Актыўны адпачынак сям’ёй: дзе i за колькi
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Памятаеце, у фiльме «Усемагутны Брус» Творца тлумачыў галоўнаму герою, чым цуд адрознiваецца ад фокуса? «Вось калi мацi, якая працуе на дзвюх работах, знаходзiць час, каб пайсцi з сынам на хакей, — гэта цуд», — казаў ён. I тут я з аўтарамi фiльма згодная. Бо час настолькi iмклiвы, i дзецi растуць так хутка, i спраў у нас так шмат, што мы рызыкуем прапусцiць галоўнае, дзеля чаго жанiлiся, нараджалi дзяцей, уладкоўвалiся на другую работу — радасць ад знаходжання побач адзiн з адным — радасць, якую можа даць толькi сям’я.
Раней было трохi iнакш. Старыя бацькi жылi разам з маладымi i гадавалi малых дзяцей. Праца таксама аб’ядноўвала сям’ю, i за стол садзiлiся разам, i большасць святаў былi агульнымi. Цяпер жа бабулi i дзядулi звычайна жывуць асобна, а самi бацькi нават малых дзяцей бачаць толькi ранiцай i ўвечары, ды i то мелькам. Як толькi тыя падрастаюць, то аддаляюцца яшчэ больш. Хваробы ды праблемы яшчэ мiжволi прыцягваюць увагу бацькоў, а для радасцi часу зусiм не застаецца. Ёсць нямала сродкаў выправiць гэта. Актыўны адпачынак — адзiн, напэўна, з самых простых. Але гэта не значыць, што ён менш вартасны. Калi раней бацька з сынам iшлi разам у начное, бо мелi ўласных коней, якiх трэба было пасвiць, то цяпер яны мусяць заплацiць 36 тысяч рублёў, каб на дзве гадзiны выехаць верхам у поле. Другое, канешне, не замяняе першае, але хоць бы крышачку кампенсуе яго страту. А рэгулярная конная язда, дарэчы, — рэч для здароўя вельмi карысная. Рэгулярная — гэта хоць бы два разы на тыдзень. Такi абанемент у Конна-турыстычным клубе «Контур» у пасёлку Драздова (3 км ад Мiнска) каштуе 70 тысяч. У Клубе прапануюць навучанне навiчкоў (15 тысяч рублёў за гадзiну), а таксама понi для малых дзетак i конныя паходы. Гэта значыць, што туды можна ехаць сям’ёй, i калi гэта рабiць рэгулярна, то адкладаць з сямейнага бюджэту прыкладна 140 у.е. у месяц. Калi дзяцей двое. Але сёння ў краiне аб’яўлена арыентацыя на траіх дзяцей. Што ж, дадайце яшчэ прыкладна 35 «баксаў», бо на жаль, сямейных скiдак не толькi ў конных клубах — увогуле амаль нiдзе пакуль не iснуе. Ёсць сямейныя абанементы ў некаторыя басейны. Напрыклад, у Фiзкультурна-аздараўленчы цэнтр «Долголетие», што па вулiцы Жудро ў Мiнску. Яны на тры з паловай тысячы таннейшыя (!), чым звычайныя. Але вось што цiкава: там няма абанементаў для сям’i з трыма i больш дзецьмi. Для двухдзетнай наведванне басейна чатыры разы на месяц будзе каштаваць 71 тысячу рублёў. Калi дадаць яшчэ адно дзiця i падвоiць колькасць сеансаў (два разы на тыдзень), то давядзецца выкласцi каля 90 у.е. у месяц. Гэта, дарэчы, адзiн з самых недарагiх басейнаў у сталiцы: 45 хвiлiн «чыстай вады» (у тым лiку 15 хвiлiн душа-Шарко i гiдрамасажу) у iм каштуюць для дарослага 5410 рублёў, а для дзiцяцi — 4440. Параўнайце. У Палацы воднага спорту (вул. Сурганава, 2А) 7 тысяч — «дарослы» сеанс, 3 600 — «дзiцячы». У Палацы воднага спорту для дзяцей i моладзi (м-н Уручча) i для дзяцей, i для дарослых цэны аднолькавыя. Затое розныя для дзяўчынак (жанчын) — 7 тысяч, i для хлопчыкаў (мужчын) — 5600. Такая «дыскрымiнацыя» тлумачыцца на самай справе клопатам: «слабаму» полу тут прадастаўлена саўна, i яна, канешне, не бясплатная. Дарэчы, пра саўну. Абанементы на месяц — рэч добрая, але дарагая, бо далёка не кожная сям’я можа рэгулярна хадзiць куды-небудзь разам. Хоць бы час ад часу — i за тое дзякуй Богу. Саўна для такой справы вельмi падыходзiць. Па-першае, таму што кабiнкi ў ёй звычайна невялiкiя — якраз для сям’i. Па-другое, басейн неглыбокi, а значыць малое, нават калi яно не ўмее плаваць, не будзе баяцца, i бацька яго можа лавiць з борцiка... Для прыкладу, у гасцiнiцы «Беларусь» такiя кабiнкi на 5 чалавек каштуюць 53 580 рублёў (1 гадзiна 45 хвiлiн). Там ёсць пакойчык для адпачынку, якi чамусьцi дзяцей прыводзiць у асаблiвае захапленне, быццам яны прыйшлi не дзеля лазнi, а дзеля чаю з чыпсамi, i масажны стол. У той жа гасцiнiцы ёсць басейн з элементамi аквапарка: тры саўны, вадзяная горка, душ-Шарко, вадзяная пушка, гiдрамасаж. Там ужо дзве гадзiны да чатырох дня будуць каштаваць 18 500 для дарослага i 9780, для дзiцяцi, а пасля чатырох — 20 560 i 10 280 адпаведна. Калi размова iдзе пра сям’ю, ды яшчэ з трыма дзецьмi, то кабiнка атрымлiваецца больш эканомным варыянтам. Саўна ў гарналыжным комплексе «Сiлiчы» значна даражэйшая (такое параўнанне часам вельмi дапамагае спакойна паставiцца да расходаў). Там кабiнкi каштуюць ад 120 тысяч (5-месныя) да 200 тысяч (7-месныя) рублёў. Праўда, у «Сiлiчы» едуць галоўным чынам не за парай, а за снегам. I зiмой — гэта адно з найлепшых месцаў для сямейнага актыўнага адпачынку. Колькi трэба туды браць грошай? Калi няма ўласнага гарналыжнага абсталявання, то сама мала — 88 тысяч. Гэта кошт гадзiны пракату i карыстання пад’ёмнiкам для сям’i з трыма дзецьмi, адзiн з якiх па «сiлiцкiх» мерках дзiцем лiчыцца ўжо не будзе. Калi дзяцей двое, i абодва да 12 гадоў, то на 25 тысяч меней. Аднак калi навыкаў язды на горных лыжах няма, i сям’i патрэбны iнструктар (а такiх у Беларусi пакуль што абсалютная большасць), то на кожнага дарослага трэба дадаць яшчэ па 40 тысяч рублёў (гадзiна заняткаў) i столькi ж на кожнае дзiця. Сума атрымлiваецца немалая. Шкада, што ў самым сёння прапагандуемым вiдзе актыўнага адпачынку сямейны iнструктар за прымальныя грошы не прадугледжаны. У вынiку сем’ямi туды альбо не едуць, альбо не наймаюць iнструктара i атрымлiваюць траўмы, прычым не з разраду лёгкiх, чым у сваю чаргу знiжаюць папулярнасць гэтага i iншых гарналыжных комплексаў. Цэны ў якiх, дарэчы, мала адрознiваюцца. У спартыўна-аздараўленчым комплексе «Лагойск» за заняткi з iнструктарам для групы з 3 чалавек трэба аддаць па 15 тысяч з кожнага. У парку «Якуцкiя горы» 30 тысяч каштуюць iндывiдуальныя заняткi з iнструктарам i па 20 тысяч для групы ад 2 да 5 чалавек, па 15 тысяч — ад 5 да 10 чалавек. Але ў апошнiм пакуль няма «цёплага» санвузла, а для сям’i з дзецьмi — гэта важкая перашкода. З усяго гэтага вынiкае, што ў нас iнфраструктура актыўнага адпачынку на сям’ю арыентавана слаба, на шматдзетную сям’ю не арыентавана ўвогуле. Таму ствараць «цуды» — пакуль прывiлея бацькоў. Гэта, канешне, не значыць, што, калi ў сямейным бюджэце няма «лiшняй» паўсотнi тысяч, то i думаць пра тое, каб разам правесцi з задавальненнем i карысцю для здароўя час, няма чаго. Наадварот, пералiчаныя вышэй цэны толькi падкрэслiваюць каштоўнасць альтэрнатыўных сямейных выхадных. Напрыклад, у бабулi, з яе бясплатнымi лазняй, i ранiшняй лыжнай сцежкай у зачараваным зiмовым лесе, i «фiтнэсам» з рыдлёўкай у руках, i вясёлым сямейным сталом ля духмянай печкi, i з катом, якi гучна вуркоча ля ног i з асаблiвай значнасцю заглядае ў вочы... Такое не купiш нi за якiя грошы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Памятаеце, у фiльме «Усемагутны Брус» Творца тлумачыў галоўнаму герою, чым цуд адрознiваецца ад фокуса? «Вось калi мацi, якая працуе на дзвюх работах,
|
|