21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Беражы вас Бог і полымя свечкі

25.08.2009 22:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК

(Працяг. Пачатак у нумарах за 2 і 3 лютага.)

Выкарыстанне грамнiчнай свечкi на працягу года

Той, хто iмкнецца зразумець сутнасць абавязковай наяўнасцi агню ў структуры абрадавых падзей, павiнен памятаць, што беларусы з часоў сiвой мiфалагiчнай мiнуўшчыны былi сонца- i вогнепаклоннiкамi, таму фактычна нi адзiн з абрадаў любой накiраванасцi i прымеркаванасцi не абходзiўся без рознай па форме прысутнасцi агню. Далей на працягу года жыццеспрыяльная эстафета агню арганiчна ўпляталася ў розныя абрадавыя кантэксты, спалучаючыся з iншымi рытуальнымi атрыбутамi.

 Для нашых далёкiх продкаў самым свяшчэнным момантам у сутках быў усход Сонца, таму, вiдаць, пачатак пераважнай колькасцi абрадаў, прымеркаваных да рознага часу сутак, быў звязаны з запальваннем агню. Невыпадкова Калядная вячэра пачыналася з узыходам на начным небе першай зоркi, а разгавенне на Каляды пасля саракадзённага Пiлiпаўскага посту пачыналася з запальвання той самай «грамнiцы». Гэта быў акт своеасаблiвага благаслаўлення i перасцярогi, прадметна-падзейнага далучэння да моцы Сонца, якое ў першым выпадку павярнула на новы цыкл жыцця.

 Знаўцы архаiчнай традыцыi сцвярджаюць, што 13 сакавiка надзвычай неспрыяльны дзень, таму каб перасцерагчы сябе ад непрадказальных непрыемнасцяў, людзi, па магчымасцi, заставалiся дома, запальвалi грамнiчную свечку, чыталi малiтвы, ахоўныя замовы. Калi ж абставiны складвалiся так, што трэба было абавязкова куды-небудзь ехаць, то з сабой у дарогу бралi падарожную iкону, чацвярговую соль.

 На Юр’я першы раз выганялi жывёлу на пашу. Каб максiмальна перасцерагчы галоўную кармiцельку сям’i ад розных пашкоджанняў, гаспадыня брала ў рукi грамнiчную свечку, вербную галiнку i чырвонае яйка i тройчы па Сонцы абыходзiла вакол каровы. Як толькi ўвесь вясковы статак збiраўся на полi, цяпер ужо пастухi «замыкалi» яго ў непарушнае кола — абыходзiлi вакол статка, трымаючы ў руках тыя ж атрыбуты ды яшчэ рог, нож i пугу. Адвячоркам гаспадыня сустракала скацiну з поля з тым жа наборам свяшчэнных рэчаў, гэтым самым закальцоўваючы ранiцай распачатае свяшчэннадзейства. Як бачым, у даным выпадку свечку нават не запальвалi, таму што ў двары гарэў асобны агонь, але яе прысутнасць была абавязковай.

 Аднак найбольш моцным абярэгам грамнiчную свечку лiчылi ў час летняй навальнiцы. Тое, што нарадзiлася ад нябеснага агню, тое, што асвечана царкоўным абрадам, станавiлася своеасаблiвым гарантам перасцярогi. Свечка-грамнiца, як дачка бога-грамаўнiка, павiнна была адвесцi гнеў бацькi i заступiцца за чалавека ўжо хоць бы таму, што ў гэтай хаце прысутнiчала яго сiмвалiчная частка. Улетку, як толькi гаспадыня чула наблiжэнне навальнiцы, яна запальвала грамнiцу i ставiла на падаконнiк. Бог-грамаўнiк ляскатаў на ўсё наваколле, паласаваў неба слядамi сваёй каляснiцы — быццам вышукваў тых, хто не паважаў законаў продкаў, каб пакараць iх за гэта.

 Асаблiвае месца ў народным календары займала Купалле, калi Сонца дасягала найбольшага росквiту. Аднак парадокс зямнога iснавання заключаецца ў тым, што вяршыня тваёй славы — гэта адначасова паварот да знямогласцi, страты актыўнай жыццёвай пазiцыi. Тое ж самае адбывалася i з Сонцам. У наступныя пасля свята днi яно пачынала здаваць пазiцыi ўладара, аб чым добра ведалi «загнаныя пад венiк» у дзень веснавога раўнадзенства сiлы цемры. Светлавы дзень паступова пачынаў змяншацца. Таму купальская ноч уяўляла сабой складны вузел процiлеглых эмоцый: радавалася Сонца зенiту сваёй славы, радавалiся i нячысцiкi, пацiралi лапы, прадчуваючы хуткае панаванне ночы. Яны неймаверна актыўна паводзiлi сябе ў гэту ноч. Ведаючы гэта, чалавек прадпрымаў шэраг захадаў, каб абясшкодзiць сябе i гаспадарку ад iх магчымага ўздзеяння. Дзеля таго, каб ведзьма не забрала малако ў каровы, гаспадыня вешала над дзвярамi серп i крапiву-жыгучку, а да дзвярнога касяка мацавала свечку-грамнiцу кнотам унiз. Грамнiчная свечка суправаджала абрады засявання i зажынак. Яе запальвалi тады, калi насыпалi насенне ў мяхi перад сяўбой i перад тым, як засыпаць першы вымалачаны хлеб у засек. Без грамнiчнай свечкi не распачыналi зажынкi. Усё гэта рабiлася для таго, каб захаваць палетак ад граду.

Выкарыстанне грамнiчнай свечкi ў сямейна-родавых святах

Свечку-абярэг шырока выкарыстоўвалi i падчас выканання сямейна-родавых абрадаў. Калi б дазволiць сабе выказаць гэту знiтаванасць у адной паэтычнай метафары, то можна смела сказаць, што «грамнiца» сустракала душу чалавека на гэтым свеце, вяла яго па асноўных жыццёвых сцежках i была сведкай таго, як душа адлятала на нябёсы.

 У час працяглых родаў, каб паспрыяць нараджэнню дзiцяцi, бабка-павiтуха шаптала замову: «Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Божай Мацi пакланюся. Прачыста Божа Мацi з прастола ўставала, рабе Божай (iмя парадзiхi) дзiцятка адмаўляла, сустаўчыкi адмыкала...», прасiла ў хаце, хляве, астатнiх пабудовах адамкнуць замкi, адчынiць дзверы i вокны, засовы, расшпiлiць гузiкi на адзеннi, развязаць усе вузлы, а затым запалiць грамнiчную свечку. Пасля таго, як яна прымала на рукi нованароджанага, немаўля тут жа клалi на стол (далучалi да сямейнага сiмвала адзiнства) i тройчы абносiлi i хрысцiлi той самай «грамнiцай».

 Свечка-грамнiца будзе маўклiвым сведкам яшчэ адной вялiкай тайны ў чалавечым жыццi — таiнства хрышчэння: адпраўляючы разам з хроснымi бацькамi дзiця да храма, родныя бацькi давалi iм асноўны хатнi абярэг. Захавайце тую свечку-грамнiцу, з якой вы хрысцiлi дзiця i запалiце яе тады, калi будзеце адпраўляць маладых да вянца. Гэту эстафету далей падхопяць вянчальныя свечкi! Дарэчы, мы ў даным выпадку не прапаноўваем нiчога новага, проста дапаўняем адным штрыхом тое, што рабiлi нашы мудрыя продкi.

 Было б проста цудоўна i ў вышэйшай ступенi сiмвалiчна, калi б сённяшнiя маладыя бацькi паступiлi наступным чынам. Роўна ў год дзiця першы раз стрыглi. Валасы гэтыя захоўвалi ўсё жыццё за абразамi. Калi чалавек iшоў служыць у войска або на вайну, на парозе роднай хаты мацi выстрыгала пасмачку валасоў i клала да валасоў першага пастрыгу, адтуль жа брала пасмачку яго дзiцячых валасоў i рабiла ладанку (гэтыя ж валасы закатвала ў воск той самай грамнiчнай свечкi), i аддавала з сабой (магла зашыць недзе ў адзенне) у дарогу: хлопец пройдзе агонь, ваду i медныя трубы, але выжыве.

 Запальвалi «грамнiцу» i ў той момант, калi збiралiся аднiмаць дзiця ад грудзей. Уся родавая мiжпакаленная iнфармацыя перадавалася дзiцяцi з малаком матулi. I вось прыходзiў час, калi гэту прыродна-бiялагiчную сувязь трэба было разарваць канчаткова (першы акт надання самастойнасцi быў здзейснены тады, калi бабка-павiтуха адсекла пупавiну i завязала вузлом-абярэгам). З гэтага часу сiмвалам самастойнага пераадолення дарогi на Вялiкiм жыццёвым Шляху чалавека стане сямейны талiсман — «грамнiца».

 Свечку-«грамнiцу» давалi ў рукi цяжка памiраючаму чалавеку, а потым ставiлi каля галавы памёршага. Яна павiнна была дапамагаць душы нябожчыка пакiнуць хату так, каб не «пакрыўдзiлася» ды не «выгледзела» сабе яшчэ каго-небудзь са сваякоў. Аднак трэба памятаць: калi ў iншых выпадках свечкай-грамнiцай карысталiся на працягу года ў самых розных сiтуацыях, то ў выпадку смерцi чалавека яна павiнна была згарэць уся ў гэты ж дзень, каб яе нiхто не змог выкарыстаць у iншыя святочныя днi з мэтай нанясення людзям шкоды.

 У адпаведнасцi з народнымi ўяўленнямi дарога заўсёды была непрадказальнай, таямнiчай, таму адпраўляючыся ў далёкi шлях, чалавек выконваў спецыяльныя рытуальныя дзеяннi («прысесцi на дарожку»), браў з сабой розныя абярэгi (пояс, нож), гаварыў словы замовы цi малiтвы. Пераадоленне дарогi — гэта бадай што самы iнтэнсiўны канал усебаковай iнфармацыi: хто сустрэнецца першым, хто пяройдзе дарогу, стан надвор’я, незвычайныя прыродныя аб’екты (камень-следавiк, крыж, крынiца).

 Яшчэ больш высокiм статусам надзялялася дарога ў кантэксце абрадаў: калi дзiця неслi хрысцiць, калi iшла пахавальная працэсiя, калi ехалi да вянца i назад. Ва ўсiх гэтых выпадках, канешне ж, не абыходзiлiся без сiмвала агню — грамнiчнай свечкi, якая, верылi, будзе адганяць нячыстую сiлу. «Грамнiцу» бралi з сабой, калi iшлi сватаць дзяўчыну, калi дружына маладога ехала выкупляць нявесту, калi вясельны поезд адпраўляўся да вянца, калi вяселле пераязджала ў дом жанiха. Грамнiчная свечка, загорнутая ў кавалак даматканага палатна, ляжала на стале перад маладымi побач з хлебам-соллю, якiмi бацькi сустракалi заручаную пару пасля вянчання.

Магчыма, ужо настаў той час, калi мы павернемся да вопыту продкаў i будзем падтрымлiваць лепшыя традыцыi нашай культуры. А таму не кепска будзе запалiць «грамнiцу» i ў днi нараджэнняў кожнага з членаў сям’i, калi маладых адпраўляюць у ЗАГС, а рожанiцу ў раддом, калi нованароджанага прывозяць дадому i панясуць да храма на хрышчэнне i г.д.

Выкарыстанне грамнiчнай свечкi падчас выканання магiчных дзеянняў

Пераканаўчым сведчаннем гэтаму з’яўляецца тое, з якой павагай людзi ставiлiся не толькi да самiх свечак, але i да iх аплаўленых рэшткаў, якiя ўтваралiся ў вынiку няўмелай апрацоўкi воску, непрапарцыянальнасцi таўшчынi свечкi i яе кноту, пры не дакладна вертыкальным утрыманнi яе падчас выканання розных абрадавых дзеянняў.

 Невялiчкiя кавалачкi свечачнага сплаву ўтыкалiся ў хлеб i давалiся як выключны эфектыўны народны сродак пры лячэннi сурокаў у чалавека i жывёлы.

 У народнай медыцыне шырока выкарыстоўваўся наступны метад лячэння. Той орган цела, якi трэба было засцерагчы ад хваробы або паспрыяць аднаўленню яго паўсядзённай жыццядзейнасцi, выраблялi з дрэва, глiны або воску грамнiчнай свечкi, насiлi пры сабе як абярэг або адносiлi i клалi каля свяшчэнных дрэў, камянёў-следавiкоў (паводле легендаў, гэтыя сляды засталiся ад ступнi Багародзiцы, Хрыста або якога-небудзь святога). У розных храмах Еўропы даводзiлася бачыць, як побач са з’яўленай або мiратачывай iконай, да якiх звярталiся па дапамогу аб пазбаўленнi ад розных хвароб унутраных органаў, рук, ног, знаходзiлася мноства гэтых «органаў», выплаўленых з срэбра i ахвяраваных храму i абразу пасля выздараўлення.

 «Сплавамi» грамнiчнай свечкi падкурвалi малых дзяцей, калi яны палохалiся; калi некага пачынала калацiць лiхаманка, то яго «ачышчалi» святлом i дымам свечкi i адначасова чыталi спецыяльныя замовы.

 Лiчылася, што цяля будзе хутка расцi, калi адразу пасля ацёлу абкурыць саскi каровы агаркамi грамнiчнай свечі i чаборам.

 Абкурванне агаркам выконвалi i тады, калi трэба было пачынаць прасцi нiткi, калi закладвалi навой для ручнiка або посцiлак, калi заканчвалi плесцi рыбацкую сетку, калi першы раз апраналi новую вопратку.

 Калi перад наступнымi Грамнiцамi ад мiнулагодняй свечкi заставаўся зусiм маленькi агарак, яго пакiдалi i надалей выкарыстоўвалi для розных мэтаў, як зноў-такi лекавы сродак i адзiн з моцных амулетаў.

 Пры ўмове, што на працягу года свечка выкарыстоўвалася радзей i заставалася яшчэ вялiкая частка, то яна дапальвалася ў святыя вечары на Каляды, а затым непасрэдна перад Грамнiцамi.

Такiм чынам, грамнiчная свечка спалучыла ў сабе сiмволiку дзвюх гiсторыка-культурных традыцый. З аднаго боку, яна ахоўвала чалавека, яго сям’ю, гаспадарку ад негатыўнага ўздзеяння злых сiл, прыродных катаклiзмаў, а з другога — служыла надзейнай перасцярогай у той час, калi трэба было вырашаць адказныя жыццёвыя пытаннi, а таксама пры неабходнасцi пакiдаць адухоўленую, асвоеную прастору свайго жытла i адпраўляцца ў далёкую дарогу. Святло абрадавай свечкi ачышчала паперад чалавека шлях, нейтралiзоўвала перашкоды, была той пуцяводнай зоркай, нiткай вядуннi Арыадны, якая дапамагала пераадолець лабiрынты жыцця, казачным клубком нiтак, поясам-спавiвачом, без якога нi адзiн чалавек не пакiдаў хату, Вiфлiемскай зоркай, што ўказвала чалавеку не толькi сцежкi-дарожкi сённяшняга дня, але i ўсяго жыццёвага шляху.

(Працяг будзе.)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Той, хто iмкнецца зразумець сутнасць абавязковай наяўнасцi агню ў структуры абрадавых падзей, павiнен памятаць, што беларусы з часоў сiвой мiфалагiчна
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика