетных сем’яў. Глядзелi, цi ёсць дровы, цi ўцепленыя шыбы, цi спраўная электраправодка i цi ёсць, урэшце, харчы.

— Мы кантралюем, каб дзецям у праблемных сем’ях было што есцi, — пацвярджае Эма Карпук. — I каб было што апрануць. Даём гуманiтарную дапамогу. Выдаткоўваем грошы — i не на сям’ю, а ў сельскi Савет. Каб прадстаўнiк улады пайшоў з бацькамi ў краму i набыў рэчы, якiя патрэбны дзецям.

Аднак усё ж большасць шматдзетных сем’яў — добрыя, нармальныя, гаворыць Уладзiмiр Савiч. I дзяржава нездарма заахвочвае сем’i нараджаць больш дзяцей.

— Усе метады падтрымкi даюць вынiкi, — упэўненая Эма Карпук. — I грашовая дапамога, i будаўнiцтва жылля. Канешне, сям’я Кушаваравых — гэта, хутчэй, выключэнне з правiлаў. Але мне падаецца, што многiя маладыя сем’i будуць iмкнуцца мець траiх дзяцей: дзе два, там i трэцi, а падтрымка значная. Раджаць альбо не — тут кожны вырашае для сябе сам.

Iлона IВАНОВА,

Кiраўскi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Марына i Пётр пазнаёмiлiся ў Хвайнiцы: ён толькi прыйшоў з армii, а яна прыехала па размеркаванню пасля сельскагаспадарчага тэхнiкума. Ён убачыў яе у
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика