21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Нельга лiчыць дзяржаву бяздоннай грашовай бочкай»

26.08.2009 08:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

УЛАДА Ў АСОБАХ

На пытаннi нашага карэспандэнта адказвае старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Валерый Сялiцкi

— Склад Саветаў на Гомельшчыне мае свае адметнасцi. Якiя, Валерый Сцяпанавiч? Мяркую, што вы, маючы вялiкi вопыт работы — выбiраецеся старшынёй абласнога Савета дэпутатаў у трэцi раз — пра iх ведаеце.

— Хачу адразу сказаць, што склад, погляды i настрой дэпутатаў у многiм вызначае абстаноўка, у якой яны выбiраюцца.

А адметнасцi мiнулых выбараў наступныя. У Саветах вобласцi стала намнога больш жанчын — 25 працэнтаў. Наперад выходзiць маладое пакаленне. Але i тут свая асаблiвасць. Народ выбiрае не проста маладых дэпутатаў, а тых прадстаўнiкоў моладзi, якiя ў нечым заявiлi аб сабе — сталi кiраўнiкамi або iх iмя ў людзей на слыху ў сувязi з нейкiмi гучнымi акцыямi. Выбары апошнiх склiканняў паказалi, што людзi галасуюць i бачаць сваiмi дэпутатамi менавiта кiраўнiкоў, бо народу абрыдлi прыгожыя размовы летуценнiкаў, якiя не звязаны з канкрэтнай справай. Хоць з кiраўнiкамi ў Саветах ёсць праблемы. Яны, як правiла, вельмi занятыя людзi. Таму iм цяжэй удзельнiчаць у рабоце Савета i выконваць яго рашэннi. I, вядома ж, хацелася бачыць у Саветах больш радавых урачоў, настаўнiкаў, спецыялiстаў рознага профiлю, здольных сфармуляваць грамадска значныя праблемы i прапанаваць рэальныя шляхi iх вырашэння.

— У час перадвыбарнай кампанii i ад простых працаўнiкоў, i ад работнiкаў Саветаў пярвiчнага ўзроўню ў аблвыканкам i аблсавет паступалi шматлiкiя прапановы. Як яны рэалiзуюцца сёння?

— Абсалютная большасць праблем датычылася сiстэм жыццезабеспячэння населеных пунктаў — добраўпарадкаванне, пiтная вада, аўтобусны рух, рамонт i рэканструкцыя школ, Дамоў культуры, вулiчнае асвятленне. Традыцыйныя праблемы. Вырашэнне многiх з iх намечана ў адпаведных праграмах. Але людзi хочуць бачыць вынiкi iх як мага хутчэй. Гэта не рэальна, бо патрэбны вялiкiя фiнансавыя сродкi, прычым за кошт тэрыторый-донараў. Таму даводзiцца цярплiва тлумачыць рэальную сiтуацыю.

I цяжэй за ўсё гэта рабiць там, дзе самыя вялiкiя бюджэтныя датыцыi — 80—90 працэнтаў. Тут вiдавочна праяўляюцца недахопы нашай работы з насельнiцтвам i нават з мясцовымi кiраўнiкамi, якiя лiчаць дзяржаву бяздоннай грашовай бочкай. Уявiце сабе, што летась толькi аблвыканкам атрымаў больш як 800 просьбаў аб выдзяленнi дадатковых фiнансавых сродкаў, акрамя запланаваных у бюджэце. Таму перад Саветамi i дэпутатамi ўсiх узроўняў стаiць задача змянiць змест растлумачальнай работы. Яна павiнна быць больш канкрэтнай i пераканаўчай, з добрай аргументацыяй. Людзям патрэбна паказваць, наколькi яны самi забяспечваюць паўнацэннасць свайго iснавання.

Дарэчы, мой шматгадовы ўдзел у бюджэтных сесiях паказвае, што i самi дэпутаты практычна не ўносяць прапаноў па напаўненню бюджэтаў з дадатковых крынiц, а «цягнуць коўдру на сябе».

Прычым здзiўляе пазiцыя прадстаўнiкоў некаторых галiн гаспадарання. Будучы выбранымi ад канкрэтнай тэрыторыi, яны абавязаны ставiць i вырашаць яе грамадска значныя праблемы, клапацiцца аб iнтарэсах выбаршчыкаў. А яны замест работы з мiнiстэрствамi i ведамствамi пачынаюць на сесiях вырашаць свае службовыя праблемы, лабiраваць iнтарэсы ведамстваў.

— Валерый Сцяпанавiч, дзейнасць абласнога Савета шматгранная. Але ўсё ж акрэслiце галоўныя пытаннi яго на сённяшнi i заўтрашнi дзень...

— Скажу, што ў вобласцi мы працягваем вырашаць складаныя задачы, па якiх прыняты дзяржаўныя, абласныя i раённыя праграмы. Згодна з iмi ствараюцца аграгарадкi, павялiчваецца вытворчасць канкурэнтаздольнай прадукцыi, iдзе барацьба з правапарушальнiкамi, умацоўваецца дэмаграфiчная i экалагiчная бяспека i г.д.

Абласныя дэпутаты на адной з сесiй зацвердзiлi праграму карыснай занятасцi моладзi. Я лiчу, што такая праграма павiнна датычыцца ўсяго насельнiцтва. Наша дзяржава многае робiць у гэтым напрамку, асаблiва ў школах i навучальных установах — па спорту i культуры. Але ў многiх кiраўнiкоў не толькi прадпрыемстваў, але i раёнаў iснуе шматгадовы стэрэатып: галоўнае — вытворчасць прадукцыi. Сапраўды, гэта так. Эканомiка развiвае дзяржаву, дае сродкi для iснавання чалавека. Але сёння ў многiх краiнах свету iндустрыя забаў i турызму стала складовай эканомiкi. I дае вялiкiя прыбыткi. На жаль, у нас многiя не разумеюць, што чалавек жыве не для работы, а працуе для жыцця.

Я гэта да таго кажу, што Саветы i выканкамы павiнны ўзмоцнена займацца сферай здаровага адпачынку насельнiцтва, яго, скажу так, забаўляльнымi, вiдовiшчнымi справамi. Пры распрацоўцы новых праектаў сельскiх населеных пунктаў могуць стварацца адукацыйна-культурныя цэнтры. З агульнымi глядзельнымi i спартыўнымi заламi, бiблiятэкамi, музеямi, пакоямi для заняткаў. Навошта сёння побач з вялiкiм будынкам школы будаваць Дом культуры i паўгода ацяпляць яго памяшканнi, дзе раз у месяц праводзiцца адно масавае мерапрыемства? Лiчу, што ва ўсiх глядзельных залах iснуючых Дамоў культуры трэба ўбраць нахiленыя падлогi. Калiсьцi ў iх праводзiлiся бясконцыя сходы i абмеркаваннi ўсiх зразумелых пытанняў. Але мода на гэта прайшла. Зала павiнна працаваць. Сёння — канцэрт, заўтра — спартыўныя спаборнiцтвы, паслязаўтра — нейкая выстаўка i г.д.

— Згадзiцеся, Валерый Сцяпанавiч, што вырашэнне ўсiх пытанняў залежыць ад двух галоўных фактараў. Першы — лiдары, другi — фiнансы. Падбор старшынi Савета з’яўляецца, напэўна, справай няпростай?

— Цяжкай. Мы, на жаль, сталi больш увагi надаваць наяўнасцi дыплома ВНУ ў старшынi, а не здольнасцi павесцi за сабой людзей, арганiзаваць карысную справу, вырашыць праблему. Гэты крытэрый нарадзiўся ў нетрах апаратаў кiравання. Таму ў нас маецца яшчэ нямала такiх работнiкаў, у якiх ёсць нарыхтоўкi адказаў на любую невырашальную праблему: няма грошай, нiхто нiчога не хоча рабiць, людзi п’юць i г.д. У той жа час пры вырашэннi ўласных пытанняў яны праяўляюць цуды выкрутлiвасцi, устанаўлiваюць патрэбныя сувязi, выпрацоўваюць запасныя варыянты, шукаюць «дзiркi» ў законе i г.д.

— Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь падпiсаў вельмi важны для сельскiх i пасялковых Саветаў Указ № 21. Ён стварае ў многiм новае нарматыўнае поле для дзейнасцi Саветаў пярвiчнага ўзроўню. Як плануецца ў сувязi з гэтым фармiраваць бюджэт сельскiх i пасялковых Саветаў? I якая роля ў гэтым адводзiцца iм самiм?

— У адпаведнасцi з Указам мяняецца практыка складання бюджэтаў. Мы правялi ў Жлобiне спецыяльны семiнар са старшынямi Саветаў i фiнансавымi работнiкамi, унеслi змены ў рашэнне абласнога Савета ў частцы залiчэння фiнансавых сродкаў у бюджэты пярвiчнага ўзроўню, зацвердзiлi адзiную iнструкцыю аб парадку фармiравання i выкарыстання рэзервовых фондаў. Iх памер сёлета складзе 14,6 мiльярда рублёў.

Аб’ём бюджэтаў Саветаў пярвiчнага ўзроўню — 17,6 мiльярда на сёлета, што складае 0,7 працэнта да бюджэту вобласцi. На жаль, застаецца высокiм узровень iх датацыйнасцi. З 269 бюджэтаў у 112 ён складае больш за 50 працэнтаў, а ў асобных Саветах — нават 95—99 працэнтаў. Таму неабходна знайсцi новыя крынiцы папаўнення бюджэтаў пры самай строгай эканомii сродкаў. Мы плануем па вынiках першага паўгоддзя прааналiзаваць усе гэтыя праблемы на сесii абласнога Савета.

— Па якiх накiрунках яшчэ недапрацоўваюць Саветы?

— Саветам наогул цяжка працаваць там, дзе дамiнуе выканаўчая ўлада. Некаторыя старшынi выканкамаў несправядлiва ацэньваюць Саветы i iх кiраўнiкоў, даюць iм некарэктныя даручэннi... Канешне, усё гэта залежыць ад культуры адпаведных людзей, ведання нарматыўных дакументаў i стылю кiравання. Нядаўна ў нас адзiн са старшыняў райвыканкама быў абраны старшынёй райсавета. I такiм чынам трапiў ва ўмовы, якiя... стварыў сам. Дык ведаеце, ён не проста, як кажуць, ныў на кожным кроку, а прасiў мяне падключыцца да вырашэння нават дробязяў. У яго не было кантакту з апаратам выканкама, якi ён сам раней настройваў супраць Савета. У вынiку карыснага i вынiковага ўзаемадзеяння дзвюх галiн улады не атрымалася. Канешне, мы са старшынёй аблвыканкама Аляксандрам Якабсонам падобнае адразу ж выкараняем.

— А ёсць жа i выпадкi, калi асобныя райвыканкамы належным чынам не арыентуюць кiраўнiкоў гаспадарак...

— Ёсць. Нядаўна старшынi сельскiх Саветаў скардзiлiся, што кiраўнiкi тыя iгнаруюць запрашэннi на сесii, не кантактуюць з дэпутатамi, не дапамагаюць насельнiцтву, дрэнна рэагуюць на абгрунтаваныя просьбы Саветаў. Застаюцца праблемы i з запытам розных iнфармацый ад Саветаў. Гэтым злоўжываюць работнiкi апаратаў вышэйстаячых органаў. Вядома, тут не можа быць адназначных рэкамендацый. Многае можа вырашыць правiльнае выкарыстанне камп’ютараў, якiя маюцца ў кожным сельсавеце. У iх базу даных павiнна быць закладзена ўся неабходная iнфармацыя, у тым лiку i на тых, хто i колькi разоў яе запытваў. Можна iсцi i па такому шляху. Саветы лепш iншых органаў ведаюць становiшча спраў у сваiх населеных пунктах. Яны могуць даць адпаведную iнфармацыю на дагаворнай фiнансавай аснове: просiш дадатковую iнфармацыю, апрача дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасцi — плацi.

— Асобныя старшынi сельсаветаў наракаюць на тое, што прадпрыемствы, асаблiва рэспублiканскай уласнасцi, амаль не ўдзельнiчаюць у рэалiзацыi важных мясцовых праектаў, развiццi сацыяльнай iнфраструктуры?

— Так. I тут можна было б падумаць над спрашчэннем працэдуры спонсарскай дапамогi такiм галiнам, як адукацыя, ахова здароўя, культура i спорт. Яшчэ недастаткова ўзаемадзейнiчаюць у вырашэннi мясцовых праблем дэпутаты ўсiх узроўняў, у тым лiку i Нацыянальнага сходу. На мой погляд, павiнны быць узмоцнены кантрольныя функцыi Саветаў, асаблiва ў бюджэтнай сферы. Сродкi павiнны размяркоўвацца галосна i на абгрунтаваныя праекты. У апошнiя гады прыкметна знiзiлася наведванне нават абласных сесiй кiраўнiкамi рэспублiканскага ўзроўню. Раней да нас прыязджалi вiцэ-прэм’еры i мiнiстры, не гаворачы ўжо аб кiраўнiках рангам нiжэй. Яны выступалi з тлумачэннямi дзяржаўнай палiтыкi, адказвалi на пытаннi дэпутатаў, бралi на заметку праблемы. Зараз на бюджэтныя сесii рэгулярна прыязджаюць толькi прадстаўнiкi Мiнфiна.

Як гэта бывае ў любой сферы жыцця, ёсць у Саветаў i iншыя праблемы. Але аптымiзму ў iх не зменшылася. Зараз у асноўным вырашаны галоўныя праблемы матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння. Кiраўнiк дзяржавы падпiсаў патрэбны i своечасовы Указ № 21. Вельмi многа ўвагi ўдзяляе мясцоваму самакiраванню Савет Рэспублiкi. Пры iм фактычна створаны праблемны цэнтр па мясцоваму самакiраванню ў форме спецыяльнага Савета па ўзаемадзеянню. Але ўсё ж галоўнае — гэта канкрэтныя справы на месцах па рэалiзацыi iнтарэсаў насельнiцтва на рэальнай аснове i ў разумных межах.

Гутарыў Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi нашага карэспандэнта адказвае старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Валерый Сялiцкi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика