12 пацалункаў наначДэмаграфічная бяспека — Сася. — А як мацi завуць? — Вася. — А бацьку як? — Тася... Не, Вася. А Тася — мацi. Тася i Вася — прыёмныя бацькi 5-гадовага Сашы, якi яшчэ толькi пачынае размаўляць i таму блытае iмёны. Яго прывезлi ў раённы цэнтр Чавусы з Магiлёўскага дома дзiцяцi. У дзiцячым доме сямейнага тыпу Таiсii i Васiля Кулiковых яго спачатку вучылi есцi, а потым — зносiцца з навакольным светам. Доўгi час Сашка асцерагаўся выйсцi на вулiцу, i моцна баяўся не толькi каровы, але i хатняй коткi. А цяпер ён смела ўсмiхаецца ў аб’ектыў фотаапарата. Што ж, Сашка тут не адзiны, хто пачынаў сваё новае жыццё ў сям’i з элементарных рэчаў. Шэсць гадоў таму ў сямейнай пары Кулiковых, якiя ўжо мелi трое сваiх дзяцей, з’явiўся прыёмны хлопчык. Вадзiму было тады толькi 4 гады i ён жыў у iнфекцыйным аддзяленнi раённай бальнiцы. Яго мацi нараджала i забiвала сваiх дзяцей-немаўлятак, i цудам жывым застаўся толькi старэйшы сын. Жанчыну адправiлi за краты, а хлопчыка з бальнiцы забралi Кулiковы. Калi Вадзiма прывезлi дадому, то Таiсiя i Васiль зразумелi, што дзiця не ведае, што такое ложак i бялiзна. Яго паклалi спаць на ложак, а ён пасцялiў на падлогу анучу i так заснуў. Потым яго, соннага, не аднойчы перакладалi з падлогi на ложак, пакуль не прызвычаiўся. — Ён, вiдаць, i еў толькi адзiн раз на дзень, — расказвае Таiсiя. — Я яго клiчу на абед, а ён здзiўляецца: маўляў, мы ж сёння ўжо елi! I калi на яго дакументы афармлялi i мне даводзiлася хадзiць па ўстановах, ад мяне нi на крок не адыходзiў. Усё баяўся, што яго могуць зноў кiнуць. Цяпер Вадзiм, вучань 3-га класа, жвавы хлопчык, можа есцi i 6—7 разоў на дзень — як ужо атрымаецца. Праўда, усе прыёмныя дзецi, асаблiва першым часам, елi шмат i бясконца, здавалася, нiяк не маглi наесцiся. «Напэўна, нагаладалiся яшчэ ў мацярынскiм улоннi», — шкадуе малых Таiсiя. Насця, якая трапiла да Кулiковых каля двух гадоў таму, збiрала з падлогi крошкi. I цяпер яшчэ, кажа Васiль, хоча жыць за абедзенным сталом. Пра нешчаслiвы лёс дзяўчынкi Таiсiя прачытала ў мясцовай газеце: там распавядалася пра жахлiвы выпадак, калi ў адной з вёсак жанчына засекла бабулю сякерай. Маленькая дачка забойцы засталася адна. Кулiковы прапанавалi мясцовым уладам аддаць малую iм, i цяпер яна тут жыве шчаслiва. Дзяцей, якiя траплялi ў дом, Кулiковым даводзiлася i выхаджваць. Так адбылося з 2-гадовай Машай, якую забралi з дома дзiцяцi ў абласным цэнтры. Гiсторыя хвароб дзяўчынкi займала вялiзны том — парок сэрца, парушэннi стрававальнай сiстэмы i шмат чаго iншага. Ёй прапiсалi прытрымлiвацца строгай дыеты, але праз некалькi дзён пакутаў Кулiковы вырашылi рызыкнуць i харчаваць Машу гаючым казiным малаком. Пра дыету хутка забылiся, а потым i хваробы адышлi ў нябыт. Дарэчы, за ўсё iснаванне сямейнага дзiцячага дома Кулiковых нiводнае дзiця адсюль не трапiла ў бальнiцу. Вiдаць, спрыяе здаровая атмасфера. Бацькi Машы — п’янiцы, якiя адмовiлiся ад дзiцяцi. У першакласнiка Андрэя — таксама нялёгкае мінулае, i ён цяжка ўжываецца з iншымi дзецьмi, дрэнна вучыцца. Кулiковы не хаваюць таго, што дзецi, якiх яны выхоўваюць, — праблемныя, бо бацькi пакiнулi iм не самую лепшую генную спадчыну. — Iх бацькi або п’янiцы, або злачынцы, пазбаўлены бацькоўскiх правоў, — гаворыць Васiль. — I пакуль iх дрэнныя гены перавернеш на добры лад... А самая вялiкая радасць у нашай працы — гэта калi дзiця мяняецца. Невядома, якiя гены атрымаў у спадчыну ад сваiх бацькоў Рустам — прыгожы чарнявы хлопчык, якому цяпер 2 гады. Справа ў тым, што ён — падкiдыш, яго кiнулi ў Магiлёве ля царквы. Сваё прозвiшча, Брусаў, ён атрымаў паводле назвы вулiцы, на якой знайшлi немаўля. А Рустамам назвалi, бо бачна — дзiця ўсходнiх крывей. Хоць у яго дакументах у графе нацыянальнасць пазначана як невядомая. Таiсiя i Васiль збiраюцца ўсынавiць Русiка, бо лiчаць, што яму, неславянiну i сiраце, цяжка будзе прабiцца ў жыццi. Яны хочуць яго абаранiць. Русiк, якога Кулiковы ўзялi ў 5 месяцаў, упэўнены, што яны — яго мацi i бацька. А вось што яны прыёмныя бацькi — яму абавязкова раскажуць, калi ён вырасце. Калi ў сям’ю бралi першае прыёмнае дзiця, дочкi Кулiковых радасна шукалi малому ложак. Тут гавораць, што дзецi — гэта шчасце ў доме, i тут няма нагоды для рэўнасцi. I дачка Кулiковых Маша ўзрадавалася, калi з магiлёўскага прытулку бацькi прывезлi дзвюх дзяўчынак-сясцёр — Наташу i Ганну. Цяпер тры дзяўчынкi-аднагодкi ходзяць у адзiн клас i на мянушку «Тры сястры» не крыўдуюць. Нiхто цяпер i не ўспомнiць, што пяць гадоў таму дзяўчынкi, прыехаўшы ў Чавусы, першы раз у жыццi ўбачылi лазню. Iх навучылi мыцца, а потым i ўсяму астатняму. Напрыклад, любовi да жывёл. Анюта захапiлася козамi: вырасцiла дзве ад маленькiх, цяпер яны нарадзiлi яшчэ па двое казлянят. Дзяўчынка так даглядае коз, што бабулi на вулiцы гадаюць, цi не завялi Кулiковы новую пароду альбо, у крайнiм выпадку, яны нечым спецыяльным кормяць сваiх козак: у iх такая шыкоўная поўсць. Тлумачэнне адно — Анюта штодня расчэсвае любiмых жывёл. Дзяўчынка — не паверыце! — сёлета адмовiлася паехаць на аздараўленне ў Амерыку з-за коз. Зрабiла гэта абсалютна свядома, бо вырашыла, што нiхто ў адсутнасць законнай гаспадынi не забяспечыць iм належны догляд. Аднак бацькi разлiчваюць, што Анюта ўсё ж прадасць частку свайго статку, каб набыць мабiльны тэлефон — адзiн на трох сясцёр. Мабiльную сувязь у сям’i Кулiковых лiчаць не раскошай, а сродкам пазбавiцца ад марных хваляванняў. Праўда, пакуль фiнансавыя магчымасцi дазволiлi набыць апараты толькi старэйшым дзецям. Дзецi рана цi позна выходзяць у вялiкае жыццё. Адна з выхаванак Кулiковых, 17-гадовая Маша, цяпер з’ехала ў Магiлёў, дзе вучыцца ў каледжы на швачку i цырульнiка. Яна прыехала ў Чавусы разам з Машай i Ганнай: проста прыйшла да Кулiковых i стала плакаць, прасiцца, каб яе забралi. Яе мацi сядзiць у турме, а бацька — то таксама сядзiць, то п’е. Маша нiколi не размаўляе пра бацькоў. — Яна казала: «А што я ад сваёй мамкi бачыла? — успа-мінае Таiсiя. — Толькi тое, што яна падымала мяне пасярод ночы i пасылала за бутэлькай?» А спалi яны на адным ложку ўтраiх — мацi, яна i брат. П’янкi не сканчалiся, а здаваць бутэлькi — гэта была звыклая справа для дзяцей. Праўда, цяпер, калi падрасла, можа яна паспрабуе дараваць мацi? Можа цяпер ёй будзе шкада? Жыццё пакажа... Таiсiя i Васiль спачатку доўга распавядаюць пра сваiх дзяцей, а потым, коратка, — пра сябе. Сям’я дзесяць гадоў таму прыехала з Казахстана. Перацягнула iх на новае месца сястра Васiля, i ў Беларусi iм спадабалiся i прырода, i людзi. Таiсiя мае прафесiю сувязiста, а Васiль працаваў вадзiцелем. Даўным-даўно Кулiковы пачалi думаць пра ўсынаўленне няшчасных сiрот: iх краналi тэлепраграмы пра дзяцей, якiя засталiся без бацькоў, i заклiкi дапамагчы iм. Аднак мара спраўдзiлася толькi ў Беларусi, калi тут пачалi арганiзоўвацца дзiцячыя дамы сямейнага тыпу. Афiцыйна ён адкрыўся ў Кулiковых пяць гадоў таму, калi з дапамогай Беларускага дзiцячага фонду i англiйскiх дабрачыннiкаў у сям’i з’явiўся дом — добры, з участкам зямлi, у цэнтры Чавусаў. — Меркавалi ўзяць адно дзiця, а атрымалася 9, — задаволена ўсмiхаецца Васiль. Дарэчы, Кулiковы два днi напружана абмяркоўвалi: браць на сябе вялiкую адказнасць па выхаванню сiрот альбо не. Якраз мужны бацька не вагаўся, а Таiсiя, як любая жанчына, i хацела, i сумнявалася — а цi хопiць цярплiвасцi, самага дэфiцытнага бацькоўскага пачуцця. Ну i хапае пакуль, кажа Таiсiя. — Мы задаволеныя гэтай сям’ёй, бацькi добра ставяцца да дзяцей, — гаворыць загадчыца сектара па ахове правоў дзяцей Чавускага раённага аддзела адукацыi Валянцiна Ахметава. — Сям’я працалюбiвая, трымае вялiкую гаспадарку. Дзецi прывучаюцца да працы з маленства. Яны дружныя, добра ставяцца адзiн да аднаго i да сваiх бацькоў. У доме ў гульнявым пакоi гудзяць малодшыя дзецi. За iмi назiрае персiдская котка персiкавага колеру Люська, вуркоча нiбы трактар. Русiк прыносiць цукеркi i пячэнне: адразу на ўсiх, паводле калектывiсцкай звычкi. Гаспадыня паказвае пакоi дзяцей: хлопчыкi цiкавяцца камп’ютарнымi гульнямi, а дзяўчынкi клеяць на сцяну плакаты з выявамi любiмых акцёраў i спевакоў. У доме ёсць толькi халодная вада, таму з адпускных грошай па рашэнню сямейнай рады набылi сучасную пральную машыну. На дзвярах у прасторную сталоўку Васiль робiць паметкi росту дзяцей: якiмi прыйшлi i якiмi сталi — рознiца вiдавочная. Самы лепшы час сям’i — калi ўсе разам збiраюцца дома на свята. Тады на ўсiх не хапае сталоў, трэба яшчэ адзiн набываць. Затое як весела! У гасцёўнi ўсе любяць разам глядзець фiльмы: i мульцiкi для самых маленькiх, i баевiкi для цiкаўных хлопчыкаў. Кулiковы абсалютна не выносяць, калi iх дзяцей дзеляць на сваiх i прыёмных. «Усе — нашы! Любiм усiх!» — гавораць яны. Бацькi хочуць навучыць дзяцей любовi i павазе адзiн да аднаго. У першую чаргу — на сваiм прыкладзе. У сям’i Кулiковых не церпяць грубiянства, а вiтаюць працалюбства. Прыбраць за сабой i дагледзець малодшых — агульны абавязак. Нiкога не прымушаюць працаваць па хатняй гаспадарцы, аднак усе любяць малако i смятанку, бульбу i свежанiну, а таму iмкнуцца дапамагчы бацькам. Карову пасвяць разам, кормяць парасят, даглядаюць курэй, iндыкоў i коз, дапамагаюць бацьку з пчоламi. Бульбу саджаюць i капаюць талакой, i агульная праца ўзнагароджваецца, напрыклад, марожаным. Калi ў краме просяць прадаць адразу 14 пачкаў, то нявопытныя прадаўшчыцы моцна здзiўляюцца — адкуль такая дэлегацыя? Таiсiя разам са старэйшымi дзяўчынкамi кансервуе на зiму гароднiну — з паўтысячы слоiкаў, а таксама варыць варэнне i квасiць капусту. Калi б не ўласныя харчы, эканомiка сямейнага дзiцячага дома была б зусiм iншай. Бацькi-выхавальнiкi атрымлiваюць заробак, ды яшчэ апякунскiя грошы на дзяцей, але ўсё роўна хапае толькi з нацяжкай. Таму што кампанiя вялiкая — адных толькi канцылярскiх тавараў трэба цэлая горка. Бацькам хочацца i дзяцей добра апрануць, i цукеркi iм набыць. Добра яшчэ, што мясцовыя ўлады плацяць за святло, газ i ацяпленне дома. I аб’ёмы харчавання тут адпаведныя. Сёння на абед для пюрэ пачысцiлi паўвядра бульбы, запяклi некалькi кiлаграмаў свiнiны, спяклi тазiк пiражкоў. Збiраюцца гатаваць пельменi: iх лiчаць сотнямi штук. «Толькi паспявай падаваць на стол!» — смяецца Таiсiя. Посуд мыюць па чарзе — i бацькi, i дзецi. — Канешне, клопатаў хапае, — пагаджаюцца Кулiковы. — Затое, ведаеце, як прыемна, калi яны ўсе iдуць i кажуць: «Дабранач, тата i матуля», ды яшчэ пацалуюць. А Вадзiм дасюль абрывае ўсе клумбы (ад чаго адвучваем) альбо iдзе на поле, каб хоць некалькi кветак маме прынесцi. Гэта самае вялiкае шчасце. Шчыра кажучы, часта Кулiковым задаюць пытанне: «Навошта вам усё гэта патрэбна?» I над адказам Таiсiя i Васiль доўга не думаюць. — Гэта ў першую чаргу патрэбна дзецям, — гаворыць бацька. — Нам можна было ўзяць толькi 6 дзяцей i гадаваць iх. Атрымалася 9. То ў дзiцячых дамах выхавальнiкi просяць, каб узялi да сябе — iначай прападуць, то дзiця само прыбяжыць i плача. Проста шкада! — А мы задаволеныя жыццём! — запэўнiвае Таiсiя. — Нам, канешне, хочацца болей для дзяцей зрабiць, каб быў матэрыяльны дабрабыт, але самае галоўнае — каб у нашай вялiкай сям’i i дарослыя, i дзецi былi здаровыя. Iлона IВАНОВА. Чавускi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тася i Вася — прыёмныя бацькi 5-гадовага Сашы, якi яшчэ толькi пачынае размаўляць i таму блытае iмёны. Яго прывезлi ў раённы цэнтр Чавусы з Магiлёўска
|
|