Ён нарадзiўся тутНаш славуты зямляк Карэспандэнт «Звязды» наведаў малую радзiму новага прэзiдэнта IзраiляНапэўна, нiхто ў Беларусi так уважлiва не сачыў за прэзiдэнцкiмi выбарамi ў Iзраiлi, як жыхары вёскi Вiшнева Валожынскага раёна. Вiшнеўцы хвалявалiся i хварэлi за свайго кандыдата Шымона Перэса. Менавiта ў гэтай беларускай вёсачцы нарадзiўся ў 1923 годзе сусветнавядомы палiтык, лаўрэат Нобелеўскай прэмii мiру. I хоць у Вiшневе Сямён Перскi (такiм было яго iмя i прозвiшча да эмiграцыi ў Палесцiну) пражыў крыху больш за 10 гадоў, на малой радзiме яго да гэтага часу лiчаць аднавяскоўцам. Таму i апошнiя прэзiдэнцкiя выбары на зямлi абетаванай былi для вiшнеўцаў не чужымi. А ўжо калi земляка абралi кiраўнiком Iзраiля, iх радасцi не было мяжы. «Сэрца маё перапоўнiлася гонарам за Шымона Перэса, калi даведаўся, што ён стаў прэзiдэнтам Iзраiля. А яшчэ я ганаруся i нашай зямлёй, якая дала свету такога знакамiтага чалавека», — зазначыў у размове з карэспандэнтам «Звязды» старшыня Вiшнеўскага сельскага Савета Вiктар Аль. Дарэчы, i Шымон Перэс не забывае сваю родную вёску. Паводле слоў Вiктара Аля, славуты зямляк наведваў Вiшнева 4 разы. «Першы вiзiт Шымона Перэса адбыўся ў 1992 годзе. I ведаеце, што мяне вельмi ўразiла. Чалавек 60 гадоў як пакiнуў нашу вёску. За гэты час зусiм змянiлася яе аблiчча, а ён арыентаваўся тут так, як быццам нiкуды не выязджаў. Самастойна знайшоў месца, дзе знаходзiлася iх хата, адразу ж пазнаў калодзеж, выкапаны яшчэ ягоным дзедам. З калодзежа ён пiў ваду. Казаў, што яе смак нагадвае яму дзяцiнства i таму ўзяў з сабою бутэлечку роднай вадзiцы», — успамiнае старшыня сельскага Савета. Мiж iншым, калодзеж — адзiны «аб’ект», якi захаваўся з часоў Перэса. Хата i iншыя прыбудовы былi зруйнаваны падчас мiнулай вайны. Сваякоў цяперашняга прэзiдэнта Iзраiля ў Вiшневе таксама не засталося. У 1942 годзе фашысты знiшчылi амаль усё яўрэйскае насельнiцтва вёскi — больш за 2 тысячы чалавек. Зараз на тым месцы помнiк. Падчас прыезду ў Вiшнева Перэс заўсёды наведвае гэтае месца, каб ушанаваць памяць сваiх землякоў. Яго i зараз з нецярпеннем чакаюць у Вiшневе. «Спадзяёмся, што на наступны год з нагоды свайго 85-гадовага юбiлею ён завiтае на малую радзiму», — не губляе надзеi Вiктар Аль. Вельмi хоча пабачыць Шымона Перэса i старэйшая жыхарка вёскi Тамара Пудакевiч. Яна на тры гады старэйшая за iзраiльскага прэзiдэнта. Гадавалiся побач, але пазнаёмiлiся толькi падчас аднаго з апошнiх вiзiтаў Перэса на радзiму. Аднак сям’ю Перскiх Тамара Пудакевiч памятае. «Добрыя, працавiтыя былi людзi. У Вiшневе ўсе iх паважалi. Увогуле, нашы, вiшнеўскiя яўрэi, усе былi вельмi чулыя i спагадлiвыя, не сквапныя. Калi бачылi, што няма ў вяскоўца грошай, давалi тавары цi харчы ў доўг», — распавядае Тамара Iванаўна. А на «правакацыйнае пытанне», цi пад сiлу будзе Перэсу ў такiм паважным узросце кiраваць дзяржавай, без ценю сумненняў адказала: «А чаму ж не? Такi ж яшчэ малады i прыгожы мужчына». Адметна, што ўсе апытаныя мною вiшнеўцы прытрымлiваюцца такога меркавання i з гонарам дадаюць: «Ведай нашых!» Мiкола ДЗЯБЁЛА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт «Звязды» наведаў малую радзiму новага прэзiдэнта Iзраiля
|
|