Нiколi не позна
Марыя СЕРАФIМАВА
Чытаю гэтыя iмёны i сэрца радуецца:
Кiм Бэсiнгер — нарадзiла дачку ў 41 год. Мадона — першую дачку ў 38, сына ў 41 год. Джына Дэвiс, мацi траiх дзяцей, убачыла свайго першынца, калi ёй было 46 гадоў. Джулiя Робертс не хавала, што сваiх двайнятак ў 36 гадоў нарадзiла пасля экстракарпаральнага апладнення, а цяпер чакае трэцяе дзiця. Позняй мамай стала Шэры Блэр, жонка прэм’ер-мiнiстра Вялiкабрытанii, якая ў 45 гадоў нарадзiла чацвёртае дзiця. Ёсць надзея стаць мацi пасля 40 гадоў у жонкi расiйскага спевака Аляксандра Буйнова i жонкi Дзмiтрыя Пяўцова актрысы Вольгi Драздовай, якой 41... Але гэта там, у iх, у зорным свеце, дзе магчымыя розныя цуды. А што ж да нас, смяротных? I жыццё не тое, i здароўе. Але цi не галоўнае —— жаданне мець дзiця? Жаданне, якое вартае цудаў, вядомых яшчэ з бiблейскiх часоў: Iакiм i Ганна нарадзiлi Багародзiцу, калi былi ўжо ў паважаным узросце. Зусiм немаладою нарадзiла мацi Iаана Хрысцiцеля. Гэта не бывае позна. Напэўна, бывае не так лёгка. Стаць мамай можна i ў 20, i ў 40. У розных пакаленняў, напэўна, i розныя ўяўленнi пра тэрмiны жыцця, больш прыдатныя для мацярынства. Пакаленне нашых мам i бабуль лiчыла, што трэба выходзiць замуж i нараджаць дзяцей да 20 гадоў. Яны нараджалi здаровенькiх моцненькiх немаўлятак. Iх саюзнiкам была маладосць. У 40 яны няньчылi ўнукаў. Сёння шмат што змянiлася. I шмат жанчын да i пасля 40 гадоў, якiя вельмi хочуць — i настойлiва iмкнуцца стаць мамамi. Хто — яшчэ толькi ў першы раз, а хто — у апошнi. I таму гэтыя дзеткi проста павiнны быць асаблiвымi. Дзве мае сваячнiцы нарадзiлi амаль адначасова. Адной, студэнтцы, быў 21 год, другой, выкладчыцы ВНУ, — 37. Першая ўсю цяжарнасць пражыла з думкамi, што дзiця гэтае несвоечасовае для iх сям’i — жывуць на здымнай кватэры, яна яшчэ вучыцца, а тут ужо другое дзiця... У другой таксама не было свайго жылля, яшчэ i старэйшы сын у школу пайшоў, у прынцыпе, як мама яна была шчаслiвая. Але ўзнiкла новае каханне, малады муж... Цяжарнасць яе нiбыта акрылiла: яна лётала на лекцыi, займалася танцамi ледзь не да родаў(!), нават абаранiла дысертацыю, хоць урачы папярэджвалi — нiякiх хваляванняў! Але ўсё ў гэты час ёй удавалася лёгка, з усмешкай да самага апошняга дня. Дзядзька Фёдар (так назвалi сына) такiм i нарадзiўся: усмешлiвым моцным хлапчуком, якi вельмi любiць рабiць нагамi ў паветры нейкiя кульбiты. Яго мама з задавальненнем расказвае, як многа яна паспела падчас гэтай цяжарнасцi, як хутка i лёгка нарадзiла, як добра прыбаўляе ў вазе Фёдар. I з гонарам дэманструе, з якiм смакам сын сасе мамчына грудное малако. У той час другая сваячнiца радзiльню ўспамiнае з жахам: не паспела ад наркозу адысцi пасля кесарава сячэння, а ёй ужо дачку прынеслi, маўляў, глядзi. Маладой мацi гэта вельмi не спадабалася. Яна паехала з народжанай дачушкай да бацькоў, на рукi якiх i скiнула ўсе клопаты пра немаўля. Нават кармленне — яны адразу ж перайшлi на штучнае, таму што маладая мама вельмi баiцца страцiць фiгуру. I ў рэшце рэшт — так ёй зручна, яна вольная рабiць свае справы. Псiхолагi сцвярджаюць, што «познiя мамы» больш спакойныя, упэўненыя, больш часу аддаюць свайму дзiцяцi. Яны настроеныя на роды больш пазiтыўна i адчуваюць сябе больш упэўнена. Яны схiльныя кармiць грудзямi. Iх дзецi, па статыстыцы, лепш паспяваюць у школе. А даследаваннi ўнiверсiтэта горада Масачусэтс паказалi, што ў жанчын, якiя нарадзiлi дзяцей у 35—40 гадоў, ёсць усе шанцы дажыць да 80 гадоў. I ўсё-такi наўрад цi «познiя мамы» думаюць пра гэта, калi рашаюцца нарадзiць дзiця. Яны думаюць пра самое дзiця i пра тое, як будуць яго любiць. Статыстыка сведчыць, што за апошнюю чвэрць стагоддзя агульная колькасць жанчын, якiя нараджаюць пасля 35 гадоў, павялiчылася на 90 працэнтаў. Жанчын, якiя пры гэтым нараджаюць першае дзiця памiж 30 i 40 гадамi, стала ў тры разы больш. Такая мама ў сiлу свайго вопыту будзе больш разумнай i цярплiвай. Iншая справа —— навошта адкладваць на заўтра тое, што можна зрабiць сёння? У кожнай жанчыны тут свая логiка, якую дыктуюць жыццёвыя абставiны цi нават уласны арганiзм. Бывае, што раней проста не атрымлiвалася, але пройдзена лячэнне (яно можа доўжыцца гадамi), i нарэшце жанчыне пашчасцiць. Але ёсць i iншая матывацыя. Сёння жыццёвая сiтуацыя ў многiм змянiлася i жанчыны сталi больш прагматычнымi. Яны спачатку вучацца, дабiваюцца поспехаў, а потым, стаўшы на ногi, забяспечыўшы сабе надзейны «тыл», пачынаюць будаваць планы наконт прадаўжэння роду. Яны i да гэтых планаў падыходзяць вельмi адказна. «За» ў гэтым пытаннi выступае якасць жыцця жанчын, якая павышаецца ва ўсiм свеце. Сёння жанчына ў 40 гадоў — не тая, што 30 гадоў таму. Паляпшаюцца тэхналогii на працы, становiцца больш зручным быт, падтрымлiваецца жаночае здароўе, iдзе пастаянны клопат пра яго. Жанчыны i самi не думаюць пра ўзрост, займаюцца фiтнэсам, падтрымлiваюць форму. Жанчына iмкнецца быць адукаванай, «прасунутай», iсцi ў нагу з часам. Яна знаходзiцца ў лепшым i фiзiчным, i маральным стане, чым раней. Дык што ёй можа забаранiць кахаць i нараджаць? Ёсць важныя моманты, з якiмi цяжка спрачацца, сцвярджае мой урач Людмiла Уладзiмiраўна, i самы iстотны з iх — узрост i ўсё, што з iм звязана. Гэтыя моманты могуць быць мацнейшыя за самае моцнае жаданне. I мяне, патэнцыяльную «познюю маму», аб усiм папярэдзiлi. Рызыка выкiдышу прыкладна на 50 працэнтаў вышэй у 30, чым у 20, i павялiчваецца ў некалькi разоў да 40 гадоў. Амаль палова цяжарнасцяў у жанчын за 40 заканчваецца невыношваннем. Канешне, медыцына мае рацыю, калi раiць не марудзiць з нараджэннем дзiцяцi — усё-такi як бы добра жанчына не выглядала i не адчувала сябе, у сярэднiм узросце могуць праявiцца розныя назапашаныя хранiчныя хваробы, цi той жа высокi цiск, а гэта ўсё дадатковыя выпрабаваннi i для жанчыны, i для плода. Акрамя таго, магчымасць зацяжарыць натуральным шляхам з узростам няўхiльна памяншаецца. Яна падае на 20 працэнтаў пасля 30 гадоў, на 50 працэнтаў пасля 35 i на 95 працэнтаў пасля 40 гадоў. Але гэта не значыць, што няма шчылiнкi для промня надзеi. Асаблiва пасля таго, як увесь свет абляцела навiна пра 67-гадовую iспанку, якая стала мамай двайнятак у вынiку ЭКА. Урачы папярэджваюць, што пасля 35 узрастае верагоднасць пасляродавых ускладненняў. Аднак у многiх выпадках урачы навучылiся распазнаваць сiмптомы на розных стадыях i лячыць iх. Канешне, ёсць рознiца, калi «позняе» дзiця — першае, i калi ў жанчыны ўжо ёсць дзецi. Адна сваю цяжарнасць узвядзе ў абсалют i будзе жыць толькi ёю, выконваючы ўсе рэкамендацыi ўрача. Другая паставiцца да яе хутчэй як да натуральнага стану, што таксама будзе правiльна. Але перасцярожыцца трэба будзе абедзвюм. Тым больш што ёсць нагода. Што сапраўды псуе настрой: у «позняй мамы» большая небяспека нарадзiць дзiця з сiндромам Дауна. Але гэтае адхiленне цяпер таксама своечасова выяўляецца. Затое ў процiлегласць я даведваюся, што з узростам вышэй верагоднасць з’яўлення рознаяйкавых блiзнят. Для мамы, у якой позняя цяжарнасць — першая, гэта значыць амаль тое ж, што ўскочыць у апошнi вагон цягнiка, якi адыходзiць, ды яшчэ без бiлета! Што нi кажыце, а прырода ўсё ж на жаночым баку, калi на адну дрэнную навiну дзве добрыя прыходзяцца. А вось i трэцяя добрая навiна: сярод «познiх» дзяцей больш таленавiтых i нават генiяльных. Можа гэта таму, што бацькi ўклалi ў iх развiццё ўсё лепшае, чаму да гэтага часу навучылiся самi, аддалi ўсе рэшткi сваёй любовi, iмкнучыся зрабiць iх самымi-самымi? Ды што тут разважаць? Няўжо трэба адмовiць сабе ў раскошы стаць саўдзельнiцай такога цуду? Варта спрабаваць. Iншая справа, як пазбегнуць на гэтым шляху розных непрыемнасцяў? Можна пазбегнуць, гаворыць Людмiла Уладзiмiраўна. Здаровая жанчына i ў 40 можа нарадзiць здаровае дзiця. Тут не важна — зорка яна цi не. Проста для кожнай жанчыны ёсць свая мяжа прыдатнага ўзросту. У iдэале да позняй цяжарнасцi трэба рыхтавацца з асаблiвай адказнасцю, каб пазбегнуць праблем. Жанчыне трэба весцi больш актыўны лад жыцця, не забываць пра заняткi фiзкультурай. Не апошнюю ролю адыгрывае лад жыцця абодвух: мужа i жонкi. Нават умеранае спажыванне алкаголю можа сказацца на зачаццi, што ўжо казаць пра цыгарэты. Дзiўна, але ёсць пэўнае табу i на каву: не больш за два кубачкi. Не варта нервавацца: высокi ўзровень стрэсу не садзейнiчае наступленню цяжарнасцi. Але тут што ў 20, што ў 30 цi 40... «Я толькi цяпер зразумела, што значыць быць мамай, — казала Наталля, тая самая, якая абаранiла дысертацыю. — А колькi памылак зрабiла з першым дзiцем!..» Яна ўжо вярнулася да працы, але працягвае кармiць грудзямi малога. Ёй падабаецца, як ён ёй усмiхаецца. «Гэта будзе мой першы», — з гонарам гаварыла жанчына, якая назвалася Святланаю. Яна чакала свайго прыёму ля кабiнета ўрача, i не вельмi была схiльная да размоў. Што тут было казаць: каб я яе сустрэла на вулiцы з каляскай, верагодна, задумалася б, цi не бабуля гэта гуляе з унукам. — У iх ёсць тэрмiн «старанараджаючая», — адгукнулася жанчына. — «Але хто ведае, калi гэта своечасова?» I сапраўды. Маю маму бабуля нарадзiла ў 46-м, пасля вайны. Яна была простай калгаснiцай. Ёй было 42 гады...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чытаю гэтыя iмёны i сэрца радуецца: Кiм Бэсiнгер — нарадзiла дачку ў 41 год. Мадона — першую дачку ў 38, сына ў 41 год. Джына Дэвiс, мацi траiх дзя
|
|