21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Дзе цвіце сіні сон

26.08.2009 08:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА

Насуперак Чарнобылю




На аўтадарозе «Чэрыкаў—Краснаполле» рэшткi стэлы калгаса «Маладая гвардыя» зусiм зараслi маладымi дрэвамi.

Гэтай гаспадаркi ўжо даўно няма, i за паваротам — моцна забруджаная радыяцыяй тэрыторыя, якую коратка i ясна называюць «зонай».

Тут малая верагоднасць сустрэць людзей, i таму веснавой прыкметай «зоны» стала сон-трава, даволi рэдкая раслiна. Тут ярка-сiнiя кветкi, першыя вестуны цяпла, вольна растуць абапал дарогi, i няма каму iх зрываць.

У гэтых мясцiнах жывуць толькi пустэльнiкi, апошнiя жыхары адселеных i знiклых з геаграфiчных картаў вёсак.

Ушакi

Гэта вёска, якая месцiцца за два дзесяткi кiламетраў ад Чэрыкава, — былая цэнтральная сядзiба калгаса. Ва Ушаках калiсьцi было паўсотнi двароў, а сёння засталося некалькi хат. Яны стаяць у акружэннi дрэў, якiя без рукi чалавека разрастаюцца i часам прымаюць проста вычварныя формы. Такое дрэва ва Ушаках расце прама на былым аўтобусным прыпынку.



Пенсiянер Ягор Данiлавiч Карнеенка — адзiнаасобны гаспадар гэтага царства цiшынi, дзе трэск сухой галiнкi падаецца невялiкiм гукавым выбухам. Ён нарадзiўся ва Ушаках, i нiколi не пакiдаў iх.

— Дык тады такi рэжым быў, што дакументаў не давалi, з калгаса не пускалi, — тлумачыць стары. — Ды i не было куды ехаць. А ў нас была звычайная вёска, вялiкая, народу шмат. Людзi розныя былi: i добрыя, i ўпартыя.

Вiдаць, сам Ягор Данiлавiч якраз быў упартым, бо разам з iншымi так i не з’ехаў далей ад радыяцыi, якая накрыла яго родную вёску. Першымi пра радыяцыю, узгадвае ён, дазналiся ў суседнiх Бакунавiчах. Цяпер гэтай вёскi таксама няма, але яна засталася ў мясцовым фальклоры. Жыхары Бакунавiчаў атрымалi вядомасць сваiм незвычайным уменнем хлусiць, нават у дробязях не казаць праўду. Цяпер гэтыя знакамiтыя лгуны раз’ехалiся ў розныя гарады i пасёлкi. За iмi ў пачатку 1990-х гадоў пацягнулiся i жыхары Ушакоў. А адзiнокi Ягор Данiлавiч усё ж застаўся.

— Якi тут страх? — здзiўляецца ён пытанню пра небяспеку адзiнокага жыцця ў пустэчы. — Вось калi вайна была — тады было страшна! Калi немец бамбiў, тады мы ў зямлянках сядзелi i трэслiся ад страху. А цяпер спакойнае жыццё: толькi займайся сваёй справай i не бяры ў галаву нiчога лiшняга.

Электрычнасцi ва Ушаках няма, а таму радыё i тэлевiзар у Карнеенкi адсутнiчаюць. Ён, да слова сказаць, i не ўхваляе захаплення тэлебачаннем: маўляў, дрэннымi байкамi часам галаву забiваюць. Газеты, калi трапляюцца ў рукi, чытае, i з iх ведае, што Беларусь панесла вялiкi ўрон у сувязi з Чарнобылем.

— Тады сказалi, што станцыя была парушана, — успамiнае адзiны жыхар Ушакоў падзеi 21-гадовай даўнiны. — А я не спужаўся. Радыяцыя — гэта нiчога. Сюды прыязджаюць у грыбы i па рыбу. Я так мяркую, што людзi маглi б застацца тут жыць.

Святло ў хаце Карнеенкi ёсць ад газнiцы. Да яго прыязджае аўталаўка, на сваю невялiкую пенсiю ён набывае харчы i розныя патрэбныя рэчы. На агародзе садзiць бульбу. Раней нават i тытунь саджаў на самакруткi.

— Доктара я не бачыў гадоў 10, а можа i 20, ва ўсякiм разе — даўно, — прызнаецца стары. — Я i не адчуваю сябе хворым, у мяне ўсё нармальна.

Сваю адзiноту Ягор Данiлавiч не лiчыць за трагедыю: яму так камфортна. А вось у райцэнтры, куды ён час ад часу ездзiць, не падабаецца.

— Там цесна хадзiць, у тым Чэрыкаве, — бурчыць Карнiенка. — Бо там народу ў адно месца набiлася шмат. I ходзяць такiя задуменныя ўсе, сумныя, са сваiмi праблемамi, бегаюць з кутка ў куток...

Пасля ўгавораў Ягор Данiлавiч пагаджаецца паказаць сваю самую вялiкую каштоўнасць i выносiць з хаты невялiкую чырвоную скрыню. Гэта — сапраўдны патэфон. Прама на дошках у двары ён заводзiць яго i слухае «Аиста» ў выкананнi Iосiфа Кабзона.

— Шкада, што пласцiнка ўжо парэзаная, — хiтае галавой стары. — Ды i музыка гэта старая, ужо адышла. Як, Кабзон яшчэ жывы? Што, праўда? Адкуль ведаеце? Па тэлевiзары бачылi? Ого!

Сельскi Савет раз на год аказвае жыхару «зоны» матэрыяльную дапамогу, час ад часу яму прывозяць «гуманiтарку». Але сам Карнiенка нiчога нi ў каго не просiць — прызвычаiўся жыць самастойна.

— Гадоў мне ўжо нямала, але я не дужа ўнiкаю ў гэту справу, — расказвае ён. — Каляндар раней быў, а цяпер няма. Аднак дакладна магу сказаць, якi сёння дзень на тыднi i якi месяц. Хутка Радаўнiца, таму што цяпер часта прыязджаюць на нашы могiлкi, прыбiраюцца. I мне добра павiтацца з людзьмi, сустрэць знаёмцаў.

На дарозе да могiлак ляжаць свежыя яловыя лапкi: зусiм нядаўна тут хавалi жанчыну, якая з’ехала ў чыстую «зону», але завяшчала пахаваць яе ў роднай зямлi. Могiлкi добраўпарадкаваныя, iх даглядае Чэрыкаўскi лясгас. На Радаўнiцу тут збярэцца шмат людзей, якiя будуць радавацца сустрэчы i ўзгадваць старыя часiны.

— Шкадуюць, што ўехалi, — каментуе Карнеенка. — Усюды ёсць радыяцыя.

Манастырок

Гэта вёска стаяла на беразе ракi Сож. I раней, расказваюць, тут было месца паломнiцтва вольных турыстаў. Гараджане прыязджалi i прасiлiся ў мясцовых жыхароў на пастой. Iх прываблiвалi маляўнiчыя мясцiны i пясчаныя пляжы Сожа — лепей за Ялту, сцвярджалi прыхiльнiкi прыроды.



Цяпер ад усёй вёскi засталася толькi адна хата, дзе жывуць муж i жонка Кiсялёвы. Турыстаў спужала вялiкая радыяцыя, а вось дзецi i ўнукi Кiсялёвых прыязджаюць у Манастырок часта i вераць, што тут бяспечна.

— У красавiку 1986 года ў нас пайшоў град, — узгадвае Лiдзiя Iванаўна Кiсялёва. — Я вельмi добра памятаю той дзень: дзяжурыла на ферме i iшла дадому. Неўзабаве найшла чорная хмара, цёмна стала i пасыпаў град з курыны жаўток. Ледзь дабегла да хаты. I раставалi гэтыя градзiны некалькi дзён. Дык вось: на адной палове вёскi град быў моцны, а на нашай — не вельмi. Так i атрымалася, што там, дзе мая хата, вялiкай радыяцыi няма.

Бабуля расказвае, што адразу пасля катастрофы ў Манастырок прыязджалi навукоўцы з Масквы: паставiлi свой аўтамабiль на залiўным лузе i даследавалi мясцовасць. Елi тутэйшыя малако, яйкi i бульбу i запэўнiлi гаспадыню, што жыць тут можна.

Лiдзiя Iванаўна запрашае гасцей у хату. Гэта, дарэчы, выключэнне з правiлаў: звычайна пустэльнiкi не пускаюць да сябе, бо не надта сочаць за парадкам. А тут — iдэальная чысцiня. Смачна пахне печкай, на сценах — прыгожыя вышыванкi i старыя фотаздымкi.

— У нас тут усё ёсць — i святло, i газ, — расказвае пра сваё жыццё-быццё ўсмешлiвая гаспадыня. — Усё па-ранейшаму, як i было. А чысцiня — гэта была наша вясковая традыцыя. За мiнулым часам да кожнага свята фарбавалi хаты, а цяпер — швабру ў рукi i пайшла шураваць.

Гавораць, што вёска Манастырок узнiкла на месцы старыжытнага кляштара. Калi ў Кiсялёвых аруць на агародзе, часта трапляецца чырвонае цаглiнне. Так што легенда правiльная, лiчыць бабуля. I жартам раiць пакорпацца лепей: можа, дзе клад ляжыць?

Лiдзiя Iванаўна нарадзiлася i пражыла тут усё жыццё. Яна ганарыцца тым, што i ў новым пашпарце ёй пакiнулi месцам прапiскi Манастырок. Хата — яшчэ бацькоўская, з 1930-х гадоў, у ёй Кiсялёва перажыла вайну i ўжо дакладна нiкуды не хоча ехаць.

— А дзе лепей мне будзе, калi я пражыла ўсё жыццё ў сваiм гняздзе? — рытарычна пытаецца бабуля. — Во дажывеш да майго, тады, дзетка, спазнаеш: кранешся з месца альбо не. Я тут магу ўначы з заплюшчанымi вачыма прайсцi i нiдзе не спатыкнуцца, настолькi ўсё знаёмае i сваё.

У Кiсялёвых ёсць конь Салавей (нарадзiўся ў маi, калi спявалi салаўi), яму ўжо 12-ы год, i ён вольна гуляе ў наваколлi. Аўталаўка спраўна прывозiць харчы. Агарод садзяць, «каб пустазеллем не зарасцi». Любiмая страва Кiсялёвых — бульба ва ўсiх выглядах: смажаная, пюрэ, з фасоляй, плюс — агуркi ды памiдоркi.

— А цi шкодзiць здароўю радыяцыя? — перапытвае жанчына. — Я вам скажу шчыра: не радыяцыя, а алкаголь людзей губiць. Каб яны меней пiлi, то былi б, як конi. Я сама тры разы на жыццi выпiла: як брат з Хабараўска прыехаў, як у сяброўкi на групе першая цёлка ацялiлася i як Церашкова ў космас паляцела. I ўсё!

Лiдзiя Iванаўна ад цывiлiзацыi не адрываецца: выпiсвае часопiсы для хатняй гаспадаркi i з парадамi для здароўя. Аднак найбольш яна захапляецца тэлевiзiйнымi серыяламi.

— Я пра Кацю Пушкарову гляджу i глядзела б яе дзень i ноч, — усплёсквае рукамi пенсiянерка. — Мне яна падабаецца. Няхай не прыгожая, затое добрая душа бачна.

Цяпер Кiсялёвы хочуць для сувязi са светам i сваякамi набыць мабiльны тэлефон. Праўда, аднавяскоўцам тэлефанаваць не выпадае: з усiх цяпер засталiся ў жывых толькi Кiсялёвы ды яшчэ адзiн мужчына, якi жыве на Мiншчыне.

— Ах, якiя дурнi, што з’ехалi, — Лiдзiю Iванаўну засмучае лёс людзей. — Не паехалi б, былi яшчэ жывыя. I што ўсiм было трэба?..

«Зона» i пустэльнiкi

Чарнобыльская «зона» з цягам часу мяняецца. Пасля катастрофы тут будавалi дарогi, школы i сацкультбыт. Потым людзей сталi адсяляць. Спачатку пахавалi драўляныя будынкi ў вёсках, а напрыканцы 1990-х гадоў разбурылi шмат цагляных пабудоў: нешта пахавалi, самае бруднае вывезлi на магiльнiкi, а частку разабралi для другаснага выкарыстання.

— Мне падаецца, што лепей пахаваць хаты, чым яны стаяць напаўразбураныя, з пустымi «вачнiцамi», — лiчыць Галiна Дубяга, якая дзесятак гадоў займалася ў Чэрыкаўскiм райвыканкаме пытаннямi лiквiдацыi наступстваў аварыi на ЧАЭС. — А сама «зона» з цягам часу ўсё больш дзiчэе, таму што тут не прыкладаюцца рукi чалавека. Усё становiцца недагледжанае, мёртвае. Буйная раслiннасць захоплiвае тэрыторыi. I шмат дзiкiх жывёл: вось i сёння мы бачылi аленя лiтаральна каля дарогi...

У Чэрыкаўскiм раёне з жыхарамi «зоны» гутараць, раяць пераехаць, але прымусiць iх выехаць нiхто не можа. Шчыра кажучы, апошнiм часам ужо i не ўгаворваюць. Разумеюць, што старыя дажываюць свой век на радзiме.

— У нас на Чэрыкаўшчыне 5 такiх сем’яў, i ўсяго iх 7 чалавек, — расказвае Галiна Дубяга. — У большасцi ёсць iншае жыллё, але яны нiяк не вырашацца пераехаць. Вiдаць, не могуць развiтацца з роднымi мясцiнамi i iх задавальняе адзiнокае жыццё. Вось i сядзяць яны ў вёсках, якiя пахаваныя, а некаторыя нават выключаны з дзяржаўнага статыстычнага ўлiку.

Сама Галiна Мiхайлаўна, калi грымнуў Чарнобыль, жыла ў Мсцiслаўскiм раёне, i 1 мая 1986 года, як i многiя iншыя, разам з сям’ёй i з сябрамi пасля дэманстрацыi адпачывала на прыродзе. Ужо тады прасочвалася нейкая iнфармацыя, i было трывожна на душы...

Як нiхто iншы, гэтая жанчына ведае, што лiквiдацыя наступстваў аварыi на Чарнобыльскай АЭС не абыходзiлася без памылак, аднак апраўдвае ўсё няведаннем, бо радыяцыйная катастрофа здарылася ўпершыню i нiхто насамрэч не ведаў, што правiльна рабiць, а што — не.

— Пакуль нешта не здарыцца, увогуле не задумваешся, — разважае цяпер Галiна Дубяга. — Але лепей быць асцярожным, прытрымлiвацца мераў бяспекi. На мой погляд, радыяцыя пранiкае ў арганiзм, але ж яе можна i вывесцi. I гэтаму спрыяе здаровы лад жыцця. Хоць менавiта ў «зоне» такiя баравiкi растуць — вы б бачылi! I людзям, калi шчыра, цяжка адмовiцца ад такога задавальнення...

Старшыня Вепрынскага сельскага Савета дэпутатаў Васiль Каржоў прама гаворыць, што радыяцыi ўжо не баiцца, бо прызвычаіўся да яе. Малады дэпутат i кiраўнiк сельсавета нарадзiўся ў Чэрыкаўскiм раёне. У 1986 годзе яму было толькi 9 гадоў.

— А бацькi мае памерлi, лiчы, маладымi ад анкагалагiчных хваробаў, — гаворыць Васiль. — Можа, i радыяцыя адбiлася. Але нiхто не можа сказаць напэўна, што гэта так.

У складзе Вепрынскага сельсавета — дзесятак вёсак, i ледзь не палова з iх — ненаселеныя, пахаваныя. Колькасць насельнiцтва памяншаецца хутка: старыя памiраюць, маладзейшыя шукаюць лепшага жыцця ў «чыстай зоне».

Сам Вепрын, якi даў назву сельсавету, даўно не iснуе: ён пахаваны ў 1999 годзе. Тут калiсьцi жылi больш за тысячу чалавек. А цяпер стаiць памятны камень «На гэтым месцы знаходзiлася вёска Вепрын...» i знак радыяцыйнай небяспекi: уваход i ўезд забаронены.

Такiя камянi ў «зоне», да слова, усталяваныя каля ўсiх пахаваных вёсак. Праўда, умацаваныя на iх металiчныя пласцiнкi са звесткамi не ўсюды захавалiся. Толькi рэшткi цэменту засталiся каля камянёў побач з Ушакамi i Манастырком. Вельмi верагодна, што на iх паквапiлiся паляўнiчыя на металiчны лом. Цяпер у Вепрыне жыве толькi два чалавекi.

— Я не магу асуджаць тых, хто застаўся ў «зоне», — гаворыць старшыня Вепрынскага сельскага Савета Васiль Каржоў. — Мы гатовы аказаць iм дапамогу: калодзеж адрамантаваць, лямпачку ў лiхтар паставiць. Ёсць аўталаўка — любы заказ выканае, агiтцягнiк «Клопат» медыка прывязе, па суседству абавязкова ёсць дом сацыяльных паслуг. Так што ўсе запыты выканаем.

ШТО ЗРОБЛЕНА?

З забруджаных радыяцыяй тэрыторый у Магiлёўскай вобласцi былi пераселены i забяспечаны жыллём больш за 21 тысячу чалавек. Яшчэ 9 тысяч перасялiлiся паводле ўласнага жадання. У вобласцi пабудаваны 24 пасёлкi для перасяленцаў.

Да 2000 года, паведамiў начальнiк аддзела па праблемах лiквiдацыi наступстваў аварыi на Чарнобыльскай АЭС Магiлёўскага аблвыканкама Анатоль Загорскi, праграма перасялення поўнасцю завершана. Да мiнулага года былi забяспечаны жыллём усе, хто выехаў з забруджаных тэрыторый самастойна. У 2006 годзе давалi i будавалi жыллё для людзей, якiя сталi iнвалiдамi ў вынiку чарнобыльскай катастрофы. Такiх кватэр было выдзелена 57.

Увогуле за мiнулую пяцiгодку на лiквiдацыю наступстваў чарнобыльскай аварыi ў Магiлёўскай вобласцi дзяржава выдаткавала 254 млрд рублёў. Летась на гэтыя патрэбы пайшло амаль 90 млрд рублёў, а сёлета плануецца асвоiць больш за 80 млрд рублёў.

Чэрыкаўскi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На аўтадарозе «Чэрыкаў—Краснаполле» рэшткi стэлы калгаса «Маладая гвардыя» зусiм зараслi маладымi дрэвамi. Гэтай гаспадаркi ўжо даўно няма, i за пав
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика