Працяг i працягласць жыцця
Вядома, што ўзровень развiцця аховы здароўя, даступнасць медыцынскiх паслуг — толькi адзiн з фактараў, ад якiх залежаць i працяг, i працягласць жыцця канкрэтнага чалавека. Памыляецца той, хто аддае гэтаму фактару першае месца i мае рацыю той, хто ўсведамляе месца i ролю медыцыны ў вырашэннi праблемы працвiтання нацыi.
Заканамерна, што падаткаплацельшчыкi i карыстальнiкi медыцынскiх паслуг жадаюць ведаць, у якой частцы айчынная медыцына застаецца не толькi даступнай, але i якаснай. Пра гэта i многае iншае, што можа быць важным для кожнага з нас, расказвае першы намеснiк мiнiстра аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь Роберт ЧАСНОЙЦЬ. — Раскажыце, калi ласка, Роберт Аляксандравiч, нашым чытачам пра некаторыя дасягненнi апошнiх гадоў у галiне аховы здароўя. — Згодна з Канцэпцыяй развiцця аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь на 2003—2007 гады, Дзяржаўнай праграмай рэалiзацыi асноўных накiрункаў удасканалення дзейнасцi арганiзацый аховы здароўя, Дзяржаўнай праграмай развiцця першаснай медыка-санiтарнай дапамогi на 2003—2007 гады, Дзяржаўнай праграмай развiцця спецыялiзаванай медыцынскай дапамогi на 2004—2007 гады, айчынная медыцынская дапамога скiравана на больш эфектыўнае пераразмеркаванне рэсурсаў i ўкараненне менш затратных яе вiдаў. Гаворка iдзе, напрыклад, пра ўвядзенне ўрачоў агульнай практыкi цi сямейных урачоў, з’яўленне стацыянараў на даму, дзённых стацыянараў, цэнтраў амбулаторнай хiрургii, стварэнне мiжрэгiянальных медыцынскiх цэнтраў з канцэнтрацыяй на рэспублiканскiм узроўнi медыцынскай дапамогi высокiх тэхналогiй. Дарэчы, зараз на разглядзе ва ўрадзе знаходзiцца канцэпцыя развiцця высокатэхналагiчных вiдаў медыцынскай дапамогi ў 2007—2010 гадах. Наогул структурная рэарганiзацыя ў сiстэме кiравання галiной дазволiла палепшыць забеспячэнне сельскага насельнiцтва даступнай, своечасовай дапамогай, рэалiзаваць прынцып прыярытэтнасцi развiцця амбулаторна-полiклiнiчнай дапамогi. За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў былi праведзены капрамонты ва ўрачэбных амбулаторыях, участковых i цэнтральных раённых бальнiцах. Завершана мадэрнiзацыя аперацыйна-рэанiмацыйных блокаў ва ўсiх абласных бальнiцах i бальнiцах хуткай медыцынскай дапамогi. Сёлета плануецца завяршыць рэканструкцыю бальнiцы хуткай дапамогi ў Мiнску, умацаваць матэрыяльна-тэхнiчную базу цэнтральных раённых бальнiц, рэканструяваць i перааснасцiць 19 радзiльных дамоў i аддзяленняў. Была ўведзена сiстэма персанiфiкаванага ўлiку i водпуску лекавых сродкаў на льготных умовах. Ва ўсiх рэгiёнах адкрылiся мiжраённыя стацыянарныя аддзяленнi медыцынскай рэабiлiтацыi, наблiжаныя да месца пражывання хворых i iнвалiдаў. А з мэтай укаранення прынцыпу «адно акно» перагледжаны парадак прыёму грамадзян у выхадныя днi, адпрацаваны парадак работы з грамадзянамi па выдачы даведак. — Якiя ўвогуле формы i метады работы выходзяць на першы план у гэтым годзе? — Пiльную ўвагу мы будзем удзяляць рабоце школ здароўя для хворых, якiя пакутуюць ад самых розных паталогiй, кругласутачнаму кансультаванню па тэлефону, прыёму хворых у прыёмна-дыягнастычных аддзяленнях гарадскiх, абласных i рэспублiканскiх арганiзацый аховы здароўя, правядзенню акцый па ранняму выяўленню захворванняў i фармiраванню здаровага ладу жыцця. Ёсць намер шырока выкарыстоўваць ананiмнае анкетаванне хворых аб рабоце ўрачоў, узмацнiць работу па дэанталогii i этыцы медперсаналу, стварыць пры гарадскiх i абласных бальнiцах, на рэспублiканскiм узроўнi камiсii па экспертызе неспрыяльных вынiкаў аказання меддапамогi для ўрэгулявання канфлiктаў памiж пацыентамi i лячэбнымi ўстановамi. Канешне, будзем актывiзаваць работу па дынамiчнаму назiранню за хворымi, аказанню неадкладнай дапамогi ва ўмовах палiклiнiкi. Участковы ўрач будзе кантраляваць усе вiды медыцынскай дапамогi, дзеля чаго давядзецца перагледзець нарматывы яго працоўнага часу. Запланаваны i перагляд нарматыўных дакументаў, якiя зацвярджаюць формы першаснага статыстычнага ўлiку, што дазволiць павялiчыць час аказання хвораму неабходнага аб’ёму дапамогi. Для ранняй дыягностыкi адхiленняў у здароўi правядзём дыспансерызацыю насельнiцтва. — Як вы ацэньваеце ўзровень аказання медыцынскай дапамогi ў рэгiёнах? Дзе сёння iснуе кадравая праблема? — З мэтай развiцця i аптымiзацыi першаснай медыка-санiтарнай дапамогi ажыццяўлялася ўдасканаленне арганiзацыйна-метадычнага i прававога забеспячэння, падрыхтоўка ўрачоў i сярэдняга медперсаналу, умацаванне матэрыяльна-тэхнiчнага стану арганiзацый, якiя аказваюць першасную дапамогу. У Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi 15 776 урачоў летась павысiлi квалiфiкацыю i 10 623 спецыялiсты сярэдняга звяна прайшлi перападрыхтоўку. Па-ранейшаму нiзкая ўкамплектаванасць урачамi захоўваецца ў Мiнску i Гомельскай вобласцi — каля 75 працэнтаў, што тлумачыцца высокiм каэфiцыентам сумяшчальнiцтва ў гэтых рэгiёнах. Асаблiва нiзкая ўкамплектаванасць урачамi-фтызiятрамi адзначаецца ў Мiнску — 67 працэнтаў i Мiнскай вобласцi — 64 працэнты. Мясцовыя ўлады павiнны разгледзець пытанне стварэння падстанцый хуткай медыцынскай дапамогi з улiкам колькасцi выклiкаў i часу, якi аднiмае дарога, а таксама ствараць станцыi ў новых мiкрараёнах. У сельскiм, аддаленым раёне павiнен быць дадатковы пост або неабходна прадугледзець стварэнне мiжраённай станцыi. — У якой частцы медыцына застаецца бясплатнай, а ў якой — платнай? — Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь маюць права на бясплатную медыцынскую дапамогу ў дзяржаўных лячэбна-прафiлактычных установах аховы здароўя, якiя фiнансуюцца з бюджэту. Медыцынскiя паслугi, якiя прадастаўляюцца дзяржаўнымi арганiзацыямi на платнай падставе, вызначаны адпаведным Пералiкам. У яго ўвайшлi 37 вiдаў платных медыцынскiх паслуг, якiя не з’яўляюцца жыццёва неабходнымi для пацыентаў i не ўваходзяць у зацверджаныя ва ўстаноўленым парадку пратаколы абавязковага абследавання i лячэння. Гаворка iдзе пра касметалагiчныя паслугi, пластычную хiрургiю, кансультатыўную, дыягнастычную i метадалагiчную дапамогу, якая аказваецца па дагаворах арганiзацый незалежна ад формаў уласнасцi, стаматалагiчную дапамогу, кансультацыi ўрачоў-спецыялiстаў, медыцынскую рэабiлiтацыю, якая ажыццяўляецца па жаданню грамадзян пры адсутнасцi медыцынскiх паказанняў i г.д. Платныя паслугi аказваюцца на падставе заключанага ў пiсьмовай форме дагавора. Плануецца паэтапна перайсцi да стварэння ўнiтарных прадпрыемстваў лячэбна-прафiлактычнага профiлю, дзе будуць аказвацца ўсе медыцынскiя паслугi i толькi платна. На сёння такiя прадпрыемствы створаны ў Баранавiчах, Пiнску, Гродне, Брэсце, у стадыi адкрыцця — у Мазыры. Рыхтуюцца дакументы на атрыманне лiцэнзii ўнiтарнымi прадпрыемствамi, створанымi ў Вiцебску, Наваполацку, распрацоўваецца бiзнэс-план прадпрыемства дадзенага профiлю ў Бабруйску. — Цi прыжываюцца ў айчыннай медыцыне высокiя тэхналогii? — Адным з высокатэхналагiчных цэнтраў павiнен стаць Рэспублiканскi навукова-практычны цэнтр транспланталогii i клетачных бiятэхналогiй. Дзякуючы яму, мы зможам укаранiць тэхналогii трансплантацыi органаў i тканак. Нагадаю, што буйныя бальнiцы даўно сталi асновай для стварэння рэспублiканскiх цэнтраў. I ў гэтым годзе на базе 1-й гарадской клiнiчнай бальнiцы г. Мiнска пачне работу Рэспублiканскi гастраэнтэралагiчны цэнтр, а на базе 10-й мiнскай бальнiцы — Рэспублiканскi эндакрыналагiчны цэнтр. У Рэспублiканскiм навукова-практычным цэнтры «Мацi i дзiця» далейшае развiццё атрымае экстракарпаральнае апладненне, выходжванне дзяцей з вельмi нiзкай вагой, лячэнне дзяцей з генiтальнай паталогiяй з выкарыстаннем эндаскапiчнай тэхнiкi. Нагадаю, што адзiнае дзяржаўнае аддзяленне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогiй на базе РНПЦ «Мацi i дзiця» разам з сеткай абласных кансультацый «Шлюб i сям’я» i трыма камерцыйнымi цэнтрамi займаюцца лячэннем пар, якiя пакутуюць ад бясплоднасцi. На першы, 2007-ы, год работы вышэйпамянёнага аддзялення запланавана правядзенне 120—150 цыклаў экстракарпаральнага апладнення. Гэта 10—15 працэнтаў ад усiх, хто мае ў гэтым патрэбу па медыцынскiх паказаннях. Хуткiмi тэмпамi будзе развiвацца iнтэрвенцыйная радыялогiя, якая дазваляе кантраляваць правядзенне празскурных бiяпсiй, рэнтгенапратэзiраванне сасудаў, празскурнае разбурэнне i выдаленне пухлiн, нейрахiрургiчных аперацый. Пакуль падобныя ўмяшаннi праводзяцца ў невялiкай колькасцi лячэбна-прафiлактычных устаноў. Лячэнне хворых пры глыбокiх апёках — да 30 працэнтаў паверхнi цела патрабуе ўкаранення сучасных клетачных тэхналогiй, якiя прадугледжаны пры рэканструкцыi апёкавага цэнтра на базе бальнiцы хуткай медыцынскай дапамогi i стварэннi Рэспублiканскага цэнтра тэрмiчных паражэнняў. — Наўрад цi можна абысцi ўвагай пытанне дэмаграфiчнай бяспекi. Што адбываецца з нараджальнасцю i працягласцю жыцця беларусаў? — У мiнулым годзе па рэспублiцы зарэгiстраваны рост колькасцi нованароджаных на 6,4 працэнта i знiжэнне колькасцi памерлых ад асноўных прычын на 2,4 працэнта ў параўнаннi з 2005 годам. Найбольш яскрава гэта станоўчая тэндэнцыя прасочваецца на прыкладзе Гродзенскай, Брэсцкай, Мiнскай i Магiлёўскай абласцей. Узровень дзiцячай смяротнасцi склаў летась па краiне 5,2 прамiлi, i гэта самы нiзкi паказчык сярод краiн не толькi былога Саюза, але i ў Еўропе. Знiзiлася i мацярынская смяротнасць, а таксама пасляаперацыйная лятальнасць пры экстранных хiрургiчных аперацыях на органах брушной поласцi, лятальнасць ад вострага iнфаркту мiякарда. Нагадаю, што ў структуры смяротнасцi нашага насельнiцтва на першым месцы знаходзяцца хваробы сiстэмы кровазвароту. Дзеля знiжэння захворваемасцi, iнвалiднасцi i смяротнасцi сёлета створаны рэгiстры хворых на цукровы дыябет i з вострым каранарным сiндромам. Безумоўна, неабходна паскорыць распрацоўку нацыянальнай праграмы па барацьбе з артэрыяльнай гiпертэнзiяй i атэрасклерозам са стварэннем мiжведамаснай каалiцыi. Мяркуецца правесцi ў рэспублiцы эпiдэмiялагiчнае даследаванне па выяўленню распаўсюджанасцi хвароб сiстэмы кровазвароту. Не будзем забываць, што Мiнская вобласць — адзiная, хто застаецца ў нас яшчэ без кардыялагiчнага дыспансэра. На другiм месцы сярод прычын смяротнасцi знаходзяцца новаўтварэннi. Павiнен заўважыць, што сур’ёзнай увагi патрабуе праблема анкалагiчных захворванняў рэпрадуктыўнай сiстэмы ў жанчын. У рэспублiцы выраслi паказчыкi захворвання на рак цела маткi, рак яечнiкаў. Пры гэтым больш як у 4 разы вырасла захворваемасць маладых жанчын ва ўзросце да 24 гадоў. На трэцiм месцы — знешнiя прычыны, а менавiта ўтапленнi, атручэннi алкаголем, самазабойствы i некаторыя iншыя. Даволi значны рост смяротнасцi ў вынiку атручэнняў алкаголем назiраецца ў сталiцы, а сярод сельскага насельнiцтва ў некаторых абласцях пачасцiлiся самазабойствы. I з гэтымi, i з многiмi iншымi праблемамi неабходна працаваць. Гутарыла Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вядома, што ўзровень развiцця аховы здароўя, даступнасць медыцынскiх паслуг — толькi адзiн з фактараў, ад якiх залежаць i працяг, i працягласць жыцця
|
|