21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Як падкаваць яйка?

26.08.2009 08:38 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА

Валерый Кавалёў працуе ў Мсцiслаўскiм Доме дзiцячай творчасцi. Тут ён больш за 20 гадоў займаецца з хлопчыкамi тэхнiчным i ракетным мадэляваннем. Аднак усераённую вядомасць Валерый Васiльевiч атрымаў пасля таго, як зрабiў незвычайныя сувенiры. Ён упрыгожыў яечную шкарлупiну дзесяткамi мiнiяцюрных падковак цi, як папросту гавораць у Мсцiславе, падкаваў яйкi.

Пакой у Доме дзiцячай творчасцi, дзе займаюцца наведвальнiкi гуртка Кавалёва, упрыгожаны незвычайнымi кардоннымi ракетамi: напрыклад, у выглядзе алоўка альбо градуснiка, дзе, дарэчы, чырвоным колерам вызначана тэмпература 37,9 — так бы мовiць, мара школьнiка, стомленнага ад заняткаў.

Разам з ракетамi гойдаюцца на доўгiх нiтках папяровыя анёлы з дзiцячымi ўсмешкамi на тварах — гэта ўклад у агульную справу ўпрыгажэня кабiнета ўдзельнiкаў гуртка выяўленчага мастацтва. I пасярод гэтага iнтэр’ера Валерый Кавалёў дэманструе сваю ўласную гордасць — яйкi, упрыгожаныя металiчнымi падковамi. Першае яйка мае 18 падкоў, кожная з якiх умацаваная 5 маленечкiмi цвiкамi. Іншае яйка ўпрыгожана 145 яшчэ больш дробнымi падковамi! Колькi ж часу патрэбна на такую справу?

— Калi рабiў першае, то сапраўды спатрэбiлася вялiкая цярплiвасць, а калi навучыўся — няма праблем, — усмiхаецца Валерый Васiльевiч. — Цяпер цвiк раблю хвiлiн 5, падкову — каля 30 хвiлiн, а для таго, каб падвесiць адну падкову на яйка, патрабуецца каля гадзiны. Раней было нашмат болей.

Больш за дзесятак гадоў таму Валерый Кавалёў прачытаў у тэхнiчным часопiсе пра майстра з Усходняй Еўропы, якi набiў на яйка некалькi дзесяткаў падкоў. Праз некалькi гадоў узгадаў той артыкул i вырашыў паспрабаваць сам.

— Ведаеце, справа была ўзiмку, — расказвае Валерый Васiльевiч. — I доўгiмi зiмовымi вечарамi, калi ў гаспадарцы няма чаго рабiць, я вучыўся падкоўваць яйка.

Не ўсё атрымалася адразу. Мiнiяцюрныя цiвiкi i падковы майстар вырабляў з меднага дроту: браку спачатку было багата, таму што адзiн недакладны ўдар — i падкова атрымлiвалася нязграбная. Доўга не ўдавалася прасвiдраваць яйка i падковы — свердзел ламаўся. Тады Кавалёў зрабiў новы плоскi свердзел сам, i справа пайшла.

Для такой працы, натуральна, патрабуюцца спецыяльныя акуляры. I яшчэ адна парада для тых, хто захоча заняцца такой справай, — трэба браць летнiя курыныя яйкi, бо гэтай парой яны маюць таўсцейшую шкарлупiну.

Падкоўванне яек можа стаць нядрэннай трэнiроўкай для нервовай сiстэмы i выпрацоўвання ў характары цярплiвасцi. Кавалёў раiць нiколi не садзiцца за працу, калi няма настрою, калi нешта хвалюе — справы не будзе, запэўнiвае вопытны майстар. Трэба добра адпачыць, супакоiцца i ўраўнаважыцца. Толькi тады такая тонкая праца дасць плён.

Яйкi вельмi падабаюцца дзецям з гуртка, i ў настаўнiка нават аўтарытэту дадалося. Хлопчыкi ганарацца, што iх Валерый Васiльевiч справiўся з такой складанай задачай! Праўда, разумеюць, што iм яна пакуль не па сiле. «Дзiця — жвавая iстота, якой немагчыма ўседзець на месцы», — тлумачыць Кавалёў.

Валерый Васiльевiч з задавальненнем займаецца з дзецьмi. Лiчыць, што кожнае дзiця — добрае, i нават калi яно робiць нешта дрэннае — то, значыць, гэта проста вырвалася мiжволi. I галоўнае для настаўнiка, мяркуе Кавалёў, знайсцi ў кожным малым самае лепшае i проста дапамагчы крочыць у гэтым правiльным накiрунку.

Канешне, дзецi цяпер захапляюцца камп’ютарнымi гульнямi i мультфiльмамi пра супергерояў, але i гэта надакучвае часам. Таму яны i iмкнуцца ў гурткi, каб рабiць нешта сваiмi рукамi — напрыклад, мадэляваць ракеты.

— Мы ў гуртку робiм i рамантуем самыя розныя рэчы, — тлумачыць настаўнiк. — I кожным разам для гэтага даводзiцца вырашаць задачу, часта нестандартную. I, ведаеце, гэта самае цiкавае ў жыццi.

Падобнай i яшчэ нават больш складнай справай займаюццца яшчэ некалькi майстроў — у Беларусi, Казахстане, Украiне. Iм хочацца калi не пераўзысцi знакамiтага Ляўшу, то хаця б наблiзiцца да ўзроўню майстэрства легендарнага майстра.

Дарэчы, такiм арыгiнальным «хобi» займаюцца толькi мужчыны. Жанчына заўсёды аддасць перавагу справам, якiя прынясуць рэальную карысць дому альбо ёй самой. А вось мужчыны часта займаюцца «мастацтвам дзеля мастацтва».

— Але разам з тым, мiнiяцюрызацыя — гэта карысная справа, — удакладняе Кавалёў. — У тэхнiчна перадавой Японii гэта ўжо стала прамысловасцю. Мiкраробататэхнiка — на патоку вытворчасцi. Напрыклад, даследчыя мiнiзонды, якiя запускаюць у цела чалавека з токам крывi...

А падкаваныя Кавалёвым яйкi застануцца для нашчадкаў каштоўным сувенiрам, якi сiмвалiзуе iмкненнi i здольнасцi галавы сям’i. Праўда, на гэтых яйках Валерый Васiльевiч не збiраецца спыняцца, а мяркуе зрабiць новыя ўнiкальныя рэчы. Падрабязнасцi не раскрывае, бо баiцца сурочыць. Але паабяцаў абавязкова паказаць новыя работы.

У цяперашнiм шалёным рытме жыцця, асаблiва ў буйных гарадах, людзi не паспяваюць займацца нечым цiкавым. Маўляў, няма часу i сiл. Але мсцiслаўскi настаўнiк знайшоў i час, i сiлы на сваю справу. Ён раiць iншым менш глядзець тэлевiзар, якi зацягвае i потым атупляе, а спрабаваць знайсцi i зрабiць нешта цiкавае, сваё, адрознае ад iншых.

— Усе аднолькавую працу не будуць рабiць: нехта танцуе, iншы спявае, а трэцi падкоўвае яйкi, — гаворыць Валерый Кавалёў. — Калi ўсе будуць рабiць адно, мы ўсе будзем стандартнымi. А мы павiнны адзiн аднаго дапаўняць. Калi будзем цiкавiцца рознымi справамi — у нас будзе цiкавае i разнастайнае грамадства.

г. Мсцiслаў.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Валерый Кавалёў працуе ў Мсцiслаўскiм Доме дзiцячай творчасцi. Тут ён больш за 20 гадоў займаецца з хлопчыкамi тэхнiчным i ракетным мадэляваннем
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика