Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь
Аб удасканальваннi палажэнняў Прыкладнага статута жыллёва-будаўнiчага кааператыва
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данiлюка С.Я., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З. разгледзеў на падставе артыкула 40 i часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот аб прававым рэгуляваннi дзейнасцi жыллёва-будаўнiчага кааператыва (далей — ЖБК), парадку выбрання i функцыянавання органаў кiравання ЖБК i некаторых пытаннях, якiя датычацца кантролю за дзейнасцю ЖБК. Пытаннi аналагiчнага зместу ставiлiся перад Канстытуцыйным Судом грамадзянамi i дзяржаўнымi органамi неаднаразова (звароты ад 13 снежня 2005 г., 26 мая 2006 г., 16 кастрычнiка 2006 г., 23 лiстапада 2006 г. i iнш.). Прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi, Жыллёвага кодэкса, Прыкладнага статута жыллёва-будаўнiчага кааператыва i iншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, якiя датычацца даследуемых пытанняў, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае. Згодна з часткай першай артыкула 107 Жыллёвага кодэкса (далей — ЖК) 1999 г. ЖБК — гэта арганiзацыя грамадзян-забудоўшчыкаў, якая ствараецца ў мэтах будаўнiцтва жылога дома (дамоў) i далейшай эксплуатацыi i кiравання iм (iмi). Грамадзяне лiчацца членамi арганiзацыi грамадзян-забудоўшчыкаў i набываюць адпаведныя правы i абавязкi з моманту дзяржаўнай рэгiстрацыi гэтай арганiзацыi (частка першая артыкула 108 ЖК). У адпаведнасцi з пунктам 6 Прыкладнага статута жыллёва-будаўнiчага кааператыва, зацверджанага пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 15 лiстапада 1984 г. № 400 (далей — Прыкладны статут ЖБК), ЖБК ажыццяўляе дзейнасць на падставе статута, прынятага агульным сходам грамадзян, якiя ўступаюць у кааператыў. Статут кааператыва рэгiструецца ў выканаўчым камiтэце раённага, гарадскога, раённага ў горадзе Савета дэпутатаў, на тэрыторыi якога арганiзаваны кааператыў. Пунктамi 62, 63, 65 i 67 Прыкладнага статута ЖБК прадугледжана, у прыватнасцi, што органамi кiравання ЖБК з’яўляюцца агульны сход членаў кааператыва i праўленне кааператыва. Калi ў кааператыве маецца 50 i больш членаў, то замест агульных сходаў могуць склiкацца сходы ўпаўнаважаных. Упаўнаважаныя выбiраюцца на агульным сходзе членаў кааператыва тэрмiнам на два гады. Агульны сход членаў кааператыва (сход упаўнаважаных) з’яўляецца вышэйшым органам кiравання кааператыва. Агульны сход (сход упаўнаважаных) прызнаецца правамоцным, калi ў iм удзельнiчае не менш 2/3 агульнай колькасцi членаў кааператыва (упаўнаважаных). Рашэннi прымаюцца простай большасцю галасоў прысутных членаў кааператыва (упаўнаважаных). Рашэнне аб рэарганiзацыi або лiквiдацыi кааператыва прымаецца толькi агульным сходам членаў кааператыва. Агульны сход членаў кааператыва, якi склiкаецца для вырашэння ўказаных пытанняў, прызнаецца правамоцным, калi ў iм удзельнiчае не менш 3/4 членаў кааператыва. Рашэннi прымаюцца большасцю ў 3/4 галасоў прысутных членаў. Праўленне ЖБК выбiраецца па прадстаўленню выканаўчага камiтэта мясцовага Савета дэпутатаў агульным сходам членаў кааператыва (сходам упаўнаважаных) тэрмiнам на два гады з лiку членаў кааператыва i ў сваёй дзейнасцi падпарадкавана агульнаму сходу членаў кааператыва (сходу ўпаўнаважаных). Змест прыведзеных нормаў сведчыць аб тым, што рашэнне аб рэарганiзацыi або лiквiдацыi кааператыва можа быць прынята толькi пры выкананнi ўмоў, вызначаных у Прыкладным статуце ЖБК (пункты 81—85), а таксама, што органы кiравання ЖБК могуць быць выбраны толькi простай большасцю галасоў прысутных членаў кааператыва (упаўнаважаных). Такiм чынам, выбранне органаў кiравання ЖБК iншым шляхам, у тым лiку шляхам улiку заяў, што паступiлi ў пiсьмовай форме, як гэта прапануецца на практыцы ў адпаведнасцi з часткай пятай артыкула 17 Закона «Аб сумесным домаўладаннi», не дапускаецца. У звароце адзначаецца, што некаторыя палажэннi Прыкладнага статута ЖБК не адпавядаюць нормам ЖК, у сувязi з чым ускладняецца iх прымяненне на практыцы. Асобныя члены ЖБК адмаўляюцца прымаць удзел у правядзеннi агульных сходаў (сходаў упаўнаважаных), што робiць практычна немагчымым не толькi выбранне органаў кiравання, але ў цэлым ажыццяўленне паўнамоцтваў, якiя адносяцца да вядзення кааператыва. Аналiз ЖК 1983 г., ЖК 1999 г., Прыкладнага статута ЖБК дазваляе зрабiць вывад, што палажэннi Прыкладнага статута ЖБК сапраўды ў многiм устарэлi, не адпавядаюць нормам ЖК 1999 г. i iншых актаў жыллёвага заканадаўства. Змянiлася таксама прававое рэгуляванне адносiнаў, якiя датычацца ажыццяўлення кантролю за дзейнасцю ЖБК мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi. У прыватнасцi, у адрозненне ад ЖК 1983 г., якi ўскладаў на выканаўчыя камiтэты Саветаў дэпутатаў абавязак ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю ЖБК (пункт 7 часткi першай артыкула 18, пункт 8 часткi першай артыкула 19, пункт 6 часткi першай артыкула 20, артыкул 133), ЖК 1999 г. не змяшчае такiх палажэнняў. Не ўстаноўлена таксама права адпаведных выканаўчых камiтэтаў зацвярджаць рашэннi агульнага сходу членаў ЖБК (сходу ўпаўнаважаных), адмяняць рашэннi агульнага сходу або праўлення ЖБК, якiя супярэчаць заканадаўству, i iнш. Разам з тым на практыцы прымяняюцца палажэннi Прыкладнага статута ЖБК, прынятыя на падставе ЖК 1983 г., якiя не адпавядаюць палажэнням ЖК 1999 г. i iншых актаў жыллёвага заканадаўства. У большасцi ЖБК стварылася неаформленае сумеснае домаўладанне, паколькi маюцца тры катэгорыi ўласнiкаў нерухомай маёмасцi: ЖБК; члены ЖБК, якiя аформiлi права ўласнасцi на жылыя памяшканнi; грамадзяне, якiя набылi кватэры на другасным рынку або ў парадку атрымання ў спадчыну, але ў члены ЖБК не ўступалi. У сувязi з гэтым ва ўказаных суб’ектаў жыллёвых праваадносiнаў узнiкаюць пытаннi аб сумесным домаўладаннi, аб спосабе кiравання, аб выбарах членаў праўлення кааператыва i iнш. ЖК 1999 г. (артыкул 21) i iншымi актамi жыллёвага заканадаўства, у прыватнасцi, устаноўлена, што раённыя, гарадскiя, раённыя ў гарадах, пасялковыя, сельскiя выканаўчыя i распарадчыя органы ажыццяўляюць дзяржаўны кантроль за выкарыстаннем i ўтрыманнем дзяржаўнага i прыватнага жыллёвых фондаў. Нормамi артыкулаў 107, 108 ЖБК прадугледжана, што ЖБК ствараецца i ажыццяўляе свае паўнамоцтвы ў адпаведнасцi са статутам арганiзацыi, а таксама заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, указаныя палажэннi не ў поўнай меры рэгулююць адносiны, якiя складваюцца памiж ЖБК i ўласнiкамi кватэр у ЖБК, а таксама памiж членамi ЖБК. Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ў цэлым палажэннi Прыкладнага статута ЖБК устарэлi i не забяспечваюць належнага рэгулявання жыллёвых адносiнаў у сферы дзейнасцi ЖБК. Уяўляецца, што многiя пытаннi могуць быць вырашаны ў новым ЖК, падрыхтоўка якога ажыццяўляецца ў цяперашнi час. Аднак прававое рэгуляванне дзейнасцi ЖБК, у прыватнасцi парадку прыняцця рашэнняў ЖБК, неабходна ажыццявiць у больш кароткiя тэрмiны. Канстытуцыйны Суд лiчыць, што прававыя прадпiсаннi i заснаваныя на iх рашэннi павiнны базiравацца на прынцыпах не толькi разумнасцi i справядлiвасцi, з максiмальным улiкам прыватных i публiчных iнтарэсаў, але i своечасовасцi вырашэння праблемных сiтуацый. На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi, артыкуламi 1, 7, 36, 38, 40, 401 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь», Канстытуцыйны Суд ВЫРАШЫЎ: 1. Адзначыць недасканаласць нормаў жыллёвага заканадаўства, якiя датычацца стварэння i дзейнасцi ЖБК, а таксама ажыццяўлення кантролю за дзейнасцю ЖБК мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi, наяўнасць у iм супярэчнасцяў, прабелаў, што ўскладняе iх прымяненне на практыцы. Гэта ў шэрагу выпадкаў выключае магчымасць належнага ажыццяўлення ЖБК сваiх функцый, i, такiм чынам, не забяспечвае ў поўнай меры абарону жыллёвых правоў i законных iнтарэсаў членаў ЖБК, уласнiкаў жыллёвых памяшканняў у дамах ЖБК, а таксама дзяржаўных iнтарэсаў. 2. Прапанаваць Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь да прыняцця новага Жыллёвага кодэкса ўнесцi адпаведныя змяненнi i дапаўненнi ў Прыкладны статут жыллёва-будаўнiчага кааператыва з улiкам нормаў дзеючага жыллёвага заканадаўства, Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб сумесным домаўладаннi» i iншых актаў заканадаўства з мэтай устаранення прававых перашкод для належнага ажыццяўлення дзейнасцi ЖБК, якiя, у прыватнасцi, дазволiлi б ЖБК пры неабходнасцi прымаць рашэннi не толькi на агульным сходзе, але i iншым спосабам, напрыклад шляхам улiку заяў яго членаў, што паступiлi ў пiсьмовай форме, як гэта прадугледжана часткай пятай артыкула 17 Закона «Аб сумесным домаўладаннi». 3. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця. 4. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам. Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь Р.А. ВАСIЛЕВIЧ. 28 снежня 2006 г., г. Мiнск № Р-197/2006 Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб удасканальваннi палажэнняў Прыкладнага статута жыллёва-будаўнiчага кааператыва
|
|