21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Прыклад «Гродна Азота» сведчыць: вялiкая хiмiя павярнулася тварам да масавага спажыўца

25.08.2009 22:08 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ЗАМЕСТ УСТУПУ

Як вядома, «Звязда» вядзе летапiс эканамiчнага развiцця краiны ў рынкавых умовах, рэгулярна i дастаткова падрабязна знаёмiць свайго чытача з вытворчым i сацыяльным жыццём найбольш прыкметных айчыных прадпрыемстваў. Такiх, як Мiнскi трактарны завод, аб’яднанне «Беларуськалiй», «Гомсельмаш», Мазырскi нафтаперапрацоўчы гiгант i яго сабрат — Наваполацкi «Нафтан» i iншыя.

У шэрагу вызначальных для айчыннай эканомiкi калектываў па праву знаходзiцца i аб’яднанне «Гродна Азот». Сёння гэта адзiн з буйнейшых вытворцаў капралактаму i азотных угнаенняў нават у Еўропе. Сваю гiсторыю яго сямiтысячны зараз калектыў пачынаў у канцы 50-х гадоў мiнулага стагоддзя як азотна-тукавы завод, пуск адбыўся ў 1965-м. Заўважце: гэта быў першынец беларускай хiмiчнай iндустрыi. Першынец — ад слова «першы». Традыцыя быць першым захавалася праз усе доўгiя 40 з лiшкам гадоў.

Калi мы дамаўлялiся аб публiкацыi з генеральным дырэктарам Аляксандрам Мiхайлавiчам РАДЗЕВIЧАМ, ён прапанаваў:

— Раскажыце для пачатку аб нашым вельмi своеасаблiвым падраздзяленнi, якое займаецца вытворчасцю тавараў народнага спажывання. Гэты накiрунак работы мы лiчым для сябе таксама важным, удзяляем яму шмат увагi, i там можна ўбачыць i пачуць нямала карыснага.


Вытворчасцi ТНС — 20 гадоў

Начальнiк вытворчасцi тавараў народнага спажывання i прадуктаў малатанажнай хiмii Алег Аляксандравiч СМIРНОЎ расказаў:

— У свой час «Азоту», як i ўсiм прамысловым прадпрыемствам Беларусi, была даведзена праграма па выпуску тавараў народнага спажывання (ТНС). Задача ўжо тады лiчылася даволi адказнай, за выкананнем яе сачылi на самым «версе», таму да рэалiзацыi падышлi з усёй сур’ёзнасцю. «Азот» — чыста хiмiчнае прадпрыемства, i спецыфiка нашых ТНС — гэта хiмiчныя рэчывы. «Азот» вырабляе ўгнаеннi для оптавай пастаўкi на айчынны i замежныя рынкi — мы бяром iх i выпускаем у невялiкiх упакоўках, каб маглi карыстацца гаспадары прысядзiбных участкаў i дачнiкi. На асноўнай вытворчасцi бяром таксама ваду дыстыляваную i разлiваем, карбамiд, азотную кiслату — для сваiх патрэб. Акрамя таго, i самi распрацоўваем многiя вiды патрэбнай народу прадукцыi — цепланосьбiты Т-20М i Т-40 для ацяплення жылых дамоў, дач, садовых домiкаў; тавары для аўтааматараў, тавары бытавой хiмii. У нас дзейнiчае свой цэх пластмас з уласным асартыментам.

Адным словам, дзякуючы старанням нашага калектыву аб’яднанне выпускае больш за 80 найменняў тавараў народнага спажывання i прадуктаў малатанажнай хiмii. За 20 гадоў мы трывала занялi сваю нiшу на айчынным рынку, «абраслi» салiднай клiентурай сярод гандлёвых арганiзацый, атрымлiваем нямала ўдзячных водгукаў ад самiх спажыўцоў. I адчуваем, што робiм патрэбную справу. Таму пастаянна вядзём работу па пашырэнню асартыменту i сертыфiкацыi прадукцыi. Больш за 40 вiдаў яе атэставаны i маюць сертыфiкат адпаведнасцi. Станоўчая дынамiка назiраецца ў росце аб’ёмаў выпуску, а гэтую пазiцыю пастаянна «адсочвае» канцэрн «Белнафтахiм» — штогод прырастаем не менш чым на пяць працэнтаў. Маглi б даць i большы прырост, але працуем строга пад магчымасцi свайго рынку. Затое няма залежаў на складах.

Доўга ў кабiнеце начальнiка вытворчасцi ТНС не ўседзiш. Пастаянныя наведвальнiкi, у тым лiку заказчыкi, амаль бесперапынна звоняць унутраныя тэлефоны i мабiльнiк. Смiрноў кожныя тры хвiлiны мусiць адрывацца ад размовы i ўнiкаць у справы вытворчыя. З яго дазволу мы пайшлi па аддзелах i службах.

Напачатку былi полiэтыленавыя пакеты i ... гуталiн

Каб больш давяраць вытворцу, iншы раз карысна пазнаёмiцца з яго даволi цярнiстым шляхам на вяршыню вытворчага поспеху. У тэхнiчным бюро разам з iнжынерамi Наталляй МУРАЎЁВАЙ i Таццянай БАРЫСЕНКА ўспамiнаем першы вопыт аб’яднання ў некалi новай для яго справе. Канешне, больш расказваюць яны, але нешта прыпамiнае i журналiст, як звычайны спажывец.

— Спачатку быў аддзел, якi курыраваў гэты напрамак, — расказваюць, дапаўняючы адна адну, Наталля Уладзiмiраўна i Таццяна Канстанцiнаўна. — Асобная вытворчасць арганiзавана пазней. Першымi сталi цэх пластмас — ён быў створаны ў лiстападзе 1986 года, якраз 20 гадоў таму, i цэх па выпуску аўтакансерванту парогаў аўтамабiля «Мавiль». Пачыналi з прасцейшай прадукцыi. У цэху пластмас, напрыклад, рабiлi ручкi i набiвалi полiэтыленавыя пакеты. Затым пачалi выпускаць вiньеткi для мэблi. Потым — зашчапкi для штор.

Важны этап: з 1 сакавiка 1988 года вытворчасць ТНС пашырылася, быў асвоены выпуск вадкiх i цвёрдых угнаенняў у невялiкай упакоўцы, пластмасавага посуду, полiэтыленавай тары, аўтавадкасцяў.

— Цiкава, што ў свой час мы выпускалi нават зубную пасту. Спачатку «Маскоўскую», «Нёманскую», следам — «Вiталiн». I крэм для абутку.

Гродзенскi гуталiн з лагатыпам «АЗОТ» на чорнай круглай баначцы i «Вiталiн» аўтар памятае, карыстаўся. Гуталiнам — часта, «Вiталiнам» — час ад часу, бо лiчыцца, што варта ўжываць розныя пасты.

Было складана наладжваць новую справу, успамiнаюць работнiкi тэхнiчнага бюро. Пастаянна ездзiлi ў Маскву, Ленiнград, Вiльнюс — на базы, куды паступала прадукцыя прадпрыемства, збiралi на яе водгукi гандлю i спажыўцоў.

— Якраз уваходзiў у моду дзяржаўны Знак якасцi. Нашаму «Мавiлю» вельмi хутка быў прысвоены ганаровы пяцiкутнiк. Як бачыце, ужо тады зараджалiся традыцыi высокай якасцi тавараў для народа.

З гэтым цяжка не згадзiцца.

Лепшыя сябры аўтамабiля працуюць на «Азоце»

Не ведаю, цi мае начальнiк тэхнiчнага бюро Наталля ЕМЕЛЬЯНАВА ўласны аўтамабiль, але ў спецыфiчных праблемах чалавека за рулём яна разбiраецца нядрэнна.

— Сёння да паслуг цэлай армii беларускiх аўтааматараў даволi значны пералiк нашай прадукцыi, — працягвае расказ сваiх калег Наталля Мiкалаеўна. — Вазьмiце хоць бы такi шырока вядомы наш прадукт, як тасол. Самы хадавы тавар. Усе яго ведаюць i смела карыстаюцца. Мы яго крыху ўдасканалiлi, змянiлi рэцэптуру. Выпускаем на iмпартных прысадках. Зараз у карыстаннi вельмi шмат iншамарак, i наш сённяшнi прадукт цудоўна да iх адаптаваны, выгадна адрознiваецца ад шэрагу антыфрызаў. Што такое звычайны антыфрыз? Гэта вада плюс этыленглiколь, каб не замярзала. I ўсё. А ў нашым тасоле/антыфрызе ёсць яшчэ i антыкаразiйныя дабаўкi, антыўспеньвальнiкi i спецыяльныя прысадкi, якiя робяць яго бяспечным для гумавых пракладак i алюмiнiевых дэталяў. Якасць прадукту высокая, i такога не бывае, як з некаторым аднатыпным таварам. Людзi на рынку купляюць тасол iншых вытворцаў, потым прыносяць да нас у лабараторыю i просяць праверыць якасць. А на праверку марозаўстойлiвасць аказваецца вельмi нiзкай, хоць на ўпакоўцы i напiсана «мiнус 40». У нас калi напiсана «мiнус 40», то так яно i ёсць. Адзiнае, што можа быць, то гэта падробкi пад нашу марку, якiя iншы раз трапляюцца. Таму мы распрацавалi сваю сiстэму абароны ад падробак. Этыкеткi пастаянна аднаўляем, увялi галаграмы, укаранiлi сучасную ўпакоўку. Ну, i рэкламуем сваю прадукцыю. Я бачыла рэкламныя шчыты i ў сталiцы, i на заправачных станцыях па дарозе Гродна—Мiнск. Хочам, каб спажывец пазнаваў нашу прадукцыю «ў твар».

Выпускаем таксама электралiт — водны раствор акумулятарнай сернай кiслаты, тармазную вадкасць, аўташампунь для мыцця кузава аўтамабiля, аўтапалiролi, масцiку «Бiкор», пераўтваральнiкi ржы i шмат iншай карыснай прадукцыi. Доўгi час выпускалi шклоачышчальны сродак «Аўтаабзор» з тэмпературай замярзання мiнус 25, зараз Мiнздраў увёў больш жорсткiя патрабаваннi па ўтрыманню метанолу, яго павiнна быць усяго пяць сотых працэнта, так што дапрацоўваем рэцэптуру i адновiм выпуск.

Стары наш прадукт — шырока вядомы аўтакансервант «Мавiль» пастаўляем i ў Расiю, адгружалi ў Польшчу, дома попыт на яго стабiльны. Ён прызначаны для абароны ад карозii скрытых поласцяў кузава аўто, часовай (сезоннай) абароны нiза кузава i арак калёс. Лёгка пранiкае ва ўсе шчылiны i швы, выцясняе вiльгаць i ўтварае ахоўную плёнку. Утрымлiвае iнгiбiтары, якiя ў шмат разоў замаруджваюць хуткасць каразiйных працэсаў.

Адным словам, тыя, хто хоча мець для свайго сталёвага «каня» якасныя «расходныя матэрыялы», шукае гродзенскiя. Уласна кажучы, шукаць асаблiва i не патрэбна, яны ёсць у гандлёвай сетцы пастаянна.

Любiмае месца адпачынку беларуса — фазэнда

«Дачнай» тэматыкай Наталля Емельянава таксама валодае бездакорна.

— Раней «Азот» выпускаў усiм вядомую амiячную салетру, зараз выпускае яе разам з карбамiдам, для буйных гаспадарак, а мы, натуральна, бяром яе i разлiваем у невялiкiя па аб’ёму бутэлечкi — для прысядзiбных гаспадарак i для дач. Называюцца гэтыя вадкiя ўгнаеннi КАС, ад назвы iнгрэдыентаў, утрымлiваюць 30 працэнтаў важнейшага для раслiн мiнеральнага элемента — азоту i карыстаюцца папулярнасцю ў дачнiкаў.

Ёсць таксама «КАС з мiкраэлемантамi» — комплекс мiкраэлементаў у бiялагiчна актыўнай форме не дапускае «летняга ўсыхання», адмiрання маладых парасткаў, дробналiставасцi — «празрыстасцi кроны». Ёсць «КАС з фосфарам», у яго свая задача — фосфар дапамагае лепш засвойваць азотныя ўгнаеннi, узмацняе здольнасць клетак утрымлiваць ваду i такiм чынам павышае ўстойлiвасць раслiн супраць засухi, што для Беларусi ў апошнiя гады стала актуальным.

Яшчэ адно «фiрменнае» наша ўгнаенне — «Белвiто». Папулярнасць яго тлумачыцца тым, што гэта — комплекснае ўгнаенне з мiкраэлементамi. Калi ўжо гаварыць строга «па навуцы», то прадстаўляе сабой водны раствор солей макра- (калiй, магнiй, фосфар, азот) i мiкраэлементаў (малiбдэн, медзь, цынк, жалеза, кобальт), прычым — у аптымальных суадносiнах. Такi вось шырокi набор спажыўных рэчываў робiць гэта ўгнаенне высокаэфектыўным унiверсальным сродкам для вырошчвання кветак, агароднiны, пладова-ягадных кустоў i нават садовых дрэў у перыяд актыўнага росту.

Сапраўдная «радасць дачнiкаў» — пажыўны раствор «Агурочны» i канцэнтрат для клубнiц. Яны ўтрымлiваюць усе неабходныя менавiта для гэтых раслiн элементы. А таксама карысныя для ўсяго, што расце на градзе. Напрыклад, першы паскарае час вырошчвання расады не толькi агуркоў, але i таматаў, салодкага перцу, капусты. Дачнiкi пераканалiся ва ўнiверсальнасцi i другога.

— А для абароны саду мне, як дачнiку са стажам, што вы можаце прапанаваць? — пытаюся строга ў сваiх субяседнiц.

— Фунгiцыд «Азафос», — не разгубiлiся яны. — Абараняе сад i агарод ад грыбковых захворванняў — паршы, фiтафторы, бурай плямiстасцi, мучнiстай расы. «Замазка садовая лекавая» — таксама. Яна складаецца з сумесi салiдолу, сасновай смалы, парафiну з процiмiкробнымi дабаўкамi i паскарае зажыўленне ран на пладовых дрэвах. I добра вядомая вам «Пабелка садовая лекавая».

Пакуль усе дома

Аб прадуктах, прызначаных для карыстання ў быце, я распытваць не збiраўся, бо быў няблага знаёмы з «Пралескай» — вадкiм мыйным сiнтэтычным сродкам для мыцця бялiзны. З «Ивушкой» — сродкам для мыцця посуду i выдалення тлушчавых i масляных забруджванняў (мiж iншым, гэта раствор знакамiтых ПАРаў — паверхнева-актыўных рэчываў з дабаўленнем дэзiнфiцыруючага кампанента, фарбавальнiка i аддушкi). Спрабаваў на ўласнай кухнi i ачышчальны сродак «Навiну-М». Дарэчы, ён унiверсальны, здымае плямы з газавай плiты i посуду, няблага чысцiць кафельную i керамiчную плiтку, ванну i не толькi.

Але работнiкi тэхнiчнага аддзела, што называецца, хорам назвалi яшчэ нямала такой сваёй прадукцыi, пра якую, магчыма, ведаюць гаспадынi, а гаспадары з-за сваёй заўсёднай вячэрняй занятасцi тэлевiзарам цi газетай чулi мала. А дарэмна, бо рэчы гэтыя карысныя. Забiлася каналiзацыя? Трымайце пад рукой гродзенскага «крата». Я маю на ўвазе сродак «Крот-Щ». Вы шкадуеце вашы рукi, якiм часта дастаецца падчас хатнiх работ, у тым лiку на любiмай фазэндзе цi пад любiмым аўто? Паста для абароны рук «Дачнiца», паста засцерагальная «Гелiс-2» i мыйная паста «Гелiс-3» дапамогуць вам нават пры рабоце ў «агрэсiўным» асяроддзi. Бо бяруць на сябе ролю «бiялагiчных пальчатак». Пераканаў?

Цэх пластмас — таксама для мас

Алег Аляксандравiч Смiрноў падчас нашай кароткай, але энергiчнай гутаркi ўспамiнаў пра цэх пластмас. Для тых, хто не ведае, патлумачым: вытворчасць пластмасавых вырабаў — настолькi спецыфiчная i не простая справа, што наяўнасць на «Азоце» такога адасобленага падраздзялення выклiкае тым большую павагу да калектыву. Прашу сваiх суразмоўцаў расказаць, чым займаецца цэх.

— Перш за ўсё — упакоўкай, у якую разлiваем нашу прадукцыю. Папутна падкрэслiм, што мы клапоцiмся пра даступнасць сваёй прадукцыi i зручнасць у карыстаннi ёю, таму ўсе ўгнаеннi, аўтакасметыку i iншы тавар расфасоўваем у тару на любы густ — паўлiтровую, лiтровую i гэтак далей. Такой жа разнастайнасцi пры вызначэннi асартыменту прытрымлiваецца i цэх. Канiстры выпускае рознай ёмiстасцi — па 3, 5, 10, 20 i 35 лiтраў, што вельмi выгадна спажыўцу, якi можа набыць патрэбную колькасць, не больш i не менш. Частка канiстраў iдзе на продаж, а самыя ўмяшчальныя пастаўляюцца спецыялiзаваным прадпрыемствам, што выпускаюць шкодныя рэчывы. Мы таксама разлiваем у iх сваю амiячную ваду i пераўтваральнiк iржы. Спажыўцу варта памятаць: калi на канiстры стаiць маркiроўка «А» — то яна для небяспечнай прадукцыi. Для насельнiцтва выпускаем з маркiроўкай «Б».

Патрэбна зазначыць: у цэха маецца вопыт вытворчасцi i iншай прадукцыi з пластмас — сталовага посуду разнастайнага асартыменту, пра што ўжо згадвалася, а таксама вырабаў вытворча-тэхнiчнага прызначэння з полiамiду — вентылятараў, сядзенняў для гарадскога транспарту, шчыткоў калёснай нiшы, аблiцоўкi радыятара аўтамабiля МАЗ, выбiвалак i iншай. Спецыяльна звяртаем на гэтую абставiну ўвагу айчынных вытворцаў, транспартнiкаў, гандлёвых арганiзацый i камунальных службаў: калi ў вас ёсць аднатыпныя заказы, але не ведаеце, дзе iх размясцiць — хутчэй за ўсё цэх вас выручыць.

Якасць — пропуск на рынак

Любую акцыю па выпуску новага тавару тут пачынаюць з вывучэння спажывецкага попыту. У тым лiку праз удзел у спецыялiзаваных ярмарках, выстаўках, на якiх распаўсюджваюцца анкеты i заключаюцца дагаворы, — у абласным цэнтры i сталiцы. А ў дзень нашага наведвання якраз збiралася каманда на спецыялiзаваную выставу ў «белакаменную».

Наступным этапам часта становiцца ўзгадненне з Мiнздравам, што мяне, як спажыўца, заспакойвае. На экспертызу вязуць узоры новай прадукцыi, а калi пачынаецца серыйны выпуск, то яна абавязкова праходзiць гiгiенiчную рэгiстрацыю, з новымi выпрабаваннямi. I яшчэ абавязковая ўмова: ёсць рэчывы, якiя лёгка загараюцца, значыць, патрэбна ўзгадненне з пажарнiкамi. Зноў выпрабаваннi, заключэнне акрэдытаванай лабараторыi, i «далей па спiску». Такi парадак, i вытворцы яму падпарадкоўваюцца.

У iмя якасцi робiцца ўсё, што iдзе на карысць. Перш-наперш адбiраюцца тыя пастаўшчыкi сыравiны (на вытворчасцi ТНС выкарыстоўваецца прыкладна 200 вiдаў сыравiны), якiя не падвядуць ва ўсiх сэнсах — i па тэрмiнах пастаўкi, i па якасцi сыравiны, i па цане. Актыўна iдзе супрацоўнiцтва з расiйскiмi, беларускiмi (наваполацкi «Нафтан», прадпрыемствы Магiлёва i Ваўкавыска), польскiмi i ўкраiнскiмi партнёрамi. Ужо адзiн гэты пералiк сведчыць, што да пошуку пастаўшчыка тут адносяцца сур’ёзна.

Па ўсяму вытворчаму ланцужку — жорсткi кантроль АТК. «У нас такi АТК! Мы яго баiмся. Гэта вельмi сур’ёзная арганiзацыя з разгалiнаванай сеткай лабараторый ва ўсiх вытворчых падраздзяленнях. Яна адсочвае ўсё — ад паступлення сыравiны, адпаведнасцi яе стандартам, да адгрузкi гатовай прадукцыi».

Не ведаю, што можна дадаць да такой вычарпальнай характарыстыкi. Хiба толькi тое, што работнiкi АТК у цэхах падпарадкоўваюцца не кiраўнiцтву цэха, а свайму начальству, i ў цэлым аддзел тэхнiчнага кантролю напрамую падначалены толькi кiраўнiцтву камбiната, чым дасягаецца аб’ектыўнасць яго пастаянных праверак i ўвогуле яго палiтыкi ў галiне якасцi.

— Мы працуем у рамках сiстэмы якасцi, што дзейнiчае на «Гродна Азоце», — тлумачаць работнiкi тэхбюро. — А на яе нацыянальным i мiжнароднымi органамi сертыфiкацыi выдадзены сертыфiкаты адпаведнасцi патрабаванням МС ISО 9002-94. Укараняецца таксама сiстэма экалагiчнага кiравання, якая адпавядае МС ISО 14000.

Можна таксама ўспомнiць, што «Гродна Азоту» прысуджаны такiя аўтарытэтныя мiжнародныя ўзнагароды за якасць прадукцыi, як «Гран-Пры» (Парыж), «За лепшую гандлёвую марку, дынамiку i прагрэс эканамiчнага развiцця» (Жэнева)... Днямі прадпрыемства стала лаўрэатам прэміі Урада ў галіне якасці. I бяспрэчна, што свой уклад у гэтую «скарбонку ўзнагарод» зрабiў i калектыў вытворчасцi ТНС.

Ад Гомеля да Рыгi

Прыйшоў час пацiкавiцца, як iдуць справы са збытам. Гутарым з таваразнаўцам бюро збыту Аленай Аляксандраўнай КIСЕЛЬ.

— Пачнём са статыстыкi: на сёння заключана амаль 500 дагавораў прамой пастаўкi з гандлёвымi арганiзацыямi i прыватнымi прадпрымальнiкамi. У сезон, з лютага па чэрвень, а iншым разам i пазней, «на ура» iдуць нашы вадкiя i сыпучыя ўгнаеннi. Учарашняя выпрацоўка цалкам разыходзiцца ўжо на наступны дзень. Пазней, увосень i ўзiмку, у заказах гандлю пераважае аўтакасметыка, тавары для дома i iншая «ўсепагодная» прадукцыя. Вельмi напружана працуем амаль што з усiмi рэгiёнамi рэспублiкi, асаблiва паспяхова — з роднай Гродзенскай вобласцю, а таксама з Мiншчынай, дзе гандлюем фактычна з усiмi раёнамi. Скажам, мiнская база «Белгаспгандаль» на Платонава, 34 з года ў год — асноўны пакупнiк нашай прадукцыi. У сезон менавiта праз яе рэалiзуем у рознiчнай гандлёвай сетцы недзе 70 працэнтаў сваiх угнаенняў у невялiкай упакоўцы. Мы ўдзячныя таксама работнiкам сферы гандлю Брэсцкай i Гомельскай абласцей за супрацоўнiцтва i спадзяёмся наладзiць у далейшым такiя ж цесныя кантакты з iх калегамi з найбольш аддаленых ад нас Вiцебскай i Магiлёўскай абласцей. Гэта наш рэзерв, скажам так.

З беларускiм гандлем нам працаваць прасцей, эфектыўней атрымлiваецца, бо — гэта дома, лёгка дамовiцца. Тым не менш стараемся працаваць i на рынках краiн СНД. Летась паспяхова рэалiзавалi вельмi вялiкую партыю «Мавiлю» ў Расii. А такую нашу прадукцыю, як асаблiва чыстая амiячная вада, якая фасуецца ў 30-лiтровыя канiстры i выкарыстоўваецца ў медыцыне i дакладным машынабудаваннi, аднолькава ахвотна бяруць заводы медпрэпаратаў у Барысаве i Скiдалi, у сталiцы — заводы транзiстараў, паўправаднiковых прыбораў, гадзiннiкавы завод, i прадпрыемствы Санкт-Пецярбурга, там нашу прадукцыю рэалiзуе ва ўсiм рэгiёне буйная гандлёвая фiрма «Нева-рэактыў». I Рыжская фармацэўтычная фабрыка таксама сярод нашых клiентаў. Каб менш праблем iснавала з мытняй, з узаемнымi разлiкамi, можна было б гандляваць з блiзкiм замежжам актыўней. Спадзяёмся, што з цягам часу бар’ераў стане менш.

Перспектывы — блiскучыя. У сэнсе прыбытковасцi

Цiкавiмся перспектывамi. Што ж, планы ў вытворцаў тавараў народнага спажывання з «Гродна Азота» немалыя. Яны грунтуюцца на палiтыцы абнаўлення тэхналагiчнага абсталявання, а дзе новая тэхнiка — там новыя тэхналогii i новая якасць. Некалькi гадоў таму купiлi iтальянскую фасавальную лiнiю. Яна здорава выручыла за гэты час, бо дагэтуль быў разлiў уручную. Але ўжо сёння пачынае пакрысе маральна старэць. Таму ў планах — набыццё новай такой лiнii, больш прадукцыйнай. На ўсiх профiльных выстаўках гродзенцы прыглядаюцца да стэндаў з адпаведным абсталяваннем.

Ужо зараз у цэху вядзецца мантаж высокапрадукцыйнай лiнii для фасоўкi сыпучых хiмiчных прадуктаў — угнаенняў, садовай пабелкi.

А што датычыцца новых вiдаў прадукцыi, то ў планах — наладжванне выпуску аўтапалiроляў (аўтааматары падтрымаюць такi намер аднадушна, танныя i якасныя айчынныя аўтапалiролi былi б вельмi дарэчы).

Не застануцца пакрыўджанымi i гаспадары «сотак». «Гродна Азот» спецыяльна заключыў дагавор з сельскагаспадарчым iнстытутам у Гродне на распрацоўку новых, яшчэ больш эфектыўных угнаенняў.

— Нашы навукоўцы ўжо працуюць па поўнай праграме, з палявымi выпрабаваннямi, над новымi вiдамi ўгнаенняў для дачнiкаў, — расказалi ў тэхбюро. — Плануем таксама аднавiць рэцэптуру i ўпакоўку для сродкаў, якiя засцерагаюць рукi падчас работы з нафтапрадуктамi цi металам. А канструктары «Азота» працуюць над дызайнам чарговай серыi гаршкоў для кветак, на падставачках. Гэтыя сiмпатычныя, што стаяць у нас у кабiнеце, таксама прадукцыя цэха пластмас.

Цiкава, што ў шэрагу выпадкаў вытворчасць па выпуску ТНС з’яўляецца як бы палiгонам для адпрацоўкi тэхналогiй, што ўкараняюцца затым у цэхах асноўнай вытворчасцi ААТ «Гродна Азот». Так было з «КАСам з фосфарам» i з «КАСам з мiкраэлементамi». Нельга выключыць i такi ход падзей, калi нацэльванне на далейшае аднаўленне асартыменту выпускаемай прадукцыi абагацiць у вынiку i «прайс» усяго «Азота».

Яны былi першымi

Любая вытворчасць трымаецца на людзях. На нашу просьбу назваць лепшых, хто аддаў «Азоту» не адзiн дзесятак гадоў, кiраўнiцтва вытворчасцi ТНС адазвалася ахвотна.

У цэху пластмас з моманту яго арганiзацыi i да гэтага часу добрасумленна працуюць лiцейшчыкi пластмас Е.М. Саўко, Я.Ю. Саўко (дарэчы, у маi гэтага года ўзнагароджана ганаровай граматай Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце i хiмii — за высокi прафесiяналiзм, адказнасць, адданасць сваёй справе), Т.Н. Гiнель, машынiст выдуўных машын О.П. Гарбунова. З 1988 года, калi карэнным чынам пашырыўся асартымент, звязалi сваю бiяграфiю з выпускам тавараў народнага спажывання намеснiк начальнiка цэха А.В. Семянюк, таваравед А.А. Кiсель (яна давала нам iнтэрв’ю), начальнiк цэха сродкаў хiмiчнай абароны i мiнеральных угнаенняў М.I. Дзiкевiч, начальнiк тэхнiчнага бюро Н.М. Емельянава (таксама наша суразмоўца), старшы майстар па рамонту абсталявання А.К. Брыцько, майстар В.К. Хадасевiч, машынiст расфасовачна-ўпаковачных машын Т.А. Аўсейчык, апаратчык прыгатавання хiмiчных раствораў М.I. Гоўгель. Гэта з iх удзелам асвоены тыя больш чым 80 найменняў прадукцыi, якiмi ганарыцца калектыў. Гэта iх прафесiйныя, дзелавыя якасцi дазваляюць спраўляцца з вялiкiмi аб’ёмамi работы i служаць прыкладам для тых, хто працуе побач.

Публiкацыю падрыхтаваў

Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ,

спецыяльны карэспандэнт «Звязды».


 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як вядома, «Звязда» вядзе летапiс эканамiчнага развiцця краiны ў рынкавых умовах, рэгулярна i дастаткова падрабязна знаёмiць свайго чытача з вытворчым
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика